Міграцыйная тэма стала палівам для выбараў, а фэйкі пра злачынцаў і ўтрыманцаў аказваюцца мацнейшымі за факты.

Тры–чатыры гады таму Польшча перажывала пік салідарнасці з украінцамі і спачування да беларусаў, якія ўцякалі ад рэпрэсій. Сёння вынікі апытанняў паказваюць супрацьлеглую карціну, а статыстыка фіксуе рост правапарушэнняў, матываваных нянавісцю да замежнікаў. Гэты паварот выглядае тым больш парадаксальна, што антымігранцкія настроі грунтуюцца не на рэальных фактах. Іх падсілкоўваюць палітычная рыторыка і дэзынфармацыя, а ключавыя абвінавачанні на адрас украінцаў і беларусаў абвяргаюць афіцыйныя дадзеныя.

«Адзін з іх спытаў, ці паляк я, другі запатрабаваў паказаць пасведчанне асобы, а калі я адмовіўся, першы падышоў да мяне з вялікім балонам пярцовага газу і пачаў распыляць яго», — так жыхар польскага гораду Прушкаў апісаў журналістам сустрэчу з людзьмі ў балаклавах і з бейсбольнымі бітамі. Увечары 7 лютага 2026 года ён выйшаў на вуліцу, пачуўшы крыкі і гук бітага шкла. Мужчыну ўдалося ўцячы ад нападнікаў. Менш пашанцавала двум украінкам — іх збілі. Адна з жанчын звярнулася ў паліцыю. На працягу наступных двух дзён праваахоўнікі затрымалі чатырох грамадзян Польшчы: трох мужчын 50, 35 і 23 гадоў і 45-гадовую жанчыну.

У Польшчы расце колькасць злачынстваў, звязаных з нянавісцю да замежнікаў. Са студзеня па ліпень 2025 года мясцовая паліцыя зарэгістравала 543 правапарушэнні, матываваныя прадузятасцю, — на 159 больш, чым за той жа перыяд годам раней. Рост — 41%. Асабліва прыкметна павялічылася колькасць нападаў на грамадзян Украіны: як паведаміў партал Onet са спасылкай на паліцэйскую статыстыку, за апошнія два гады колькасць пагроз на іх адрас вырасла больш чым удвая, выпадкаў абразаў украінцаў — на 70%, а атак, звязаных з нацыянальнасцю, — на 66%.

Рост антымігранцкіх настрояў

Апытанні грамадскай думкі ў Польшчы паказваюць, што за апошнія гады стаўленне да мігрантаў з Украіны і Беларусі пагоршылася. Калі на пачатку поўнамаштабнай вайны прыём украінскіх бежанцаў падтрымлівала пераважная большасць палякаў, то пазней гэтая падтрымка скарацілася ўдвая. Паводле дадзеных Польскага цэнтру даследавання грамадскай думкі CBOS (Centrum Badania Opinii Społecznej), у сакавіку 2022 года прыём украінцаў ухвалялі 94% рэспандэнтаў. Увосень 2025 года гэты паказнік знізіўся да рэкордна нізкіх 48%. Пагоршылася і агульнае стаўленне да ўкраінцаў. У 2023 годзе сімпатыю да іх адчувалі 51% палякаў, а непрыязнасць — 17%. Праз тры гады карціна стала амаль супрацьлеглай: у 2026 годзе станоўча да ўкраінцаў ставяцца 29% палякаў, а адмоўна — 43%.

Беларусы — другая па колькасці пасля ўкраінцаў група замежнікаў у Польшчы. Па розных прычынах, перш за ўсё эканамічных, а таксама ратуючыся ад рэпрэсій пасля масавых пратэстаў 2020 года, сюды пераехалі больш за сто тысяч беларусаў (падрабязней пра прычыны мы расказвалі ў матэрыяле «Міф пра масавую палітэміграцыю»). У 2021 годзе CBOS фіксаваў рэкордна цёплае стаўленне да іх: 47% рэспандэнтаў казалі пра сімпатыю да беларусаў, пра непрыязнасць — 17%. У 2026 годзе сітуацыя змянілася: пазітыўна да беларусаў ставяцца ўжо 19%, негатыўна — 46%.

