Антыфэйк / фактчэк

12 лютага

Сёстры Груздзевы заявілі, што Ціханоўская абяцала легалізаваць марыхуану. Ці гэта так

Журналісты БРЦ знайшлі першакрыніцу гэтай інфармацыі.

Аўтары:
Рэдактары:
Дата з'яўлення фэйка: 08.02.2024
Святлана Ціханоўская была наркаманкай і плануе легалізаваць у Беларусі наркотыкі. Такую заяву зрабілі спявачкі Аляксандра і Валянціна Груздзевы. Каманда Weekly Top Fake праверыла іх сцвярджэнне. 

У эфіры перадачы «Скажы не маўчы» на «Беларусь 1» 8 лютага спявачкі сёстры Груздзевы распавялі, што Святлана Ціханоўская абяцала легалізаваць наркотыкі ў выпадку прыходу да ўлады. 

«Калі мы даведаліся пра тое, што Святлана Ціханоўская — яна былая наркаманка, яна ў гэтым прызнавалася. І вы ведаеце, што яна ў перадвыбарнай сваёй кампаніі казала пра тое, што калі яна прыйдзе да ўлады, яна легалізуе марыхуану, наркотыкі», — заявіла Аляксандра.

Яе сястра-блізнюк Валянціна дадала:

«І яна будзе тлумачыць людзям, як можна правільна ў гэта ўваходзіць. Яна будзе рабіць дэгустацыю. Вы кажаце, заклікі да добрага і светлага. Вось што прапануе Святлана Ціханоўская».

Паведамленні, што лідарка беларускіх дэмакратычных сілаў плануе дэкрыміналізаваць у Беларусі ўжыванне марыхуаны, сталі з'яўляцца ў канцы 2020 году. Журналісты БРЦ знайшлі першакрыніцу гэтай інфармацыі. Ёй аказалася інфармацыйнае агенцтва «Панарама».

 «"У той жа час моладзь любіць папаліць і расслабіцца, а ў выніку ёй дастаецца ад міліцыі. За марыхуану. У дваццаць першым стагоддзі. Неймаверна. Калі казаць пра старое пакаленне, то будзем праводзіць агітацыю, распавядаць пра карысць лёгкіх наркотыкаў, дамо магчымасць бясплатнай дэгустацыі", — заявіла Ціханоўская ў інтэрв'ю для De Telegraaf», — пісала яно.

«Панарама» — сатырычнае выданне. На яго сайце размешчана папярэджанне: «Усе тэксты на гэтым сайце ўяўляюць сабой гратэскныя пародыі на рэчаіснасць і не з'яўляюцца рэальнымі навінамі». Што гэта сатыра, гаворыцца і ў подпісе пад лагатыпам. 

Нідэрландскі De Telegraaf ніколі не браў інтэрв'ю ў Святланы Ціханоўскай.