Калі судзіць па таргах – перамога ім дасталася ў сур'ёзнай барацьбе з іншымі ўдзельнікамі. Але калі прыгледзецца, то апынецца, што супернічаюць паміж сабой кампаніі, якія належаць адной групе асобаў.
Напрыклад, на гандляваннях за пастаўку фрэзернага цэнтру, які абточвае лінзы для прыцэлаў і іншых аптычных прыбораў, удзельнічалі «Theseus Lab» і нямецкая «Ideatag GmbH». Аднак на праверцы аказваецца, што абедзве кампаніі звязаныя з адным і тым жа чалавекам – бізнесоўцам Ігарам Мядзведзем.
У тэндары на закуп апрацоўчага цэнтру змагаліся зноў жа дзве замежныя кампаніі – «Theseus Lab» і расейская «Юнітэс». Але і тут высветлілася, што іх звязвае ўсё той жа Ігар Мядзведзь.
На трэцім тэндары па пастаўцы цэнтравальнага станка змагаліся «Theseus Lab» , «Юнітэс» і нямецкая «OptoTech». Апошняя нават спрабавала канкураваць з кампаніямі Мядзведзя, але прайграла.
А цяпер паглядзім на кошты. Напрыклад, фрэзерны цэнтр набывалі за 795 тысяч долараў без ПДВ.
Пры гэтым на сайце вытворцы такі ж самы станок у максімальнай камплектацыі прадаецца за 489 тысячы долараў, плюс можна ўзяць у камплект робата.
Без яго ўніверсальны станок абыдзецца ў 414 тысяч долараў.
Трэба сказаць, што кампаніі Мядзведзя актыўна ўдзельнічаюць у пастаўках абсталявання і камунікацый для сілавікоў і прадпрыемстваў вайсковай прамысловасці. У 2014 годзе звязаная з Мядзведзем кампанія «ТКС-Місбос» паставіла Міністэрству абароны праз закуп з адной крыніцы партатыўны аналізатар спектру для вымярэння напружанасці электрычнага поля за 135 тысяч долараў.
Праз год мядзведзеўская «Прафкон» атрымала падзяку ад метралагічнай службы Узброеных Сіл «за ўнясенне значнага ўкладу ў аўтаматызацыю працоўных месцаў па паверцы сродкаў вымярэнняў».
У 2019 годзе «ТКС-Місбос» выйграла тэндары «КБ Радар», якая вырабляе радары, радыёпадаўляльнікі і паляўнічыя за беспілотнікамі. Кампанія Мядзведзя паставіла дзяржпрадпрыемству генератар сігналаў за 45 тысяч долараў.
Дакладна такую ж мадэль можна купіць у ЗША за 21 тысячу долараў.
У 2020 годзе «ТКС-Місбос» паставіў вымяральны мікраскоп для НДІ радыёматэрыялаў, які ўваходзіць у беларускі ВПК, за 16,8 тысяч долараў. Яго аналаг прадаецца за 2 тысячы долараў.
У 2016 і 2018 гадах «ТКС-Місбос» паставіў аптычныя кабелі для Дзяржпамежкамітэту. Яшчэ адна кампанія з «сеткі Мядзведзя» – «Сучасныя сістэмы сувязі» пастаўляла аптычныя і оптавалакновыя кабелі для КДБ і МУС праз «запыт цэнавых прапаноў» і «перамовы».
У 2020 годзе «Theseus Lab» паставіў для «Інтэграла», які таксама займаецца пастаўкамі мікрасхем для ваенпрама, плазмавую ўстаноўку за 207 тысяч долараў. У тэндары ўдзельнічалі толькі кампаніі звязаныя з Мядзведзем або яго кампаньёнамі і тут яны нават не інсцэнавалі гандляванні.
«Сетка Мядзведзя» займаецца не толькі пастаўкамі абсталявання прадпрыемствам ВПК. Сфера інтарэсаў досыць шырокая – гэта і тэлекам, і банкі, і энергетыка, нават забеспячэнне школаў і ўніверсітэтаў абсталяваннем.
Напрыклад, «Прафкон» у 2021 годзе выйграў гандляванні, якія ініцыяваў Нацыянальны інстытут адукацыі, больш чым на 870 тысяч долараў.
Пра 47-гадовага Ігара Мядзведзя вядома вельмі мала, а людзі, якія разам з ім працавалі, не настроеныя аб ім размаўляць.
Мядзведзь скончыў юрыдычны факультэт БДУ ў 1996 годзе. А ў 2002 годзе зарэгістраваў «ТКС-Мiсбос» разам з кампаньёнам Сяргеем Касалапавым, які з’яўляецца былым вайскоўцам.
І, паводле крыніцаў, з саліднымі сувязямі ў Радзе Бяспекі ў асобе былога бізнес-партнёра Касалапава – Дзмітрыя Акімава.
Чым займаўся Ігар Мядзведзь у прамежак паміж выпускам з універсітэту і заснаваннем фірмы – невядома.
З 2006 па 2014 год Ігар Мядзведзь стварыў каля дзясятка кампаній – у Сінгапуры, Кітаі, Расеі, Беларусі, Чэхіі і Германіі.
У прыватнасці, ён згадваецца як саўладальнік сінгапурскай «JAKARTA SEPI SDN.BHD».
Гэтую фірму абслугоўваў афшорны правайдар. Плацяжы за паслугі ішлі праз рахунак у латвійскім банку ABLV, які выкрылі ў адмыванні грошай.
У 2012 годзе група кампаніяў Мядзведзя пазіцыянавала сябе як «А.Т.Е. інжынірынг» і нават стварыла сайт-візітоўку. Прыкладна тады зʼявілася яшчэ адна кампанія з падобнай назвай. У 2013 годзе ў «А.Т.Е. інжынірынг» перайменавалася кампанія «Спецпрыборсэрвіс»,
якая незадоўга да гэтага трапіла пад санкцыі Еўразвязу з-за былога свайго саўладальніка, «зброевага барона» Уладзіміра Пефціева.
Ці звязаныя паміж сабой структуры Мядзведзя і Пефціева высветліць не атрымалася.
Былы супрацоўнік ЗАТ «Белтэхэкспарт», якое лічылася ў свой час ключавым актывам Пефціева, пацвердзіў, што ў перыяд санкцый у кампаній «Белтэх холдынгу» змяняліся назвы і намінальныя ўладальнікі. «Гэта было такое вельмі сумленнае, але ў той жа самы час супрацоўніцтва на пэўнай адлегласці», – сказаў суразмоўца і дадаў, што «гэтая акалічнасць дапамагла праз некалькі гадоў вывесці кампаніі з-пад санкцый». У наступным спадчына Пефціева захавалася, але «яна, вядома, не мае ўжо такога ўплыву ўнутры сістэмы».
Ігар Мядзведзь не адказаў на званкі журналістаў праграмы «Давайце разбірацца».
Аўтары Аляксей Карпека, Вольга Ратмірава, Ксенія Вязнікоўцава, рэдактарка Вольга Ратмірава