Антыфэйк / фактчэк

14 верасня 2023

Фэйкі тыдня: эпідэмія дзіўных смерцяў афіцэраў НАТА і першы польскі канцлагер у Беларусі

А таксама — беларусы перасталі ганьбіць уладу, расейцы пабілі рэкорд па колькасці шэнгенскіх віз, польскія вайскоўцы будуюць лецішча міністру. Топ-5 фэйкаў тыдня ад каманды Weekly Top Fake.

Фэйк №1: Міністр абароны Польшчы выкарыстоўвае вайскоўцаў для будаўніцтва лецішча

Дата фэйка: 6.09.2023 

Тэлеграм-канал «Невальфовіч» 6 верасня апублікаваў фатаграфіі, на якіх польскія вайскоўцы, як сцвярджаецца, будуюць лецішча для міністра абароны Польшчы.

«З'явіліся кадры Войска Польскага, дзе вайскоўцаў выкарыстоўваюць у якасці рознарабочых. 

Польскія вайскоўцы аказваюць усе віды паслуг, пачынаючы ад рамонтных работ, заканчваючы вядзеннем прысядзібнай гаспадаркі. З боку ўсё гэта нагадвае працоўны працэс на лецішчы аднаго з польскіх генералаў.

Зразумела, што ў кіраўніка польскага ведамства М. Блашчака радня вялікая і лецішчаў шмат, але навошта ж так злоўжываць службовымі паўнамоцтвамі?» — гаворыцца ў паведамленні.

На самой справе гэтыя фатаграфіі з'явіліся не цяпер — большасць з іх знаходзіцца ў адкрытым доступе ўжо шмат гадоў. Фотаздымкі, на якіх вайскоўцы коцяць бервяно і засыпаюць пясок у мяшкі, зробленыя ў 2019 годзе. На іх польскія вайскоўцы дапамагаюць ліквідаваць наступствы ўрагану. Фота, на якім польскія вайскоўцы пілуюць бервяно, — зроблена ў 2020 годзе на вучэннях тэрытарыяльнай абароны.

Фатаграфіі вайскоўцаў з будаўнічымі каляскамі на фоне дому зробленыя не ў Польшчы, а ў Славеніі. У жніўні там адбылася найбуйнейшая паводка за апошнія 30 гадоў, Польшча адправіла сваіх вайскоўцаў на дапамогу ў ліквідацыі яе наступстваў. Гэтыя фатаграфіі былі апублікаваныя на афіцыйным сайце польскага войска.

Фэйк №2: Першы ў Еўропе канцлагер на тэрыторыі Беларусі пабудавалі палякі

Дата фэйка: 6.09.2023

Польскі канцлагер у Бярозе-Картузскай быў першым у Еўропе. Пра гэта 6 верасня ў эфіры «Альфа Радыё» заявіў аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных даследаванняў Аляксей Аўдонін.

«На тэрыторыі Беларусі, у Берасцейскім рэгіёне з'явіўся першы канцлагер на тэрыторыі Еўропы, яшчэ да канцлагераў фашысцкай Нямеччыны. Ён быў арганізаваны ў Картуз-Бярозе, або Бяроза-Картузская, па-рознаму называлася. Але менавіта там рэжым Пілсудскага арганізаваў першы канцлагер супраць палітычных вязняў, у якім адбывалі пакаранне тыя, хто вёў падпольную сваю барацьбу і праходзіў па працэсе 133-х», — распавёў Аўдонін.

Канцлагер Бяроза-Картузская стварылі ў чэрвені 1934 года пасля таго, як украінскія падпольшчыкі забілі ў Варшаве міністра ўнутраных спраў Польшчы. На той момант у Дахау ўжо год існаваў першы нацысцкі лагер. Яго стварылі ў сакавіку 1933 года. 

Першыя еўрапейскія канцлагеры з'явіліся яшчэ падчас Першай сусветнай вайны. У 1915 годзе Аўстра-Венгерская імперыя адкрыла першыя канцэнтрацыйныя лагеры на тэрыторыі Босніі і Герцагавіны для ўтрымання сербаў. У 1914 годзе з'явіўся канцлагер для інтэрнаваных у Талергофе, недалёка ад аўстрыйскага Граца. Там утрымлівалі тых, каго падазравалі ў сімпатыях да Расейскай Імперыі.

Такім чынам, Бяроза-Картузская не была першым падобным лагерам у Еўропе. 

Фэйк №3: Расейцы атрымалі рэкордную колькасць шэнгенскіх віз 

Дата фэйка: 31.08.2023

У беларускіх перавозчыкаў няма праблем з паездкамі ў Еўропу, распавяла старшыня Асацыяцыі прафесійных перавозчыкаў пасажыраў Беларусі Кацярына Станкевіч 31 жніўня ў эфіры АНТ. Яна заявіла, што заходнія краіны толькі палохаюць абмежаваннямі, пра што сведчыць рэкордная колькасць шэнгенскіх віз, выдадзеных расейцам.  

«Такая жалезная заслона, так страшна жыць. Але... Колькасць віз... Рэкорд — гэта расейцы, якія атрыманыя ад Еўразвязу. А з 1 верасня яшчэ і Фінляндыя адкрывае», — распавяла яна.

Гэта няпраўда. Фінляндыя пачала прымаць дакументы расейцаў толькі на візы па асаблівых выпадках. Напрыклад, на ўз'яднанне з сям'ёй, атрыманне віду на жыхарства, выезд па гуманітарных прычынах. Турыстычных і прыватных віз гэта не тычыцца. 

Не было і рэкорду па выдачы шэнгенскіх віз расейцам. Калі ў 2019 годзе, да вайны і пандэміі, расейцы атрымалі 4 млн віз — тады яны сапраўды лідаравалі сярод усіх краін, то ў мінулым толькі каля 600 тысяч. Гэта значыць у шэсць разоў менш. 

Фэйк №4: Беларусы ездзілі «на закупы» толькі ў 90-х

Дата фэйка: 6.09.2023

Паездкі грамадзян па пакупкі ў суседнія краіны — зневажальныя для ўлады. Беларусы не робяць гэтага апошнія пару дзесяцігоддзяў, заявілі ў эфіры тэлеканалу «Беларусь 1» 6 верасня палітычны аглядальнік Андрэй Сыч і вядоўца Вікторыя Папова.

— А вось гэтыя вось карцінкі, напрыклад, якія мы ў тым ліку назіраем ва ўсіх сацыяльных сетках: прыбалты на машынах з прычэпамі, якія вугаль вязуць з Беларусі. Гэта наколькі з пункту гледжання палітычнага піяру наносіць страты іх уласным уладам — калі ваш народ выбірае ўсё ж такі ездзіць па закупы ў іншую дзяржаву. Яны працяглы час гэтым прыніжалі наша грамадства і наш урад, тым, што беларусы ў нейкія перыяды часу ездзілі ў Польшчу па закупы, — сказаў Сыч.

— У 90-я гэта было, — удакладніла вядоўца. 

На самай справе беларусы ездзілі ў Польшчу па пакупкі не толькі ў 90-я. У 2013 годзе нашы суграмадзяне пакінулі ў польскіх крамах рэкордны мільярд долараў. Каб палегчыць шопінг беларусам, Польшча нават увяла спецыяльную візу «на закупы» (na zakupy — пераклад з польскай мовы «па пакупкі»), якую скасавалі толькі ў 2019 годзе.

Каманда Weekly Top Fake вывучыла статыстыку за апошнія гады і высветліла, што тэндэнцыя рабіць пакупкі ў суседніх краінах у беларусаў захоўваецца і цяпер, хоць і ў меншых маштабах праз складанасці з атрыманнем віз.

За тры апошнія месяцы 2018 года беларусы выдаткавалі ў Польшчы больш за 600 млн злотых (па курсе таго часу — каля $160 млн). За той жа перыяд 2019 года, пасля скасавання віз «на закупы» — крыху менш за 600 млн злотых, а летась — 278,6 млн злотых.

Палякі ж у гэты час пакінулі ў Беларусі ў дзясяткі разоў менш. За апошні квартал 2019 года — каля $6 млн, 2022-га — крыху больш за $1 млн.

Фэйк №5: Камандзіраў НАТА ахапіла «эпідэмія дзіўных смерцяў» 

Дата фэйка: 28.08.2023

Гэтым летам заходнія медыі паведамілі пра некалькі смерцяў высокапастаўленых вайскоўцаў NATO. На расейскім тэлеканале РЕН ТБ у сюжэце ад 28 жніўня намякнулі, што загінулі яны не пры тых абставінах, якія паказваюцца афіцыйна, а ва Украіне.

«На Захадзе працягваецца эпідэмія дзіўных смерцяў высокапастаўленых генералаў, і мінулы тыдзень не абышоўся без выпадкаў раптоўнай гібелі. Так напрыклад, Генерал Жан-Люі Жаржэлен, былы начальнік Генштабу ўзброеных сіл Францыі ... па неасцярожнасці зваліўся са скалы дзесьці ў Пірэнэях. <...>

Амаль адначасова французскае выданне Le Figaro паведаміла пра гібель адразу двух іншых высокапастаўленых афіцэраў УС Францыі — гэта Нікаля Лятур і Батыст Гошо з 19-га інжынернага палка. Прычына таксама без перабольшання вельмі экзатычная — ДТЗ у Іраку. І гэта нават не кажучы пра тое, што ўсе французскія сілы афіцыйна пакінулі краіну яшчэ ў 2020 годзе. Што яны там рабілі ў Іраку?

А вось што сапраўды цікава, гэта даты смерцяў усіх трох вайскоўцаў. Яны дзіўным чынам як раз прыйшліся на дзень расейскага прылёту па штабе УСУ. Вось перад вамі кадры ракетнага ўдару па абласным драмтэатры ў Чарнігаве. Там у гэты час праходзіў ваенны савет, замаскірованы пад тэатральны фестываль. Паводле інсайдаў, пад заваламі ўжо выяўленыя целы дзевяці замежных афіцэраў, імёны якіх пакуль не выдаюцца», — адзначаецца ў сюжэце.

На самай справе пра смерць экс-начальніка французскага Генштабу паведамілі раней, чым Расея нанесла ракетны ўдар па драмтэатры ў Чарнігаве. Ён адбыўся 19 жніўня аб 11:30 паводле кіеўскага часу, а пра смерць генерала Жан-Люі Жаржэлена французская прэса паведаміла а 10-й па Парыжы — за паўгадзіны да ўдару па Чарнігаве.

«Высокапастаўлены афіцэр» Батыст Гошо апынуўся сяржантам, пра яго смерць газета Le Figaro напісала ўвечары 18 жніўня, за 12 гадзін да ўдару па Чарнігаве. 

Адзіны, аб чыёй смерці стала вядома храналагічна пасля Чарнігава, — гэта прапаршчык Нікаля Лятур, якога канал РЕН ТБ таксама залічыў у «высокапастаўленыя афіцэры». Ён загінуў 20 жніўня ў Іраку.

«Новыя цікаўныя дэталі ўсплылі ў гісторыі гібелі іншага генерала НАТА — Энтані Потса, які загінуў у ліпені 2023 года ў выніку, як кажуць, пілатавання маленькага самалёта ў штаце Мэрыленд. Яго смерць дзіўным чынам прыйшлася на той дзень, калі Расея нанесла ўдар па штабе СБУ ў Днепрапятроўску», — гаворыцца далей у сюжэце РЕН ТБ.

На самой справе па Дняпры Расея ўдарыла 28 ліпеня. А Энтані Потс загінуў за тры дні да гэтага. У гэты дзень медыі паведамілі пра крушэнне самалёта ў Мэрылендзе і гібелі яго пілота, а 26 ліпеня прэса паведаміла, што загінулы пілот — менавіта Потс.

Выключная адказнасць за любы кантэнт, які падтрымліваецца Еўрапейскім фондам медыя і інфармацыі, ляжыць на аўтары(ах), і ён не абавязкова адлюстроўвае пазіцыі EMIF і Партнёраў Фонду, Фонду Калуста Гульбенкяна і Інстытуту Еўрапейскага ўніверсітэту.

Іншыя публікацыі