Антыфэйк / фактчэк

12 чэрвеня 2023

Ва Украіне дазволілі страляць па дэзерцірах, а ВСУ адпраўляе вайсковую тэхніку праз «Нова пошта». Выкрыццё фэйкаў ад «Лукавых навін»

Партнёрскі матэрыял БРЦ і праекту «Лукавыя навіны» тэлеканалу «Белсат».

Аўтары:
Рэдактары:

Фэйк 1: Камандаванне вайсковай часткі ва Украіне загадала страляць па дэзерцірах

Дата з'яўлення фэйка: 25.05.2023
Камандаванне ўкраінскай вайсковай часткі загадала асабістаму складу на блокпастах «ужываць зброю для паражэння». Дакумент з такім зместам 25 красавіка 2023 года апублікавалі ў тэлеграм-канале расейскага блогера Кірыла Фёдарава «Кирилл Фёдоров / Война История Оружие». 

Загад ужываць зброю на паражэнне нібыта аддаў камандзір вайсковай часткі 3056 у горадзе Мікалаеў Руслан Кузьміч.

«Распаўсюджваецца дакумент, у якім камандзір 16-га асобнага батальёну Нацыянальнай гвардыі загадвае асабістаму складу на блокпастах ужываць зброю на паражэнне, бо пачасціліся выпадкі самавольнага пакідання баявых пазіцый вайскоўцамі УСУ», — гаворыцца ў посце.

Некалькі дэталяў у дакуменце даюць падставу ўсумніцца ў яго сапраўднасці. Па-першае, прозвішча Кузьміч на ўкраінскай мове пішацца інакш — праз i. Па-другое, вайсковая частка 3056 знаходзіцца не ў Мікалаеве, а ў Херсоне.

Прадстаўнікі вайсковай часткі 3056 адрэагавалі на паведамленне з дакументам і напісалі ў фэйсбуку, што гэта падробка: 

«Сярод варожых прапагандысцкіх медыяў распаўсюджваецца нібыта дакумент, у якім камандзір вайсковай часткі 3056 Руслан Кузьміч нібыта загадвае асабістаму складу “ўжываць зброю на паражэнне" на блокпастах. Таксама ў гэтым “дакуменце” гаворыцца пра арганізацыю кругласутачнага патрулявання і "агнявых кропак" у Мікалаеўскай вобласці з мэтай выяўлення ўхілістаў ад мабілізацыі і ўкраінскіх вайскоўцаў, якія самавольна пакінулі баявыя пазіцыі. Загад нібыта выдадзены 20 красавіка 2023 года. 

Спецыялісты праекту StopFake уважліва разгледзелі дакумент і высветлілі, што гэта падробка, дадзенага дакумента не існуе і існаваць не можа».

Паводле ўкраінскага заканадаўства, дэзерцірства ў перыяд ваеннага становішча караецца пазбаўленнем волі на тэрмін ад 5 да 12 гадоў. Ва Украіне смяротнае пакаранне не прадугледжанае.

Фэйк 2: Ва ўкраінскай царкве плануюць паказаць баявік

Дата з'яўлення фэйка: 02.05.2023
У ровенскай царкве пакажуць апошнюю частку баевіка «Джон Уік», гаворыцца ў анонсе кінапаказу, які з'явіўся ў тэлеграм-канале «Украина.ру» 2 траўня 2023 года. 

«Раскольнікі з ПЦУ ўсімі сіламі спрабуюць прыцягнуць людзей у пустуючыя цэрквы. 

Напрыклад, у Роўна паміж набажэнствам і споведдзю можна паглядзець навінку — Джон Уік 4

P.S. Інтэрнэт піша, што ў гэтым фільме Джон Уік забіў 140 чалавек», — напісана ў посце.

Яго аўтары таксама апублікавалі фота з нібыта раскладам службаў, дзе паміж імі ўпісаны паказ баевіка. 

Журналісты «Лукавых навін» вывучылі сапраўдны расклад Храму святых першавярхоўных апосталаў Пятра і Паўла ў Роўна. Усё сышлося, акрамя прагляду фільма. 

