Да максімальнага значэння вырасла і агульная сума ўсіх атрыманых тэндараў – больш за адзін мільён беларускіх рублёў. Колькасць атрыманых кантрактаў пачала расці ў 2021 годзе, у год адстаўкі з пасады кіраўніка справамі Лукашэнкі Віктар Шэймана. Тады кампанія атрымала 50 дзяржкантрактаў на 254 тысячы рублёў.
Для параўнання, у 2020 годзе заключылі 22 дзяржаўныя кантракты. Зрэшты, тады агульная сума наблізілася да 500 тысяч рублёў – за кошт дамовы памерам у 328 тысяч рублёў на пастаўку лыжаў для Берасцейскага абласнога цэнтру забеспячэння дзейнасці бюджэтных арганізацый.
Тэндэнцыя захоўваецца і сёлета. «Беларусьгандаль» за няпоўныя паўгода атрымаў 79 дзяржкантрактаў на амаль 200 тысяч рублёў. Сярод тавараў дамінуюць вада, лыжы і рознае лыжнае абсталяванне. Алкаголю і цыгарэт, на якіх таксама спецыялізуецца «Беларусьгандаль», сярод публічна даступных дзяржкантрактаў няма.
Агульная сума выйграных тэндараў з 2015 года перавысіла 2,2 млн. рублёў. Пры гэтым больш за палову кантрактаў заключылі ў рамках неканкурэнтных працэдур закупаў у адзінага пастаўшчыка.
Як раней пісаў БРЦ, менавіта «Беларусьгандаль» зарабляе на пастаўках у Беларусь італьянскага алкагольнага напою Aperol, які ў нашай краіне не прадаваўся амаль шэсць гадоў.