БРЦ вывучыў судовую картатэку за ліпень і высветліў, за што беларусаў судзілі ў ліпені паводле «народнага» артыкула 24.23 КаАП.

У Берасці мужчыне далі штраф 370 рублёў за пікетаванне. Ён без дазволу Берасцейскага гарвыканкаму размясціў «малюнак герба «Пагоня» на задняй крышцы свайго мабільнага тэлефона маркі Xiaomi».

Жыхарку Віцебскай вобласці суд Шклоўскага раёну аштрафаваў на 185 рублёў за татуіроўку. Дзяўчына дэманстравала набіты БЧБ сцяг на правым перадплеччы, чым парушыла Закон аб масавых мерапрыемствах.

Беларус атрымаў штраф у памеры 1480 рублёў за БЧБ-вымпел на лабавым шкле машыны. На ягоны мабільны тэлефон наклалі арышт і пастанавілі не здымаць да выплаты штрафу. Вымпел канфіскавалі.

Суд Наваполацку прысудзіў 15 содняў адміністрацыйнага арышту мужчыне, які расклейваў улёткі на прыпынках грамадскага транспарту. На іх, паводле пастановы суда, намаляваны прэзідэнт Расеі Уладзімір Пуцін і змяшчаецца тэкст на палітычную тэматыку.

У Дудроўне судзілі беларуса за фатаграфію з чахлом для мабільнага тэлефона, на якім бачна налепка з вершнікам з мячом і шчытом у руках на чырвоным фоне, а таксама з вершнікам на фоне БЧБ-сцяга. Пакаранне – пяць сутак адміністрацыйнага арышту.

БРЦ ужо расказваў пра падобныя судовыя рашэнні. Напрыклад, у чэрвені жыхару Менску далі штраф на 1850 рублёў з-за значка з «гербам П.». (верагодна, маецца на ўвазе «Пагоня») на заплечніку. У траўні суд Буда-Кашалёўскага раёну аштрафаваў мясцовую жыхарку на 1100 рублёў за фатаграфію з «аўтографам вядомага чалавека» ВКонтакте.