Фэйк 3: У Кіеве раённыя ўлады нагадалі ветэранам перад 9 траўня пра забарону георгіеўскіх стужак

Дата з'яўлення фэйка: 05.06.2023
Ветэраны Вялікай Айчыннай вайны нібыта атрымалі напярэдадні 9 траўня лісты ад Абалонскай раённай адміністрацыі Кіева з напамінам пра забарону георгіеўскіх стужак і публічнага нашэння баявых ордэнаў. Пра гэта 6 траўня 2023 года напісалі аўтары тэлеграм-каналу «Украина.ру» і прымацавалі да поста дакумент, які гэта пацвярджае.

У апублікаваным лісце да ветэранкі гаворыцца: 

«Дарагая Кацярына Валянцінаўна! Сардэчна віншуем вас з Днём Перамогі над нацызмам у Другой сусветнай вайне. І разам з гэтым мы блізкія да новай перамогі. Да перамогі Украіны над Расеяй. Мы не сумняваемся, што пераможам. А вам мы жадаем здароўя і доўгіх гадоў жыцця ў свабоднай, незалежнай Украіне. Нагадваем вам, што нашэнне георгіеўскай стужкі забаронена законам. Таксама варта ўстрымацца ад публічнай дэманстрацыі медалёў ордэнаў і іншых узнагарод часоў Савецкага Саюза. З днём Перамогі над нацызмам. Слава Украіне».

«Такое магло прыйсці ў галаву толькі неймовирным прыхільнікам Бандэры. Верх цынізму і нялюдскасці», — такімі словамі аўтары завяршылі пост.

Ва Украіне ў 2017 годзе сапраўды на заканадаўчым узроўні забаранілі публічную дэманстрацыю і вытворчасць георгіеўскіх стужак. Але лістоў з напамінам пра гэта гарадскія ўлады Кіева ветэранам не рассылалі. Гэта журналістам «Лукавых навін» пацвердзілі ў Абалонскай раённай дзяржаўнай адміністрацыі. 

«Добры дзень, гэта фэйк, інфармацыя не высылалася, тым больш бланк Абалонскай РГА мае іншы выгляд», — заявілі ў ведамстве і даслалі журналістам афіцыйны адказ на сваім бланку.

Пост з падобнай інфармацыяй аўтары «Украина.ру» 7 траўня 2023 года напісалі і пра Харкаўскую вобласць. Нібыта там мясцовая паліцыя пагражала ветэранам за дэманстрацыю савецкіх сімвалаў. 

«Ветэраны атрымалі лісты ад начальніка Галоўнага ўпраўлення Нацыянальнай паліцыі ў Харкаўскай вобласці, у якіх адразу пасля віншаванняў ідуць пагрозы за дэманстрацыю савецкай сімволікі. Варта адзначыць, што той жа серп і молат можа быць на медалях і ордэнах, а чырвоная зорка на элементах уніформы.

За дэманстрацыю такіх сімвалаў пагражае пакаранне згодна з артыкулам 436-1 Крымінальнага кодэксу Украіны», — гаворыцца ў прымацаваным да поста лісце.

Як і ў першым выпадку, і навіна, і ліст аказаліся фэйкавымі. У адміністрацыі Харкаўскай вобласці паведамілі, што рассылку для ветэранаў яны не рабілі. 

Фэйк 4: Украіна выпусціла феерверкі ў гонар гібелі Дар'і Дугінай і Уладлена Татарскага

Дата з'яўлення фэйка: 08.05.2023
У Расеі 20 жніўня 2022 года пасля дэтанацыі выбуховага прыстасавання ў аўтамабілі загінула журналістка і паліталагіня Дар'я Дугіна. 2 красавіка 2023 года пасля выбуху ў бары ў Санкт-Пецярбургу не стала расейскага ваенкара і блогера Уладлена Татарскага. Расейскі журналіст Антон Красоўскі абвінаваціў украінскіх вытворцаў феерверкаў у «скоках на касцях». 

«Менавіта імі вырашылі заняцца ўкраінскія вытворцы феерверкаў напярэдадні святога свята Перамогі. На анлайн-гандлёвых пляцоўках з'явіліся скрынкі салютаў з подпісамі "Дугіна рэкамендуе" і “Татарскі рэкамендуе".

Кожны раз, калі вам будуць казаць пра прэзідэнта-габрэя і адсутнасць нацыстаў, паказвайце гэта. 

Зрэшты, самі ўкраінцы на феерверку эканомяць — ён у іх і так кожны дзень», — напісаў ён у сябе ў тэлеграм-канале «Антон Вячеславович» 8 траўня 2023 года.

