«Можна казаць, існавала яно, не існавала, а ідзе па "Плане Далеса"», — сказаў Вадзім Цыганоў.
Наталля Качанава, старшыня Савету Рэспублікі Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь, падзяляе веру Цыгановых у варожы план. Аб гэтай тэорыі змовы яна гутарыла ў снежні 2020 года са студэнтамі журфаку БДУ. Пасля пытання пра Балонскі працэс і міжнароднае прызнанне дыпломаў Качанава прапанавала паслухаць «завяшчанне Далеса» і ўключыла наступны ўрывак:
«І мы кінем усё, што маем, усё золата, усю матэрыяльную моц на абалваньванне і абдурванне рускіх людзей. Пасеяўшы ў Расеі хаос, мы незаўважна падменім іх каштоўнасці на фальшывыя і прымусім іх, рускіх, у гэтыя фальшывыя каштоўнасці верыць. Эпізод за эпізодам будзе разыгрывацца грандыёзная па сваім маштабе трагедыя гібелі самага непакорлівага на зямлі народу, канчатковага, незваротнага згасання яго самасвядомасці».
«План Далеса» — гэта план па развале СССР, нібыта прыдуманы дырэктарам ЦРУ Эленам Далесам у 1940-х. Праўда, крыніца гэтага плана не сакрэтныя дакументы, а літаратурны твор — антыгарбачоўскі памфлет «Князь цемры» пісьменніка Барыса Алейніка. Ён быў апублікаваны ў 1993 годзе ў часопісах «Раман-газета» і «Маладая гвардыя». У сваю чаргу Алейнік узяў гэтыя словы з рамана «Вечны кліч» савецкага пісьменніка Анатоля Іванова, выдадзенага ў 1981 годзе. Там іх не адным кавалачкам, а па частках прамаўляе літаратурны герой штандартэнфюрэр СС Лахноўскі. Ніякай іншай інфармацыі акрамя як з рускамоўных крыніц пра «план» няма. Гэта даказаны фэйк.