«Паліва для выбараў»

Адкрыта варожае стаўленне да замежнікаў легітымізуюць польскія палітыкі, перадусім правыя і крайне правыя. Антымігранцкая рыторыка заняла прыкметнае месца ў выбарчых кампаніях. Яе выкарыстоўваў пераможца прэзідэнцкіх выбараў летам 2025 года Караль Наўроцкі. Ён, напрыклад, заяўляў, што «ўкраінцам не павінна жыцца ў Польшчы лепш, чым палякам», і распавядаў пра «сігналы, што грамадзяне, якія прыехалі сюды з Украіны, ствараюць праблемы ў чэргах у больніцы і клінікі».

У тым жа ключы выказваўся і Славомір Мэнцэн, кандыдат ад партыі «Канфедэрацыя Свабода і Незалежнасць» (Konfederacja Wolność i Niepodległość), які заняў трэцяе месца на выбарах прэзідэнта. Сярод іншага ён крытыкаваў урад, які, паводле яго слоў, дазволіў украінцам «арганізаваць сабе медычны турызм за нашыя грошы». На мітынгах, арганізаваных яго партыяй, сярод іншых скандавалі расісцкія лозунгі. Асноўны заклік на іх быў «Стоп іміграцыя!».

Найбольш радыкальна ў адносінах да мігрантаў выказваецца еўрадэпутат і лідар партыі «Канфедэрацыя Кароны Польскай» (Konfederacja Korony Polskiej) Гжэгож Браўн, які заняў чацвёртае месца. Падчас кампаніі 2025 года ён заяўляў (цытата паводле Gazeta Prawna):

«Ніякіх танкаў для Украіны, ніякага “800+” (дзяржаўная праграма, якая прадугледжвае штомесячную выплату 800 злотых на кожнае дзіця — рэд.) для ўкраінцаў і ніякага датавання ўкраінскіх пенсіянераў».

Экспертка па міграцыі Алена Бабакова ў каментары для БРЦ адзначае, што міграцыйная тэма стала «палівам для выбараў», а негатыўныя наратывы звычайна будуюцца вакол паўтаральных сюжэтаў — мігрантаў прадстаўляюць як пагрозу бяспецы, абузу для бюджэту або крыніцу дэмпінгу на рынку працы.

«Прасцей растлумачыць адсутнасць рэформаў у сістэме ZUS або NFZ (Упраўленне сацыяльнага страхавання Польшчы і Нацыянальны фонд аховы здароўя — рэд.) міграцыяй, чым структурнымі праблемамі і недапрацоўкамі палітычнага класа», — тлумачыць Бабакова.

Актывістка ў масцы трымае нацыянальны сцяг Польшчы падчас маршу правых нацыяналістаў супраць прапанаваных Еўрапейскім звязам квот для Польшчы на ​​размеркаванне ўцекачоў па краінах Еўропы. Варшава, Польшча, 12 верасня 2015 года
Крыніца: AP Photo/Alik Keplicz. Актывістка ў масцы трымае нацыянальны сцяг Польшчы падчас маршу правых нацыяналістаў супраць прапанаваных Еўрапейскім звязам квот для Польшчы на ​​размеркаванне ўцекачоў па краінах Еўропы. Варшава, Польшча, 12 верасня 2015 года

Сеткі хлусні, страху і стэрэатыпаў

Антымігранцкія настроі ў Польшчы ў значнай ступені падсілкоўваюцца фэйкамі і маніпуляцыямі, якія распаўсюджваюцца ў сацыяльных сетках. Паводле справаздачы Інстытуту маніторынгу медыяў (Instytut Monitorowania Mediów) і праекту Demagog, толькі з красавіка па ліпень 2025 года ў польскамоўным інтэрнэце з’явілася 94 тыс. негатыўных паведамленняў, накіраваных супраць украінцаў і заснаваных на ілжывых наратывах, страхах і стэрэатыпах. Паводле ацэнак даследчыкаў, гэтыя матэрыялы маглі ўбачыць 32,5 млн разоў. Гэта азначае, што практычна кожны паляк ва ўзросце ад 15 гадоў мог хаця б адзін раз сутыкнуцца з такімі матэрыяламі. За ўвесь 2024 год у польскім інтэрнэце даследчыкі зафіксавалі амаль 327 тыс. публікацый падобнага зместу, а іх сумарная колькасць праглядаў перавысіла 75 млн.

Адзін з прыкладаў распаўсюджвання ілжывай інфармацыі пра мігрантаў — гісторыя, якую ў лістападзе апублікавала ў сваіх сацыяльных сетках еўрадэпутатка ад партыі «Канфедэрацыя Свабода і Незалежнасць» Эва Заёнчкоўска-Хернік (Ewa Zajączkowska-Hernik). У лістападзе 2025 года яна напісала, што ў адной з клінік Вроцлава памёр пацыент з-за некампетэнтнасці лекараў з Украіны і Беларусі, якія дрэнна валодалі польскай мовай. Паводле яе слоў, медыкі ўвялі пацыенту няправільны прэпарат, з-за чаго ўзнікла моцная алергічная рэакцыя, а затым не змаглі аказаць яму дапамогу і выклікаць хуткую.

«Мы плацім мільярды на ахову здароўя, а NFZ становіцца банкрутам, аддзяленні закрываюцца адно за адным, а палякаў усё часцей лечаць замежнікі, якія нават не ведаюць польскую мову дастаткова добра. Гэта зневажальна. Як доўга мы, як грамадства, як увесь народ, будзем гэта цярпець?» — абуралася Заёнчкоўска-Хернік.

Толькі ў Facebook гэты пост на момант нашай публікацыі сабраў каля 17 тыс. рэакцый і больш за 3,5 тыс. рэпостаў. Аднак, як высветліў праект Demagog, праўдай у гэтай гісторыі, якая адбылася яшчэ ў 2023 годзе, было толькі тое, што мужчына памёр ад алергічнага шоку. Адвакатка сям’і паведаміла, што пацыент з дзяцінства пакутаваў на бранхіяльную астму, а ў першапачатковай анкеце не было пытання пра гэтае захворванне. Пры гэтым няма ніякіх пацверджанняў, што лекары былі мігрантамі. Акрамя таго, адвакатка сям’і пацыента заявіла, што ў персаналу не ўзнікала праблем з камунікацыяй на польскай мове.

Хэйт унутраны і знешні

Антымігранцкія наратывы нярэдка распаўсюджваюць карыстальнікі, якія вядуць свае акаўнты не з Польшчы. Пасля таго як у лістападзе платформа X пачала паказваць прыкладнае месцазнаходжанне зарэгістраваных профіляў, высветлілася, што частка з іх вядзецца з Беларусі, Нідэрландаў, Нарвегіі і іншых краін. Але такая пазнака не абавязкова азначае, што аўтары сапраўды знаходзяцца менавіта там. Не выключана, што яны пішуць з іншай краіны і выкарыстоўваюць VPN.

Пра тое, што антымігранцкія наратывы падсілкоўваюцца ў тым ліку з-за межаў Польшчы, гаворыцца і ў даследаванні Бі-бі-сі, апублікаваным у чэрвені 2025 года. Журналісты выявілі сетку тэлеграм-каналаў, якія распаўсюджвалі антыўкраінскія паведамленні, з іх 22 — польскамоўныя. Гэтыя каналы былі звязаныя паміж сабой: яны перапошчвалі адзін аднаго, спасылаліся на аднолькавыя крыніцы і публікавалі матэрыялы ў падобным стылі. У адных з іх з’яўлялася адкрыта фэйкавая інфармацыя, у іншых — праўдзівыя факты перамешваліся з ілжывымі або падаваліся без важных дэталяў, ствараючы падманлівае ўражанне. Матэрыялы з такіх каналаў часта станавіліся адпраўной кропкай для далейшага распаўсюду дэзынфармацыі: публікацыі адтуль пераходзілі на больш папулярныя ў Польшчы платформы, такія як X і Facebook.

