Намеснік міністра ўнутраных справаў РБ Мікалай Карпянкоў ацаніў колькасць праціўнікаў дзейнай улады, якія зʼехалі з Беларусі, у 350 тысячаў чалавек. Пра гэта ён сказаў 18 кастрычніка 2023 года, калі выступаў у вайсковай частцы 3214 перад мужчынамі, якіх выклікалі на зборы.
Дадзеныя статыстычнай службы ЕЗ «Еўрастат» таксама сведчаць аб рэзкім павелічэнні колькасці мігрантаў з Беларусі пасля пачатку масавых рэпрэсіяў. Толькі Польшча ў 2022 годзе выдала беларусам каля 300 тысячаў першых дазволаў на знаходжанне — ВНЖ і доўгатэрміновых візаў. У 2021-м іх было 130 тысячаў. У 2017-2020 гадах такіх дакументаў выдавалася каля 50 тысячаў на год. Але не ўсе беларусы, якія трапілі ў гэтую статыстыку, сапраўды эмігравалі з Беларусі.
Шэраг фактаў паказвае, што колькасць тых, хто пакінуў краіну, ніжэйшая, а палітычныя рэпрэсіі — не галоўная прычына, якая штурхае беларусаў да пераезду за мяжу.
«Згубленыя» айцішнікі
Выданне Rzeczpospolita 3 лістапада паведаміла, што з 2020 года Польшча выдала амаль 100 тысячаў візаў па праграме для рэлакацыі IT-спецыялістаў Poland.Business Harbor. Большасць з іх атрымалі беларусы. Але за тры гады туды пераехала менш за 15% уладальнікаў такіх візаў.
Частка айцішнікаў зрабіла візы, каб мець магчымасць з'ехаць у ЕЗ у выпадку пагаршэння сітуацыі ў Беларусі, але пакідаць краіну не спяшаліся. Яны працягвалі аказваць IT-паслугі замежным заказчыкам, знаходзячыся ўнутры краіны. У выніку экспарт кампаніяў, якія ўваходзяць у Парк высокіх тэхналогіяў (ПВТ), рос і ў 2020-м, і ў 2021 гадах.
Сітуацыя змянілася пасля 24 лютага 2022 года, калі афіцыйны Менск дазволіў выкарыстоўваць сваю тэрыторыю для расейскага ўварвання ва Украіну, распавёў БРЦ былы топ-менеджар EPAM Systems Павел Лібер:
«З таго, што я бачу, — большасць замежных кампаніяў перасталі працаваць з Беларуссю. Для іх Беларусь, Украіна і Расея — гэта высокарызыкоўныя зоны. Таму яны і ціснуць на даччыныя структуры і партнёраў у Беларусі, каб вывозілі спецыялістаў. І ўжо ў Еўропе перазаключаюць кантракты і працягваюць працаваць у нармальнай юрысдыкцыі. Так, ёсць кампаніі, якія засталіся, але асноўная колькасць сыходзіць з рэгіёну».
Пра нежаданне заходніх заказчыкаў працаваць з Беларуссю кажа і Аляксандр Кныровіч, бізнесмен са шматгадовым досведам у IT-сферы:
«Я ведаю абсалютна канкрэтныя прыклады, дзе кампаніі-распрацоўшчыкі свядома ішлі на тое, каб ліквідаваць юрыдычную асобу ў Беларусі, таму што іх заказчыкі казалі: “Пакажыце, дзе сядзяць вашыя праграмісты”. І калі праграмісты сядзяць у Беларусі, то мы не будзем з вамі працаваць наогул. Гэтая сітуацыя ніяк не змянілася, таму што вайна працягваецца. А гэтая гісторыя звязаная з тым, што Беларусь узяла ўдзел у вайне і фактычна з'яўляецца такім жа агрэсарам, як і Расея... Ёсць прынцыповыя заказчыкі з прынцыповых кампаніяў, і, па маіх асабістых адчуваннях, іх большасць».
У такіх умовах айцішнікі сталі масава пакідаць краіну. Але ў Польшчу з'ехалі далёка не ўсе, хто атрымаў польскія візы. Частка пераехала ў іншыя краіны. EPAM, напрыклад, пашырыўшы свае польскія офісы, адкрыў дадатковыя ў Сербіі і Дамініканскай Рэспубліцы. ITechArt, другая па велічыні IT-кампанія ў Беларусі, адкрыла офіс ва Узбекістане. Беларускія IT-кампаніі базуюцца таксама ў Грузіі, Харватыі, Мексіцы і Бангладэш.
Удар па бюджэце
Партал dev.by падлічыў, што з вясны 2022-га па кастрычнік 2023 года Парк высокіх тэхналогіяў пакінулі больш за 170 кампаніяў. За той жа перыяд, паводле ацэнкі парталу, з Беларусі з'ехала больш за 22 тысячы IT-спецыялістаў. У выніку толькі падаткаў беларускі бюджэт мог страціць на суму звыш $140 млн. Гэта больш за палову ўсіх грошай, якія Беларусь штогод выдзяляе на сельскую гаспадарку і рыбагаспадарчую дзейнасць, і ўдвая больш, чым на культуру. Экспарт ПВТ па выніках 2022 года ўпаў на 15% — да ўзроўню 2020 года.
Істотна знізіліся і заробкі ў беларускім IT: у лютым 2022-га беларускія айцішнікі ў сярэднім зараблялі $3300, праз год — $2300. Гэта можа сведчыць пра тое, што з краіны з'ехалі найбольш прафесійныя і высокааплатныя работнікі, лічыць Павел Лібер:
«Зʼязджалі ў першую чаргу людзі, для якіх, па-першае, кампанія была гатовая прапанаваць рэлакацыю. Па-другое, кліент быў гатовы плаціць больш высокі рэйт (стаўку заработнай платы — рэд.), пасля таго як чалавека рэлакавалі. Вядома, перш за ўсё мы кажам пра якасных спецыялістаў. То бок гэта ў асноўным сеньёры, ліды, мідлы (спецыялісты вышэйшага і сярэдняга ўзроўню — рэд.). Джуніёры (спецыялісты, якія нядаўна пачалі сваю карʼеру ў IT-сферы — рэд.) таксама зʼязджалі, проста іх было менш адносна астатніх. І адбылося такое “вымыванне экспертызы” з краіны. Гэта досыць складана папоўніць».
У выніку IT-сектар ператварыўся з драйверу беларускай эканомікі ў адну з прычынаў яе падзення, што адбілася на даходах простых грамадзянаў.
«Справа ў тым, што айцішнік, які зарабіў свае пару тысячаў долараў, ён жа іх потым прынёс у харчовую краму і набыў нешта, што зрабілі беларускія грамадзяне, што прадалі беларускія грамадзяне. Ён выдаткаваў іх, напрыклад, на беларускую нерухомасць... На ўсе прадукты і паслугі ўнутры краіны… Гэта былі тыя грошы, якія ён прыносіў у эканоміку і яны ўплывалі на ўзровень жыцця астатніх грамадзянаў. Натуральна, гэта толькі адзін з сектараў. Таму наўпрост звязваць падзенне ўзроўню жыцця людзей з працай IT-сектару цяжка. Але калі чалавек адчуў, што яго ўзровень жыцця ўпаў адсоткаў на дзесяць, то можна смела казаць, што 2% з іх — гэта падзенне IT-сектару», — распавёў Аляксандр Кныровіч.
Матывы эміграцыі
Асноўная маса айцішнікаў пачала з'язджаць пасля таго, як у краіне знікла высокааплатная праца. Да гэтага яны працавалі ў Беларусі, нягледзячы на рэпрэсіі.
Еўрапейская статыстыка кажа пра тое, што падобныя прычыны падштурхнулі да пераезду і большую частку беларускіх эмігрантаў, чыя праца не звязаная з IT. Пачынаючы з 2016-2017 гадоў колькасць беларусаў, якія пераязджаюць у краіны ЕЗ, расце ў геаметрычнай прагрэсіі. Калі ў 2016 годзе ў Літве пражывалі 6862 грамадзяніна Беларусі, то ў 2017 — 9 229, у 2018 — 12 204. У 2019 іх колькасць павялічылася да амаль 18 тысячаў, а ў 2020 перавысіла 23 тысячы.
У Польшчы колькасць беларусаў з дакументамі, якія дазваляюць стала там пражываць, у 2016 годзе складала 5 691 чалавек, у 2017 — 7 831, у 2018 — 10 901, у 2019 — 15 001. У 2020 — больш за 18 тысячаў.
Нагадаем, сланцавы бум, які справакаваў амаль двухразовае падзенне коштаў нафты ў 2014 годзе, прывёў да эканамічнага крызісу ў Расеі і паслаблення рубля. Гэта выклікала ланцуговую рэакцыю ў Беларусі. Краіна паглыбілася ў доўгую рэцэсію.
У канцы 2014 – пачатку 2015 гадоў беларускія ўлады правялі трэцюю буйную дэвальвацыю менш чым за пяць гадоў. У выніку сярэдні заробак у краіне ўпаў на траціну. Праз працяглы эканамічны крызіс ён некалькі гадоў не дацягваў да абяцаных Лукашэнкам яшчэ ў 2004 годзе $500.
Крызіс у Беларусі і Расеі, куды беларусы традыцыйна ездзілі на заробкі, прывёў да таго, што яны сталі ўсё часцей эміграваць у Еўропу. Дадатковы штуршок гэтаму працэсу далі Польшча і Літва, якія запусцілі праграмы спрошчанага атрымання працоўных візаў для беларускіх грамадзянаў.
Палітычныя рэпрэсіі ўзмацнілі тэмпы міграцыі з Беларусі, але дамінуючымі застаюцца эканамічныя матывы. Па дадзеных апытання моладзі, праведзенага ў 2022 годзе грамадскім аб'яднаннем «Рада», бяспека зʼяўляецца трэцім па папулярнасці матывам для жадаючых зʼехаць. Другім — адсутнасць перспектываў у Беларусі. Першым — больш магчымасцяў добра зарабляць за мяжой.
Больш за палову апытаных (51,6%) хочуць зʼехаць за мяжу на сталае месца жыхарства. Амаль 40% заявілі, што збіраюцца эміграваць дзеля часовага працаўладкавання і плануюць вярнуцца на радзіму.