Украіна: ці згодныя амерыканцы з падыходам Трампа?
Украіне «не варта было пачынаць вайну», заявіў 18 лютага прэзідэнт ЗША. Гэта сцвярджэнне супярэчыць фактам: поўнамаштабная вайна пачалася з уварвання расейскіх войскаў ва Украіну 24 лютага 2022 года. Але ці ведаюць пра гэта амерыканцы?
Апытанне Reuters/Ipsos на пачатку сакавіка 2025 года паказала, што толькі 7% амерыканцаў згодныя з Доналдам Трампам адносна таго, хто адказны за пачатак вайны. 70% апытаных лічаць, што Расея вінаватая ў развязванні канфлікту.
Партыйная прыналежнасць удзельнікаў апытання нязначна ўплывае на іх ацэнку. Сярод рэспубліканцаў 11% згодныя з Трампам, а 62% вінавацяць Расею. Сярод дэмакратаў з Трампам пагаджаюцца 2%, а 81% лічыць вінаватай Маскву.

І хоць большасць апытаных амерыканцаў лічыць Расею адказнай за вайну, усё больш з іх выступае за хуткае завяршэнне канфлікту, нягледзячы на тое, што Украіна не мела б зараз моцнай пазіцыі на перамовах. У сакавіку 2024 года 43% былі за мірнае ўрэгуляванне, а ў снежні — ужо 50%, сведчаць дадзеныя Gallup. Апошняе апытанне Гарвардскага ўніверсітэту ў лютым 2025-га паказала, што 72% выступаюць за дасягненне пагаднення Украіны з Расеяй.
Тым не менш, паводле таго ж даследавання, многія не задаволены, як Трамп падыходзіць да перамоваў: 59% апытаных не падтрымліваюць, што на сустрэчу ў Саудаўскай Аравіі не запрасілі Украіну, 57% супраць тэрытарыяльных саступак Кіева. 66% лічаць, што ЗША павінны даць Украіне гарантыі бяспекі ў выпадку, калі Кіеў пойдзе насустрач Расеі, дзеля хутчэйшага спынення вайны. 63% вераць, што ў выпадку перадачы ўкраінскіх тэрыторыяў Расеі, яна нападзе на іншыя краіны. 81% амерыканцаў лічаць, што Уладзімір Пуцін не варты даверу, паказала апытанне Універсітэту Кўінніпіак, апублікаванае 19 лютага.
Кіраўнік грамадскіх апытанняў з даследчага цэнтру Ipsos Крыс Джэксан у каментары агенцыі Reuter адзначыў, што пераважная большасць амерыканцаў разумее, што канфлікт пачаўся па віне Расеі, а не Украіны:
«Аднак, я думаю, што амерыканцы таксама адчуваюць, што ўзамен [за дапамогу] мы таксама павінны нешта атрымаць. Таму ідэя аб правах на здабычу карысных выкапняў ва Украіне інстынктыўна здаецца многім прывабнай, хаця дэталі таго, як гэта магло б працаваць, не зусім зразумелыя».
Што хвалюе амерыканцаў найбольш?
Пытанне Украіны важнае, але не галоўнае для амерыканцаў. Паводле даследавання Гарвардскага ўніверсітэту, праведзенага ў лютым, яно не ўвайшло нават у 25 найбольш прыярытэтных выклікаў, якія стаяць перад ЗША. У гэтай катэгорыі апытаных найчасцей хвалявалі інфляцыя і кошты жыцця, нелегальная міграцыя, эканоміка і беспрацоўе, ахова здароўя і карупцыя.

Унутраная палітыка: падтрымліваюць ці не?
Тое ж самае апытанне паказала, што большасць амерыканцаў падтрымлівае асноўныя палітычныя ініцыятывы Трампа: дэпартацыю мігрантаў, якія нелегальна перабываюць у ЗША і здзейснілі злачынствы, барацьбу з махлярствам і злоўжываннямі ў дзяржаўных выдатках, узмацненне кантролю на межах, забарону трансгендэрным жанчынам удзельнічаць у спартовых спаборніцтвах, замарозку і перагляд замежнай дапамогі, увядзенне гандлёвых тарыфаў. Адзінае, што большасць апытаных не падтрымала — перайменаванне Мексіканскага заліва ў Амерыканскі (39% за, 61% супраць).

Вынікі больш свежага апытання Reuters/Ipsos, праведзенага на пачатку сакавіка 2025 года, паказваюць рост крытычнага стаўлення да працы новай адміністрацыі. Больш за 50% рэспандэнтаў не задаволеныя тым, як Трамп вырашае ключавыя пытанні: міжнародны гандаль, кошты на жыццё і вонкавую палітыку.
«Кошты на жыццё, інфляцыя і ўсё, што звязана з тым, наколькі складана зарабляць на пражыванне, традыцыйна негатыўна ўплываюць на рэйтынг ухвалення прэзідэнта. Я думаю, Трамп пакуль што атрымлівае пэўную паблажку, бо ён усё яшчэ толькі на пятым ці шостым тыдні свайго тэрміну — гэта даволі рана. Але гэта менавіта той фактар, які можа сур’ёзна нашкодзіць яго рэйтынгу, калі сітуацыя працягнецца», — сказаў Крыс Джэксан, эксперт даследчага цэнтру Ipsos.
DOGE: новая структура і спрэчкі вакол яе
Адно з найбольш дыскусійных новаўвядзенняў Трампа — стварэнне Дэпартаменту Урадавай Эфектыўнасці (Department of Government Efficiency, DOGE) пад кіраўніцтвам Ілана Маска. За няпоўныя два месяцы працы ведамства некалькі разоў апыналася ў цэнтры скандалаў. Палітычныя апаненты Трампа называлі некаторыя аспекты працы DOGE незаконнымі, а журналісты зняпраўджвалі колькасць заашчаджаных ведамствам бюджэтных грошаў. Нягледзячы на гэта, апытанне Універсітэту Гарварда паказала, што 72% апытаных амерыканцаў лічаць, што орган, які будзе займацца эфектыўнасцю ўрадавых выдаткаў, патрэбны. 77% падтрымліваюць перагляд дзяржаўных выдаткаў, 60% згодныя, што DOGE дапамагае эканоміць бюджэт. Але пры гэтым, 58% супраць таго, каб ведамства Маска мела доступ да асабістых дадзеных грамадзянаў.
«Гэта, у прынцыпе, тэндэнцыя, якую мы назіралі за першыя пяць тыдняў прэзідэнцтва Трампа: агульныя ідэі, якія ён агучвае, падабаюцца людзям, але спосабы іх рэалізацыі не абавязкова папулярныя (выклікаюць супраціў.) І пытанне ў тым, што ў выніку пераважыць у грамадскай свядомасці — самі ідэі ці канкрэтныя метады іх рэалізацыі. Зараз яшчэ занадта рана казаць», — адзначыў Крыс Джэксан.
Рэйтынг Трампа: стабільнасць насуперак крытыцы
Нягледзячы на моцную крытыку дзеянняў новай адміністрацыі з боку палітычных апанентаў з дэмакратычнай партыі і шэрагу еўрапейскіх лідараў, рэйтынг Трампа застаецца адносна стабільным. У 2016 годзе за яго прагаласавалі 63 мільёны грамадзянаў ЗША, у 2024-м — на 14 мільёнаў болей. Але ўзровень ухвалення прэзідэнта, што на пачатку першага тэрміну, што на пачатку другога, на аднолькавым узроўні — каля 46%. Для параўнання, папярэдні прэзідэнт Джо Байдэн пачынаў працу ў Белым Доме ў 2021 годзе з 56% падтрымкі, але да 2024 года яна ўпала да прыблізна 40%. Падтрымка Доналда Трампа напрыканцы першай кадэнцыі была яшчэ ніжэйшай — 34%. За апошнія паўстагоддзя такі нізкі рэйтынг мелі толькі прэзідэнт-рэспубліканец Джордж Буш-малодшы і прэзідэнт-дэмакрат Джэймз Картэр. А рэкардсменамі па папулярнасці ў свае апошнія дні ў Белым Доме былі Барак Абама з 59%, Роналд Рэйган з 63% і Біл Клінтан з 66% ухвалення.