Беларусь – адзіная краіна, якая траціць на сацыялку 40% бюджэту
Журналістка тэлеканалу «Беларусь-1» Марыя Пятрашка пабывала на саміце АБСЕ і паразмаўляла там з Вольгай Карач. Падчас іх гутаркі высветлілася, што Марыя перакананая, маўляў, Беларусь – адзіная краіна ў свеце, якая выдаткоўвае на сацыяльную сферу 40% дзяржаўнага бюджэту.
Вось яе аргумент у размове з Вольгай Карач:
«40% бюджэту Беларусі ідзе на сацыяльныя патрэбы. У сэнсе не важна? Назавіце мне яшчэ адну краіну».
Мы назавем Марыі Пятрашке нават тры такія краіны. Гэта пры тым, што мы зазірнулі ў бюджэты толькі гэтых адвольна выбраных намі краінаў, гэта значыць – іх можа быць значна больш.
Вось структура выдаткаў беларускага бюджэту на 2021 год. Амаль 45% расходнай часткі кансалідаванага бюджэту ідзе на адукацыю, ахову здароўя, сацыяльную палітыку, культуру і спорт. Тут Марыя не памылілася.
Адкрываем бюджэт Нямеччыны на 2021 год. На фінансаванне Міністэрства працы і сацыяльных пытанняў накіроўваецца больш за 30% выдаткаў, на Міністэрства аховы здароўя – 9% з лішнім, на Міністэрства па пытаннях сямʼі – больш за 2%, на Міністэрства адукацыі і даследаванняў – амаль 4%. Разам – больш за 45% бюджэту Нямеччыны ідзе на сацыяльную сферу. Гэта значыць, што гэтая краіна вылучае на сацыяльную палітыку прапарцыйна большую частку свайго бюджэту, чым Беларусь, і несувымерна больш у абсалютных чыслах.
А цяпер пераходзім да бюджэту Расеі. РБК, спасылаючыся на Мінфін, паведамляў, што за 2021 год на сацыяльную сферу там выдаткуюць-40% бюджэту – гэта значыць гэта тая ж лічба, пра якую казала Марыя Пятрашка.
І нават ва Украіне гэты паказнік вышэй 40%. Ахова навакольнага асяроддзя – 0,41%, ахова здароўя – амаль 12%, духоўнае і фізічнае развіццё – 1%, адукацыя – каля 5%, сацыяльная абарона і сацыяльнае забеспячэнне – амаль 25%. Разам – больш за 42% бюджэту Украіны ідуць на сацыяльныя патрэбы грамадства.