Антыфэйк / фактчэк 19 лютага 2025

Макрон дэманстратыўна не паціснуў руку прэм'еру Індыі? WTF і праўладныя медыі ўбачылі рознае на адным відэа

Каманда WTF знайшла арыгінальнае відэа Associated Press.

Напачатку саміту па штучным інтэлекце ў Парыжы прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон дэманстратыўна не павітаў прэм'ер-міністра Індыі Нарэндру Модзі, распавялі беларускія і расейскія медыя. Некаторыя спаслаліся на відэа Associated Press. Каманда Weekly Top Fake знайшла яго арыгінал і высветліла, чаму Макрон не паціснуў руку Модзі. 

У Парыжы 10-11 лютага 2025 года прайшоў саміт, прысвечаны развіццю штучнага інтэлекту. У ім узялі ўдзел прадстаўнікі больш як 60 краін свету. Па выніках двух дзён яны заключылі пагадненне развіваць этычны і адкрыты штучны інтэлект, даступны ўсяму насельніцтву планеты. Не падпісалі яго ЗША і Вялікая Брытанія, заявіўшы, што жорсткае рэгуляванне тэхналогіі можа яе знішчыць. 

Распавядаючы пра гэтую падзею, некаторыя расейскія і беларускія медыі звярнулі ўвагу, што на мерапрыемстве прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон не паціснуў руку прэм'ер-міністру Індыі Нарэндру Модзі

«На трансляцыі Associated Press зафіксавалі момант, як прэзідэнт Францыі Эманюэль Макрон праігнараваў прэм'ер-міністра Індыі Нарэндру Модзі на саміце ў Парыжы па штучным інтэлекце і не паціснуў яму руку. <...> Макрон, як было бачна на трансляцыі, пры гэтым павітаўся з іншымі ўдзельнікамі саміту», — напісала 11 лютага БелТА са спасылкай на РИА «Новости». 

Сярод іншых расейскіх медыяў, якія апублікавалі гэтую ж інфармацыю, — «Аргументы и факты» і РБК. Відэа з лагатыпам апошняга выкарыстоўвалі аўтары тэлеграм-каналу «ЖС Premium» у посце з аналагічным зместам:

«На кадрах бачна, як французскі прэзідэнт павітаў віцэ-прэзідэнта ЗША Джэй Дзі Вэнса, Генеральнага сакратара ААН Антонью Гутэрыша, прэм'ер-міністра Канады Жустэна Трудо, нават абмяняўся слінявымі пацалункамі з кіраўніцай Еўракамісіі Урзуляй фон дэр Ляен, але дэманстратыўна не стаў вітаць прэм'ера Індыі».

На відэа бачна, што Эманюэль Макрон сапраўды абышоў прэм'ера Індыі бокам, калі вітаў удзельнікаў саміту. 

Пост з такім жа зместам у той жа дзень апублікавалі і аўтары тэлеграм-каналу «Невальфовіч».

Каманда WTF знайшла арыгінальнае відэа Associated Press. Калі паглядзець яго спачатку, відаць, што Макрон і Модзі прыйшлі на саміт разам, яны — сустаршыні гэтага мерапрыемства. 

Пасля саміту Макрон зладзіў прыватную вячэру для прэм'ер-міністра Модзі, яны наведалі Марсэль, каб адкрыць там Генеральнае консульства Індыі. Індыйская прэса назвала стасункі двух лідараў «выдатнымі».

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Гігін патлумачыў перамогі «Альтэрнатывы для Нямеччыны» патрабаваннем спыніць дапамогу Украіне. Выбарцы называлі іншыя прыярытэты
Антыфэйк / фактчэк Гігін патлумачыў перамогі «Альтэрнатывы для Нямеччыны» патрабаваннем спыніць дапамогу Украіне. Выбарцы называлі іншыя прыярытэты
Нават падтрымка пазіцыі партыі супраць паставак зброі не азначае, што менавіта гэтае пытанне вызначыла выбар яе прыхільнікаў.
31 кастрычніка 2026 Чытаць
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць