На іншай карыкатуры (мае два варыянты — з подпісам і без) свіння з трызубцам уцякае ад мядзведзя з паяльнай лямпай, на якой намаляваны лагатып Wagner Group. На заднім плане — Аляксандр Лукашэнка з мангалам і пачкам вугалю.
«Сабраліся на пікнічок? Не забудзь пра шашлычок!» — гаворыцца ў подпісы ўнізе.
Назвы файлаў «photo_2023-07-20_10-47-50» і «photo_2023-07-20_10-50-15» паказваюць, што выявы створаныя 20 ліпеня 2023 года. Карыкатуру на наступны дзень выкарыстаў ананімны каментатар на сайце расейскага выдання «Военное обозрение» пад публікацыяй «У выпадку агрэсіі ў дачыненні да Беларусі Расея адкажа ўсімі наяўнымі ў яе распараджэнні сродкамі». Пазней, 15 жніўня, выяву апублікавалі ва «ВКонтакте».
Файл з назвай «659_СПЕЦ_Г_Вагнер в Беларуси» змяшчае выяву, на якой жаўнер у натаўскай касцы просіць быць цішэй на мяжы Еўрапейскага звязу і Беларусі. У подпісы пад ім гаворыцца: «Pst! Da ist Wagner!» («Цыц! Гэта Вагнер!»).
«Агенцтва сацыяльнага праектавання» (АСП) знаходзіцца пад санкцыямі ЕЗ і ЗША. Кіраўнік праекту — расейскі паліттэхнолаг Ілля Гамбашыдзэ. Супрацоўнік FBI наўпрост абвінавачвае АСП у працы на Крэмль, а куратарам іх дзейнасці называе Сяргея Кірыенку, першага намесніка кіраўніка Адміністрацыі прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна. Паводле дадзеных выцеку, супрацоўнікі АСП прыдумлялі і распаўсюджвалі ў сацсетках фэйкі, у тым ліку падробкі афіцыйных дакументаў камандавання УСУ, стваралі мемы і карыкатуры для прасоўвання прапуцінскіх наратываў.