Чытайце таксама: Не Украінай адзінай, або шлях мяцежнага варлорда. Перамогі і паразы ПВК «Вагнэр» у Афрыцы — частка першая
Яўген Прыгожын прыбыў у Беларусь, дзе Аляксандр Лукашэнка дазволіў яму «нейкі час перакантавацца», паведаміла 27 чэрвеня БЕЛТА. Крымінальную справу ў Расеі супраць яго закрылі, але па даручэнні Уладзіміра Пуціна пачалі праверку яго кампаніі «Канкорд». Яна, паводле слоў расейскага прэзідэнта, зарабляла на дзяржзаказах, хаця ў яе склад уваходзіла ПВК «Вагнэр», якая фінансуецца з бюджэту.
Да ўварвання ва Украіну расейскія ўлады адмаўлялі сувязь з наймітамі — і цяпер згадваюць іх толькі ў кантэксце расейска-ўкраінскай вайны. Пры гэтым тысячы вагнэраўцаў знаходзяцца ў Афрыцы.
У канцы 2017 года Прыгожын пераканаў Пуціна адправіцца на афрыканскі кантынент, каб узмацніць геапалітычны ўплыў Расеі і пацясніць Кітай у краінах трэцяга свету, казала крыніца «Праекту» вясной 2019-га.
Крымінальны кодэкс Расеі забараняе наёмніцтва.
Гэтым можна растлумачыць факт, што Крэмль доўга адмаўляў сувязь з ПВК «Вагнэр» — так было ў Сірыі, Малі, Лівіі, Судане. Тым не менш вагнэраўцы, якія нібыта не маюць сувязяў з расейскімі ўладамі, атрымлівалі пашпарты ва ўпраўленні, звязаным з Мінабароны, трэнераваліся на базе ГРУ і выкарыстоўвалі вайсковыя самалёты.
У першай частцы матэрыялу аб афрыканскім шляху Прыгожына мы апісалі дзейнасць ПВК «Вагнэр» у Судане і яе ўдзел у спробе перавароту ў Чадзе. У другой — раскажам, як расейскія найміты праявілі сябе ў іншых краінах кантынента.
Перакрыць шлях нафты ў Еўропу. Лівія
Лівія — найбуйнейшая ў Афрыцы краіна па запасах нафты, і пятая — па запасах газу. Асноўная частка даходаў паступае ў бюджэт ад продажу сырой нафты.
Пасля звяржэння і забойства ў 2011 годзе Муамара Кадафі ў Лівіі пачалася грамадзянская вайна. Захад краіны ўзяў пад кантроль прызнаны ААН урад нацыянальнай згоды, які заняў сталіцу, Трыпалі. Усход — генерал Халіфа Хафтар, лідар так званай Лівійскай нацыянальнай арміі (ЛНР).
Хафтара відавочна ці апасродкавана падтрымалі Расея, Арабскія Эміраты і Егіпет. У гэтым жа, як паведамляў Reuters, падазравалі Францыю — Парыж усё адмаўляў. За ўрад у Трыпалі выказаліся Турцыя, Катар, Італія і ў цэлым краіны Захаду.
У 2020 годзе шэраг незалежных медыяў са спасылкай на даклад экспертнай групы ААН паведаміў, што на баку Хафтара выступаюць да 1200 вагнэраўцаў. Крэмль адмаўляў удзел расейцаў у лівійскай грамадзянскай вайне, сцвярджаючы, што займае нейтральную пазіцыю. Пры гэтым раней, у лістападзе 2018 года, міністр абароны Расеі Сяргею Шайгу правёў перамовы з Хафтарам. На іх прысутнічаў і Яўген Прыгожын.
Хафтара, як паведамляла The Washington Post, падтрымаў і лідар суданскіх апалчэнцаў Хамідці, пра якога мы расказвалі ў папярэдняй публікацыі. Па дадзеных выдання, яны праводзілі сумесныя трэнаванні з байцамі ПВК «Вагнэр».
