Эканоміка з Чалым 11 верасня

Які прадукт даўгалецця вырабляюць у Слуцку і навошта Беларусі кітайскія цяпліцы

Сяргей Чалы і Вольга Лойка абмеркавалі вытворчасць харчоў для Кітая і заслугі Турчына.

Аляксандр Лукашэнка 5 верасня 2025 года правёў нараду па крыптавалютах, а прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр Турчын паехаў у Слуцкі раён ацэньваць перспектывы сыраробнага і мясакамбіната. Што гэта значыць і як адаб'ецца на нашым дабрабыце, эканамічны эксперт Сяргей Чалы і журналістка Вольга Лойка абмеркавалі ў шоу «Чалы: Эканоміка». Публікуем урыўкі гутаркі.

Фуфламіцыны і даўгалецце

«[Прэм'ер-міністр Беларусі Аляксандр] Турчын паехаў у Слуцкі раён ацэньваць перспектывы сыраробнага і мясакамбіната. Насамрэч, навошта ён туды паехаў? Там рэалізуецца, на сыраробным камбінаце, парадку шасці інавацыйных праектаў. Адзін са знакавых інавацыйных праектаў камбіната, які запушчаны быў яшчэ ў 2023 годзе — вытворчасць лактаферыну. Лактаферын, нагадаю, на хвіліначку, гэта тая самая беларуская панацэя, пра якую Коля [Лукашэнка] разам з кітайскімі суаўтарамі пісаў. Гэта прадукт, які падаўжае жыццё. А як мы ведаем, зараз падаўжэнне жыцця — гэта галоўнае пытанне, пра якое ўсе гэтыя старыя пра сябе гавораць.

Мы ж ведаем, што на постсавецкай прасторы — гэта такая модная сямейная тэма. Дочкі Пуціна займаюцца падаўжэннем даўгалецця Пуціна. Коля займаецца падаўжэннем даўгалецця таты. Хоць, па логіцы манархічнай, увогуле, яны павінны быць зацікаўлены ў зусім процілеглым. Можа, таму якраз яны гэтыя ўсе фуфламіцыны і выдаюць за падаўжэнне даўгалецця». 

Пра Турчына і цэны

«Турчын сабе прыпісвае дасягненне ў выглядзе паслаблення вось гэтага самага дэбільнага цэнавага рэгулявання. Пра тое, што ўсё-такі дазволілі, як там ён хваліцца, падняць узровень цэн да рэнтабельнасці, якая склалася за папярэднія тры гады. І кажа: “Мы бачым, што ўзровень рэнтабельнасці, калі мы кажам пра натуральнамалочную прадукцыю на Слуцкім сыраробным, — парадку 6%. На мясакамбінаце — не больш за 10%”. Паднялі цану да мінімальна магчымых памераў, якія дазваляюць ім функцыянаваць з прыбыткам. Увогуле, з серыі “купі казу — прадай казу”. Калі расціснуць пальцы на горле, то можа здацца, што ты нарэшце ўздыхнуў на поўныя грудзі».

Беларускія харчы ў кітайскіх цяпліцах

«Сустрэчы з прадстаўнікамі бізнес-колаў Кітая. <...> Нейкія прарыўныя… афігенныя праекты ў вобласці высокіх тэхналогіяў. Напрыклад, “Шаньдун Лісэнтэ Агратэхноладжы” спецыялізуецца на праектаванні будаўніцтва і поўным абслугоўванні сучасных цяпліц.

І Лукашэнка пачынае расказваць, што цяпліцы — гэта ж класная тэма. У нас жа для гэтага ўсе канкурэнтныя перавагі. Земляў і глебы ў нас хапае. Людзі ў нас ёсць. Угнаенне, ён кажа, у нас гэта ўсё ёсць. Прыродны газ і электрычнасць. Ну, прыродны газ не свой, але затое электрычнасць. … Хутка будзе другая электрастанцыя. У нас і так яе лішак, а будзе яшчэ празмернасць. Таму мы можам усё цяпліцамі, значыць, забудаваць. І далей, значыць, Лукашэнка прапануе дастаўляць прадукцыю, якая вырасце, у Кітай. Вось гэта, праўду кажучы, такога я не чакаў. 

А чаму Кітай не можа ў сябе такое ж зрабіць? То бок, харчы на іншым канцы зямнога шара вырабляць і ў Кітай дастаўляць. Ну, гэта ж проста смешна». 

Не ўсё дрэннае звязана з Лукашэнкам 

«[Крыптавалюта —] гэта мая любімая тэма. Самае цікавае — гэта, вядома, стыль посту ў тэлеграме “Пула першага”: “Крыптаны, увага!”

Успомнім снежань 2017 года, калі 22 снежня падпісаў Лукашэнка дэкрэт. Біткоін тады каштаваў усяго $16,6 тыс. … Як падаражэў біткоін пры Аляксандры Рыгоравічы Лукашэнцы? А хуткасць інтэрнэту як вырасла? А мабільныя тэлефоны, ты помніш, якія былі ў 1994 годзе? Ну, не ўсё дрэннае было звязана з даволі вядомым Аляксандрам Рыгоравічам.

Але вось гэта вось фраза, як падаражэў біткоін, і глядзіце, сачыце за тэханалізам, лішні раз падкрэслівае тую тэзу, пра якую я казаў. Нічым ён не цікавы, апроч таго, як ён расце. Ну, бо ўся гэта схема працуе па прынцыпе “колькі грошай увайшло, столькі і выйшла”… Груба кажучы, чым адрозніваецца піраміда ад бізнесу? Тым, што там няма грашовай плыні, там няма, на чым зарабляць. Там выплаты, якія ўвайшлі раней, ідуць з грошай тых, хто ўвайшоў пазней. І паколькі некалі грошай увайшло менш, а цяпер ён каштуе даражэй, для таго, каб некаму гэтыя грошы ў кішэню нарэшце пакласці (сапраўдныя грошы), трэба яшчэ прыток свежых новых лохаў. 

“Па-першае, лічбавыя знакі сталі выкарыстоўвацца як альтэрнатыва традыцыйным сродкам аплаты, хоць часцяком бывае і для злачынных мэтаў”, — [напісаў партал pravo.by са спасылкай на Лукашэнку]. Ну, па-першае, не сталі выкарыстоўвацца як альтэрнатыва традыцыйным сродкам платы. А вось для злачынных мэтаў выдатна выкарыстоўваюцца. Другое, крыпта стала крыніцай інвестыцый, нядрэннага прыбытку грамадзянаў і кампаній ва ўсім свеце. Груба кажучы, пакуль на свеце ёсць дурні, мы славіць лёс свой павінны. Поле цудаў, вось гэта ўсё. І трэцяе: краіны сталі ствараць дзяржрэзервы ў крыптавалютах».

Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць