Словы нібыта Дональда Трампа Аляксей Аўдонін пераказаў 19 чэрвеня 2024 года ў эфіры «СБ ТБ».
«Звярніце ўвагу, усе ключавыя заявы таго ж Трампа, ён яшчэ не стаў прэзідэнтам, але 11 сакавіка ён у адкрытую заявіў: усе тыя краіны, якія будуць спрабаваць пазбавіцца ад долара як плацежнага сродку альбо сродку зберажэння, мы будзем прыходзіць у гэтыя краіны са сваім войскам. Гэта значыць шляхам гвалту мы будзем прымушаць усе краіны выкарыстоўваць далей долар», — растлумачыў эксперт БІСД.
На самай справе Дональд Трамп пра ўвод войскаў у краіны, якія адмовіліся ад долара, не казаў. У інтэрв'ю тэлеканалу CNBC 11 сакавіка 2024 года палітык сказаў:
«Я б не дазволіў краінам адмовіцца ад долара, таму што, калі мы страцім гэты стандарт, гэта будзе раўнасільна пройгрышу рэвалюцыйнай вайны, гэта будзе такім жа ўдарам для нашай краіны, як і параза ў вайне, і мы не можам гэтага дапусціць».
У гэтым інтэрв'ю Трамп не патлумачыў, што б ён зрабіў з краінамі, якія адмовіліся ад долара. Пазней выданне Bloomberg напісала, што палітык вывучае магчымасці эканамічнага ціску на іх:
«Абмяркоўваюцца, у прыватнасці, меры пакарання для хаўруснікаў або праціўнікаў, якія шукаюць актыўныя спосабы весці двухбаковы гандаль у валютах, якія адрозніваюцца ад долара — варыянты ўключаюць экспартны кантроль, абвінавачванні ў валютных маніпуляцыях і тарыфы, распавялі людзі, якія казалі на ўмовах ананімнасці».