Крэмль выбірае хаўрусніка
Крэмль не адразу абраў бок канфлікту ў Лівіі, пісала са спасылкай на крыніцы расейскае расследавальніцкае выданне «Праект» — адным з разгляданых варыянтаў была сумесная з суданскімі апалчэнцамі атака на Хафтара.
Да моманту, калі расейскія найміты і суданскія апалчэнцы прыйшлі ў Лівію, устаўшы на бок Хафтара, той ужо — па дадзеных на сакавік 2019 года — кантраляваў большую частку краіны. З дапамогай новых хаўруснікаў ён пачаў ваенную кампанію па поўным яе захопе.
Гэта яму амаль удалося. Да 2020-га пад кантролем урада заставалася сталіца з наваколлем, якую Хафтар узяў у аблогу. Турэцкае агенцтва «Анадолу» паведамляла, што ў распараджэнні прыхільнікаў Хафтара былі комплексы С-300 расейскай вытворчасці і 30 рэактыўных самалётаў. Колькасць наймітаў да канца 2021 года ацэньвалася ў 7000.
Захапіць сталіцу, што здавалася пытаннем часу, не ўдалося — у канфлікт умяшалася Турцыя, якая атрымала ад лівійскага ўрада дазвол у будучыні здабываць нафту і газ на лівійскім шэльфе. Анкара перакінула ў Трыпалі некалькі тысяч сваіх сірыйскіх наймітаў — з ліку тых, якія ваявалі супраць Башара Асада. Ім удалося не толькі зняць аблогу з Трыпалі, але і выцесніць Хафтара за межы, якія той кантраляваў у пачатку сумеснага з вагнэраўцамі і суданцамі наступлення.
Контрнаступ урадавых войскаў спыніўся толькі пасля пагрозы Егіпта, які падтрымлівае Хафтара, умяшацца ў баявыя дзеянні.
Магчымасць для шантажу як вынік
Вынікам лівійскай кампаніі ПВК «Вагнэр» стаў правальны штурм сталіцы, які выліўся ў маштабнае адступленне. Нафтавыя радовішчы, якія засталіся пад кантролем Хафтара, ператварыліся для яго ў мёртвы актыў — паводле міжнароднай дамовы па Лівіі, грошы за яе нафту можна пералічваць толькі на рахунак Цэнтрабанку краіны, падкантрольнага ўраду ў Трыпалі.
Гэта значыць атрымаць прыбытак ад радовішчаў ПВК «Вагнэр» змагла б толькі ў выпадку захопу Хафтарам поўнай улады ў краіне. Цяпер кантроль над радовішчамі выкарыстоўваецца ў асноўным як інструмент шантажу: супернікі прызнанага ўрада перыядычна ладзяць нафтавыя блакады.
Падтрымка Хафтара ўсё ж не была для Расеі бессэнсоўнай. Паміж Еўропай і Афрыкай па дне Міжземнага мора пракладзена ўсяго два газаправоды — з Лівіі і з Алжыра. Грамадзянская вайна прывяла да частковага прыпынення здабычы ў першай. Лівія, якую ЕЗ разглядаў як альтэрнатыўнага Маскве пастаўшчыка, стала ненадзейным партнёрам і не змагла папоўніць Еўразвязу недахоп газу пасля скарачэння паставак з Расеі. Акрамя таго, два асноўныя лівійскія радовішчы газу размешчаныя на тэрыторыях, падкантрольных Хафтару і вагнэраўцам.
Адзін з галоўных цэнтраў уплыву Расеі на поўдзень ад Сахары. ЦАР
Цэнтральнаафрыканская рэспубліка (ЦАР) — адна з самых багатых краін свету па карысных выкапнях (10-е месца па экспарце алмазаў) з адным з самых бедных у свеце насельніцтваў.
