Пра блізкасць беларускіх уладаў да народу Рыгор Азаронак і палітолаг Пётр Пятроўскі пагаварылі ў эфіры праграмы «Азаронак. Наўпрост» 3 ліпеня 2024 года, абмяркоўваючы святочны парад.
— У нас і дэпутаты ездзяць у метро, і з людзьмі сядзяць, і кіраўнікі, і міністры. У нас няма гэтага адчужэння паміж уладай і народам. <...> Узгадаем якую-небудзь Францыю, ЗША. Байдэн прыязджае кудысьці, там паўгорада ачэпяць, — сказаў Пятроўскі.
— Мы памятаем інаўгурацыю, калючы дрот у чатыры шэрагі, — дадаў Азаронак.
Надзвычайныя меры бяспекі на інаўгурацыі Джо Байдэна — гэта праўда. У 2021 годзе пасля штурму Капітолію і боязі, што прыхільнікі Дональда Трампа могуць сарваць мерапрыемства, адміністрацыйны будынак атачылі плотам. У папярэднія інаўгурацыі такога не было, а на Нацыянальнай алеі ў гэты дзень збіраўся вялікі натоўп.
Аднак беларускія ўлады перасягнулі нават беспрэцэдэнтныя меры ў ЗША. Інаўгурацыя Аляксандра Лукашэнкі ў 2020 годзе праходзіла ва ўмовах сакрэтнасці. Пра дату, месца і час публічна не паведамлялася. А міліцыя ў той дзень разганяла пратэстоўцаў.