Эканоміка з Чалым 20 сакавіка

Чым зоймецца новы беларускі ўрад і як будуць змагацца з уцечкай грошай з краіны

Сяргей Чалы і Ігар Кулей абмеркавалі кадравыя перастаноўкі, новую праграму Лукашэнкі і шпількі ў яго адрас.

Аляксандр Лукашэнка патлумачыў, навошта падцягнуў ва ўрад губернатараў, а прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын заявіў, што эканамічны рост не павінен быць на шкоду нейкім іншым макраэканамічным паказнікам. Што гэта значыць і як адаб'ецца на нашым дабрабыце, эканамічны эксперт Сяргей Чалы і журналіст Ігар Кулей абмеркавалі ў шоў «Чалы: Эканоміка». Публікуем урыўкі гутаркі.
Змест
01:10 Эканоміка ў пагонах
07:30 Эпоха "чорных лебедзяў"
09:00 Фінансаванне і рэінвесціраванне прыбытку
10:30 Крыптарэгуляванне
15:00 Справядлівыя кошты на бульбу
17:30 Лукашэнка ў Пуціна

Анекдоты ад Лукашэнкі

«У яго (Аляксандра Лукашэнкі — рэд.) цяпер вось гэтая ідэя: давайце віцэ-прэм'еры будуць усё вырашаць. Будзе палітбюро і начальнік гэтага палітбюро ўраду. Вось гэтая гісторыя пра эканамістаў, такое адчуванне, што Лукашэнка проста анекдот распавёў знакаміты... [Прызначаны старшынём праўлення Нацбанку Раман] Галоўчанка — эканаміст. [Кіраўнік адміністрацыі прэзідэнта Дзмітрый] Крутой — таксама эканаміст. А [першы намеснік прэм'ер-міністра Снапкоў] Мікалай Генадзевіч — наогул эканаміст з эканамістаў. Гэта знакаміты анекдот з серыі: 

— Мама, хто такі Карл Маркс? 

— Гэта такі эканаміст. 

— Як наша цётка Сара? 

— Не, цётка Сара — старэйшы эканаміст.

З нагоды хунты і гэтак далей. Вось ён жа (Лукашэнка — рэд.) кажа так: "І калі б я сказаў, што ў нас будзе ва ўрадзе дыктатура, то, напэўна, губернатараў я б не падцягнуў ва ўрад". То бок ён наўпрост кажа, што ... добрая дыктатура тады, калі ў дыктатара ёсць нейкія думкі, што рабіць. А калі іх няма, тады давайце вы самі. І галоўнае вось гэта — з калена выламі. <...>

І калі б гэта быў адзіны анекдот, які Лукашэнка практычна працытаваў падчас гэтых кадравых прызначэнняў. Ён жа кажа, разумееш, у нас жа некаторых людзей прыйшлося замяніць, ну, літаральна два-тры. А чаму? Не таму, што не цягнулі. А проста ёсць такія людзі, якія ўмеюць капаць-капаць. Ну, вось яны капаюць, а чыноўніцкая праца ім не падыходзіць. Гэта класічны савецкі анекдот. Пры прыёме на працу: 

— Што ўмееш рабіць? 

— Магу капаць. 

— А што яшчэ ўмееш? 

— Магу не капаць. 

Дарэчы, мала хто ведае, што ў гэтага анекдота ёсць працяг: 

— А лесвіцу можна зрабіць? 

— Магу, але толькі вельмі доўга давядзецца капаць».

Чым зоймецца ўрад

«Якія задачы пастаўлены перад новым урадам? То бок не Лукашэнка, Крутой ставіць перад урадам задачы. Ён кажа: "На працягу двух месяцаў па нашай Канстытуцыі ўрад падрыхтуе праграму дзеянняў, і на працягу некаторага перыяду часу паралельна будзе працягвацца распрацоўка і ўзгадненне праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця". Гэта, па сутнасці, праграма на пяцігодку, якая, наогул, па логіцы, павінна была б быць перадвыбарнай праграмай Лукашэнкі. На наступную пяцігодку, якая будзе прадстаўлена на Усебеларускім народным сходзе. Гэта Крутой прыгожа скінуў з сябе тую працу, якую ён павінен быў арганізоўваць. Якую ён, уласна, не паспеў падрыхтаваць з праграмай Лукашэнкі. 

Кажа, а цяпер вы будзеце гэтым займацца. Окей. І кажа, там жа ўсё проста, у гэтай праграме. Рэзервы зразумелыя. Галоўны з іх — рост прадукцыйнасці працы. Як быццам гэта нешта такое: пайшоў, падкруціў і ўсё, і вытворчасць тады вырасла. Не, блін. Гэта не рэзерв! Гэта не рэсурс! Гэта задача. Гэта задача, якая патрабуе пэўнага планавання для яе дасягнення.

І паднакіраванне — экспартныя магчымасці нашай рэспублікі. Трэба, карацей, каб кожны віцэ-прэм'ер фактычна адказваў за эфектыўнасць вяртання валютнай выручкі ў краіну. Гэта новая фішка, новая ў Лукашэнкі, калі ён казаў, што неяк нешта ў нас там назбіралі зборачных вытворчасцяў за мяжой. Нешта неяк гандлёвых дамоў шмат назбіралі. А трэба было б, каб гэтая валютная выручка за наш экспарт вярталася ж вытворцу, а не асядала там. І гэта адно і тое ж пытанне: хто гэта зрабіў? Мы ж ведаем, хто сядзіць у гэтых гандлёвых дамах. Пачынаючы з Дзмітрыя Аляксандравіча Лукашэнкі».

На чый адрас шпілька

«[Прызначаны 10 сакавіка 2025 года прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын

сказаў]: "Нельга дапускаць, каб эканамічны рост быў на шкоду нейкім іншым макраэканамічным паказнікам. Можна паставіць любую мэту і яе дасягнуць. Пытанне толькі ў наступствах дасягненняў і якім шляхам". <...> І [гэта] не толькі [шпілька на адрас] Галоўчанкі. Гэта ж яшчэ і шпілька на адрас Лукашэнкі, які насамрэч гэтую задачу ставіў. 

Ён жа кажа: я не ведаю, як вы гэта будзеце рабіць, з калена выламі, мне дайце эканамічны рост, мне дайце тое, сёе.

Трэба аддаць належнае, у цяперашняй сітуацыі гэта даволі, скажам так, смелая заява». 

Пра новыя задачы Нацбанку

«Крутой прадстаўляе цяпер членам праўлення Нацыянальнага банку Рамана Галоўчанку. "Імпартазамяшчальныя, экспартна арыентаваныя праекты маюць патрэбу ў фінансаванні, — ставіць ён задачу Нацбанку. — І ў гэтай працы павінны ўдзельнічаць усе нашы банкі, у тым ліку і за кошт прыбытку".

Так! Няма чаго. Усё павінна быць для фронту, усё для перамогі. Абсалютна дакладна. У нас жа цяпер эканоміка, імпартазамяшчальныя праекты — гэта ўсё цалкам практычна, больш за 200 прадпрыемстваў зараз працуюць на ваенку расейскую. Гэта адно пытанне. 

Ён таксама закрануў тэму рэінвеставання прыбытку, дывідэндаў замежных кампаній з прыватным капіталам, якія працуюць на ўнутраным рынку. Лукашэнка ж якраз нядаўна казаў: што гэта такое, маўляў, зарабілі ў нас, што, думаюць яны, самі, ці што, зарабілі? Не! З дапамогай нашых людзей! На нашай зямлі! А ён бярэ гэта ўсё за мяжу вывозіць. 

Рэінвеставанне — адна з ключавых тэм, якімі Нацыянальны банк будзе ў бліжэйшы час займацца. Як Нацыянальны банк будзе займацца? Ну, тыпу, забароніць ім пералікі гэтыя».