Да прыходу расейскіх наймітаў у канцы 2017 года (прыкладна ў той жа час яны з'явіліся ў Судане) урад утрымліваў кантроль над сталіцай, Бангі. У правінцыях, дзе ўладу захапілі паўстанцы і іншыя ўзброеныя групы, ягоны ўплыў быў абмежаваны. У кастрычніку 2017-га прэзідэнт ЦАР Фастэн-Арканж Туадэра звярнуўся да Расеі за дапамогай. Масква дабілася ад Рады бяспекі ААН змякчэння эмбарга на пастаўкі зброі ў краіну — ужо ў 2018 годзе расейскія самалёты пачалі пастаўляць у ЦАР узбраенне і, па пагадненню аб ваеннай супрацы, «спецыялісты», у асноўным, «з былых ваенных» пачалі ажыццяўляць падрыхтоўку асабовага складу ўзброеных сіл ЦАР, паведамляла Human Rights Watch.
У канцы 2020 года становішча ўрада ў ЦАР пагоршылася. Да студзеня 2021-га апалчэнцы кантралявалі прыкладна дзве трэці тэрыторыі краіны і падступалі да сталіцы.
У гэты час ПВК «Вагнэр» змагла праявіць сябе ў выкананні баявых задач. На гэты раз паспяхова. У выніку контрнаступлення да траўня 2021 года ўрад пры дапамозе вагнэраўцаў вярнуў большую частку страчаных раней тэрыторый. Акрамя расейскіх наймітаў у контрнаступленні ўдзельнічалі суданскія апалчэнцы Хамідці, а таксама ваенны кантынгент Руанды.
Руандыйскае войска лічыцца адным з самых дысцыплінаваных і эфектыўных у Афрыцы — яно, напрыклад, удзельнічае ў міратворчых місіях ААН. Руандыйцы спынілі ваенную супрацу з вагнэраўцамі ў чэрвені 2021-га з-за паўторных абвінавачанняў расейцаў у забойствах мірных жыхароў.
У 1994 годзе ў Руандзе пачаўся генацыд, падчас якога за 13 тыдняў загінулі 800 тысяч чалавек — перш за ўсё прадстаўнікі племя тутсі, якія сталі галоўнымі цэлямі.
Забівалі таксама прадстаўнікоў племя хуту, якія адмаўляліся пераследаваць тутсі. Пасля аднаўлення міру краіна ўзяла курс на нацыянальнае прымірэнне. Цяпер Руанду ў розных рэйтынгах называюць адной з самых бяспечных краін у Афрыцы. Напрыклад, яна ўвайшла ў дзясятку самых бяспечных краін свету рэйтынгу Gallup's Law and Order Index. У ААН Руанду называюць маленькім гігантам міратворчых аперацый: яна займае чацвёртае месца ў свеце па колькасці міратворцаў, адпраўленых у місіі ААН. Часопіс Foreign Policy называе Руанда паліцэйскім Афрыкі.
Капіталізацыя ўплыву
Да прыходу руандыйскіх сіл абароны ў дадатак да міратворчага кантынгенту ў канцы 2020 года ўрад ЦАР, які наняў ПВК «Вагнэр» яшчэ ў 2018-м, губляў тэрыторыі.
Нягледзячы на неадназначную баявую эфектыўнасць, вагнэраўцы здолелі капіталізаваць сваё знаходжанне ў краіне. У 2017 годзе «М Інвест» Яўгена Прыгожына, якая здабывае золата ў Судане, зарэгістравала ў ЦАР даччыную кампанію Lobaye Invest. «Дачка» атрымала ліцэнзіі на разведку золата і алмазаў. Як паведамляла выданне Politico, за 2022 год ПВК «Вагнэр» значна пашырыла гэтую дзейнасць у ЦАР. Паводле ацэнкі выдання, яе магчымы прыбытак ад здабычы карысных выкапняў тут вырас амаль да мільярда долараў. Атрыманыя грошы, паводле інфармацыі крыніцы Politico, група, хутчэй за ўсё, выдае на закуп зброі для вайны ва Украіне.
Аднак адным з галоўных поспехаў Прыгожына ў ЦАР стала распаўсюджванне расейскага ўплыву. Акрамя наймітаў і ваенных інструктараў у краіну прыбылі і расейскія паліттэхнолагі з перакладчыкамі. З 2022 года ў ЦАР увялі абавязковае вывучэнне рускай мовы ў ВНУ, расейская амбасада праводзіць конкурсы прыгажосці, а дзецям паказваюць мультфільм пра рускага мядзведзя, які спяшаецца на дапамогу сябрам у Афрыцы. Францыя, а разам з ёй і Еўразвяз, страцілі большую частку свайго ўплыву ў ЦАР, пісала ў лістападзе 2021-га Le Parisien.
Што да ваеннага аспекту — нават з улікам таго, што баявыя дзеянні вяліся з хаўруснікамі, урад усё ж заваяваў дадатковыя тэрыторыі. Аднак у пачатку года The Guardian паведамляла, што ПВК «Вагнэр» нясе цяжкія страты ў баях з паўстанцамі за радовішчы, з чаго вынікае, што кантроль над імі дагэтуль аспрэчваецца і супернік не быў нейтралізаваны.
Выцесніць міратворцаў. Малі
Малі, паводле розных звестак, займае трэцяе ці чацвёртае месца па здабычы золата сярод краін Афрыкі. На яго прыпадае 80% экспарту рэспублікі. Таксама краіна багатая радовішчамі жалезнай руды, урану, літыя і вапняку.
На поўначы Малі за незалежнасць змагаюцца сепаратысты з племем туарэгаў. У цэнтральнай частцы жывёлагадоўцы ваююць супраць земляробаў за доступ да вады. Таксама ў краіне дзейнічаюць філіялы «Аль-Каіды» і «Ісламскай дзяржавы», якія выступаюць супраць усіх, у тым ліку адзін супраць аднаго. На паўднёвым захадзе размешчаны падкантрольныя ўраду залатыя рудні.
У жніўні 2020 года ў Малі адбыліся падзеі, якія шмат у чым нагадваюць суданскі сцэнар: пачаліся масавыя пратэсты апазіцыі; вайскоўцы перахапілі ініцыятыву і здзейснілі пераварот, абяцаючы забяспечыць транзіт улады грамадзянскаму ўраду; на працягу года былыя паплечнікі перасталі быць хаўруснікамі — у траўні 2021-га ваенныя пад кіраўніцтвам віцэ-прэзідэнта Асімі Гоіта зрынулі кіраўніка дзяржавы Ба Ндао, транзіт улады адклалі да 2026 года.
У снежні 2021-га стала вядома, што ў Малі прыбылі байцы ПВК «Вагнэр», якіх ваенная хунта назвала «ваеннымі кансультантамі». Вымушаны раней каментаваць здзелку расейскіх наймітаў з малійцамі кіраўнік МЗС РФ Сяргей Лаўроў сцвярджаў, што Крэмль не мае да гэтага дачынення.
У красавіку 2022 года ўлады Малі паведамілі, што атрымалі ад Расеі ўдарныя верталёты і мабільныя радыёлакацыйныя станцыі. Гэта, паводле дакладаў ААН, дапамагло ўрадавым войскам разам з вагнэраўцамі дасягнуць пэўных поспехаў у цэнтральных і паўночных раёнах. Доля правінцый, якія ўлады кантралююць у цэнтральных і паўночных частках краіны, з пачатку мінулага года да пачатку 2023-га вырасла з 10%-20% да 44%.
Абвінавачанні ў ваенных злачынствах і выхад міратворцаў
Расейскіх наймітаў неаднаразова абвінавачвалі ў здзяйсненні пазасудовых пакаранняў смерцю, парушэннях правоў чалавека і марадзёрстве. Напрыклад, падчас штурму пасёлка Мура ў цэнтральнай частцы Малі паведамлялася аб забойстве 500 мірных жыхароў.
Падобныя расправы над насельніцтвам, як лічаць некаторыя праваабаронцы, выгадныя экстрэмістам, якія выкарыстоўваюць незадаволенасць мірных жыхароў для іх вербавання. Акрамя таго, з прыходам ПВК «Вагнэр» эксперты адзначылі ўсплёск гвалту: з чэрвеня па верасень 2022 года групоўка, звязаная з «Аль-Каідай», здзейсніла больш за 90 нападаў на мірных жыхароў і вайскоўцаў, хоць годам раней за той жа перыяд іх было ўсяго шэсць.