Алена Бабакова адзначае, што антымігранцкія наратывы могуць мець назапашвальны эфект, ствараючы атмасферу недаверу і пагрозы:

«Мэта дэзынфармацыі не столькі ў тым, каб чалавек з “цэнтру” паверыў у жорстка правую версію падзей, колькі ў тым, каб ён пачаў сумнявацца ва ўсім, што чуе пра мігрантаў. “Можа, тыя, хто кажа, што яны дармаеды, не маюць рацыі… але і тыя, хто сцвярджае, што яны плацяць падаткі і самі сябе забяспечваюць, таксама, магчыма, не кажуць праўды”. Тут гаворка ідзе як пра ўнутраныя палітычныя гульні з электаратам, так і пра вонкавы негатыўны ўплыў: тэма моцна палярызуе грамадства, выклікае недавер нават да тых суайчыннікаў, якія паважаюць мігрантаў. Таму дастаткова запусціць фэйк — і можна кіраваць панікай».

Партрэт мігранта: злачынца?

Правыя палітыкі ў Польшчы рэгулярна звязваюць міграцыю з ростам злачыннасці. Напрыклад, у сакавіку 2025 года адзін з лідараў партыі «Канфедэрацыя Свабода і Незалежнасць» Кшыштаф Босак заявіў, што «замежнікі адказваюць за кожнае дваццатае злачынства, учыненае ў Польшчы».

«Але, увага: сярод тых, каго шукаюць за забойства, іх 40%», — удакладніў палітык.

Афіцыйная статыстыка гэта абвяргае. Паводле дадзеных паліцыі, у 2020—2024 гадах доля мігрантаў сярод падазраваных у забойствах у Польшчы ў сярэднім складала каля 7%. Сярод усіх падазраваных па крымінальных справах у 2024 годзе замежнікаў — 5%.

Пры гэтым мігранты здзяйсняюць злачынствы радзей, чым палякі. Паводле дадзеных Інстытуту правасуддзя (Instytut Wymiaru Sprawiedliwości), у 2023 годзе на 100 тыс. замежнікаў, якія пражываюць у краіне, прыпадала 652 падазраваныя, а на 100 тыс. грамадзян Польшчы — 810.

Калі разглядаць асобна грамадзян Украіны, то паказнік па гэтым параметры прыкладна такі ж, як у сярэднім па замежніках. Паводле дадзеных Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі Польшчы (MSWiA), у 2024 годзе ў краіне пражывалі каля 1,5 млн украінцаў, сярод якіх 9,8 тыс. чалавек сталі падазраванымі. Гэта адпавядае прыкладна 653 падазраваным на кожныя 100 тыс. украінцаў. Раней БРЦ прааналізаваў дадзеныя па іншых краінах Еўразвязу і таксама не знайшоў пацверджанняў тэзы пра тое, што мігранты і ўцекачы з Украіны выклікаюць рост злачыннасці.

Сярод беларусаў паказнік яшчэ меншы. У 2024 годзе ў Польшчы налічвалася каля 306 тыс. грамадзян Беларусі, якія легальна знаходзіліся ў краіне, і толькі 1122 з іх сталі падазраванымі. Гэта эквівалентна 367 падазраваным на 100 тыс. беларусаў — амаль у два разы менш, чым сярод грамадзян Польшчы.

Польскія паліцыянты патрулююць раён каля польска-беларускай мяжы, закрытай з-за вялікай групы мігрантаў, якія разбілі лагер на беларускім баку і спрабавалі незаконна патрапіць у Польшчу, недалёка ад гораду Аўгустоў, Польшча, 15 лістапада 2021 года
Крыніца: AP Photo/Matthias Schrader. Польскія паліцыянты патрулююць раён каля польска-беларускай мяжы, закрытай з-за вялікай групы мігрантаў, якія разбілі лагер на беларускім баку і спрабавалі незаконна патрапіць у Польшчу, недалёка ад гораду Аўгустоў, Польшча, 15 лістапада 2021 года

Партрэт мігранта: утрыманец?

Яшчэ адзін папулярны наратыў — мігранты жывуць на дапамогу, якую выплачваюць з грошай польскіх падаткаплатнікаў.

