Аналітыка

12 ліпеня 2023

Узброіць для перамогі. Што замінае хаўруснікам Украіны паставіць кропку ў вайне

Для хуткага маштабнага прарыву Кіеву не хапае ўзбраення.

Украінскія вайскоўцы адмыслова не спяшаюцца з павелічэннем тэмпу контрнаступу: імкнуцца змардаваць праціўніка, захаваўшы пры гэтым сваю баявую моц. Да такой высновы прыйшлі аналітыкі Інстытуту вывучэння вайны. Для хуткага маштабнага прарыву Кіеву не хапае ўзбраення. Уладзімір Зяленскі шматкроць заяўляў, што Украіна атрымлівае ад хаўруснікаў менш рэсурсаў, чым перамога вымагае. Краіны Захаду на гэта маюць свае прычыны: ад чырвоных ліній Крамля да кітайскай пагрозы.

УСУ працягваюць наступ у раёне Бахмуту і на Данецка-Запарожскім кірунку, гаворыцца ў справаздачы ISW ад 9 ліпеня. Раней, 26 чэрвеня, паведамлялася, што ўкраінцы вызвалілі дзевяць населеных пунктаў і прарвалі першую расейскую лінію абароны.

Каб рэзкае перасячэнне чырвоных ліній не раздражняла Крэмль і не правакавала рызыкі атрымаць адказ ядзернай зброяй, аб’ёмы і тэхнічную якасць узбраення на карысць Украіны Захад падвышае паступова, адзначаюць эксперты. Хаця фармальна межы, пазначаныя Масквой, хаўруснікі Кіева ўжо даўно перайшлі — напрыклад, праз пастаўкі ракет Storm Shadow з дальнабойнасцю 250 кіламетраў.

Больш за ўсё зброі па колькасці адзінак Украіна ад пачатку вайны атрымала ад ЗША. Пры гэтым Штаты — краіна з самай магутнай у свеце арміяй, глабальны лідар па выдатках на мілітарызацыю — не могуць забяспечыць усе патрэбы Кіева.

Колькі ЗША выдаткоўваюць на Украіну

Абаронны бюджэт ЗША на 2023 год складае $858 млрд — гэта ў 10 разоў больш за ваенны бюджэт Расеі ды ўдвая больш за бюджэт РФ агулам. Магло б падацца, што з падтрымкай такога магутнага хаўрусніка як ЗША Украіна з лёгкасцю дасягнула бы крытычнай перавагі над агрэсарам.

На 2023 фінансавы год амерыканцы вылучылі з бюджэту $44,9 млрд на дапамогу ўкраінцам — гэта значыць 5% ад усяго абароннага бюджэту краіны. Амбасадарка Украіны ў ЗША Аксана Маркарава паведаміла ў канцы 2022 года, што з гэтай сумы на ваенныя патрэбы пойдзе $28,4 млрд. Астатняе — на аднаўленне эканомікі, энергетычную бяспеку, дапамогу ўцекачам і пераадоленне гуманітарнага крызісу.

Для параўнання: на вайну ў Афганістане ЗША на працягу 18 гадоў выдаткоўвалі ў сярэднім па $43 млрд у год. 

На вайну ў Іраку, якая доўжылася 8 гадоў, — прыкладна па $100 млрд штогод. У Іраку ды Афганістане ваявалі ўласна і амерыканскія войскі, таму грошы ішлі не толькі на ўзбраенне.

Пры гэтым ЗША непасрэдна на закуп ўзбраення ў 2023 годзе запланавалі выдзяленне $163 млрд з абароннага бюджэту. Усё астатняе ідзе на заробкі ваенным, грашовую дапамогу, на праграмы аховы здароўя і падтрымку сям'і, даследаванні ды распрацоўку, тэхнічнае абслугоўванне, ядзерную праграму і ваеннае будаўніцтва. Гэта значыць, кошт закупу ўзбраення для Украіны эквівалентны адной пятай ад сумы ўсіх такіх закупак ЗША.

Кітайская пагроза

Адна з магчымых прычын, чаму ЗША вылучаюць Украіне толькі 5% ад свайго ваеннага бюджэту, — патэнцыйная пагроза вайны з Кітаем. У красавіку 2023 года Бі-бі-сі са спасылкай на аналітыкаў назвала адносіны Вашынгтона з Пекінам найгоршымі ад 1979 года. Падстава — рост напругі вакол трохбаковага канфлікту паміж Кітаем, Тайванем ды амерыканскімі хаўруснікамі Тайваня, які трывае ўжо больш як 70 год.

Папярэдні ўрад Кітая пасля паразы ў грамадзянскай вайне ў 1949 годзе і прыходу камуністаў да ўлады схаваўся на выспе Тайвань і, карыстаючыся міжнародным прызнаннем, да 1971 года прадстаўляў Кітай у ААН. 

Аднак да канца 70-х большасць краін, у тым ліку ЗША, прызналі камуністычную ўладу Пекіна і КНР. Аднак пры гэтым Злучаныя Штаты працягвалі падтрымліваць Тайвань фінансава, дзякуючы ў тым ліку гэтаму ён стаў адной з самых эканамічна развітых краін свету. Кітай лічыць гэтую выспу сваёй і рэгулярна заяўляе аб планах яго анексіі. ЗША афіцыйна падтрымліваюць палітыку «аднаго Кітая», пры гэтым пастаўляюць узбраенне Тайваню для самаабароны.

Тайвань важны для сусветнай эканомікі. На выспе вырабляюць больш за 60% усіх паўправаднікоў у свеце і 90% самых сучасных з іх. Паводле ацэнкі дырэктара Нацыянальнай выведкі ЗША Эўрыл Гэйнз, страты сусветнай эканомікі ў выпадку ўварвання Кітая на Тайвань складуць $1 трлн у год, што адпавядае ВУП 14 такіх, як Беларусь, краін.

У выпадку атакі на Тайвань абараняць яго будзе амерыканскае войска, заявіў прэзідэнт ЗША Джо Байдэн восенню 2022 года. Увесну 2023 года старшыня КНР Сі Цзіньпін даручыў ваенным падрыхтавацца да магчымай анексіі выспы ў 2027 годзе, паведаміў СNN са спасылкай на выведку ЗША. Старшыня Аб'яднанага камітэту начальнікаў штабоў ЗША генерал арміі Марк Мілі ў сакавіку 2023 года заклікаў да змякчэння рыторыкі вакол магчымага канфлікту з Кітаем і заявіў, што краіны не стаяць на парозе вайны. Але падкрэсліў, што ЗША павінны быць да яе гатовы.

Разрыў паміж ЗША і Пекінам у ваеннай магутнасці скарачаецца, паведаміў сайт радыё «Голас Амерыкі» ў канцы 2021 года, цытуючы прадстаўнікоў амерыканскага ваеннага кіраўніцтва. Самалётаў і верталётаў у ЗША ўсё яшчэ ўтрая больш. Але ў некаторых сферах ваенны патэнцыял Кітая перавышае амерыканскі. Караблёў і танкаў, напрыклад, у КНР на пачатак 2022 года было ў паўтара разу болей, чым у амерыканцаў, паводле дадзеных канала Global Analysis. Артылерыі — амаль утрая. 

Аднак колькасную перавагу Кітая ЗША могуць кампенсаваць якасцю. Нягледзячы на ​​тое, што новы кітайскі танк Type 99 пераўзыходзіць амерыканскі Abrams па магутнасці гармат і хуткасці руху, выпадкі продажу няспраўнай кітайскай тэхнікі дружалюбным краінам выклікаюць сумневы ў патэнцыяле ўзбраення КНР.

Разлік на штучны інтэлект

Адной з галоўных тэхналогіяў, якая можа паўплываць на ход канфлікту паміж буйнымі дзяржавамі, з'яўляецца штучны інтэлект. Былы кіраўнік праграмных распрацовак Пентагона Нікалас Чэйлан (Nicolas Chaillan) амаль два гады таму заявіў, што ў ЗША «няма ніякіх шанцаў у сур'ёзнай канкурэнцыі з Кітаем у бліжэйшыя 15-20 гадоў». Ён падаў у адстаўку ў 2021-м у знак пратэсту супраць павольных тэмпаў тэхналагічных пераўтварэнняў ва Узброеных сілах ЗША, у тым ліку з-за недастатковага развіцця штучнага інтэлекту (ШІ).

Гэтую тэзу можна паставіць пад сумнеў: больш за палову ўсіх выдаткаў свету на штучны інтэлект прыпадае на ЗША. На Кітай — каля адной дзясятай. Паводле прагнозу міжнароднай даследчай і кансалтынгавай кампаніі IDC, да 2025 года выдаткі на штучны інтэлект у ЗША вырастуць да $120 млрд (плюс 26% штогод на працягу 2021—2025 гадоў). Кітай, паводле дадзеных той жа IDC, павялічыць фінансаванне з сёлетніх $14,75 млрд да $26,44 млрд у 2026 годзе.

Асноўны аб'ём амерыканскіх інвестыцый у штучны інтэлект ідзе ад IT-гігантаў праз арганізацыі грамадзянскага сектару. 40% выдаткаў накіроўваюць на дасканаленне ботаў для абслугоўвання кліентаў у рознічным гандлі, а таксама на выкарыстанне штучнага інтэлекту ў банкаўскай сферы (для падвышэння кібербяспекі).

Дзяржаўныя ваенныя даследаванні ў галіне штучнага інтэлекту ў ЗША абмяжоўваюцца не толькі фінансамі, але і этыкай. Перш за ўсё, Вашынгтон сутыкаецца з цяжкасцямі ў прыцягненні вядучых тэхналагічных кампаній да ўдзелу ў ваенных даследаваннях. Паводле заяваў Ілана Маска, гендырэктара Tesla, і Стывэна Возняка, сузаснавальніка Apple, кампаніі асцерагаюцца неабдуманай гонкі ў распрацоўцы штучнага інтэлекту і магчымых негатыўных наступстваў. Яны занепакоеныя не толькі магчымым паўстаннем машын, але і тым, што без надзейнага рэгулявання ўладальнік больш прасунутага ШІ ці ўласна сам ШІ можа захапіць інфармацыйную прастору.

Больш за тое, для эфектыўнага навучання штучнага інтэлекту неабходна валодаць шырокім аб'ёмам аб'ектаў даследавання, гэта значыць дадзенымі шараговых карыстальнікаў. Аднак выкарыстанне гэтай інфармацыі можа парушаць правы і свабоды грамадзян. У адрозненні ад ЗША, Кітай не накладае такія абмежаванні і, імаверна, не стрымлівае распрацоўнікаў у выкарыстанні дадзеных сваіх грамадзян для навучання машыннага інтэлекту.

Грошы ды рэйтынгі

Гонка ў развіцці тэхналогіяў штучнага інтэлекту ў вайсковай сферы нагадвае гонку ядзернага ўзбраення падчас Другой сусветнай вайны. Краіна, якая дасягне большага прагрэсу ў галіне ШІ, атрымае бясспрэчную перавагу. Напрыклад, інтэграцыя ШІ ў гіпергукавыя ракеты, над чым праца ў ЗША і Кітаі ідзе навыперадкі, можа зрабіць гэтыя ракеты няўразлівымі для супрацьпаветранай абароны суперніка. Калі ж у далейшым сістэмы СПА і змогуць аператыўна рэагаваць на такія гіпергукавыя ракеты, то спадзяванні на гэта таксама звязаныя з прагрэсам у распрацоўках ШІ.

На два бліжэйшыя фінансавыя гады Пентагон запрасіў рэкордны бюджэт на даследаванні і найноўшыя распрацоўкі, уключаючы ШІ: $130,1 і $145 мільярдаў на 2023 і 2024 гады адпаведна. Тым не менш, некаторыя эксперты лічаць, што і гэтага недастаткова. Гонка ўзбраенняў і тэхналогіяў, лідарства ў якой Міністэрства абароны ЗША лічыць для краіны жыццёва важным, абмяжоўвае фінансаванне ваеннай дапамогі Украіне. 

Прыняцце новых пакетаў становіцца ўсё больш цяжкім, асабліва напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў у ЗША. Дзейсная адміністрацыя дэмакратычнай партыі, якая выступае за дапамогу Кіеву, вымушаная рэагаваць на падзенне падтрымкі фінансавання ваенных патрэб Украіны сярод грамадзян. Калі летась фінансавую дапамогу падтрымлівалі больш за 60% амерыканскіх выбарнікаў, то ў лютым 2023 года — менш за палову, сведчаць дадзеныя апытання Цэнтру даследаванняў публічнай палітыкі Associated Press NORC.

Крытыкуе пазіцыю кабінета Джо Байдэна і Дональд Трамп, які мае больш высокую агульнанацыянальную падтрымку: 44,1% супраць 43,5% у Байдэна. На сустрэчы з выбарнікамі ў траўні 2023 года Трамп заявіў, што Амерыка аддае занадта шмат зброі, у якой сама мае патрэбу. Раней 45-ы прэзідэнт ЗША казаў, што ў кантэксце высокай дзяржзапазычанасці, а таксама іншых фінансавых праблем, амерыканцы выдаткоўваюць зашмат грошай на Украіну. Падобную рыторыку выкарыстоўвае і асноўны канкурэнт Байдэна на пазіцыю кандыдата ад Дэмакратычнай партыі Робэрт Кенэдзі-малодшы. Аднак тых, хто цалкам падтрымлівае дапамогу Украіне, пакуль што больш, чым тых, хто выступае супраць. Паводле апытання Associated Press, скептыкаў — 29%.

Пытанне рэсурсаў

Яшчэ адзін фактар, які стрымлівае пастаўкі на карысць УСУ, — гэта недахоп снарадаў. Выданне Washington Post паведамляла, што ўкраінскія сілы штодзень выпускаюць у сярэднім 7700 артылерыйскіх снарадаў. У выніку пасля ўварвання Расеі толькі за першыя восем месяцаў Украіна выкарыстала запасы зенітных ракет Stinger за 13 гадоў вытворчасці, а ракет Javelin — за 5 гадоў.

Аналіз, праведзены Цэнтрам стратэгічных і міжнародных даследаванняў (CSIS), паказвае, што бягучай прадукцыйнасці амерыканскіх заводаў можа быць недастаткова, каб перадухіліць спусташэнне запасаў ключавых тавараў, якія Злучаныя Штаты пастаўляюць Украіне. Нават пры паскораных тэмпах вытворчасці, верагодна, спатрэбіцца не менш за пяць гадоў для іх аднаўлення.

Міністр абароны ЗША Лойд Остын у лютым 2023 года заявіў, што хаўруснікі ўжо навучаюць украінскіх ваенных тактыцы бою, каб скараціць выкарыстанне снарадаў. У ЗША і ЕЗ не хапае боепрыпасаў з прычыны дэфіцыту сыравіны для вырабу пораху. Таму, незалежна ад фінансавых магчымасцяў, рэсурсы заходніх краін абмежаваныя.

«Немагчыма ў кароткія тэрміны павялічыць [вытворчасць] нітрацэлюлозы... У Еўропе няма буйных вытворцаў неабходнай нам сыравіны», — паведаміў у інтэрв'ю Financial Times старшыня Асацыяцыі абароннай і ахоўнай прамысловасці Чэхіі Іржы Гінек (Jiří Hynek), расказваючы пра асноўны інгрэдыент пораху. Выданне прыводзіць меркаванні еўрапейскіх вытворцаў, якія бачаць перспектывы ў пастаўках інгрэдыентаў з Індыі, Карэі ды іншых краін. 

Паводле дадзеных Die Welt за лістапад 2022 года, для буйных еўрапейскіх вытворцаў зброі Кітай з'яўляецца самым важным пастаўшчыком сыравіны для вырабу пораху. Пастаўкі замарудзіліся з-за пандэміі каронавіруса: ад афармлення замовы да дастаўкі магло прайсці да дзевяці месяцаў. З поўнамаштабным уварваннем Расеі ва Украіну Кітай наўмысна абмежаваў экспарт у Еўропу.

Да выбуху ў 2021 годзе адзінага амерыканскага парахавога заводу ў Луізіане найбуйнейшым экспарцёрам гатовага пораху былі ЗША. Сёння краіна імпартуе яго з Вялікай Брытаніі, Індыі і таго ж Кітаю. КНР, паводле афіцыйных заяваў, трымае нейтралітэт і не пастаўляе ўзбраенне ніводнаму з бакоў расейска-ўкраінскай вайны. Хаця, як кажуць крыніцы The New York Times, краіна таемна перадае порах Расеі.

Адсутнасць гарантыяў для вытворцаў 

У сакавіку 2023 года стала вядома, што ЕЗ выдзеліць да €500 млн на падтрымку ўласных вытворцаў боепрыпасаў, каб выканаць абавязкі перад Украінай: паставіць адзін мільён снарадаў на працягу 2024 года. З разліку 7700 снарадаў на дзень, гэта прыкладна траціна ад неабходнага на гэты перыяд аб’ёму. Урад Румыніі ўжо заявіў, што вядзе перамовы з амерыканскімі і паўднёвакарэйскімі кампаніямі аб будаўніцтве ў краіне заводу па вытворчасці пораху. Апошні такі завод зачынілі ў 2004 годзе.

Палітыкі заклікаюць заходнія абаронныя кампаніі вырабляць больш узбраення для дапамогі Украіне, але тыя хочуць гарантый ад урадаў і доўгатэрміновых кантрактаў на пастаўкі. У адваротным выпадку вытворцы рызыкуюць укласці сотні мільёнаў еўра ў павелічэнне магутнасці — ды праз некалькі гадоў панесці страты з-за падзення попыту.

Урады заходніх краін не гатовыя гарантаваць кампаніям доўгатэрміновы даход. Яны мяркуюць, што абаронныя прадпрыемствы і без таго атрымліваюць звышпрыбытак.

Украіна паміж хаўруснікамі ды Расеяй

Нарошчваць пастаўкі ўзбраення Кіеву краінам-хаўрусніцам перашкаджаюць знешнія і ўнутраныя, палітычныя і тэхнічныя фактары. Перадусім — усё завязана на ЗША.

Істотная частка амерыканскага абароннага бюджэту ідзе на гонку ўзбраення і тэхналогіяў з Кітаем. Таксама адміністрацыя Джо Байдэна напярэдадні прэзідэнцкіх выбараў вымушаная ўлічваць рызыкі падтрымання Украіны.

Адначасова з гэтым Вашынгтон павялічвае стаўкі: ЗША выдзеліць новы пакет ваеннай дапамогі на $800 млн Украіне, у рамках якога будуць перададзеныя і касетныя боепрыпасы. Пра гэта 7 ліпеня паведаміў намеснік кіраўніка Пентагона па палітычных пытаннях Колін Коўл. Такое рашэнне не ў апошнюю чаргу звязанае з паступовым вычарпаннем запасаў класічных тыпаў боепрыпасаў.

Спусташаюцца запасы не толькі ва Украіны, але і ў дзяржаў, якія яе падтрымліваюць. Сярод іх — Нямеччына, Францыя, Данія, Вялікая Брытанія, Чэхія, Польшча і іншыя. Расея гэтаксама вычэрпвае запасы ўзбраення. З улікам санкцый наўрад ці Масква зможа істотна нарасціць магутнасці. Рэальнае становішча абароннага комплексу РФ адсачыць складана, бо дадзеныя ў гэтай сферы засакрэчаныя.

Іншая аналітыка