Медыі са спасылкай на крыніцы восенню 2021-га паведамлялі, што ў Малі дзейнічаюць каля тысячы наймітаў ПВК «Вагнэр», якім урад у месяц плаціць $11 млн.
Прысутнасць ПВК «Вагнэр» у краіне і невыкананне кіроўнай хунтай абавязанняў па правядзенні выбараў прывялі да пагаршэння адносін Малі з Францыяй, яе еўрапейскімі хаўруснікамі і Канадай. У лютым 2022 года яны абвесцілі аб поўным вывадзе сіл, якія ўдзельнічалі ў контртэрарыстычных аперацыях «Бархан» і «Такуба». У жніўні таго ж года Нямеччына прыпыніла місію бундэсверу ў Малі і запатрабавала растлумачыць прысутнасць у краіне расейскіх сіл.
У студзені 2023-га эксперты, якія супрацоўнічаюць з ААН, заклікалі правесці незалежнае расследаванне дзейнасці расейскіх наймітаў і ўрадавых войскаў. Ужо 16 чэрвеня міністр замежных спраў Малі запатрабаваў ад Рады бяспекі ААН вывесці з краіны міжнародны міратворчы кантынгент, бо ён, на думку чыноўніка, не палепшыў сітуацыю ў краіне. Шматпрофільная комплексная місія ААН па стабілізацыі ў Малі (MINUSMA) дзейнічала ў рэспубліцы з 2013 года і лічылася адной з самых небяспечных аперацый арганізацыі.
Пры гэтым ваенныя поспехі расейскіх наймітаў абмежаваныя — у дакладзе амерыканскага Цэнтру па барацьбе з тэрарызмам гаворыцца, што нягледзячы на іх дзейнасць, актыўнасць экстрэмістаў у краіне расце. Аднак з Малі ПВК «Вагнэр», падобна, змагла распаўсюдзіць уплыў на багатую золатам Буркіна-Фасо, дзе расейцы ўжо асвойваюць капальні.
Золата і перавароты — спакуса для «ваенных інструктараў». Буркіна-Фасо
Буркіна-Фасо — адзін з найбуйнейшых вытворцаў бавоўны ў Афрыцы. Бавоўна — другая крыніца даходу краіны пасля золата.
У 2022 годзе ў Буркіна-Фасо адбыліся два ваенныя перавароты. Першы — у студзені, у выніку якога да ўлады прыйшоў часовы прэзідэнт падпалкоўнік Поль-Анры Даміба. Пасля гэтага на вуліцах сталі з'яўляцца расейскія сцягіі, а Яўгена Прыгожына абвінавацілі ў масавым таргетаванні антызаходняй прапаганды на мясцовых жыхароў у сацсетках. Аднак ужо ў верасні ваенныя зрынулі часовага прэзідэнта, абвінаваціўшы ўлады ў няздольнасці справіцца з джыхадыстамі, пасля чаго распусцілі ўрад і парламент.
Наступны самаабвешчаны лідар, былы камандзір спецназу «Кобра» Ібрагім Траорэ, у адрозненне ад свайго папярэдніка, карыстаецца падтрымкай ПВК «Вагнэр». Прыйшоўшы да ўлады ў 34 гады, Траорэ стаў самым маладым кіраўніком дзяржавы ў свеце. Ён ужо зрабіў некалькі прыкметных крокаў: дазволіў кампаніі Nordgold расейскага мільярдэра Аляксея Мардашова здабываць золата, дэнансаваў пагадненне аб прысутнасці ўзброеных сіл Францыі і запрасіў расейскіх «ваенных інструктараў».
Пра якія-небудзь ваенныя поспехі вагнэраўцаў у Буркіна-Фасо пакуль казаць рана.
Гонар і паражэнне. Мазамбік
Наступная краіна, дзе вагнэраўцы выпрабавалі свае сілы, размешчана на паўднёвым усходзе Афрыкі. Мазамбік багаты сярод іншага золатам і прыродным газам.
