А таксама — самы танны ў Еўропе грамадскі транспарт, актуальная для Беларусі экалогія і Сталін у канстытуцыі Кітая і Карэі. Топ-5 фэйкаў тыдня ад каманды Weekly Top Fake.

Фэйк №1: Лукашэнка выратаваў МАЗ ад інвестараў

Разарваўшы супрацу з замежнымі інвестарамі, беларускія ўлады выратавалі Менскі аўтамабільны завод. Пра гэта 29 лістапада паведаміла дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА. 

«Прамысловым гігантам у Беларусі быць, заяўляў Аляксандр Лукашэнка. Менавіта на такіх прадпрыемствах у складаныя гады трымалася ўся беларуская эканоміка. Дзяржава змагла іх выратаваць і вывесці на зусім новы ўзровень. <…>

Утрымацца на плаву ў 90-я Менскаму аўтамабільнаму заводу дапамагла супраца з нямецкім аўтапрамам — вытворцамі MAN і Neoplan. Але злавіць на вуду беларускае прадпрыемства еўрапейскія кампаніі так і не змаглі. Таму партнёрства было нядоўгім. І як паказаў час, Беларусь засталася толькі ў выйгрышы ад гэтага», — гаворыцца ў сюжэце.

Інфармацыя аб фінансавым стане МАЗу сведчыць пра адваротнае. З 2014 па 2018 гады прадпрыемства было стратным. У 2019-м завод, на якім працавала звыш 15 тыс. чалавек, паказаў чысты прыбытак у 33 тыс. рублёў. У 2021-м прыбытак заводу павялічыўся да 364 тыс. рублёў. Аднак, даўгі прадпрыемства склалі 454,86 млн рублёў, а непакрытая страта на балансе — 441 млн рублёў.

Дадзеных за 2022 год у адкрытым доступе няма, але заявы Лукашэнкі сведчаць, што фінансавае становішча МАЗу працягвае заставацца цяжкім.

«Па МАЗе. У балота прадпрыемства загналі, грошай няма, функцыянаваць не можа, прыйшлі ў бюджэт», — распавёў ён на нарадзе з кіраўніцтвам Саўміна 14 лютага 2023 года.

Фэйк №2: Экалогія для Беларусі — актуальная тэма

Аляксандр Лукашэнка 1 снежня ўзяў удзел у Сусветным саміце па барацьбе са змяненнем клімату ў Дубаі. Падчас выступу ён заявіў, што Менск выконвае абавязанні ў скарачэнні выкідаў парніковых газаў, а заходнія краіны выдаткоўваюць грошы на войны, а не на вырашэнне кліматычных праблем. За дзень да гэтага палітолаг і гісторык Вадзім Гігін у эфіры «Альфа Радыё» паведаміў, што ў адрозненне ад ЗША тэме экалогіі ў Беларусі надаюць вялікае значэнне.

«Цяпер нічога нават блізка не ўбачыце ў амерыканскім парадку дня. Ні на другім плане, ні на трэцім, ні на пятым. У прынцыпе няма гэтай тэмы. Але гэта не азначае, што тэма не важная, і ў гэтым акурат значэнне гэтага саміту. Вярнуцца да актуальнага сапраўды парадку дня, да таго, што вызначае лёс чалавецтва. Не вайна вызначае лёс», — распавёў ён.

За паўгода да гэтага Гігін называў гэтую тэму «дробяззю».

«Так званая зялёная позва — гэта маніпулятыўныя рэчы з мэтай адцягнуць грамадскую думку ад рэальных праблем, якія хвалююць ЗША, гэта частка гэтай алігархічнай сістэмы, адзін з метадаў, закліканы кіраваць грамадскай думкай. Перад ЗША стаяць рэальныя задачы, у тым ліку і эканамічныя. < ... > Вось уся гэтая дробязь, яна закліканая адцягнуць увагу», — казаў ён у эфіры СТВ 7 траўня.

Фэйк №3: Чулпан Хаматаву ў Рызе выгналі з рэстарацыі за расейскую мову

Расейскую актрысу Чулпан Хаматаву, якая праз вайну пераехала ў Латвію, выгналі з рэстарана ў Рызе за рускую мову. Пра гэта ў эфіры «Радыё Менск» 24 лістапада распавёў галоўны рэдактар газеты «Менскі кур'ер» Кірыл Казакоў.

«Чулпан Хаматаву з рыжскага рэстарана выгналі за размову па-руску. Вось гэта называецца, калі карма дагнала. Чалавек так бег з Расеі, у выніку прыйсці ў Рызе, дзе яна жыве, спрабуе вучыць мову, выступаць у тэатры на гэтай мове, яна загаварыла па-руску на сваёй роднай мове, і яе выгналі з рэстарана. Вось гэта называецца прыляцела», — распавёў ён.

Пра гэты інцыдэнт пісалі ў расейскай прэсе. У публікацыях згадвалася назва рэстарана — «Čemodāns». Установа афіцыйна зняпраўдзіла гэтыя паведамленні ў сябе ў фэйсбуку.

«Дарагія сябры, пасля мінулых абставінаў распаўсюджвання недакладнай інфармацыі ў медыях, паведамляем вам, што наш рэстаран "Čemodāns" талерантны да кожнага чалавека. Мы нікога не дыскрымінуем і нікога не асуджаем за маральныя і этычныя каштоўнасці!

Наш персанал гаворыць на розных мовах і з павагай ставіцца да кожнага кліента», — гаворыцца ў посце ад 26 лістапада.

Фэйк №4: Сталін прапісаны ў канстытуцыях многіх краін свету

Беларусы павінны перастаць крытыкаваць рэпрэсіі часоў Савецкага Саюзу і з пашанай ставіцца да сталінскай спадчыны. Такое меркаванне выказаў вядоўца Рыгор Азаронак у эфіры «Азаронак. Наўпрост» 28 лістапада:

«Курапаты, Курапаты... Бегаюць вар'яты: ой, рэпрэсіі, рэпрэсіі, рэпрэсіі... Не разумеючы тым самым, што мы вось гэтымі віскамі, гэтым маразмам плюем у твар сотням мільёнаў людзей, народаў, у якіх у канстытуцыях Сталін запісаны. У канстытуцыях — Кітая, Карэі, краін Лацінскай Амерыкі, В'етнаму... Сталін, Ленін і гэтак далей, і гэтак далей».

Ні ў адной з пералічаных краін Іосіф Сталін у асноўным законе не прапісаны. У кітайскай канстытуцыі згадваецца марксізм-ленінізм, ідэі Маў Цзэ Дуна, Дэн Сяў Піна і Сі Цзінь Піна. У в'етнамскай — марксізм-ленінізм і ідэі Хо Шы Міна. У паўночнакарэйскай — Кім Ір Сэн і Кім Чэн Ір. У канстытуцыі Венесуэлы — толькі Сімон Балівар.

Фэйк №5: У Беларусі самы танны ў Еўропе грамадскі транспарт

Беларусь — адзіная краіна Еўропы, у якой дзяржава даплачвае за перавозку пасажыраў у грамадскім транспарце. Такую заяву зрабіў дэпутат Палаты прадстаўнікоў Сяргей Клішэвіч 28 лістапада ў эфіры «Радыё Менск».

«На 80% аплачваюць грамадзяне, на 20% субсідуе [дзяржава], ні капейкі ніхто не зарабляе, на 20% субсідуецца з бюджэту транспарт. Такога няма ні ў адной краіне еўрапейскай сёння. Усюды акрамя сабекошту грамадзянін плаціць яшчэ і маржу, прыбытак уладальніку гэтага бізнесу. У нас дзяржаўнае гэта прадпрыемства», — заявіў ён.

У шэрагу еўрапейскіх краін грамадскі транспарт бясплатны: у Люксембургу і Мальце, напрыклад. Іспанія ў мінулым годзе часова ўвяла бясплатны праезд у рэгіянальных цягніках. Бясплатны грамадскі транспарт у Талліне.

У Францыі больш за 40 гарадоў адмянілі аплату за праезд.

У Берліне праезд на 50% субсідуецца дзяржавай. У наступным годзе там плануюць увесці месячны білет на ўсе віды транспарту ў межах гораду. Ён будзе каштаваць €29. У Менску адзіны праязны каштуе каля 50 рублёў (прыкладна €15), гэта значыць у 2 разы танней, чым у берлінцаў. Пры гэтым зарабляюць менчукі ў сярэднім у 4 разы менш, чым берлінцы.

Іншыя публікацыі