«Ніхто ў Расеі не збіраецца нападаць на Украіну», – словы Лукашэнкі ад 06.12.2021 г.
«Вы абвінавачвалі Расею і Беларусь у тым, што мы ўварвёмся (учора ўварвёмся) у Украіну. Не ўварваліся. Значыць, ваша разведка і мільярды долараў, якія вы на яе марнуеце, нікчэмныя. Прызнайце хоць бы гэта», – казаў Лукашэнка замежным журналістам ужо 17.02.2022 г.
Але, як ужо вядома, усе словы Лукашэнкі апынуліся хлуснёй. Замежная выведка памылілася ўсяго на некалькі дзён. Вайну супраць Украіны Расея пачала 24 лютага (войскі РФ увайшлі ва Украіну ў тым ліку і з тэрыторыі Беларусі).
Беларусь і Расея абяцалі вывесці войскі з тэрыторыі РБ адразу пасля заканчэння вучэнняў «Саюзная рашучасць-2022». Яны завяршыліся 20-га лютага. Пра тое, што расейскія вайскоўцы не застануцца на беларускай зямлі, з упэўненасцю заяўляў міністр замежных спраў Беларусі Уладзімір Макей.
«Ні аднаго вайскоўца, ні адной адзінкі баявой тэхнікі не застанецца пасля гэтых вучэнняў», – заявіў Макей.
27 студзеня казаў пра гэта і першы намеснік міністра абароны Беларусі генерал-маёр Віктар Гулевіч.
«Звяртаю вашу ўвагу, што пасля заканчэння праверкі воінскія часці і падраздзяленні Узброеных Сіл Расейскай Федэрацыі пакінуць тэрыторыю Рэспублікі Беларусь, што адбывалася пасля ўсіх папярэдніх вучэнняў», – заяўляў Гулевіч.
8 лютага ў гэтым жа пераконваў расейскіх журналістаў і прэс-сакратар прэзідэнта Расейскай Федэрацыі Дзмітрый Пяскоў.
«Ніхто ніколі і не казаў, што расейскія войскі будуць заставацца на тэрыторыі Беларусі, пра гэта гаворкі не ішло», – заявіў Пяскоў.
Праўда, ён удакладніў, што дакладная дата іх вяртання не называлася. А вось сам Лукашэнка 14 лютага адказаў на гэтае пытанне даволі ўнікліва.
«Выведзем тады, Аляксандр Аляксандравіч, калі мы вырашым з прэзідэнтам Расеі гэта зрабіць і калі скончацца тут вучэнні», – сказаў Лукашэнка.
У выніку расейскія войскі з тэрыторыі Беларусі так і не вывелі.
Беларускі саюз журналістаў абвінаваціў нямецкую газету TagesSpiegel у размяшчэнні фэйка. Дакладней, зрабіў гэта ў сваім Твітары рускамоўны журналіст у Германіі Аляксандр Сасноўскі, а БСЖ працытаваў яго.
І далей той самы Сасноўскі растлумачыў, што ж не так на той фатаграфіі:
«Сэнс у падмене. Пішуць аб магчымай агрэсіі Расеі, але паказваюць амерыканскі ваенны самалёт. Чытач будзе перакананы, што гэта і ёсць пацверджанне загалоўка. Далей усё роўна ніхто не чытае. Гэта псіхалагічны трук. Будзьце пільныя!»
Сасноўскі мяркуе, што цяпер праз гэта так званага псіхалагічнага трука з фота нямецкі чытач будзе думаць, што менавіта так выглядаюць баявыя самалёты Расеі. На яго думку, верагодна, трэба было размясціць фота – расейскі СУ-25. І, вядома, Беларускі саюз журналістаў не мог прайсці міма такога абуральнага падману.
Ну, а калі сур'ёзна, падобна на тое, што ў БСЖ публікацыю далей першага абзацу, сапраўды, не чыталі. Таму што ўжо ў другім сказе ўсё таго ж загалоўка гаворка ідзе пра ЗША і аб тым, што яны перакідваюць сваіх салдат у Польшчу. Фота амерыканскага ваеннага транспартнага самалёта, у гэтым выпадку, адпавядае зместу. Роўна як і загаловак. Аб прыбыцці расейскіх знішчальнікаў паведамляла і расейскае дзяржаўнае тэлебачанне.