Антыфэйк / фактчэк

25 студзеня 2023

Фэйкі тыдня: Загадкавая смерць памочніка Байдэна

Насамрэч Фрэнсіс Андэрвуд — гэта персанаж Кевіна Спэйсі ў серыяле House of Cards ад кампаніі «Нэтфлікс».

«Памочнік прэзідэнта ЗША Джо Байдэна знойдзены мёртвым у прыгарадзе Вашынгтона. Асноўная версія гібелі — самагубства. Вядома, што Фрэнсіс Андэрвуд прымаў антыдэпрэсанты і пакутаваў біпалярным засмучэннем апошнія гады. Таксама вядома, што ён быў адным з тых, хто выявіў сакрэтныя дакументы ў гаражы Джо Байдэна», — паведамілі тэлеграм-каналы АНТ і газеты «Мінская праўда».

Аднак адзіная крыніца гэтай інфармацыі — расейскі тэлеграм-канал з адрасам @verysexydasha. Пры гэтым праілюстравала Веры сэксі Даша гэтую «сенсацыйную навіну» старым фотаздымкам, апублікаваным яшчэ ў 2015 годзе ў нататцы аб стральбе ў штаце Джорджыя.

З гэтай фатаграфіяй апублікавалі гэтую «навіну» і тг-каналы АНТ і «Мінскай праўды». Пры гэтым ніводнае амерыканскае медыа аб загадкавай смерці памочніка Байдэна не паведамляла. Больш за тое — у Інтэрнэце няма ніводнай згадкі пра існаванне памочніка прэзідэнта ЗША па імені Фрэнсіс Андэрвуд.

Насамрэч Фрэнсіс Андэрвуд — гэта персанаж Кевіна Спэйсі ў серыяле House of Cards ад кампаніі «Нэтфлікс».

NETFLIX
Крыніца: NETFLIX / Planet / Forum

Ціханаўская склала з сябе паўнамоцтвы прэзідэнта

Святлана Ціханоўская склала з сябе паўнамоцтвы прэзідэнта Беларусі, паведаміў тэлеграм-канал «Магілёўскія навіны» і працытаваў нібыта яе заяву:

«Вымушана канстатаваць, што маё з'яўленне апярэдзіла час. Народ Беларусі не гатовы да дэмакратыі. Я не ўбачыла той падтрымкі, на якую разлічвала. Народжаныя поўзаць летаць не могуць. Наш час прыйдзе, калі памрэ апошні чалавек з савецкім мысленнем».

Насамрэч, дзяржмедыя ў чарговы раз рэтранслявалі чужы жарт, выдаўшы яго за рэальную навіну. Першакрыніца «заявы Ціханаўскай» — сатырычны тэлеграм-канал пад назвай «Палітычны гумар». Аднак ні назва канала, ні хэштэгі #жарт #гумар і #сарказм пад гэтым постам рэдактараў «Магілёўскіх навін» не збянтэжылі — сваім чытачам яны паднеслі гэтую «заяву» на поўным сур'ёзе.

На сусветны эканамічны форум не паклікалі Кітай

Сусветны эканамічны форум у Давосе ўжо не той, што быў раней, сцвярджае тэлеканал ОНТ. Нібыта на ім не было ні сусветных лідараў, ні Расіі, ні Кітая.

«Наогул форум паказальна прайшоў. Яны гавораць, што самае галоўнае — беспрэцэдэнтная колькасць бізнесменаў на гэты раз прыехала. Але з сусветных лідэраў —  Шольц, хаця яго ўжо з нацяжкай можна назваць сусветным лідэрам. Байдэна не было. Расіі і Кітая не было».

А тэлеграм-канал «Дарэчы» сцвярджае, што «заходнім краінам не далі асудзіць Расею на G20 і яны вырашылі гэта зрабіць на эканамічным форуме, куды спецыяльна не паклікалі расейскіх і кітайскіх бізнесменаў». У выніку эканамічны форум нібыта ператварыўся ў «ідэалагічны з'езд НАТА».  

Насамрэч, акрамя Шольца быў яшчэ прэзідэнт Паўднёвай Карэі, а таксама прэм'ер-міністры Марока, Іспаніі, Фінляндыі і іншых краін. Беларусь на форуме прадстаўляла Святлана Ціханоўская. Байдэна сапраўды не было, як і ў мінулым годзе, але амерыканскія прэзідэнты і раней наведвалі Давоскі форум не так часта: Трамп — двойчы ў 2018 і 2020 гадах, Клінтан — аднойчы ў 2000 годзе, а Барак Абама, Джордж Буш - малодшы і Джордж Буш - старэйшы і зусім не наведвалі яго будучы прэзідэнтамі ЗША.

Не было на Сусветным эканамічным форуме ў Давосе і Расіі — з-за заходніх санкцый. А вось Кітай быў — у асобе віцэ-прэм'ер Дзяржсавета КНР Лю Хэ. Ён выступіў там з прамовай аб тым, што іх краіна адкрытая для замежных інвестыцый. І нават правёў у Швейцарыі сустрэчу з міністрам фінансаў ЗША.

А адсутнасць кітайскіх бізнесменаў у Давосе тлумачыцца тым, што ў Кітая свой падыход да барацьбы з новай хваляй ковіда — у іх усё яшчэ лакдаўны, якія з-за пратэстаў толькі крыху аслабілі.

Амерыканскія дзеці ідэнтыфікуюць сябе як звяроў

«Амерыканскае вар'яцтва не абмяжоўваецца легалізацыяй розных палавых вычварэнстваў. У дзяцей і падлеткаў, тых, каго ніякім чынам не хвалюе іх гендэрная прыналежнасць, зараз новая забаўка. Яны ідэнтыфікуюць сябе як звяроў. На гэта звярнуў увагу амерыканскі сенатар Брус Бастэльман», — распавядае тэлеканал «Беларусь-1».

Як доказ у сюжэце прыводзяць словы Бостэльмана:

«Я крыху шакаваны. Гэта называецца фуррыі. Для тых, хто не ведае, што такое фуррі, гэта калі школьнікі пераапранаюцца ў жывёл, катоў ці сабак прама падчас вучобы. Яны мяўкаюць ці брэшуць і такім чынам маюць зносіны з аднакласнікамі ці настаўнікамі. А цяпер школы хочуць устанавіць латкі для такіх дзяцей. Няўжо гэта адпавядае санітарным нормам? Як школы ўвогуле маглі дазволіць каб такое адбылося».

СТВ таксама не змагло прайсці міма такой тэмы, вуснамі Яўгена Пуставога палохаючы тэлегледачоў, што «калі такой будучыні яны хочуць для сваіх дзяцей і ўнукаў, то праўнукаў ужо не будзе».

І нават Оскар Кучэра выказаўся пра гэта ў сваім нашумелым інтэрвію Юрыю Дудзю.

«Ты можаш быць лесбіянкай. Пытанняў няма. Але калі ў цябе зязюля паехала і ты адчуваеш сябе сабачкам, мне здаецца гэта крышку ў вар'ятскі дом».

Брус Бостэльман сапраўды ўсё гэта сказаў у сакавіку 2022 года, але ўжо праз некалькі гадзін папрасіў прабачэння за свае словы. Пра гэта паведаміла  сенатар ад штата Небраска Меган Хант.

«Сенатар Бостэльман толькі што зноў узяў мікрафон, каб сказаць, што ён і старшыня камітэта па адукацыі звязаліся з некаторымі школамі і выявілі, што яны *не * падаюць латкі  для туалета для фуррі. Ён просіць прабачэння перад фуррі », — напісала яна ў Твітар.

Аднак тое, што Бостэльман узяў свае словы назад, а чуткі пра дзяцей-жывёл абвяргаліся яшчэ да заяваў сенатара не перашкодзіла беларускаму тэлебачанню выдаць фэйк за праўду амаль праз год пасля яго абвяржэння.

Еўрапейскі турбізнес нясе страты, а беларускі квітнее

Беларусь становіцца папулярным турыстычным напрамкам, а еўрапейскія тураператары нясуць страты. Артыкул з такім загалоўкам і сэнсам выйшаў на сайце «СБ Беларусь Сегодня».

«Па папярэдніх прагнозах, ад палітыкі «зачыненых дзвярэй» еўрапейскі турбізнес у мінулым годзе страціў больш за 20 мільярдаў еўра. Значныя страты нясуць Іспанія, Грэцыя, Кіпр, Італія, Балгарыя і Фінляндыя. У прыватнасці, Інстытут турызму Іспаніі ўжо аб'явіў аб стратах, роўных прыблізна 1,4 мільярда еўра. Уладальнікі турыстычнай інфраструктуры з сумам  успамінаюць аб былых прыбытках».

Насамрэч інфармацыя пра страчаныя 20 мільярдаў еўра не адпавядае рэчаіснасці. Па дадзеных Сусветнай турысцкай арганізацыі, вынікі турыстычнага года ў Еўропе перасягнулі ўсе чаканні. Трафік турыстаў дасягнуў 80% дапандэмійнага ўзроўню, гэта самы ўдалы год пасля 2019-га. 

Па колькасці начлегаў турыстаў у Еўропе да ўзроўню 2019 не хапіла ўсяго нічога  —  толькі 5 працэнтаў. Хутчэй за ўсё нарасцілі свой турыстычны паток замежных турыстаў Данія, Харватыя і Люксембург, больш складана прыйшлося Літве, Латвіі і Славакіі.

Расейцаў на замежных курортах сапраўды не далічыліся. Але, напрыклад, гэта не перашкодзіла Іспаніі зарабіць на турызме нават больш, чым у 2019 годзе.

А вось у Расіі, у параўнанні з 2019 годам, турызм асеў моцна. Летась замежнікі здзейснілі туды каля 10 мільёнаў паездак. Гэта ў 2 з паловай разы менш, чым у 19 годзе.

Што датычыцца Беларусі — колькасць замежных грамадзян, якія наведалі Беларусь у 2019 годзе склала больш як 4 млн. 924 тыс. А за 10 месяцаў 2022 года Беларусь наведалі толькі 1 мільён 163 тысячы іншаземцаў. Атрымліваецца, што турызм асеў у нас амаль у 4 разы, хаця летась і назіраўся невялікі (менш чым на чвэрць) рост. 

Такім чынам, турызм у Беларусі аднаўляецца ў разы больш павольна, чым у Еўропе.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі