Антыфэйк / фактчэк

22 лістапада 2023

Фэйкі тыдня: на Захадзе паляваць можна толькі эліце, а ў Беларусі ва ўладзе моладзь

А таксама: Латвія адбірае ў беларусаў аўтамабілі, «Чорная панна Нясвіжа» Караткевіча і продкі лідараў краін Балтыі, якія працавалі на нацыстаў. Топ-5 фэйкаў тыдня ад каманды Weekly Top Fake.

Фэйк №1: «Чорную панну Нясвіжа» напісаў Уладзімір Караткевіч

У Беларусі са школьнай праграмы прыбралі твор Уладзіміра Караткевіча «Каласы пад сярпом тваім». У ім распавядаецца пра паўстанне 1863 года пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага супраць Расейскай імперыі. Тэлевядоўца Дзяніс Дудзінскі ў эфіры ютуб-канала «Звычайная раніца» 10 лістапада, выступіў у абарону кнігі і памылкова згадаў Багдана Хмяльніцкага.

«Гэта эпахальны твор. < ... > Цэлае стагоддзе, цэлы гістарычны пласт станаўлення Беларусі, станаўлення беларускасці. Вялікая колькасць гістарычных персон, ды і Каліноўскі... І ... Хмяльніцкі... Там велізарная колькасць усяго» , — распавёў ён.

У той жа дзень Рыгор Азаронак у сваёй перадачы «Азаронак. Наўпрост» высмеяў Дудзінскага за гэта:

«Хмяльніцкі, ёпрст. Гэта геніяльна. Сядзіць, у рагавых акулярах, модны ўвесь з сябе, інтэлігенцік. І Хмяльніцкі. Ёпрст. Ніводнае стварэнне з вас не чытала “Каласы пад сярпом тваім”. З вас ніводнае стварэнне не чытала. Але сталі грудзьмі на абарону. І трасе кніжачкай увесь з сябе такі модны. Хмяльніцкі. < ... > І будуць нам тут распавядаць пра быдла, пра тое, што мы тут неадукаваныя. Вырадкі вы».

Пасля Азаронак распавёў, чаму гэтаму твору не месца ў школьнай праграме.

«Я ў 10 класе як мае быць чытаў. Ён, па-першае, велізарны. Гэта ранні раман Караткевіча. Ранні раман. Ну ён такі, шчыра, не “Чорная панна Нясвіжа”, не далейшыя яго творы», — сказаў ён.

«Чорная панна Нясвіжа» — п'еса Аляксея Дударава.

Фэйк №2: Латвія канфіскуе аўтамабілі беларусаў

У Латвіі 15 лістапада набыў моц закон, які абавязвае ўладальнікаў аўтамабіляў на расейскіх нумарах на працягу трох месяцаў вывезці аўто з краіны або паставіць яго на ўлік. У адваротным выпадку машыну канфіскуюць і перададуць Украіне.

За некалькі дзён да гэтага, 11 лістапада, супрацоўнік «СБ. Беларусь сёння» Максім Восіпаў у перадачы «Пляцоўка» на тэлеканале «Беларусь 1» заявіў, што машыны будуць адбіраць і ў беларусаў.

«Больш за пяць тысяч грамадзян Беларусі, якія працуюць у Латвіі, могуць застацца без сваіх аўтамабіляў. Беларускія нумары там не ў пашане. Машыну канфіскуюць, калі да канца года аўто не вывезуць. Ці не перарэгіструюць. Як заўважае агенцтва Baltnews, і тое, і іншае для большасці збеглых не выканальна», — распавёў ён.

Першапачаткова Мінюст Латвіі прапаноўваў канфіскоўваць аўтамабілі не толькі з расейскімі нумарамі, але і з беларускімі. Але за два з паловай тыдні да таго, як пра гэта распавёў Восіпаў, ад гэтай ідэі канчаткова адмовіліся.