У гэты ж дзень посты з падобным зместам з'явіліся ў тэлеграм-каналах «Украина.ру» і расейскай журналісткі Вольгі Скабеевай. Паведамленне суправаджалася скрыншотамі з сайту izi.ua. 

Цэны на салюты ў аб'явах адрозніваюцца. Акаўнт прадаўца салютаў з'явіўся на партале за некалькі гадзін да скрыншота, апублікаванага ў канале Скабеевай. Калі журналісты «Лукавых навін» паспрабавалі знайсці аб'яву, яе на izi.ua не аказалася. 

Выстаўленыя на продаж салюты не ўкраінскія, а расейскія. Калі прыгледзецца да ніжняй скрынкі на скрыншотах, то можна ўбачыць лагатып уладзівастоцкай крамы піратэхнікі «Восточный Экспресс». А на верхняй скрынцы збоку напісана «Аквамарын». У апісанні вытворцам названая кампанія «Фейерверк Мастер» — таксама расейская. 

Фэйк 5: Расейская імперыя давала народам права на развіццё сваёй мовы і культуры

Дата з'яўлення фэйка: 05.05.2023
Расейскую імперыю абмеркавалі Міхаіл Шахназараў і Вольга Бялова 5 траўня 2023 года ў праграме «Здравствуйте, товарищи» на тэлеканале «Звезда». 

«Расейская імперыя — гэта адзіная імперыя, якая давала ўсім народам права на існаванне і давала права на развіццё сваёй мовы і культуры», — заявіла Бялова. 

Ва Украіне з XVII стагоддзя, калі Расейская імперыя абмежавала яе незалежнасць, расейскія ўлады сістэматычна знішчалі ўкраінскія мову і культуру. Выяўлялася гэта ў забароне выдаваць новыя кнігі на ўкраінскай мове, ліквідацыі існуючых і перакладзе важных дакументаў і выданняў на рускую мову. 

Незалежнае даследчае выданне «Беда» пісала: «У 1769 годзе Сінод забараніў друк буквароў на ўкраінскай мове і дастаў з абароту ўжо існуючыя. А ў 1789-м быў выдадзены "параўнальны слоўнік усіх моў", згодна з якім украінская мова разглядалася як руская з польскімі скажэннямі».

Стаўленне Расейскай імперыі да культуры і моваў іншых народаў закранула і Беларусь. 

«У сітуацыі з беларускай мовай палітыка русіфікацыі імперыяй выявілася пасля падаўлення паўстання 1830-1831 гадоў. Да пачатку 20 стагоддзя не было ніводнай школы з выкладаннем на беларускай, забаранялася друкаваць кнігі на роднай мове на лацінцы, пераважная большасць беларускіх кніг на кірыліцы не прапускала цэнзура. Афіцыйнае справаводства вялося на рускай. А землямі ў Беларусі валодалі рускія памешчыкі», — прыводзіць гістарычныя факты «Зеркало». 

У кантэксце заявы Бяловай аб тым, што «Расейская імперыя — гэта адзіная імперыя, якая давала ўсім народам права на існаванне», варта ўспомніць чаркесаў.

Выданне «Холод» распавядае, што «падчас вайны, асабліва на яе заключным этапе (у 1860-1864 гадах), рускія войскі выкарыстоўвалі тактыку “выпаленай зямлі”. Яны знішчалі аулы, спальвалі пасевы і зганялі жывёлу, каб прымусіць чаркесаў пакінуць горы і сысці на раўніну. Застаўшыся без жытла і ежы, велізарная колькасць перасяленцаў памірала ад голаду, эпідэмій тыфу і воспы».

Перад распадам Савецкага Саюза Вярхоўны савет Кабардзіна-Балкарскай ССР назваў генацыдам масавае вынішчэнне чаркесаў і іх дэпартацыю з гістарычнай радзімы падчас гэтай вайны:

«Большая частка адыгскага этнасу, у тым ліку звыш 90% насельніцтва Кабарды, была фізічна знішчана, больш за 500 тысяч адыгаў гвалтоўна выгнана царскім самадзяржаўем у Асманскую імперыю».

З праблемамі дыскрымінацыі многія народы Расеі сутыкаюцца і па гэты дзень. У 2023 годзе расейскае выданне «7Х7» падрыхтавала праект пра расейскі каланіялізм і права народаў на самавызначэнне «Нярускі свет». Аўтары пагутарылі з экспертамі і прадстаўнікамі карэнных народаў. Яны распавялі, што сутыкаюцца з дыскрымінацыяй у розных сферах — ад арэнды жытла да псіхалагічнага і фізічнага гвалту.

