«Усе свабодныя краіны (Расея і Беларусь), у якіх ёсць плюралізм меркаванняў і існуе разнастайнасць крыніц інфармацыі, дзень троляць Зяленскага, які зрабіў выгляд, што наведаў сёння ваенны шпіталь. Высветлілася, што на відэа загінулая 26 лютага жанчына, а значыць гэтае відэа дасталі з «падвала», каб зрабіць выгляд, што Зяленскі ў Кіеве. Але! Амерыканскаму тэлегледачу гэтага ведаць не належыць. Foxnews ніколі пра гэта не раскажа!», – напісалі ў тэлеграм-канале АТН.
Тут трэба растлумачыць, што Уладзімір Зяленскі выклаў на сваім афіцыйным ютуб-канале відэазапіс, як ён наведвае ў шпіталі параненых салдат ЗСУ. Украінскі дэпутат Ілля Ківа ў адказ заявіў, што на відэа побач з Зяленскім ідзе ваенны медык Іна Дзярусава. А гэтага быць не можа, бо жанчына загінула 26 лютага 2022 года. Значыць, робіць заключэнне Ківа, відэа знята загадзя, а Зяленскі не ў Кіеве.
Расейскія і беларускія СМІ паспяшаліся гэта перадрукаваць як сенсацыю. Але аказалася, што не ўсё так проста. Ваенны медык Іна Дзярусава загінула ў званні сяржанта. А на відэа, мяркуючы па пагонах, жанчына-генерал. Іх не так шмат ва Украіне, каб не высветліць, што побач з Зяленскім генерал медычнай службы Таццяна Асташчанка. Яна камандуе Медычнымі сіламі ЗСУ. Вонкава таксама падобная. Значыць, відэа аказалася праўдзівым.
Палякі збілі ўкраінскіх уцекачоў
Супрацоўніца тэлеканала «Беларусь-1» Ксенія Лебедзева расказала, як у свеце не любяць украінскіх бежанцаў. А ў польскім горадзе Пшэмысле, паводле яе слоў, іх нават збіваюць.
«Групы варожа настроеных польскіх грамадзянаў самаарганізаваліся, каб патлумачыць украінцам, хто гаспадар у краіне, куды яны прыехалі. Польская паліцыя папрасіла ўкраінцаў не пакідаць у мэтах бяспекі вакзал.
- Мы ішлі да нашых аўтамабіляў, каб вярнуцца дадому. Нас спынілі нейкія людзі і сказалі вяртацца назад у цягнік, каб мы кінулі краіну. Мы вярнуліся, хацелі пачакаць калі яны сыдуць, але яны дашлі зноў і збілі нас.
Гэта хлопцы з нямецкага аддзялення арганізацыі Humanity First. Яны аказвалі дапамогу бежанцам з Украіны. За гэта іх і пакаралі».
Звярніце ўвагу, што Лебедзева каментуе відэа, размешчанае на фэйсбуку польскага СМІ оkо.press. Мы вывучылі арыгінальны запіс. Аказалася, што карэспандэнт за кадрам расказвае, што на яе вачах з агрэсіяй сутыкнуліся людзі са смуглявай скурай, а не ўкраінцы.
«Раней мы бачылі групу з некалькіх дзясяткаў мужчын, якія амаль напалі на траіх мужчын са смуглай скурай»
Пра тое, што да нямецкіх валанцёраў польскія нацыяналісты прымянілі гвалт з-за таго, што яны дапамагалі бежанцам з Украіны, у відэа няма ні слова. Аказалася, што гэта выключна фантазіі Ксеніі Лебедзевай.
Больш за тое, на сайце оkо.press у артыкуле «6-ы дзень на мяжы. Шмат дапамогі, хваля расізму» польскія журналісты паспрабавалі растлумачыць матывы такіх паводзін.
Высветлілася, што ў Пшэмысл разам з украінцамі прыбывае шмат людзей з цёмным колерам скуры - гэта замежнікі, якія знаходзіліся ва Украіне і зараз яны хочуць вярнуцца дадому. І пасля таго, як нейкі цемнаскуры мужчына напаў на прадаўца ў краме, мясцовае насельніцтва пачало ставіцца да іх з асцярогай. Гэтае паведамленне і актывізавала нацыяналістычныя групы ў горадзе.
Да саміх жа ўкраінцаў, насуперак сцвярджэнням Лебедзевай, у Пшэмысле актыўна дапамагаюць.
Беларускае і ўкраінскае войска - наймацнейшыя ў Еўропе
Беларускі дэпутат Алег Гайдукевіч заявіў, што ведае прычыну, чаму Расея не магла планаваць захоп Украіны за тры дні.
«Між іншым, Украіна за гэтыя гады яе так напампавалі зброяй, гэта наймацнейшае войска Еўропы».
А потым падумаў і дадаў: «У іх наймацнейшае войска Еўропы. У нас войска наймацнейшае ў Еўропе таксама».
Згодна з рэйтынгам Global Firepower украінская армія на пачатак 2022 года знаходзілася на 22 месцы ў свеце па ваеннай моцы. З еўрапейскіх краін яе мацнейшай як мінімум Францыя, Вялікабрытанія, Італія, Германія, Іспанія. Гэта значыць, насуперак словам Гайдукевіча, Украіна не мацнейшая ў Еўропе.
Беларусь назваць наймацнейшай у Еўропе яшчэ складаней. Таму што наша краіна па вайсковай моцы на 52 месцы ў свеце. А ў Еўропе, акрамя вышэйпералічаных краін і Украіны, яна яшчэ слабейшая за Партугалію, Чэхію, Румынію, Нідэрланды, Нарвегію, Швейцарыю, Грэцыю, Швецыю і Польшчу.
На Захадзе ў два разы выраслі кошты на бензін
Супрацоўніца тэлеканала «Беларусь-1» Марыя Петрашка прыкметна перабольшыла рост коштаў на бензін у Еўропе пасля ўвядзення санкцый у дачыненні да Расіі.
«Кошты на бензін выраслі ўдвая. І дарэчы гэта не толькі ў Нямеччыне такая змена і перамога. І гэта яшчэ Расея контрсанкцыі не рабіла».
Рост коштаў пасля санкцый і сапраўды ёсць. Але ўдвая - гэта Петрашка загнула.
Максімум, на які падскочылі кошты на АЗС у Еўропе за апошні месяц - гэта плюс 25%. Як, напрыклад, у Нямеччыне. На 11 сакавіка літр 95 бензіну там каштаваў у сярэднім 2 еўра 19 цэнтаў, а месяц таму - 1 еўра 74 цэнтры. У той жа час у Вялікабрытаніі рост склаў усяго плюс 5 працэнтаў.
Радзільня, якая трапіла пад абстрэл у Марыупалі даўно не працавала
Вялізную хвалю фэйкаў на мінулым тыдні выклікала бамбёжка дзіцячай бальніцы і радзільні ў Марыупалі. Беларускія і расійскія СМІ і тэлеграм-каналы сцвярджалі, што радзільны дом даўно не працаваў, таму пацярпелых там быць не можа. Усе пацярпелыя - гэта фэйк.
Так, тэлеграм-канал «Жоўтыя слівы», як жалезны доказ, прыводзяць словы нейкага жыхара Крыма ў інтэрв'ю Стужцы.ру.
«Ігар распавёў, што ў апошнія дні лютага ў радзільню, дзе працуе ягоная маці, прыйшлі людзі ў форме. Ён не ведае, ці былі гэта байцы ВСУ або нацыяналістычнага батальёна «Азоў» (забаронены ў РФ). Ваенныя збілі ўсе замкі, разагналі персанал радзільнага дома, а ў будынку зладзілі агнявыя кропкі, каб, як яны патлумачылі медыкам, падрыхтаваць да абароны “крэпасць Марыупаль”».
Пра які радзільны дом ідзе гаворка, Лента.ру не ўдакладняе. А між тым у Марыупалі тры радзільныя дамы - радзільны дом №1, 2 і радзільнае аддзяленне былой бальніцы №3.
Расійскі Першы канал тыражуе тлумачэнне міністра замежных спраў Расіі Сяргея Лаўрова.
«На паседжанні Рады Бяспекі ААН былі прад'яўленыя факты нашай дэлегацыяй аб тым, што гэты радзільны дом даўно захоплены батальёнам «Азоў» і іншымі радыкаламі, адкуль выгналі ўсіх парадзіх, усіх медсясцёр і наогул увесь абслуговы персанал, гэта была база ультрарадыкальнага батальёна. Гэтыя дадзеныя былі прад'яўлены тры дні таму. Таму рабіце высновы самі, якім чынам маніпулююцца грамадскія думкі ва ўсім свеце».
І далей дэманструе тыя самыя даныя, якія былі прад'яўлены раней пастаянным прадстаўніком Расіі Васілём Небензям на пасяджэнні Савета Бяспекі ААН 8 сакавіка.
«Мясцовыя жыхары паведамляюць, што, выгнаўшы ўвесь персанал радзільнага дома горада Марыупаль, ВСУ абсталявалі ў ім агнявую пазіцыю».
А зараз паглядзім гэты момант выступу пастпрэда на відэа, якое размешчана на афіцыйным youtube-канале Пастаяннага прадстаўніцтва Расіі пры ААН.
«Мясцовыя жыхары паведамляюць, што, выгнаўшы ўвесь персанал радзільнага дома №1 горада Марыупаль, ВСУ абсталявалі ў ім агнявую пазіцыю».
Аказваецца, Першы канал выразаў са слоў Небензі нумар радзільнага дома, дзе па звестках Расіі былі абсталяваны агнявыя пазіцыі. Гэта значыць, нават калі верыць словам пастпрэда РФ пры ААН, ВСУ абсталявалі сабе пазіцыі ў радзільным доме №1 Марыўпаля. А разбамбілі расіяне радзільнае аддзяленне 3-й бальніцы.
У тым, што пацярпеў не першы радзільны дом, таксама сумненняў няма. Раддом №1 у Марыупалі выглядае вось так і знаходзіцца на Металургічнай вуліцы. А радзільнае аддзяленне бальніцы №3 цяпер уваходзіць у склад Марыупальскага тэрытарыяльнага медыцынскага аб'яднання "Здароўе дзіцяці і жанчыны" і знаходзіцца на праспекце Міра. Вось яго фота. Па характэрных яркіх будынках бачна, што пацярпела менавіта былая 3-я бальніца.