Расследаванні

25 студзеня 2022

ШВЕДскі заробак. Як у Беларусі закупляюць медтэхніку за бюджэтныя грошы

У Беларусі ўжо шмат гадоў змагаюцца з пасрэдніцтвам. У якасці аднаго з спосабаў вырашэння праблемы называецца імпартазамяшчэнне. Ідэя ў тым, каб вырабляць у краіне танна тое, што даводзіцца дорага закупляць за мяжой. Аднак, што адбываецца па факце, высвятлялі ў праграме «Давайце разбірацца» на прыкладзе вытворчасці медычнага абсталявання

У Беларусі ўжо шмат гадоў змагаюцца з пасрэдніцтвам. У якасці аднаго з спосабаў вырашэння праблемы называецца імпартазамяшчэнне. Ідэя ў тым, каб вырабляць у краіне танна тое, што даводзіцца дорага закупляць за мяжой. Аднак, што адбываецца па факце, высвятлялі ў праграме «Давайце разбірацца» на прыкладзе вытворчасці медычнага абсталявання.

У руках расследавальнікаў апынуліся дакументы, якія датычацца тэндару 2016 года на закуп кансольных модуляў для сістэмы падачы медычных газаў. 

Гэта такое абсталяванне, праз якое пацыенту падводзіцца, напрыклад, кісларод

Пераможцам тэндару стала кампанія «Медтэхніка» г. Горадня, якая з'яўлялася даччыным прадпрыемствам арганізатара тэндару дзяржпрадпрыемства «Белмедтэхніка».

Беларуская структура выйшла на тэндар з большай цаной, чым замежная фірма-канкурэнт, якая дадае ў кошт яшчэ выдаткі на дастаўку з іншай краіны і мытныя плацяжы. 

Дачка «Белмедтэхнікі» перамагла толькі дзякуючы прэферэнцыйнай папраўцы ў 15%. 

На справе наогул здаецца, што дзяржзаказ на 342 тысячы еўра перайшоў не пераможцу закупак «Медтэхніка» г. Горадня, а другому, у той час, даччынаму прадпрыемству «Белмедтэхнікі» – «Сэрвіснаму цэнтру». Магчыма, гэта адбылося таму, што яшчэ ў 2015 годзе «Белмедтэхніка» заключыла дамову з «Медтэхніка» г. Горадня, ва ўмовах якой прапісана – на закупы выходзіць «Медтэхніка» г. Горадня, але фактычна падрады атрымлівае «Сэрвісны цэнтр».

Напярэдадні ўгоды дырэктар «Сэрвіснага цэнтру» Алег Швед напісаў чэшскаму вытворцу медтэхнікі «MZ Liberec a.s.» наступны ліст: «Філія «Сэрвісны цэнтр» абраная пераможцам тэндару на пастаўку «Модуляў рэанімацыйных – 32 штукі», у сувязі з чым прашу пачаць вытворчасць камплектавальных згодна з высланым папярэдне тэхнічным заданнем».

Кантракты на пастаўку гэтых камплектавальных каштавалі 240 тысяч еўраў. Гэта значыць, што дзве траціны грошай, якія бюджэт вылучыў на куплю беларускай тэхнікі, сышло за мяжу.

Але галоўнае было не гэта. У атрыманых дакументах расследвальнікі знайшлі мытныя коды на пастаўленыя запчасткі.

І, згодна з гэтымі кодамі, гэта былі не зусім запчасткі. Гэта была мэбля і апаратура. Плюс разеткі і свяцільнікі, якія да іх мацуюцца. 

 

0 / 2

Удзельнікі рынка, якія займаюцца пастаўкамі медабсталявання фірмы «MZ Liberec a.s», сказалі, што чэхі пастаўляюць «не камплектавальныя, а гатовае, буйнавузлавое абсталяванне». «Максімум, як яго можна дапрацаваць – сабраць. Дапрацаваць названыя параметры – не ўяўляецца магчымым», – растлумачылі суразмоўцы.

Аднак у кіраўніцтва чэшскай кампаніі і «Сэрвіснага цэнтру» іншы погляд на сітуацыю.

Дырэктар «MZ Liberec a.s» Марцін Гаек сцвярджае, што іх беларускі партнёр – гэта рэальны вытворца, а з Чэхіі ў Беларусь пастаўляюцца толькі камплектавальныя. «Сэрвісны цэнтр» дапрацоўваў прадукцыю, падкрэсліў Гаек.

Паўтарае ягоныя словы і Алег Швед: «Мы ўсё вырабляем. Гатовую прадукцыю ніколі не купляем і не куплялі. Мы закупляем толькі камплектавальныя». 

Але калі расследавальнікі папрасілі патлумачыць канкрэтна – што менавіта беларуская фірма дапрацавала ў гэтым абсталяванні, Алег Швед сказаў, што не можа адказаць, паколькі ў яго пад рукой няма дакументаў. Журналісты дамовіліся стэлефанавацца на раніцу, але ў абумоўлены час размовы не здарылася. Як і ўдзень, і ўвечары, і ў наступныя дні.

У гэтай гісторыі таксама цікава фігура Алега Шведа – гэта родны брат цяперашняга генпракурора Беларусі Андрэя Шведа. Так супала, што іх карʼерныя ўзлёты адбыліся практычна адначасова.

Андрэй Швед перабраўся з Магілёўскай вобласці ў Менск у пачатку 2000-х і быў намеснікам пракурора. Як распавялі журналістам ягоныя былыя калегі, Швед «слыў чалавекам справядлівым». У той час ён нават спрабаваў актыўна ўдзельнічаць у расследаваннях аб знікненні палітычных апанентаў Лукашэнкі. Але ў 2006 годзе Андрэй Швед стаў начальнікам юрыдычнага ўпраўлення ў Савеце Бяспекі, дзе першыя скрыпкі гралі Аляксандр Лукашэнка і ягоны старэйшы сын Віктар. Пасля гэтага з Андрэем Шведам адбылася «ашаламляльная трансфармацыя». Як відаць з базы ФСАН, якую расследавальнікі атрымалі ад «Кіберпартызанаў», прыкладна з 2007 года яго заробак узрос у разы. А ў 2008 годзе даход склаў прыкладна 5500 долараў у месяц. 

У 2010 годзе Андрэя Шведа прызначылі намеснікам генпракурора Беларусі, а ў 2011 годзе ён кіраваў справай аб выбуху ў менскім метро. Следства вынесла рашэнне аб расстрэле Кавалёва і Канавалава, віна якіх, на думку праваабаронцаў, не была даказаная. Далей – больш. 38-гадовы Андрэй Швед стаў самым маладым генералам за ўвесь час праўлення Лукашэнкі і атрымаў ад яго ордэн Айчыны. 

У 2011-м Андрэй Швед атрымаў участак у Менску, на якім узвёў дом коштам ад 600 тысяч долараў.

Да таго часу ў Менск з Петрыкава пераехаў малодшы брат Андрэя Шведа – Алег Швед. Ён з пачатку «нулявых» і да 2009 года працаваў у Петрыкаўскай лякарні, затым у Петрыкаўскім аддзяленні БРСМ, пасля – у мясцовым выканкаме. У Менску знайшоў працу ў Міністэрстве сельскай гаспадаркі. Як і ў брата, у 2011 годзе ў Алега Шведа адбыўся карʼерны ўзлёт – ён стаў гендырэктарам «Сэрвіснага цэнтру» і яго заробак узрос у некалькі разоў.

Старэйшая сястра братоў Анжэла Раемская ўжо шмат гадоў працуе намесніцай старшыні Лагойскага райвыканкама. 

Алег Швед узяў да сябе на працу старэйшага сына роднай сястры –  26-гадовага пляменніка Яўгена Раемскага і даў яму пасаду начальніка аддзелу. 

І хоць за першы год працы той зарабіў толькі 13 тысяч долараў, гэта не перашкодзіла яму ўжо на наступны год абзавесціся ўласнай жылплошчай у Менску коштам у 80 тысяч долараў. 

Афіцыйнага даходу, які апраўдвае такую куплю пляменніка Алега Шведа, расследавальнікі не знайшлі.

У 2017 годзе «Сэрвісны цэнтр» перайменавалі ў «Медтэхнацэнтр» і ён перастаў быць філіяй «Белмедтэхнікі». А праз год у Беларусі ўспыхнула «справа медыкаў», якая абʼяднала карупцыйныя схемы пры закупцы медабсталявання, тэхнікі і лекаў. Пад арыштам апынуліся каля сотні чалавек: лекары, чыноўнікі ад медыцыны, пастаўшчыкі лекаў і медтэхнікі. У прыватнасці, у 2020 годзе былы гендырэктар «Белмедтэхнікі» Аляксандр Шарак атрымаў 6,5 гады пазбаўлення волі за прыняцце хабараў у асабліва буйным памеры

Зрэшты, сістэму карупцыі ў ахове здароўя ў Беларусі звязваюць з былым міністрам аховы здароўя – Васілём Жарко. У СМІ яго называюць хросным бацькам Мікалая Лукашэнкі.

Менавіта Жарко працаваў разам з Людмілай Пастаялкай і пасля яе смерці ўзначальваў Міністэрства аховы здароўя на працягу 11 гадоў. Жарко пазбавіўся пасады віцэ-прэмʼера падчас масавай зачысткі па «справе медыкаў», але застаўся на волі. Менш пашанцавала яго намесніку ў Міністэрстве аховы здароўя Ігару Ласіцкаму, які быў старшынёй закупачнай камісіі ў вышэйпрыведзеным тэндары

і падпісаў «Сэрвіснаму цэнтру» рэгістрацыйнае пасведчанне на вытворчасць. 

У кастрычніку 2019 года былога намесніка міністра аховы здароўя пакаралі 6 гадамі пазбаўлення волі за хабар, але ён адседзеў без малога тры гады. Па неафіцыйных дадзеных, Ласіцкага памілавалі

Адным з першых у Беларусі тэмай нерацыянальнага выкарыстання бюджэтных грошай на дзяржзакупах медабсталявання стаў займацца сузаснавальнік парталу «Штодзённік» Сяргей Сацук.

«У Беларусі існуе цэлая сістэма закупу медычнай тэхнікі, камплектавальных, медычных вырабаў. Рынак падзелены паміж выразнымі структурамі, гэта значыць, пэўнымі кампаніямі. Ніхто пабочны туды ўлезці абсалютна не можа», – казаў Сацук. І, падобна, што менавіта расследавання па закупцы медтэхнікі і лекаў каштавалі яму свабоды. Хоць, паводле версіі сілавікоў, Сяргея Сацука нібыта злавілі на хабары, маўляў, журналіст ствараў замоўныя артыкулы.

Зрэшты, нельга сказаць, што пасля «справы медыкаў» пасярэднікаў не стала і кошты ўпалі. Нядаўна Камітэт дзяржкантролю Беларусі распавёў пра тое, што працягвае выяўляць шэрыя схемы ў тэндарах і дзяржзакупах. У выніку толькі ў 2021 годзе ўсплылі дзясяткі выпадкаў, калі кошт закупу медабсталявання быў павялічаны шматкроць.

Аўтаркі Вольга Ратмірава, Ксенія Вязнікоўцава, рэдактар Станіслаў Івашкевіч