Таксама застаецца актуальным моўнае пытанне. У РФ пражываюць прадстаўнікі больш чым двухсот народаў, якія выкарыстоўваюць каля 380 моў і дыялектаў, уключаючы мовы іншых краін. 

«Пры гэтым з моў карэнных народаў, якія засялялі землі сучаснай Расеі, у школе як прадмет вывучаюць толькі 65 моў, а навучанне вядзецца толькі на 13», — гаворыцца ў адной з частак праекту «Нярускі свет».

Фэйк 6: УСУ ў машынах кампаніі «Нова пошта» перавозяць ваенную тэхніку

Дата з'яўлення фэйка: 21.05.2023
Расейскі палітолаг Аляксандр Семчанка патлумачыў, чаму расейскія снарады прылятаюць па грамадзянскай інфраструктуры Украіны. Пост пра гэта 21 траўня 2023 года з'явіўся ў яго тэлеграм-канале. 

«УСУ паклалі х&р на звычаі і законы вайны.

Глядзіце ўважліва. Гэта — тыповая лагістычная схема. Таму не спяшаецеся верыць, калі прапаганда рэйху вішчыць, што ўдар прыйшоўся па грамадзянскім аб'екце», — напісаў ён пад відэа, якое запазычыў з TikTok.

Пад тыповай лагістычнай схемай Семчанка меў на ўвазе перавозку ваеннай тэхнікі ў машынах кампаніі «Нова пошта». Гэта паказана ў роліку.

На самой справе відэа жартаўлівае. Крыніцай натхнення для яго аўтараў стала фота, апублікаванае ў 2016 годзе на расейскім аўтамабільным партале. 

Машыне на арыгінальным здымку ў графічным рэдактары дамалявалі лагатып «Нова пошта».

Фэйк 7: Украінскі склад з боекамплектамі, узарваны Расеяй, апынуўся абаронным заводам у Іране

Дата з'яўлення фэйка: 13.05.2023
Расейскія войскі ўдарылі па ўкраінскім складзе з боекамплектамі, напісалі 13 траўня 2023 года ў тэлеграм-канале «Беларускі сілавік». У пацвярджэнне гэтай інфармацыі яго аўтары апублікавалі відэа. 

«ВКС РФ зноў адпрацавалі па складзе з БК. Прашу звярнуць увагу на павышэнне якасці інфармацыі, якую атрымлівае расейская выведка», — гаворыцца ў подпісе да відэа.

Журналісты «Лукавых навін» знайшлі арыгінал відэазапісу. Гэта фрагмент рэпартажу Insider News. Выбух на відэа — на самой справе адбыўся не ва Украіне, а ў Іране ў студзені 2023 года на абаронным заводзе ў правінцыі Ісфахан. 

Фэйк 8: Польскім наймітам ва Украіне будуць выдаваць бясплатныя ўчасткі, а сем'ям загінулых — ільготныя крэдыты

Дата з'яўлення фэйка: 24.05.2023
Марыя Захарава паведаміла, што за ўдзел у абароне Украіны польскія найміты будуць атрымліваць бясплатныя ўчасткі ў трох заходніх абласцях Украіны, а сем'і загінулых могуць разлічваць на ільготнае крэдытаванне і будаўніцтва дома. Гэтыя словы афіцыйнай прадстаўніцы МЗС прагучалі 24 траўня 2023 года ў жывым эфіры на афіцыйным YouTube-канале Міністэрства замежных спраў Расеі.

«Ва Украіне пышнымі кветкамі расце найміцтва. Польскія найміты прэміруюцца бясплатнымі ўчасткамі зямлі на захадзе краіны: Валынскай, Львоўскай і Закарпацкай абласцях. Заканадаўствам Украіны цяпер прадугледжана ільготнае крэдытаванне і будаўніцтва дамоў для сем'яў загінулых наймітаў за кошт украінскіх падаткаплатнікаў. Але гэта не мае ніякага дачынення да ўкраінскіх грамадзян», — заявіла Захарава.

Прадстаўніца МЗС практычна працытавала пост з тэлеграм-каналу «Украіна.ру», які спасылаецца на ўкраінскі блог «¡Ведай Свої Права!». 