Тут расейскія найміты пацярпелі, мабыць, самае вялікае паражэнне на кантыненце. Вядома, што ПВК «Вагнэр» знаходзіцца ў Мазамбіку з 2019 года для барацьбы з «Аш-Шабаб». Гэтая групоўка арганізоўвала напады на правінцыю Кабу-Дэлгаду, дзе размешчаны паклады прыроднага газу і каштоўных выкапняў. Мясцовы ўрад заключыў з вагнэраўцамі кантракт, але ў тым жа годзе яны, як паведамлялася, трапілі ў засаду і панеслі вялікія страты.
Паражэнне расейскіх наймітаў у рэгіёне таксама тлумачылі тым, што яны не так добра, як паўстанцы, былі знаёмыя з джунглямі і спецыфікай мясцовых гарадоў. Да гэтага вагнэраўцы ваявалі, у асноўным, у пустэльнях і саванах на поўначы і ў цэнтры Афрыкі. Акрамя таго, у ліку прычын паражэння называлі залішнюю самаўпэўненасць — байцы нібыта лічылі мясцовых ваенных недастаткова навучанымі і дысцыплінаванымі, і гэта перашкодзіла наладзіць узаемадзеянне.
Пасля сыходу ПВК «Вагнэр» у Мазамбік прыйшлі руандыйцы, якія, верагодна, фінансуюцца Францыяй, і спынілі прасоўванне баевікоў.
Нягледзячы на правал расейскіх наймітаў у Мазамбіку, у пачатку года медыі паведамлялі, што за дапамогай у барацьбе з паўстанцамі да іх мог звярнуцца ўрад Конга — самай вялікай краіны Афрыкі пасля Алжыра і адной з самых багатых у свеце па мінеральных рэсурсах.
Золата і дыяменты ў абмен на падтрымку дыктатуры
ПВК «Вагнэр» у Афрыцы ўдалося замацавацца ў некалькіх краінах: Судане, Лівіі, ЦАР, а таксама Малі, адкуль зараз яе ўплыў распаўсюджваецца на Буркіна-Фасо. Акрамя таго, вагнэраўцы падтрымліваюць паўстанцаў у Чадзе. Аднак дапамога прыватнай ваеннай кампаніі Яўгена Прыгожына афрыканскім рэжымам і паўстанцам, як правіла, не стварае значнай перавагі сіл.
Адзіным уласным ваенным поспехам расейскіх наймітаў, хаця і абмежаваным, можна лічыць Малі. Аднак, мяркуючы па паведамленнях медыяў, сітуацыя ў краіне пагаршаецца. Няпоўнай перамогай можна назваць ЦАР: да прыходу руандыйцаў ПВК «Вагнэр» не дабілася там прыкметных поспехаў.
Можна меркаваць, што галоўная каштоўнасць вагнэраўцаў для наймальнікаў была ў падтрымцы ад імя Крамля ўлады дыктатараў у абмен на кантроль над радовішчамі золата, алмазаў і іншых каштоўных выкапняў і мільярды долараў прыбытку, які выкарыстоўваецца ў тым ліку для вайны ва Украіне.
Што будзе далей з афрыканскай імперыяй стваральніка ПВК «Вагнэр» — вялікае пытанне. Верагодна, Крэмль будзе імкнуцца замяніць Прыгожына ў якасці лідара наймітаў і захаваць іх структуру на кантыненце для працягу распачатых аперацый, гаворыцца ў справаздачы амерыканскага Інстытуту вывучэння вайны. Не выключана таксама, што Прыгожын накіруецца ў Афрыку як прадстаўнік Беларусі. У яго і Лукашэнкі там «могуць быць, а можа ўжо ёсць, сумесныя бізнес-інтарэсы», піша палітычны аглядальнік Аляксандр Класкоўскі. Беларускі рэжым даўно цікавіцца Афрыкай, у Прыгожына ж ёсць там і сувязі, і досвед прасоўвання інтарэсаў наймальніка.