Антыфэйк / фактчэк

01 лістапада 2023

Фэйкі тыдня: Мікіта Міхалкоў распавёў пра інвестараў, незадаволеных колькасцю могілак ва Украіне, а палкоўнік Багадзель — пра ўплыў рунэту

А таксама — Палац Незалежнасці пабудавалі беларусы з айчынных матэрыялаў, у будынкі дзяржорганаў пускаюць толькі ў Беларусі, традыцыі даваць імя па бацьку на тэрыторыі нашай краіны ўжо тысяча гадоў. Топ-5 фэйкаў ад каманды Weekly Top Fake.

Фэйк №1: У будынкі дзяржорганаў пускаюць толькі ў Беларусі

Простыя людзі трапіць у адміністрацыйныя будынкі вышэйшых органаў улады могуць толькі ў Беларусі. Пра гэта распавёў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Сяргей Клішэвіч:

«У многіх краінах, у першую чаргу Захаду, органы ўлады — гэта нешта сакральнае, закрытае. Вы ведаеце, што адбываецца ў ЗША, калі там хтосьці спрабуе пракрасціся ў парламент, а барані гасподзь, у Белы дом, што адбываецца з гэтымі людзьмі. Гэта людзі — алігархі палітычныя, якія засцераглі сябе ад людзей. І там чыняць лёсы ўсяго свету. У нас гэта сапраўды народная ўлада», — сказаў Клішэвіч у перадачы «Азаронак. Наўпрост» 24 кастрычніка. 

Будынак Капітолія можа наведаць любы жадаючы. Для гэтага трэба зайсці на яго сайт, зарэгістравацца, выбраць зручны час і забраніраваць экскурсію. Іх праводзяць кожны дзень з панядзелка па суботу. 

Можна трапіць і на паседжанне Кангрэса. Для гэтага патрэбнае запрашэнне, якое грамадзяне ЗША могуць атрымаць, звярнуўшыся да сваіх кангрэсменаў. Замежнікі — проста ў Капітоліі.

Каб трапіць у Белы дом, амерыканцы павінны ўзгадніць візіт праз сваіх кангрэсменаў, як мінімум за 21 дзень да наведвання. Замежнікі — праз амерыканскую амбасаду ў сваёй краіне.

Можна забраніраваць экскурсію ў будынак парламента Вялікай Брытаніі. Адкрыта для наведванняў і рэзідэнцыя караля. Па папярэднім узгадненні адкрыты для наведнікаў прэзідэнцкія палацы ў Варшаве і Вільні.

Фэйк №2: Палац Незалежнасці зрабілі беларусы з беларускіх матэрыялаў

На тэлеканале СТБ распавялі, што пры будаўніцтве Палаца Незалежнасці ў Менску не выкарыстоўваліся матэрыялы замежнай вытворчасці.

«Яго ўзвялі ў сціснутыя тэрміны, але, само сабой, не на шкоду якасці. З айчынных матэрыялаў і рукамі беларусаў. Гэтыя патрабаванні былі абавязковымі», — гаворыцца ў сюжэце ад 24 кастрычніка.

На сайце прэзідэнта Рэспублікі Беларусь пазначана, што для ўнутранага аздаблення Палаца ўжывалі матэрыялы айчынных вытворцаў. За выключэннем некалькіх парод мармуру і граніту. Іх пастаўкай, а таксама абліцоўваннем сцен, калон і ўсталяваннем мазаічных падлог займалася расейская фірма ISAKIDIS. Яна мае прадстаўніцтва і ў Беларусі.

На афіцыйным сайце кампаніі паведамляецца, што ў Палацы натуральным каменем абліцавалі плошчу ў 65 000 кв.м. Некалькі парод каменя, але ў вялікіх колькасцях.

Паркетная падлога таксама не беларуская. Яе вытворчасцю займалася расейская кампанія Аrtparquet. Для Палаца Незалежнасці яна вырабіла і паклала 3,5 тыс. кв. м высокамастацкага паркету. Яна ж — вытворца 260 драўляных дзвярэй з разьбяным арнаментам, упрыгожаных пазалотай і пацінай.

Імпартная ў Палацы і сістэма кандыцыянавання. Сантэхнічны посуд там таксама не беларускі.

Фэйк №3: Традыцыя даваць імя па бацьку на тэрыторыі Беларусі налічвае тысячу гадоў

Галоўны рэдактар газеты «Менскі кур'ер» Кірыл Казакоў заявіў, што беларусы ўжо тысячу гадоў да імёнаў абавязкова дадаюць імя па бацьку:

«У іх, еўрапейцаў, толькі на ты і толькі па імені і прозвішчы. Ну вось як у англасаксаў прынята. Праўда, прычым тут беларусы — незразумела. Цяпер, калі прайшло 30 гадоў, усё становіцца на месца. Такое зачэсванне пад адзін грабянец. Спярша краіну забралі, потым імя па бацьку канфіскуем. Падумаеш, у вас традыцыя тысячагадовая. У нас няма — і ў вас не будзе», — сказаў ён у эфіры «Вячэрняга палітычнага канала» 23 кастрычніка.

У беларусаў не было такой традыцыі. Пра гэта пісала ў тым ліку газета Адміністрацыі Прэзідэнта РБ.

«Рэгулярна імёны па бацьку пачынаюць ужывацца пры афіцыйных запісах імёнаў беларусаў з канца XVIII стагоддзя пасля ўключэння нашых тэрыторый у склад Расейскай імперыі», — цытавала «СБ. Беларусь сёння» доктара філалагічных навук, прафесара Ірыну Гапоненка.

Замест імёнаў па бацьку нашы продкі выкарыстоўвалі патронімы — гэта мянушкі ад імёнаў продкаў па мужчынскай лініі. Па форме яны былі падобныя да імёнаў па бацьку і замянялі прозвішчы. Але калі з'явіліся прозвішчы, патронімы самі сабой адпалі.

«Большасць беларусаў ведаюць, што Аляксандр Пушкін — Сяргеевіч, Леў Талстой — Мікалаевіч. А на пытанне пра імёны па бацьку Максіма Багдановіча, Івана Мележа або Петруся Броўкі яны адкажуць далёка не так упэўнена. Прафесар лічыць, што гэта паказнік некаторай штучнасці ўжывання імя па бацьку ў беларускай моўнай культуры», — адзначаецца ў артыкуле.

Фэйк №4: Рунэт даганяе па папулярнасці англамоўныя сайты

Начальнік вучэбна-метадычнага аддзелу факультэту Генеральнага штабу палкоўнік Андрэй Багадзель заявіў, што не перажывае, што ў інтэрнэце Расея і Беларусь прайграюць Захаду ў ідэалагічнай вайне.

«Мне так здавалася — прайграем-прайграем, а калі адкрываеш і глядзіш, колькі займае Рунэт у інтэрнэце... Я хачу сказаць, што гэта фактычна другі пасля англамоўных сайтаў», — сказаў ён 25 кастрычніка ў эфіры «Радыё-Менск».

Сайты на рускай мове сапраўды займаюць другое месца па колькасці ў свеце пасля англамоўных. Аднак доля англійскай мовы складае амаль 60%, а рускай — крыху больш за 5%. 

Доля сайтаў з даменам RU у свеце — менш за 4%. У англамоўным дамене COM зарэгістраваная амаль палова ўсіх сайтаў у інтэрнэце.

Фэйк №5: Інвестары абвінавачваюць Украіну ў выдзяленні занадта вялікай колькасці зямлі пад могілкі

Заходнія інвестары незадаволеныя, як украінцы выкарыстоўваюць свае ворныя землі, распавёў рэжысёр Мікіта Міхалкоў.

«Спадар Небензя згадваў кампанію Blackrock, якая займаецца інвестыцыямі, у тым ліку і скупкай зямель. І вось дырэктар гэтай кампаніі Лары Фінт кажа наступнае: “Калі мы з прэзідэнтам Зяленскім заключалі кантракт і стваралі фонд развіцця Украіны, мы ўлічвалі рызыкі ў выніку незаконнага ўварвання РФ. Але цяпер мы назіраем зусім неразумнае выкарыстанне чарназёму з боку саміх украінцаў. Занадта шмат могілак. Каштоўныя ворныя ўгоддзі выводзяцца з абароту абсалютна нерацыянальным спосабам, не прынятым у Еўропе. Сябры, гэта не толькі ваша зямля”», — паведаміў ён у сваёй перадачы «Бесагон» 21 кастрычніка.

Гэтая цытата закліканая даказаць, што Украіна распрадае сельскагаспадарчыя землі замежнікам. Аднак закон краіны не дазваляе гэтага. Да 31 снежня 2023-га іх могуць купляць і прадаваць толькі фізічныя асобы, грамадзяне Украіны не больш за 100 га на аднаго чалавека. Пасля стварэння рынку зямель сельскагаспадарчага прызначэння ў ліпені 2021 года замежнікі прадалі і купілі 1% сельгасзямель.

Словы Лары Фінта Міхалкоў зачытаў з публікацыі газеты «Менская праўда». Першакрыніцай гэтай цытаты з'яўляецца сатырычны тэлеграм-канал «Імперыя вельмі зла», які публікуе прыдуманыя навіны.

Выключная адказнасць за любы кантэнт, які падтрымліваецца Еўрапейскім фондам медыя і інфармацыі, ляжыць на аўтары(ах), і ён не абавязкова адлюстроўвае пазіцыі EMIF і Партнёраў Фонду, Фонду Калуста Гульбенкяна і Інстытуту Еўрапейскага ўніверсітэту.

Іншыя публікацыі