Антыфэйк / фактчэк

01 лютага 2023

Украіна перайменавала зайца-русака, а Hugo Boss шые форму для УСУ. Выкрыццё фэйкаў ад «Лукавых навін»

Партнёрскі матэрыял БРЦ і праекту «Лукавыя навіны» тэлеканалу «Белсат».

Аўтары:
Рэдактары:

Фэйк 1: Ва Украіне хочуць забараніць называць шэрага зайца «русаком»

Дата з'яўлення фэйка: 17.01.2023
Шэры заяц стаў ахвярай «барацьбы з усім рускім» ва Украіне — такая навіна 17 студзеня 2023 года з'явілася ў тэлеграм-канале расейскай журналісткі Вольгі Скабеевай. 

«Вярхоўная рада забараніла называць шэрага зайца "русаком". Цяпер яго можна называць толькі "зайцам-шэрым"», — гаворыцца ў посце. 

У той жа дзень, але крыху раней, нататка пра зайцоў-русакоў выйшла ў газеце «Камсамольская праўда». Яе аўтар Аляксандр Грышын напісаў: «Пасля шэрагу перайменаванняў у ходзе барацьбы з усім рускім, у тым ліку і з назвамі, чарговай ахвярай украінскай улады ўпаў заяц-русак (заєць-русак). А вось міма зайца-беляка (заєць-біляк) гэтая куля прасвістала міма».

Грышын спаслаўся на інфармацыю ўкраінскага каналу «1+1» і дадаў, што «афіцыйных пацвярджэнняў гэтай навіны пакуль не было», але, на яго думку, інфармацыя «як нельга лепш кладзецца ва ўсю логіку дзеянняў у незалежнай». 

Як высветлілі журналісты «Лукавых навін», такога рашэння ўкраінская Вярхоўная Рада не прымала. Навіна пра перайменаванне зайца-русака нідзе не з'яўлялася, акрамя расейскіх медыяў.

Фэйк 2: Куцюр'е вермахта Hugo Boss сшые ваенную форму для УСУ

Дата з'яўлення фэйка: 16.01.2023
Узброеныя Сілы Украіны будуць насіць форму ад куцюр'е вермахта Hugo Boss, напісалі 16 студзеня 2023 года на сайце расейскага тэлеканалу «Царград». 

«Прэс-служба Hugo Boss абвясціла аб падтрымцы Узброеных Сіл Украіны з дапамогай пашыву для іх ваеннай формы. Гаворка ідзе пра пастаўкі 100 тысяч камплектаў: летняй або зімовай экіпіроўкі — не ўдакладняецца», — гаворыцца ў тэксце. 

У афіцыйных крыніцах, звязаных з Hugo Boss, пра пашыў формы для УСУ не згадваецца. Вытворца абверг гэтую інфармацыю. 

Фэйк 3: Украінскі тату-салон прапануе вывесці свастыку перад паездкай у Еўропу

Дата з'яўлення фэйка: 14.01.2023
Расейскі тэлеграм-канал «Небажэна» 14 студзеня 2023 года апублікаваў фотаздымак рэкламнага банеру ўкраінскага тату-салона, які нібыта прапануе вывесці татуіроўкі са свастыкай. 

«Актуальная рэклама ўкраінскага тату-салона: “Едзеце ў Еўропу? Вывад свастыкі за паўкошту"», — гаворыцца ў подпісе да фота. 

Журналісты «Лукавых навін» знайшлі арыгінальнае фота тату-салона. На банеры няма ні слова на ўкраінскай мове і пра свастыку не згадваецца. 

Салон знаходзіцца не ва Украіне, а ў расейскім горадзе Бійск, Алтайскага краю. 

Фэйк 4: На вітражы ў храме ўкраінскай праваслаўнай царквы — святы Сцяпан Бандэра

Дата з'яўлення фэйка: 01.01.2023
У храме ўкраінскай праваслаўнай царквы на адным з вітражоў — выява Сцяпана Бандэры, напісаў тэлеграм-канал BEREZINA 1 студзеня 2023 года. У пацвярджэнне аўтары апублікавалі фота шкляной мазаікі.

«Святы Сцяпан Бандэра. Сур'ёзна. Так выглядае вітраж у адным з храмаў ПЦУ», — падпісалі аўтары канала фотаздымак.

На вітражы — не Сцяпан Бандэра, а яго бацька — святар Андрэй Бандэра, пра што гаворыць подпіс побач з вобразам. Яго расстралялі камуністы ў 1941 годзе ў Кіеве. Вітраж усталяваны ў царкве ў мястэчку Козава Тэрнопальскай вобласці.

Фэйк 5: Польшча з Расеяй збіраюцца падзяліць Украіну

Дата з'яўлення фэйка: 22.01.2023
Польшча і Расея плануюць падзяліць Украіну — пост пра гэта 22 студзеня 2023 года апублікаваў тэлеграм-канал «Шкварка 2.0». У якасці крыніцы інфармацыі аўтары прывялі сюжэт польскага тэлеканалу.

«На польскім ТБ працягваюць тлумачыць грамадзянам, чаму частка Украіны належыць Польшчы.

Што цікава, у якасці выхаду з бягучага крызісу, журналісты прапануюць “мадэль Жырыноўскага", калі Украіну дзеляць на часткі: Польшча, Вугоршчына, Румынія, Расея забіраюць сабе гістарычныя землі. Палякі адзначаюць, што Расея сваю частку ўжо вяртае», — тлумачаць аўтары канала. 

Гэты сюжэт быў зняты ў сакавіку 2014 года. Тады ў польскую амбасаду ў Маскве прыйшла прапанова ад расейскай Дзярждумы далучыцца да падзелу Украіны. Прэс-сакратар польскага МЗС таго часу пацвердзіў, што ліст прыйшоў ад Уладзіміра Жырыноўскага. Падобную прапанову тады атрымалі Вугоршчына і Румынія. 

Польскі бок назваў інцыдэнт «кур'ёзным», а журналісты знялі пра гэта рэпартаж. Але ў сюжэце гаворыцца выключна пра ідэю ўжо нябожчыка Жырыноўскага. Тое, што польскі бок прыняў гэтую прапанову, нідзе не згадваецца.