Журналісты «Лукавых навін» высветлілі, што ва Украіне няма закону, які б дазваляў бясплатна перадаваць польскім добраахвотнікам землі або нерухомасць, якія належаць украінскаму народу. Аднак з восені 2022-га года ў Вярхоўнай радзе Украіны знаходзіцца на разглядзе законапраект, у якім гаворыцца пра тое, што на перыяд дзеяння ваеннага становішча і на працягу 10 гадоў з дня яго спынення ўлады будуць мець магчымасць прымусова адбіраць зямлю або нерухомасць для будаўніцтва або абслугоўвання аб'ектаў крытычнай інфраструктуры. Згодна з дакументам, уладальніку павінны кампенсаваць страты. Але і там няма згадак пра перадачу земляў замежнікам. 

Фэйк 9: Украінская асацыяцыя футбола анансавала матчы памяці 300 тысяч салдат УСУ ў неіснуючым TikTok

Дата з'яўлення фэйка: 15.05.2023
Уладзімір Салаўёў паведаміў, як Украіна выдала сама сябе, распавёўшы пра страты УСУ. Пост пра гэта з'явіўся 15 траўня 2023 года ў тэлеграм-канале вядоўцы. 

«Украінская асацыяцыя футбола ў сваім акаўнце анансавала матчы памяці 300 000 жаўнераў УСУ.

Паведамленне тут жа падцёрлі, але інтэрнэт памятае ўсё. Еўразвяз на днях заявіў, што ацэньвае страты УСУ ў 15 тысяч, ЗША — у 17,5 тысяч забітых.

У лістападзе прэзідэнт Еўрапейскай камісіі Урсула фон дэр Ляен падверглася крытыцы за публікацыю, а затым выдаленне відэа, якое змяшчала ацэнку ў 100 000 забітых украінскіх вайскоўцаў, што выклікала негатыўную рэакцыю Кіева.

Апошні раз лічба ў 300 тысяч забітых гучала з вуснаў Роберта Фрэнсіса Кэнэдзі-малодшага, галоўнага суперніка Байдэна па праймерыз Дэмпартыі ЗША на выбарах амерыканскага прэзідэнта, якія павінны адбыцца ў наступным годзе», — напісаў Салаўёў.

У доказ ён прымацаваў да поста відэа нібыта з TikTok Украінскай асацыяцыі футбола.

Пытанні да гэтага роліка паўсталі ўжо пры праглядзе — у тэксце сустракаюцца русізмы. Напрыклад, ва ўкраінскай мове няма слова «палих», правільна «полеглих». Няправільна казаць і «їх душы будуць», трэба «їхні». 

Акрамя таго, на афіцыйным сайце асацыяцыі футбола сярод спасылак на сацсеткі няма TikTok. 

Журналісты «Лукавых навін» звярнуліся ў прэс-службу арганізацыі. Там заявілі, што, па-першае, TikTok у іх сапраўды няма, а, па-другое, анонс матчаў памяці — фальшывы. 

«Тое, што вы даслалі, гэта фэйк, які разганяецца расейскімі СМІ, таму што гэта неафіцыйны рэсурс федэрацыі футбола. І нідзе ў нас вы не знойдзеце ніякай інфармацыі. Ва Украінскай асацыяцыі футбола няма Tiktok'а. І ў нас усе матчы праходзяць пры пустых трыбунах», — пракаментавалі ў прэс-службе.

Фэйк 10: Захад не хоча міру, бо збіраецца два гады навучаць украінскіх лётчыкаў кіраваць самалётамі

Дата з'яўлення фэйка: 26.05.2023
Жаданне заходніх краін працягваць вайну ва Украіне абмеркавалі 26 траўня 2023 года ў «Клубе рэдактараў» на «Беларусь 1». Палітолаг Вадзім Ялфімаў у пацвярджэнне таго, што ЕЗ і ЗША не хочуць міру, прывёў аргумент са знішчальнікамі F-16, якія прапануюць перадаць Украіне амерыканскія і еўрапейскія палітыкі. 

«Калі прапануюць F-16, то самі амерыканцы пра гэта кажуць, ды і сам Шольц пра гэта заявіў, што навучаць украінскіх пілотаў можна будзе толькі на працягу двух гадоў. Гэта значыць, яны не разлічваюць на тое, што цягам двух гадоў гэты канфлікт спыніцца», — сказаў палітолаг.