«Украінцы жывуць за кошт цяжкай працы палякаў. Кожны, хто давёў да такой сітуацыі, — проста здраднік», — напісаў у сацсетцы X у чэрвені 2025 года публіцыст і кіраўнік Руху абароны палякаў (Ruch Obrony Polaków) Вітольд Гадоўскі.

На момант публікацыі пост сабраў каля 2 тыс. лайкаў і больш за 400 рэпостаў.

Статыстыка паказвае, што большасць украінцаў і беларусаў у Польшчы працуюць, а сацыяльная дапамога займае ў іх невялікую частку даходаў. Паводле дадзеных Нацыянальнага банку Польшчы (Narodowy Bank Polski), у 2025 годзе сярод украінцаў, якія прыехалі да поўнамаштабнай вайны, працуюць 92%, а сярод украінскіх бежанцаў — 75%. Сярод беларусаў так ці інакш працуюць 87%. Сацыяльная дапамога займае ў мігрантаў невялікую частку даходаў. Ва ўкраінцаў гэта 9% (у тых, хто прыехаў да вайны — 6%, ва ўцекачоў — 12%). Сярод беларусаў выплаты «800+» складаюць толькі 5% даходаў.

Партрэт мігранта: невук?

Акрамя таго, у Польшчу ў значнай ступені пераехалі адукаваныя людзі. Сярод украінцаў, якія прыехалі ў Польшчу да поўнамаштабнай вайны, вышэйшую адукацыю маюць 42%, а сярод уцекачоў, якія прыбылі пасля 2022 года, — 43%. У беларусаў гэты паказнік яшчэ вышэйшы — вышэйшая адукацыя ёсць у 62%. Для параўнання: у самой Польшчы доля людзей з вышэйшай адукацыяй складае 34,3%, а ў сярэднім па Еўразвязе — 31,7%.

Большасць мігрантаў з Украіны і Беларусі вывучылі польскую мову. Калі ў 2022 годзе сярод украінскіх уцекачоў 21% не валодаў польскай мовай, а 67% ведалі яе слаба, то ў 2025 годзе мовы не ведае ўжо толькі 5%, 42% гавораць слаба, а 53% — добра або свабодна. Сярод украінцаў, якія прыехалі ў Польшчу да вайны, гэты паказнік яшчэ вышэйшы — 83% валодаюць польскай мовай добра або выдатна. Падобныя вынікі і ў беларусаў: 63% ведаюць мову добра або свабодна, і толькі каля 1% не гавораць па-польску.

Алена Бабакова тлумачыць, чаму абвінавачанні на адрас мігрантаў часта не супадаюць з фактамі, тым, што гэтую тэму лёгка выкарыстоўваць у палітычных мэтах.

«Гэта зручны вобраз: абвінавачваючы мігрантаў у злоўжыванні гасціннасцю, грамадзяне натуральным чынам менш задаюць пытанняў уладзе і буйнаму капіталу», — адзначае яна.

Такім чынам, рэальны партрэт мігрантаў адрозніваецца ад вобразу, які малююць крайне правыя палітыкі і актывісты. Беларусы і ўкраінцы ў большасці сваёй здзяйсняюць менш злачынстваў, чым палякі, валодаюць польскай мовай, добра адукаваныя, працуюць і плацяць падаткі, а не жывуць на дапамогу.

Уклад у эканоміку

Паводле падлікаў міжнароднай кансалтынгавай кампаніі Deloitte, толькі мігранты з Украіны забяспечылі Польшчы каля 2,7% ВУП у 2024 годзе. Па беларусах падобных даследаванняў нам знайсці не ўдалося, але з улікам таго, што партрэты мігрантаў з Беларусі і Украіны (узровень занятасці, адукацыя, валоданне польскай мовай і нізкая залежнасць ад дапамогі) падобныя, можна меркаваць, што іх эканамічны ўклад на аднаго чалавека прыкладна аднолькавы. Калі ўлічваць, што беларусаў у Польшчы амаль у 11 разоў менш, чым украінцаў, то іх уклад у эканоміку можна арыенціровачна ацаніць прыкладна ў 0,25% ВУП.

