Расейскі апазіцыйны палітык Аляксей Навальны 16 лютага памёр у калоніі. Праз два дні Юлія Навальная заявіла, што працягне справу мужа. Праз яшчэ два дні, 20 лютага, беларускі палітолаг Андрэй Лазуткін сказаў у эфіры тэлеканалу СТБ, што жонка загінулага палітыка не смуткуе пра мужа і наведвае свецкія мерапрыемствы.
«І вось ужо брэнд Навальны перадаюць жонцы Навальнага. У першую ж гадзіну пасля паведамлення пра смерць робяць заяву краіны Еўразвязу, робіць зварот Байдэн, Еўрапейская камісія, Зяленскі. А жонка ў гэты дзень выступае ў Мюнхене на канферэнцыі па бяспецы. Яе падводзяць да Ціханоўскай. Потым паказваюць на ўручэнні прэміі "Оскара". Як бачым, сляза не ўпала, няма чорнага колеру, жалобы, адбываецца свецкі раўт у вячэрняй сукенцы. Зразумела, чалавеку могуць даць заспакаяльнае, можа быць шок. Але справа ў тым, што Навальны меў стасункі з іншай жанчынай», — заявіў ён.
Падчас гэтых словаў гледачам прадэманстравалі відэашэраг, у якім паказалі фатаграфію жонкі Навальнага ў чырвонай вячэрняй сукенцы.
Юлія Навальная з дзецьмі была на ўручэнні «Оскара» ў 2023 годзе, калі гэтую прэмію атрымаў дакументальны фільм «Навальны» канадскага рэжысёра Дэніэла Роэра. Тады расейскі апазіцыйны палітык быў яшчэ жывы.
Цырымонія ўручэння прэміі «Оскар» у 2024 годзе запланаваная на 10 сакавіка. Гэта значыць, яна яшчэ не адбылася, і жонка Навальнага ніяк не магла на ёй прысутнічаць.