На прэс-канферэнцыі ў Хірасіме 21 траўня 2023 года прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што Украіна будзе максімальна паскараць працэс атрымання самалётаў і навучання пілотаў. Цяпер, паводле яго, гэта займае некалькі месяцаў. 

«Сёння адкрытая для нас місія трэніроўкі — гэта першы крок. Далей існуе некалькі месяцаў для навучання нашых пілотаў. Мы будзем працаваць, каб гэтыя людзі былі максімальна, як атрымаецца, дасведчаныя, каб скараціць працэс навучання». 

У артыкуле Тhe New York Times, апублікаваным у канцы траўня, паведамлялася, што ВПС ЗША плануюць скараціць удвая навучанне па кіраванні F-16. Спецыялісты прыйшлі да высновы, што прынамсі некалькі ўкраінскіх пілотаў можна навучыць палётам на гэтых самалётах за 4-5 месяцаў. 

«Паводле аднаго прагнозу, які ўключаў час для спецыялізаваных урокаў англійскай мовы, у кожным класе будзе каля чатырох пілотаў, і ад 12 да 14 пілотаў завершаць навучанне за 12-месячны перыяд. Ацэнка была перададзеная сямі дзяржавам NATO, уключаючы Польшчу, якія лёталі на F-16», — піша выданне. 

Верагодна, інфармацыю пра два гады навучання Вадзім Ялфімаў узяў з інтэрв'ю былога камандуючага ВПС Вялікай Брытаніі Грэга Бэгвэла, якое выйшла на Forces news. Але гэта была не афіцыйная ацэнка, а меркаванне. 

Грег Бэгвэл сказаў, што Вялікая Брытанія можа навучыць украінскіх пілотаў палётам на знішчальніках F-16 на працягу двух гадоў пры ўмове, «калі вы сапраўды націснеце» на юнака, «які ніколі раней не лётаў».

Фэйк 11: Зброя, якую перадалі Украіне, апынулася ў мексіканскага картэля

Дата з'яўлення фэйка: 31.05.2023
Супрацьтанкавыя ракетныя комплексы Javelin, якія ЗША перадалі Украіне, апынуліся ў мексіканскага картэля, паведаміў тэлеканал RT са спасылкай на Milenio TV. 

«У штаце Тамаўліпас баявік з эмблемай сумна вядомага мексіканскага картэля Персідскага заліва (Cartel Del Golfo, CDG) быў зняты з супрацьтанкавай ракетнай устаноўкай амерыканскай вытворчасці. Навінавы канал Milenio TV ідэнтыфікаваў зброю як Javelin, тысячы адзінак якога былі адпраўленыя ва Украіну Пентагонам за апошні год. <...>

Расея неаднаразова папярэджвала ЗША і іх хаўруснікаў не "набіваць" Украіну зброяй і боепрыпасамі як праз рызыку прамой канфрантацыі, так і праз тое, што зброя можа апынуцца ў злачынным свеце», — гаворыцца ў матэрыяле ад 31 траўня 2023 года. 

Журналісты «Лукавых навін» паглядзелі сюжэт мексіканскага тэлеканалу і высветлілі, што там памыліліся маркай зброі. Візуальна можна вызначыць, што на відэа не Javelin, а, хутчэй за ўсё, супрацьтанкавы гранатамёт АТ4.

Паміж першым і другім ёсць розніца не толькі ў тэхніцы ўдару, але і ў кошце. Згодна з бюджэтам арміі ЗША на закупку ракет на гэты год, кошт аднаго снарада Javelin, то бок адной ракеты, складае каля $198 тыс. А стрэл AT4 шведскай вытворчасці каштуе каля $5,5 тыс.

Акрамя таго, у навінавым сюжэце мексіканскага тэлеканалу нічога не гаворыцца пра тое, як зброя трапіла ў рукі мексіканцаў. Украіна там згадваецца толькі як прыклад, дзе выкарыстоўваецца такая зброя.

«Меркаваны чалец картэля "Гольфа" з Тамаўліпас быў зняты, калі нёс адну з самых эксклюзіўных і магутных прыкладаў зброі — Javelin, якая тэарэтычна прадаецца толькі для войска і была выкарыстаная, напрыклад, падчас уварвання ва Украіну», — гаворыцца ў сюжэце.