«У дыскусіях з Міністэрствам замежных спраў дасягнута пагадненне, што да беларускіх аўтамабіляў гэтыя абмежаванні мы не адносім. Нам здаецца, што рэгуляванне нацыянальных санкцый нам проста не дае такога права», — заявіла 25 кастрычніка парламенцкі сакратар Міністэрства юстыцыі Латвіі Лаума Паэглькална.

Фэйк №3: Продкі лідараў краін Балтыі супрацоўнічалі з нацыстамі

Расейскія пранкеры Лексус і Ваван разыгралі эстонскага прэм'ер-міністра Каю Калас. Распавядаючы пра гэта 11 лістапада ў перадачы «Клуб рэдактараў» на «Беларусь 1» першы з іх заявіў, што продкі Калас працавалі на нацыстаў, а кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант дадаў, што з імі супрацоўнічалі і кіраўнікі Літвы:

— Дзядуля, зразумела, быў паліцаем. Усе астатнія таксама былі засвечаныя…

— Што, паліцаем быў?

— Ну, а як вы думалі?!

— Як і ў Літве... У Літве такая ж сітуацыя. Адзін прэзідэнт быў памочнікам нацыста, «Менскага мясніка», які вешаў людзей у Менску, а іншы прэзідэнт, Наўседа, быў памочнікам таго памочніка.

Дзеда Каі Калас звалі Уда Калас. Ён быў саксафаністам эстраднага аркестра Нацыянальнага тэлебачання і радыё Эстонскай ССР.

Верагодна, расейскі пранкер меў на ўвазе дзеда бацькі Каі. Летась у супрацы з нацыстамі яго абвінаваціла афіцыйная прадстаўніца МЗС Расеі Марыя Захарава.

«А цяпер ахтунг! Той самы тата Сійм Калас, чый дзед Эдуард Альвер быў начальнікам ваенізаванага нацыяналістычнага фармавання Кайтселийт.

У 1939-1940 гг. менавіта Кайтселійт стаў апорай прафашысцкіх настрояў у Эстоніі», — напісала яна 17 траўня 2022 года ў сваім тэлеграме (аўтарскія арфаграфія і пунктуацыя захаваныя).

Эдуард Альвер узначальваў «Кайтселійт» у 1919 годзе, калі Эстонія ваявала з Расеяй за незалежнасць. У 1921 годзе ён некалькі месяцаў быў кіраўніком сакрэтнай паліцыі Эстоніі, пасля чаго да самай смерці займаўся адвакацкай дзейнасцю. Памёр Альвер яшчэ да пачатку Другой сусветнай вайны — 15 жніўня 1939 года.

Што тычыцца літоўскага прэзідэнта, які, са слоў Івана Эйсманта, быў памочнікам «Менскага мясніка», то гаворка ідзе пра Валдаса Адамкуса.

У 2021 годзе Генпракуратура Беларусі абвінаваціла былога кіраўніка Літвы ў супрацы з літоўскім добраахвотніцкім батальёнам пад кіраўніцтвам Антанаса Імпулявічуса-Імпуленаса, які падчас вайны праводзіў карныя аперацыі на тэрыторыі Менску.

Да сярэдзіны лета 1944 года Адамкус жыў і вучыўся ў Каўнасе. У жніўні 1944 года ва ўзросце 17 гадоў ён уступіў у шэрагі «Сіл абароны Айчыны», дзе служыў у якасці перакладчыка. Гэта падраздзяленне было сфармавана для абароны Жамойці ад надыходзячай Чырвонай Арміі і не мае нічога агульнага ні з батальёнам Імпулявічуса, ні з яго злачыннай дзейнасцю.

Цяперашні літоўскі прэзідэнт Гітанас Наўседа нарадзіўся ў 1964 годзе.

Фэйк №4: У Беларусі ва ўладзе моладзь

Старшыня моладзевага парламента пры Нацыянальным сходзе Беларусі Мікіта Рачылоўскі ў эфіры «Азаронак. Наўпрост» 10 лістапада распавёў, што на Захадзе кіруюць старыя, а ў Беларусі ўсё ва ўладзе створана для моладзі.

«Для моладзі там абсалютна нічога не створана. У нас у краіне маладзёжны савет пры ЦВК створаны, маладзёжны парламент пры Нацыянальным сходзе Рэспублікі Беларусь, мноства іншых кансультатыўных саветаў па краіне ёсць, дзе моладзь можа сябе рэалізаваць. < ... > А там хто? Назавіце хоць аднаго маладога палітыка ў ЗША альбо ў Еўропе», — заявіў ён.

На Захадзе ёсць маладыя кіраўнікі дзяржаў. Напрыклад, Санна Марын узначаліла ўрад Фінляндыі ў 34 гады. Зэбаст’ян Курц стаў канцлерам Аўстрыі ў 31 год.

У Беларусі самы малады прэм'ер-міністр за ўсе гады — гэта Раман Галоўчанка. Ён стаў кіраўніком урада ў 46 гадоў.

У беларускім парламенце цяпер два маладыя дэпутаты — Марыя Васілевіч і Сяргей Клішэвіч. Ім 26 і 30 гадоў адпаведна. Гэта менш за 2% ад дэпутацкага корпусу.

У заходнееўрапейскіх краінах гэты паказнік, як правіла, вышэй — 13% у Нарвегіі, амаль 8% у Нямеччыне, амаль 6% у Францыі.

Сярэдні ўзрост парламентарыяў у Палаце прадстаўнікоў — 50,5 гадоў. Беларусь па гэтым паказніку ўваходзіць у топ-10 самых «старых» парламентаў у Еўропе.

Фэйк №5: Паляванне на Захадзе даступнае толькі эліце

Палітолаг Пётр Пятроўскі ў эфіры перадачы «Азаронак. Наўпрост» 13 лістапада распавёў, што паляўнічым у Еўропе стаць вельмі складана.

«У многіх краінах Захаду, у той жа Нямеччыне, у Францыі, асабліва ў Вялікай Брытаніі, аб’яднанне паляўнічых — гэта элітарная, закрытая ледзь там ні ложа. Ты туды хочаш пракрасціся, ты заплаці сумы велізарныя. Ты павінен быць сваяком такога, такога ці такога», — заявіў ён.

У Беларусі зарэгістравана каля 90 тысяч паляўнічых, было 100 тысяч. За права паляваць штогод трэба плаціць дзяржмыту — 37 рублёў. 

Актыўных паляўнічых у Беларусі 38 тысяч. Гэта адзін паляўнічы на 247 чалавек насельніцтва.

На сайце jagdverband.de апублікаваная статыстыка па колькасці паляўнічых на колькасць насельніцтва па краінах Еўропы за 2020 год. У большасці краін гэты паказнік вышэйшы, чым у Беларусі. У Нямеччыне адзін паляўнічы прыпадае на 216 жыхароў, у Вялікай Брытаніі — на 165, у Францыі — на 51.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі

Лукашэнка VS Наўседа: каму намалявалі 80% галасоў выбаршчыкаў. Разбіраем заяву Васкрасенскага
Антыфэйк / фактчэк

Лукашэнка VS Наўседа: каму намалявалі 80% галасоў выбаршчыкаў. Разбіраем заяву Васкрасенскага

Юрый Васкрасенскі выказаў меркаванне, што на выбарах, якія маюць адбыцца, Аляксандр Лукашэнка атрымае больш за 80% галасоў дзякуючы дысцыпліне і згуртаванасці...

26 лістапада 2024 Чытаць
«ЖС Premium»: Школьнікі ў Дзень незалежнасці Польшчы выканалі гімн УПА, пад які «рэзалі іх продкаў». Высветлілі, хто, калі і што праспяваў
Антыфэйк / фактчэк

«ЖС Premium»: Школьнікі ў Дзень незалежнасці Польшчы выканалі гімн УПА, пад які «рэзалі іх продкаў». Высветлілі, хто, калі і што праспяваў

Дырэктарка школы, пра якую напісаў «ЖС Premium», на старонцы ўстановы ў фэйсбуку патлумачыла, што апублікаваны запіс — стары.

25 лістапада 2024 Чытаць