Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю плануе абавязаць маркетплэйсы актыўней прадаваць беларускія тавары, а прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын расказаў, як распрацоўвалася Праграма сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026-2030 гады. Што гэта значыць і як адаб'ецца на нашым дабрабыце, эканамічны эксперт Сяргей Чалы і журналістка Вольга Лойка абмеркавалі ў шоу «Чалы: Эканоміка». Публікуем урыўкі гутаркі.
Мы даручылі — праблема вырашана
«З нагоды айчынных тавараў: два апошнія трэнды я пачаў заўважаць, прытым на ўсіх узроўнях. Як да праблем зараз у нас пачынаюць ставіцца? Мы ж ужо распавядалі пра тое, калі ўзнікае нешта, то асноўная задача якая? Наша задача — прапісаць велізарную колькасць кантрольных параметраў. Ну і, лічы, заданне зроблена. Мы даручылі — вы выконвайце.
МАРГ, лічы, вырашыў пытанне супольна з канцэрнамі, вытворцамі і гандлёвымі арганізацыямі. З гандлёвымі зразумела, але пры чым тут канцэрны і вытворцы? Падпісаў пагадненне пра нарошчванне аб'ёмаў рэалізацыі тавараў айчыннай вытворчасці. Па выніках 2025 года, суб'екты павінны прырастаць на 1% да ўжо сфармаваных аб'ёмаў рэалізацыі айчынных тавараў. То бок, мы даручылі — праблема вырашаная. Як у нас з бульбай: мы даручылі прадаваць і закупляць. І ўсё. І пытанне вырашанае».
Новыя правілы для маркетплэйсаў
«Тамсама яшчэ цікавая гісторыя па развіцці маркетплэйсаў. Там у іх ужо амаль 12% доля таваразвароту, што, насамрэч, даволі шмат. Вырашылі памяняць, дакладней, ледзь-ледзь скарэктаваць правілы для інтэрнэт-крам. Я ўсё думаў, што ж там будзе, апроч персанальнай адказнасці, натуральна.
Асартыментныя пералікі! Вось, так! Абавязак юрасоб і ІП узгадняць з дзяржорганамі пералік тавараў і падтрымліваць іх наяўнасць у продажы. І добра гэта, а яшчэ ж і патрабаванне падаваць дакументы, што абгрунтоўваюць разлік рознічных цэн на тавары, што падпадаюць пад рэгуляванне.
Ідэя іх (маркетплэйсаў — рэд.) была як альтэрнатыва ўсёй вось гэтай існуючай сістэме гандлю, якая зарэгуляваная гэтым усім. То бок, груба кажучы, ты там вырабляеш нешта, ты можаш не клапаціцца, табе не патрэбна крама, табе не трэба складаць нейкія пагадненні ці нешта яшчэ. Ты проста можаш, быўшы нават саматужнікам нейкім, ІПэшнікам, там прадаваць. Якія асартыментныя пералікі? Чалавек там шые нешта, кроіць ці яшчэ нешта рукамі робіць. Ці нават перапрадае кітайскае. Ну якія асартыментныя пералікі? Там павінна быць не меней за пяць відаў і з іх чатыры павінны быць беларускага? Ну, калі ты робіш сваё, заадно гандлюй і айчынным».
Прынцып вертыкалізацыі з каскадаваннем уніз
«На паседжанні прэзідыуму Рады Міністраў прэм'ер-міністр Аляксандр Турчын распавёў, якім чынам павінна быць пададзена інфармацыя ў праграме сацыяльна-эканамічнага развіцця на 2026-2030 гады. Загаловак… Мне здаецца, там шкоднік нейкі на БелТА працуе: “Адказы простай і зразумелай мовай. Якой будзе праграма сацэканамразвіцця да 2030 года, расказаў Турчын”. <...>
У нас пяць асноўных прыярытэтаў і сем кірункаў. Усё. Раней у нас было тры прыярытэты, потым стала пяць прыярытэтаў, а зараз у нас пяць прыярытэтаў і сем кірункаў, у якія мы пагрузілі ўсе асноўныя запыты грамадства, даручэнні кіраўніка дзяржавы, надзённыя праблемныя моманты.
Сярод прыярытэтаў: арэндавае жытло, якасныя дарогі, пытанні развіцця рэальнага сектару, турызм, ну і яшчэ нешта. … Самае галоўнае пытанне — пра развіццё рэальнага сектару.
“Мы рэалізавалі, — кажа [міністр эканомікі Юры] Чабатар, — задуманае намі ў красавіку. Прынцып вертыкалізацыі, пры якім усе паказнікі і заданні будучай пяцігодкі каскадаваныя ўніз”. Вось так вось. Я да таго, што такой колькасці словаблудства не было ніколі пры спробе абмяркоўваць, ці прымаць, ці распрацоўваць праграмы на пяцігодку».
Пра будаванне храмаў
«І вось, здавалася б, не эканамічная тэма — наведанне Лукашэнкам Свята-Успенскага Жыровіцкага манастыра. Што там цікава? Вядома ж, не кароткае набажэнства. … Калі няма кіроўных і накіроўваючых прынцыпаў, то ўрад пачынае займацца чым? Арганізуе канферэнцыі, дзе яны расказваюць пра тое, як у нас усё каласуе, як у нас інавацыйныя прадукцыі выпускаюцца на “Красном борце” (станказавод — рэд.) ці яшчэ недзе. Спускаюцца заданні ўніз.
А ў Лукашэнкі новая тэма. Гэта выданне другое, выпраўленае, перапрацаванае — “Грошай няма, але вы трымаецеся”. І вось ён, уласна, пачынае расказваць: “Праваслаўныя канфесіі вельмі сур'ёзна дапамаглі ў Жыровічах. Дапамаглі каталікам з Будслаўскім касцёлам”. Дапамаглі! Кажа, разумееш, але ж трэба ж сыходзіць з чарговасці. Таму што, сапраўды, трэба шмат зрабіць, бо дзяржава нясе яшчэ і сацыяльныя функцыі. Уключаючы будаванне жытла. У нас жа агульнадзяржаўных маса праблем. Дый па дарогах праблем нямала. Жытло, ахова здароўя, жыллёва-камунальныя — маса пытанняў. Храмы, кажа, давайце будзем будаваць, калі ёсць грошы. Калі няма грошай, недзе нечым дапаможам, але ў аснову трэба пакласці жытло, дарогі — ні заехаць, ні праехаць».