Антыфэйк / фактчэк

19 жніўня 2022

Фэйкі тыдня: з-за недахопу расейскага газу немцы сталі практыкаваць групавую крэмацыю

Выкрываем хлусню і прапаганду

З-за недахопу газу ў крэматорыях Германіі спальваюць па 5 цел за раз. Такой навіной парадаваў гледачоў тэлеканалу «Расея-1» вядоўца перадачы «60 хвілін» і па сумяшчальніцтве дэпутат расейскай Дзярждумы Яўген Папоў:

«У самой Нямеччыне з-за праблем з газам пачалі эканоміць нават на пахаванні. На гэтых кадрах – дзверы ў крэматорый у Дрэздэне. На дзвярах аб'ява абвяшчае, што з-за недахопу газу ў крэматорыі зараз практыкуецца калектыўную крэмацыю. Па пяць цел за адзін падыход. Потым атрыманы прах падзяляецца на пяцярых. Жах! Затое, Нямеччына ў НАТА».

Сапраўды, жахліва. Бо аказалася, што гэта фэйк. Мы патэлефанавалі ў пахавальнае бюро «Werner Billing», на дзверы якога, нібы, і вісіць гэтая абʼява. І вось, што нам сказалі:

«Гэта зусім не адпавядае рэчаіснасці, гэта фэйк. Магчыма, каб нам неяк нашкодзіць, ці проста каб узбудзіць турботу. Гэта фатаграфія, якая разыходзіцца па інтэрнэце, яна не наша і мы яе не рабілі. Яны з нашага сайта ўзялі задні фон і лагатып, і склалі з гэтага карцінку з такім вось тэкстам. Так што гэта абсалютны фэйк».

Абярыце тэгі

Абярыце даты выкрыцця фэйкаў
Тып
Тэрыторыя
Крыніца
Асобы
Тэмы

Новыя старыя татуіроўкі байца «Азава»

Вядучы тэлеканала «Расія-1» Яўген Папоў выклаў у сваім тэлеграм-канале падборку фатаграфій татуіровак, як ён сцвярджае, афіцэраў ВСУ «якіх толькі-толькі ўзялі ў палон».

«Пятнічнага вам эксклюзіва ў стужку. 

Улоў нашых доблесных спяцоў за дзень. Абодва персанажа на фота - афіцэры ВСУ. Адзін з іх - камандзір мінамётнага ўзвода.

Важна. Узялі іх у нашым глыбокім тыле «на адрасах» у Марыупалі».

Але мы заўважылі адну маленькую нестыковачку. Кагосьці з гэтых двух афіцэраў расейцы ўжо бралі. Толькі ў траўні. Калі здаўся марыупольскі «Азоў», некалькі фота з татуіроўкамі абляцелі ўвесь інтэрнэт. 

Іх складана пераблытаць і складана знайсці двайніка з такім жа наборам тату. І вось, праз тры месяцы ўладальнік гэтых татуіровак нібыта зноў затрыманы. І зноў у Марыупалі. Для гэтага «азавец» павінен быў вызваліцца з расейскага палону і зноў прабрацца ў тыл да суперніка. І гэтая нестыковачка ставіць эксклюзіўную навіну Папова пад сумнеў.

Абярыце тэгі

Абярыце даты выкрыцця фэйкаў
Тып
Тэрыторыя
Асобы
Тэмы

У Amnesty International заявілі аб ваенных злачынствах Украіны

Украінцы выкрадалі і катавалі людзей, і гэта прызнаў у сваім дакладзе Эмнесці Інтэрнэшнл, заявіў у перадачы «Клуб рэдактараў» кіраўнік тэлеканала «Беларусь-1» Іван Эйсмант.

«Палітыко піша: у якасці сталага адказу на такую крытыку варта было б сур'ёзна паставіцца да паляпшэння вайсковай практыкі і абароны грамадзянскіх, а не страляць у пасыльнага. Гаворка ідзе пра знакаміты даклад Амністы Інтэрнэшнл, які прызнаў, што ўкраінцы катавалі людзей, прыкрываліся мірнымі жыхарамі, выкрадалі. скандал выліўся. Зяленскі сказаў, што гэта ўсе памагатыя і падданыя Пуціна». 

Даклад Amnesty International пад назвай «Украінская тактыка вядзення баявых дзеянняў падвяргае небяспецы мірных жыхароў» сапраўды выклікаў рэзананс. Аднак, вось што насамрэч у ім было напісана:

«Amnesty International заявіла сёння, што ўкраінскія сілы падвяргаюць рызыцы грамадзянскае насельніцтва, ствараючы базы і прымяняючы сістэмы ўзбраення ў населеных пунктах, у тым ліку ў школах і бальніцах, адлюстроўваючы расійскае ўварванне, якое пачалося ў лютым.