Акрамя ўкладу ў ВУП, мігранты забяспечваюць і істотныя паступленні ў бюджэт. Паводле дадзеных Банку нацыянальнай гаспадаркі Польшчы (Bank Gospodarstwa Krajowego), у 2024 годзе ўкраінцы маглі заплаціць каля 15,21 млрд злотых ($3,8 млрд) прамых падаткаў і сацыяльных унёскаў, тады як выплаты па праграме «800+» для іх дзяцей склалі прыкладна 2,8 млрд ($0,7 млрд). Атрымліваецца, што бюджэт атрымаў прыкладна на 12,4 млрд злотых ($3,1 млрд) больш, чым выплаціў. Аналагічных разлікаў па беларусах у польскіх даследаваннях мы не знайшлі, але з улікам супастаўнага «партрэта» мігрантаў і меншай колькасці іх уклад праз аплату падаткаў можна арыенціровачна ацаніць як каля адной адзінаццатай украінскага — прыкладна 1,4 млрд злотых у год (каля $350 млн). Атрымліваецца, што разам мігранты з Украіны і Беларусі могуць уносіць у польскі бюджэт каля 16,6 млрд злотых (прыкладна $4,2 млрд) падаткаў і ўнёскаў у год.

«З улікам структуры беларускай міграцыі (больш мужчын, менш дзяцей, наяўнасць рэлакаваных бізнесаў і ІТ-адмыслоўцаў) можна асцярожна меркаваць, што ўзважаны эканамічны ўнёсак беларусаў у разліку на аднаго чалавека можа быць нават крыху вышэйшым», — адзначыў былы дырэктар Інстытуту сацыялогіі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі Генадзь Коршунаў, якога БРЦ папрасіў пракаментаваць разлікі.

Варта адзначыць, што гаворка ідзе толькі пра прамыя падаткі. Мігранты таксама аплачваюць ускосныя — ПДВ і акцызы, закладзеныя ў кошт любых пакупак у краме, кафэ або аптэцы. Таму іх агульны ўклад у польскі бюджэт яшчэ вышэйшы, чым паказваюць дадзеныя па прамых плацяжах.

Дэмаграфічныя мыліцы

Даследаванне Польскага эканамічнага інстытуту (Polski Instytut Ekonomiczny, PIE) за травень 2025 года паказвае, што многія галіны ў Польшчы маюць патрэбу ў працы замежнікаў. Каля трэці з 500 апытаных кампаній наймаюць мігрантаў — перадусім буйныя і сярэднія прадпрыемствы. Часцей за ўсё замежнікі працуюць у лагістыцы, прамысловасці і будаўніцтве, дзе дэфіцыт кадраў адчуваецца асабліва востра. Кожны пяты з апытаных працадаўцаў прызнаў, што без мігрантаў у яго ўзніклі б сур’ёзныя праблемы: ад зрываў заказаў да скарачэння дзейнасці.

Прычыны — у дэмаграфіі: насельніцтва Польшчы скарачаецца і старэе. Паводле апытання PIE, 70% кампаній, якія наймалі, наймаюць або плануюць наймаць замежнікаў, робяць гэта праз недахоп польскіх работнікаў на рынку працы. Паводле прагнозу гэтага інстытуту, пры захаванні цяперашніх дэмаграфічных тэндэнцый да 2035 года колькасць работнікаў у Польшчы можа скараціцца на 2,1 млн чалавек — на 12,6% у параўнанні з узроўнем 2024 года.

На гэтым фоне складваецца парадаксальная сітуацыя: мігранты робяць істотны ўнёсак у развіццё Польшчы, але адначасова ў грамадстве ўзмацняюцца ксенафобія і хэйт на іх адрас. І гэта супярэчнасць выглядае асабліва драматычна, улічваючы, што варожасць часта ўзнікае не з-за рэальных фактаў, а з-за фэйкаў, маніпулятыўных паведамленняў і ілжывых наратываў, якія распаўсюджваюць у тым ліку знешнія дэзынфармацыйныя сеткі.

Іншая аналітыка
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць