Антыфэйк / фактчэк

12 жніўня 2022

Фэйкі тыдня: страх галоднай зімы гоніць палякаў у Беларусь за пакупкамі

Пагранкамітэт падвёў вынікі першага месяца дзеяння бязвізу для грамадзян Польшчы.

З-за палякаў на польска-беларускай мяжы вялізныя чэргі. Пра гэта расказвае ў сваіх навінах тэлеканал СТВ:

«Усё больш інфляцыя паскараецца ў Польшчы. У чэрвені яна наблізілася да 16%. Хаця, па прагнозах аналітыкаў такіх значэнняў паказнік павінен быў дасягнуць толькі ў жніўні. Страх галоднай зімы гоніць палякаў за пакупкамі ў Беларусь. Вялізныя чэргі на выезд у нашу краіну назіраюцца з пятніцы. Відавочцы пішуць, што жыхары суседняй дзяржавы гатовы праводзіць у дарозе некалькі сутак, каб купіць беларускія прадукты. Нагадаем, што з 1 ліпеня Беларусь увяла бязвізавы рэжым для польскіх грамадзян, чым актыўна і карыстаюцца нашыя суседзі».

Пагранкамітэт якраз падвёў вынікі першага месяца дзеяння бязвізу для грамадзян Польшчы. За ліпень Беларусь наведалі 2224 палякі. У сярэднім атрымліваецца па 75 чалавек за суткі. Паміж Беларуссю і Польшчай зараз працуюць два пагранпераходы. Значыць, праз кожны, груба кажучы, штодзень праязджае 35-40 палякаў.

Цікава, што прапускная здольнасць пункта пропуску «Бераставіца» складае 900 легкавых аўтамабіляў, пункта пропуску «Брэст» – 1700 легкавых аўтамабіляў у суткі ў адным напрамку. Гэта значыць, 2600 аўтамабіляў, якія ўязджаюць, два пагранпераходы могуць абслужыць без праблем. І тыя самыя 75 палякаў не павінны былі стварыць там такія сур'ёзныя чэргі, пра якія расказвае СТВ.

Таксама мы параўналі цікавасць да беларускага бязвізу з боку палякаў і жыхароў Літвы і Латвіі. Для прыбалтаў ён пачаў працаваць яшчэ 15 красавіка. І тады за першы месяц бязвізу Беларусь наведалі ажно 22,5 тысячы літоўцаў – то бок у 10 разоў больш, чым палякаў. І амаль 13 тысяч жыхароў Латвіі – гэта значыць у 6 разоў больш, чым палякаў.

Літва прайграла інфармацыйную вайну 

Больш за 350 тысяч літоўцаў ужо наведалі Беларусь дзякуючы бязвізу, заявіла літоўская актывістка Эрыка Швянчэнене ў інтэрв'ю супрацоўніцы газеты «СБ. Беларусь сегодня» Людміле Гладкай. 

«Гэта ўсё прывяло да таго, што інфармацыйную вайну нашыя ўлады тут прайгралі. Таму што больш за 350 тысяч літоўцаў наведалі Беларусь. І яны ведаюць, што там людзі не галадаюць, што яны абуты, апрануты, усміхаюцца».

Аднак у беларускага памежкамітэта, які вядзе такі ўлік, іншая інфармацыя. Па ягоных дадзеных, з моманту ўвядзення бязвізу для грамадзян Літвы, а гэта значыць з 15 красавіка 2022 года, Беларусь наведала толькі 103 тысячы літоўцаў. Гэта значыць, у тры разы менш, чым налічыла Эрыка.

У Беларусі растуць пасяўныя плошчы

У Еўропе растуць кошты на прадукты харчавання, а ў Беларусі растуць пасяўныя плошчы, заявіў палітычны аглядальнік газеты «СБ. Беларусь сегодня» Максім Осіпаў у перадачы «Пляцоўка» на тэлеканале «Беларусь-1». Доўга пералічваючы на што выраслі кошты ў Польшчы і краінах ЕС, ён зусім не заўважыў павышэння коштаў на прадукты харчавання ў сваёй краіне. 

«Пакуль па ўсім ЕС растуць цэны і дэфіцыт прадуктаў, у Беларусі, якая зрабіла стаўку на харчовую бяспеку, расце іншае - ураджайнасць і плошчы пасеваў. А таксама без таго не падаў узровень свядомасці і дысцыпліны ў вёсцы». 

Што да дысцыпліны і свядомасці на сяле, то Осіпаў відавочна пагарачыўся. Не паспеў ён гэта вымавіць, як яго ўжо абверг сам Аляксандр Лукашэнка, задаволіўшы разнос аграрыям за падзеж жывёлы і адсутнасць гэтай самай дысцыпліны ў вёсцы.

«Разьбясціліся да крайнасці... Жалезная дысцыпліна, публічна табе кажу. Міліцыя, войска, прымусь працаваць усіх. Каб без цябе ніхто не варухнуўся».

Тэза пра рост пасяўных плошчаў таксама не знайшла пацвярджэння. Паводле дадзеных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, пасяўныя плошчы сельскагаспадарчых культур у Беларусі апошнія гады пяць не растуць і знаходзяцца прыкладна на адным і тым жа ўзроўні.

А вось рост коштаў у Беларусі Белстат, у адрозненне ад Осіпава, заўважыў. Без малога на 20% выраслі кошты на прадукты харчавання за апошні год. Напрыклад, садавінагародніная прадукцыя за першае паўгоддзе 22 гады падаражэла на траціну, цукар - на чвэрць, кандытарскія вырабы і марожанае на 20%, мяса на 16%, рыба і крупы на 17%.

Украіна экспартуе ўсяго 1, 5% збожжавых

Украіна нават у лепшыя часы экспартавала ўсяго 1,5 працэнта збожжавых, заявіў Аляксандр Лукашэнка. 

«Яны ў чарговы раз стварылі ну амаль фэйк. Вось Украіна, калі б маглі вывезці збожжа, голаду не было б ні ў Еўропе, ні ў Афрыцы. Пры 1, 5%, гэта ў лепшыя часы, Украіна 1,5% экспарту збожжа, 1, 5%. Гэта нішто, арыфметычная хібнасць». 

Гэта не так. З 760 млн тон пшаніцы ў свеце Украіна вырабляе 25 млн тон. Гэта крыху больш за 3% і 8 месца ў свеце па гэтым паказчыку.

Але што да гандлю пшаніцай, то па дадзеных ФАО - Сусветнай арганізацыі харчавання, Украіна на 5 месцы. У 2020 годзе яна экспартавала 18 млн. тон пшаніцы. Гэта каля 9% усяго экспарту пшаніцы ў свеце.

У экспарце кукурузы - ёй належыць 12 працэнтаў. Яна экспартуе 23 млн. тон са 190 млн. на сусветным рынку.

А яшчэ Украіне належыць 13 працэнтаў экспарту ячменю і 12 працэнтаў экспарту фуражнага збожжа. 

Так што 1,5% экспарту збожжавых, і тое ў лепшыя часы, ад Лукашэнкі - гэта хлусьня. Як ні круці, доля Украіны ў гандлі значна большая.

Еўропа перастала дапамагаць украінскім уцекачам

Украінскім уцекачам Польшча перасталі дапамагаць у шэрагу краін Еўропы, і толькі ў Беларусі іх сустракаюць як родных, сцвярджае тэлеграм-канал «Жоўтыя слівы прэміум».

«У Нямеччыне адмаўляюцца ад прыёму ўкраінскіх уцекачоў. У Чэхіі спынілі рэгістрацыю ўкраінскіх мігрантаў. У Польшчы перасталі выплачваць дапамогі.

І толькі ў Беларусі нічога не абяцалі, але працягваюць прымаюць усіх і нават даюць права паскорана атрымаць грамадзянства краіны». 

Гэтае вельмі моцнае перабольшанне. Па-першае, не Нямеччына ў цэлым адмаўляецца ад размяшчэння бежанцаў, а асобныя муніцыпалітэты і землі.

Па-другое, Цэнтр рэгістрацыі бежанцаў закрылі толькі ў Празе, а не ва ўсёй Чэхіі. У іншых рэгіёнах бежанцаў прымаюць як і раней. 

А па-трэцяе, у Польшчы бежанцы і зараз працягваюць атрымліваць дапамогу. Яны атрымаюць адзін раз па 300 злотых, плюс 500 злотых на медыкаменты і яшчэ плюс 700 злотых дапамогі на працягу трох месяцаў ад ААН, Чырвонага Крыжа ці нямецкай дабрачыннай арганізацыі. Тыя, хто аформіў іх у пачатку вайны, ужо сапраўды перасталі іх атрымліваць. Аднак сем'ям з дзецьмі Польшча працягвае выплачвае 500 злотых на кожнае дзіця штомесяц. Плюс звычайная польская дапамога на дзяцей ва ўзросце ад 1 да 3 гадоў у памеры 12 тысяч злотых на два гады. Гэта не лічачы дапаможнікі на дзіцячы сад і на падрыхтоўку да школы.

А яшчэ «Жоўтыя Слівы» сцвярджаюць, што дапамога бежанцам складала 40 злотых у дзень.

«У Польшчы перасталі выплачваць па 40 злотых у дзень (каля $12)».

Гэта не так. Польшча ніколі не выплачвала бежанцам 40 злотых за дзень. Столькі атрымлівалі палякі, якія рассялялі ў сябе бежанцаў. 

І толькі ў Беларусі бежанцам нічога не абяцалі і нічога не выплачваюць. У гэтым «Жоўтыя Слівы» не схлусілі.

Зборная ЗША па матэматыцы складаецца з кітайцаў

Вядучы канала СТВ Рыгор Азаронак апублікаваў фатаграфію ўдзельнікаў алімпіяды азіяцкага паходжання, з якой павінна вынікаць, што ЗША ўжо не тыя.

«На фота зборная ЗША па матэматыцы, якая ўпершыню за 30 гадоў перамагла Кітай». 

Насамрэч гэта ўдзельнікі ад ЗША на 49-ай міжнароднай алімпіядзе па хіміі, а не па матэматыцы. Гэта можна зразумець нават па банеры за іх спіной. І было гэта ў 2017 годзе. Тады ЗША ўпершыню ўзялі на алімпіядзе адразу 4 залатыя медалі.

Аднак гэта не азначае перамогу над Кітаем і ўвогуле над любой іншай краінай, таму што на гэтай алімпіядзе наогул не падводзяць вынікі зборных, а ацэньваюць толькі індывідуальны вынік удзельнікаў.

А што да міжнароднай алімпіяды па матэматыцы, то за апошнія 10 гадоў у рэйтынгу краін ЗША чатыры разы станавіліся першымі ў медальным заліку, а Кітай шэсць разоў. Так што перамога ўпершыню за 30 гадоў - гэта выдумка.

У Францыі забаранілі паліваць газоны з-за адсутнасці газу

У Францыі вымушаны эканоміць ваду не з-за спякоты, а з-за недахопу расійскага газу. Пра гэта заявіў вядучы перадачы «60 хвілін» на канале «Расія-1» Яўген Папоў.

«У Францыі 28 з 96 раёнаў. Там уведзены чырвоны найвышэйшы ўзровень небяспекі з-за засухі. З-за эканоміі газу практычна па ўсёй краіне грамадзянам практычна па ўсёй краіне забаронена паліваць свае газоны, мыць машыны, а фермерам загадана скараціць палівы напалову. Так званыя водныя паліцыянты патрулі - не жарт, рэальнасць».

Як газ уплывае на ўзровень вады ў рэках, Папоў не патлумачыў. Але, відаць, у Расіі ўжо лічаць, што ўсе непрыемнасці Еўропы звязаны з расійскім газам.

Больш за тое, Францыя не так шмат газу закупляе ў Расіі, каб пакутаваць ад яго адсутнасці - толькі 17% ад сваіх патрэб.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі