Рубель стабільны, але інфляцыя расце
«Інфляцыя. Шырокая грашовая маса зноў, асабліва рублёвая, у рост пайшла. Прытым паказнік менавіта наяўных грошай раптам падскочыў. У траўні гадавы прырост, маецца на ўвазе травень да траўня [2024-га] — 7,1%. Гэта пры 5% таргеце. Кожны месяц усё больш. У сакавіку было 5,9%, у красавіку было 6,5%, цяпер — 7,1%.
[Новы старшыня праўлення Нацыянальнага банку Раман] Галоўчанка даў вялікае інтэрв'ю “Савецкай Беларусі”. Першае ж пытанне: Лукашэнка ж вам кажа, што хацеў большай уцягнутасці банкаўскай сістэмы ў эканоміку. Пры гэтым некаторыя аналітыкі і эксперты (хто гэтыя людзі такія?) успрынялі змену кіраўніцтва [Нацбанку] як сігнал, што палітыка рэгулятара ў корані зменіцца. Ну, а як яшчэ ўспрымаць замену кіраўніцтва Нацыянальнага банку на чалавека, які ў банках нічога не разумее? Ну, і ў эканоміцы, строга кажучы, таксама. І ўсіх нармальных людзей замянілі на супрацоўнікаў Саўміна.
Так. Тыпу як сігнал, што палітыка рэгулятараў у корані зменіцца.
— Гэта сапраўды так? — пытаюцца ў яго.
— Вядома ж, не, — кажа ён. — У нас жа мэта засталася нязменнай галоўная — цэнавая і фінансавая стабільнасць. У той жа час, як справядліва адзначыў кіраўнік дзяржавы, банкаўская сістэма павінна быць больш актыўна ўцягнутая ў эканоміку. І тут наш ключавы прыярытэт на найбліжэйшыя гады — спрыяць росту інвестыцый. …
І далей пачынае выхваляцца, што заданне мы ж выконваем. Ну, у сэнсе асноўнае — фінансавую стабільнасць. Сусветная фінансавая сістэма перажывае няпростыя часы. Глядзі, як гэта адбіваецца на курсе валют. Аднак беларускі рубель дэманструе ўстойлівасць. … Выдатна. Акей. І далей пачынае: ну, разумееце ж, кажа, вось станок быццам і заржавеў друкаваны, якім, значыць, Лукашэнка пахваліўся. Але прырост грашовай масы склаў 16% у гадавым выражэнні, гэта ў траўні».
Пра прывабны эканамічны клімат у Беларусі
«Першае мірапремства на гэтым тыдні, якое задало проста ўвесь тон, — [сустрэча Аляксандра Лукашэнкі з губернатарам Калінінградскай вобласці Аляксеем Беспразванных]. Вось ён (Аляксандр Лукашэнка — рэд.) неяк раптам пачаў казаць ... “у савецкія часы”... Я, карацей, падрыхтаваў сабе канспект яго гэтых выступаў. У нейкі момант збіўся з рахунку, колькі ж ён раз за тыдзень прамовіў “у савецкія часы”.
Недзе прыкладна на васямнаццатым падліку я зламаўся. Кажа, там (у Калінінградскай вобласці — рэд.) жа шмат цяпер беларусаў. А помніш, ты (Вольга Лойка — рэд.) рабіла цэлы рэпартаж, яшчэ на TUT.BY, пра Калінінградскую вобласць? Пра тое, чаму там так шмат апынулася беларусаў, так? Ну, гэта эканамічныя ўцекачы, былі яшчэ задоўга да палітычных уцекачоў. То бок людзі туды беглі з грашыма ад прывабнага беларускага эканамічнага клімату. І [Лукашэнка] такі: у вас зараз там шмат беларусаў. Ну так. Гэта прыкладна, як зараз шмат беларусаў у Варшаве».
Супраца з Калінінградскай вобласцю
«І вось пачынаецца: яму (губернатару Калінінградскай вобласці Аляксею Беспразванных — рэд.) сказалі пра гэты электратранспарт, потым яго звазілі на “Белкамунмаш” і там таксама паказалі гэты зборачны цэх. Яму штораз намякаюць, што “а давай ты пачнеш наш электрычны смеццявоз, электрычны аўтобус, тралейбус, яшчэ нешта купляць”. А ён кажа яму: … вы ведаеце, у Калінінградскай вобласці плануецца адкрыць заводы па вытворчасці акумулятарных батарэй для электратранспарту, мы дамовіліся з калегамі, што гэтыя батарэі можна будзе выкарыстаць для вытворчасці тэхнікі на беларускім прадпрыемстве, і тады ўжо мы будзем карыстацца супольным прадуктам на дарогах Калінінградскай вобласці.
Прыязджае мужык і кажа: глядзіце, мы цалкам можам браць вашы электрамабілі, калі вы будзеце ставіць нашы электрычныя батарэі, і тады мы разгледзім гэты варыянт. Вось, уласна, такая вось у нас зараз эканамічная супраца».
Кінематограф за колкім дротам
«Ён (Аляксандр Лукашэнка — рэд.) сялян сваіх уяўляе як у канцлагеры, за колкім дротам працуючых. А вы (супрацоўнікі кінастудыі "Беларусьфільм" — рэд.) што? Чым вы лепш, чым гэтыя сяляне? Вы таксама будзеце за колкім дротам. Апроч усяго іншага гэта азначае, што ён і сельскую гаспадарку ўяўляе сабе ўжо такім чынам працуючай. І трэба проста арганізаваць працу ў кінавытворчасці прыкладна як у сельскай гаспадарцы.
А ў савецкія часы, увогуле, у калгасах яшчэ і пашпартоў не было. І, па сутнасці, колкі дрот гэта і азначаў. “Не крыўдзіцеся, я вобразна скажу, вы вобразы любіце: колкі дрот вакол (я так сялянам некаторым кажу), 320 чалавек ёсць — вырабляйце за гэтым дротам, што хочаце, гэта ваша справа”, — [сказаў Лукашэнка падчас візіту на “Беларусьфільм”]. І далей: “Галоўнае, каб ідэалагічна вы правільна выбудоўвалі”. І вось тут, як кажуць, сабака і пакапаўся».