Такая тактыка парушае міжнароднае гуманітарнае права і падвяргае небяспецы мірных жыхароў, паколькі ператварае грамадзянскія аб'екты ў ваенныя мэты».

Пры гэтым у дакладзе няма ні слова пра выкраданні і катаванні людзей украінскімі вайскоўцамі. Гаворка ў ім ідзе выключна аб размяшчэнні ўзбраення ў непасрэднай блізкасці ад мірных жыхароў. 

Але. Мы знайшлі іншую свежую заяву Amnesty International датычна Украіны, і вось у ёй сапраўды гаварылася аб катаваннях. Толькі аб катаваннях расійскіх вайскоўцаў у адносінах да ўкраінскага палоннага. У інтэрнэце тады з'явілася відэа, на якім нібыта расейскія салдаты адразаюць геніталіі і забіваюць украінскага ваеннапалоннага, якому заткнулі рот і звязалі рукі за спіной. Дырэктар Amnesty International па Усходняй Еўропе і Цэнтральнай Азіі Мары Стратэрс пракаментавала гэтае відэа.  

«Гэты жудасны напад з'яўляецца яшчэ адным відавочным прыкладам поўнай непавагі да чалавечага жыцця і годнасці ва Украіне з боку расейскіх сіл.

З пачатку вайны Расіі з Украінай Amnesty International задакументавала злачынствы па міжнародным праве, такія як масавыя забойствы палонных сепаратысцкімі сіламі, якія падтрымліваюцца Расіяй, на ўсходзе Украіны і пазасудовыя пакаранні ўкраінскіх мірных жыхароў расійскімі войскамі.

Дзеля праўды ўспомнім, што абвінавачванні ў катаваннях у траўні гучалі і ў адрас украінскага боку».

Абярыце тэгі

Абярыце даты выкрыцця фэйкаў
Тып
Тэрыторыя
Крыніца
Асобы
Тэмы

Украіна не пусціла МАГАТЭ на Запарожскую АЭС

Місія МАГАТЭ гатова прыехаць ва Украіну, а Украіна яе не пускае. Гэта сцвярджае сябра так званай Галоўнай рады грамадзянскай і ваеннай адміністрацыі Запарожскай вобласці Уладзімір Рогаў у перадачы «Антыфейк» расійскага Першага канала.

«Звярніце ўвагу, нават спадар Гросі, кіраўнік МАГАТЭ, кажа пра тое, што ён хоча прыехаць на Запарожскую АЭС, што ён і місія, і камісія - усё гатовыя. Але іх цудоўнай выявай не пускае хто? Не пускае рэжым Зяленскага. І выхад з сітуацыі мы бачым толькі адзін – гэта бесперашкодны допуск назіральнікаў МАГАТЭ. Мы над гэтым працуем не адзін месяц, актыўна. Яшчэ раз карыстаючыся вашым эфірам, запрашаю Рафаэля Гросі прыехаць. Не пускае рэжым Зяленскага - прыязджайце праз вызваленыя тэрыторыі».

Гэтае інтэрв'ю ён даваў 11 жніўня. За тры дні да гэтага Украіна заявіла адваротнае - што яна сама настойвае на візіце МАГАТЭ і як мага хутчэй. Пастаянны прадстаўнік Украіны пры міжнародных арганізацыях у Вене Яўген Цімбалюк заявіў наступнае:

«Мы будзем выкарыстоўваць усе магчымыя дыпламатычныя каналы, каб наблізіць МАГАТЭ і ААН да правядзення гэтай місіі... Нам гэты візіт сапраўды патрэбен тэрмінова, як мага хутчэй. Я б сказаў, не пазней за канец гэтага месяца». 

Пазней на паседжанні ААН спадар Гросі, кіраўнік МАГАТЭ пацвердзіў, што ўсе бакі згодныя з тым, што місія павінна адбыцца. Яго словы па выніках паседжання працытаваў афіцыйны сайт ААН:

«Гэта ўжо не пытанне "калі", а пытанне "калі", - сказаў ён, адзначыўшы, што неабходна вырашыць пытанне "як"». 

Больш за тое, версію Уладзіміра Рогава ў выніку абверг расійскі ж паўпрад у Вене ў інтэрв'ю расійскай газеце "Ізвесція". Ён растлумачыў, што раней візіт не адбыўся па рашэнні ААН з меркаванняў бяспекі. Хаця і ўкраінскі «Энергаатам» тады быў катэгарычна супраць гэтага наведвання.

«У самы апошні момант дэпартамент бяспекі Сакратарыята ААН, які не з'яўляецца кіруючым органам для МАГАТЭ, але ў сістэме ААН мае ўладу забараняць або санкцыянаваць паездкі ў неспакойныя раёны, выключна па меркаваннях бяспекі гэты дэпартамент - хоць, напэўна, не толькі ён - заблакаваў паездку».

Абярыце тэгі

Абярыце даты выкрыцця фэйкаў
Тып
Тэрыторыя
Крыніца
Асобы
Тэмы

Украіна гандлюе зброяй пад выглядам вывазу збожжа

Кіеў таемна гандлюе зброяй пад прыкрыццём вывазу збожжа, таму катэгарычна супраць надгляду сваіх судоў. Такой аналітыкай падзялілася супрацоўніца тэлеканала «Беларусь-1» Марыя Петрашка. Паводле яе слоў, менавіта для гэтага Украіне патрэбна здзелка па вывазе збожжа.

«Таму ўкраінская ўлада шчасна распрадае зброю на чорных рынках па ўсім свеце. І менавіта таму Кіеў патрабуе бескантрольны вываз збожжа. І катэгарычна абвяргае прапанаваныя варыянты транспарціроўкі пад гарантыі нейтральных краін або пад наглядам Расіі».

Кіеў катэгарычна абвяргае транспарціроўку збожжа пад наглядам Расіі, сцвярджае Петрашко 11 жніўня. Аднак ужо 3 жніўня сусветныя СМІ паведамілі, што на першым судне з Украіны з кукурузай была праведзена менавіта такая праверка.

«Інспектары стамбульскага Сумеснага каардынацыйнага цэнтра прыбылі на борт судна Razoni з грузам украінскай кукурузы для праверкі, паведаміў турэцкі тэлеканал TRT.

Інспекцыя праходзіць не ў порце Стамбула, а ў моры, дзе судна стаіць на якары.

Мяркуецца, што груз і судна правераць інспектары і прадстаўнікі дэлегацый з Расіі, Украіны, Турцыі і ААН».

Больш за тое, Украіна, Турцыя, Расія і ААН яшчэ 22 ліпеня 2022 года падпісалі пагадненне аб бяспечнай адгрузцы збожжа і прадуктаў харчавання з украінскіх партоў. І зараз усе сухагрузы праходзяць такія інспекцыі ў прысутнасці расійскіх прадстаўнікоў. Вось што аб гэтым гаворыцца ў пагадненні:

«Таксама ствараюцца спецыяльныя інспекцыйныя групы пры ўдзеле ўсіх Бакоў, якія будуць правяраць судны на прадмет наяўнасці несанкцыянаваных грузаў і персаналу на борце, якія накіроўваюцца ва ўкраінскія парты або выходзяць з іх.

Такія групы будуць працаваць у гаванях у раёне Турэцкага праліва (праліў Басфор), якія папярэдне будуць вызначаны турэцкім бокам». 

Акрамя таго Петрашка заявіла, што ва Ўкраіны проста не можа быць такой вялікай колькасці пшаніцы, таму што яе парты проста фізічна не могуць столькі перавезці.

«Як бы Расея не дае вывезці гэтыя мільёны, мільярды тон пшаніцы. Хаця ўсе разумелі: самі ж украінцы замініравалі свае парты, ды і аб'ёмаў збожжа такіх ва Украіны ніколі не было. Добра мы з вамі, але нават вопытныя эксперты зацікавіліся, адкуль там наогул намаляваліся 20 млн тон, калі самы ёмісты элеватар 3, 5 млн. А ўкраінскія парты могуць у месяц прапускаць максімум 1,5 млн тон».

У рэчаіснасці, са справаздач афіцыйных органаў бачна, што збожжавых грузаў за год у гэтым адным порце апрацавалі амаль 10 млн тон. 

Усе ўкраінскія парты, па выніках мінулага года змаглі пераваліць амаль 50 млн. тон збожжа. Зараз, вядома, магутнасцяў зменшылася ў сувязі з захопам Марыўпаля. Але ў збожжавым пагадненні зараз задзейнічаны тры порты - Паўднёвы, Чарнаморскі і Адэса. Першы, за мінулы год, пераваліў 9 мільёнаў тон збожжа, а два іншыя - яшчэ 21 мільён. Разам - 30 мільёнаў тон аднаго толькі збожжа.

Абярыце тэгі

Абярыце даты выкрыцця фэйкаў
Тып
Тэрыторыя
Крыніца
Асобы
Тэмы

Іншыя Антыфэйкі / фактчэкі