Канстанцін Прыдыбайла, супрацоўнік канала Russia Today 28 снежня 2023 года ў сваім тг-канале «Прыдыбайла» апублікаваў фотаздымак, нібыта зроблены ў 90-я гады на «голай вечарыне» ў штабе БНФ. На ім адзін распрануты падлетак сядзіць на другім амаль што распранутым падлетку, які ляжыць на падлозе. Астатнія назіраюць за тым, што адбываецца. На вакне — плакат з надпісам «Партыя БНФ» і гербам «Пагоня».
«Моладзевае крыло партыі ўзначальваў цяперашні дарадца (па факце начальнік) Ціханоўскай — Франак Вячорка», — гаворыцца ў допісе пад здымкам.
Насамрэч, зроблены здымак не ў Беларусі, дый на дзясятак гадоў пазней. На ім — творчая моладзь Расеі. Арыгінал фота можна знайсці ў сеціве. На здымку бачна, што плаката БНФ на заднім плане няма. Яго дамалявалі ў графічным рэдактары.
Здымак быў зроблены ў Санкт-Пецярбургу ў «Рускамплекце» — так называлася свабодная канцэртна-выставачная пляцоўка, якая існавала чатыры гады, з 2009-га па 2013-ты. Яе стварыў мастак і музыка Яўген Пазнякоў. Менавіта ён вырашыў зрабіць у памяшканні, якое знаходзілася ў аварыйным стане, месца, «дзе можна было б вытвараць усё, што да галавы прыйдзе». Час ад часу там праходзілі выставы, перформансы і канцэрты.