Навіны

15 чэрвеня 2023

Колькасць беларускіх эмігрантаў у Літве ў год вайны дасягнула максімуму за ўсю гісторыю назіранняў

Каго менавіта ў статыстыцы лічаць эмігрантамі, у базе не пазначана.

У 2022 годзе ў Літву з Беларусі эмігравалі 14890 чалавек. Такія звесткі БРЦ знайшоў у базе літоўскага дэпартаменту статыстыкі.

Гэта максімум за ўсю гісторыю назірання – з 2001 года. Колькасць эмігрантаў пачала рэзка расці ў 2016 годзе. Тады ў Літву афіцыйна зʼехалі 1157 чалавек, годам раней – 387. У 2020 годзе – у год масавых пратэстаў – у суседнюю краіну выехалі 7279 беларусаў. А ў 2022-м удвая больш – амаль 15 тысяч.

Каго менавіта ў статыстыцы лічаць эмігрантамі, у базе не пазначана. Існуюць розныя падыходы ўліку, напрыклад у Расеі такімі лічаць тых, хто заехаў у краіну для сталага пражывання.

Літва – другі па папулярнасці напрамак сярод краін ЕЗ для міграцыі з Беларусі. Першае месца традыцыйна займае Польшча. Толькі летась прытулак ці гуманітарную візу ў Польшчы атрымалі 70 тысяч беларусаў. Свежых звестак па міграцыі з Беларусі Польшча пакуль не публікавала. Усяго ж за апошнія два гады, паводле звестак даследчага цэнтру BEROC, у краіны ЕЗ маглі зʼехаць да 172 тысяч беларусаў.