Ва ўсёй Вялікай Брытаніі ў кранах скончылася вада

Ва ўсёй Вялікай Брытаніі ў кранах скончылася вада. Пра гэта распавёў Яўген Папоў – вядоўца праграмы «60 хвілін», якая выходзіць на тэлеканале «Расея1».

«А на гэтых фота жыхары Брытаніі стаяць у чэргах па пітную ваду. У краіне афіцыйна засуха, вады ў кранах няма. Расплавіліся, калі верыць карыкатурыстам, нават кандыдаты на пасаду прэм'ера Вялікай Брытаніі. Брытанцаў просяць выкарыстоўваць ваду толькі для надзённых патрэб: пітва, гатавання і мыцця посуду. Усіх, акрамя Барыса Джонсана, ён прадбачліва пакінуў краіну і адправіўся ў адпачынак – зноў: на гэты раз яго заўважылі ў грэчаскім супермаркеце ва ўсходняй Атыку», – заявіў Папоў.

У Вялікай Брытаніі, па паведамленнях замежных СМІ, сапраўды, ёсць засуха. Але не ва ўсёй дзяржаве, а толькі ў некаторых яе рэгіёнах. І, вядома ж, усё не так катастрафічна, як пра гэта расказваў вядоўца праграмы «60 хвілін». Урад і Агенцтва па ахове навакольнага асяроддзя гэтай краіны запэўніваюць, што прымаюць меры для барацьбы з наступствамі засухі, а ўсе водныя кампаніі запэўнілі, што асноўныя запасы вады па-ранейшаму ў бяспецы.

Але тады, хто тыя людзі, якіх Папоў паказваў на фатаграфіях, сцвярджаючы, што з-за засухі брытанцы стаяць у чэргах па пітную ваду?

Мы праверылі гэтыя здымкі і аказалася, што яны зроблены сапраўды ў Англіі. У графстве Сурэй, калі быць дакладнымі.

У сярэдзіне жніўня ў графстве Сурэй у мясцовых жыхароў практычна ці цалкам знікла вада з кранаў, але не з-за засухі, а з-за аварыі. Афіцыйная прычына гэтага – тэхнічныя праблемы на водаачышчальных збудаваннях. Пасля чаго і былі арганізаваны станцыі вады. Гэта значыць, што дадзеная праблема закранула толькі адно канкрэтнае месца, і чэргі за вадой не былі наўпрост звязаныя з засухай.

У Беларусі падхапілі словы кіраўніка МЗС Германіі

Кіраўнік Белтэлерадыёкампаніі Іван Эйсмант у эфіры «Беларусь-1» працытаваў міністра замежных спраў Германіі Аналену Бербок, якая нібыта заявіла наступнае:

«Знакамітая кіраўнік МЗС Нямеччыны Бэрбок вось што заявіла: “Ужо лепш я буду пахнуць, як бяздомны, чым буду ліць ваду ў млын Пуціна ў душы”. Кіраўнік МЗС Германіі не мыецца ў душы, я спадзяюся, што яна хаця б не пахне пакуль, абціраецца». 

На экране Эйсмант прадэманстраваў скрыншот гэтай нібыта цытаты міністра МЗС Германіі. Зыходзячы з інфармацыі на ім - Бербок працытавала матэрыял «Дойчэ вэлле» ад 12 жніўня.

Гэтыя словы нібыта належаць Бэрбок абмяркоўвалі рускамоўныя карыстальнікі твітара, а вось як на іх адрэагаваў аўтар беларускага «Спутника» Мікалай Ляўчук. 

«Так, міністр замежных спраў Нямеччыны Анана Бербок адмаўляецца мыцца наліха Пуціну. І гэта не жарт! У інтэрв'ю "Нямецкай хвалі" яна заявіла літаральна наступнае: "Ужо лепш я буду пахнуць як бяздомны, чым буду ліць ваду на млын Пуціна ў душы". Тут можна правесці паралелі толькі з сярэднявечнымі французскімі арыстакратамі, якія таксама не мыліся па "ідэйных" меркаваннях. Але Францыя падарыла свету сучасную культуру парфумерыі, а што падорыць яму фраў Бербок - стагнуючую германскую эканоміку? Цяпер для камфортнага самаадчування ў палітыцы ёй можна параіць толькі добрыя французскія духі».

Але насамрэч у «Дойчэ Вэле», на якое спасылаюцца Эйсмант і Ляўчук, 12 жніўня не было такога матэрыялу.

У тым жа адзенні, што і на скрыншоце, паказаным Эйсмантам, Бербок давала інтэрв'ю Дойчэ Вялі яшчэ ў канцы ліпеня. Але і там яна нічога падобнага не казала. Такім чынам цытата пра душ і Пуціна - фэйк.

Палякі масава едуць у Беларусь па пакупкі, ратуючыся ад голаду

У Беларусі працягваюць расказваць пра нібыта голад у Еўропе. І выхваляцца тым, што палякі, літоўцы, латвійцы, скарыстаўшыся бязвізам, едуць у Беларусь па пакупкі. На мінулым тыдні Лукашэнка нават прапанаваў арганізаваць для іх гандаль проста ля межаў.

«І дзякуй Богу, няхай прыязджаюць. Калі ў цябе ёсць што прадаць. Я ж прасіў іх (адказных за гандаль чыноўнікаў у рэгіёнах. - Заўв.), кажу: пастаўце на мяжы там просты, звычайны гандаль. Прывёз - прадаў. Каб яны самі (жыхары суседніх краін. - Заўв.) вывозілі адсюль. Яны плацяць добрыя грошы».

У адным з мінулых выпускаў мы ўжо выкрывалі фэйк аб тым, што палякі масава едуць у Беларусь па пакупкі, ратуючыся ад голаду.

Тады мы з'ездзілі да мяжы і выявілі, што з боку Польшчы ў Беларусь едуць пераважна машыны на нашых нумарах, а не польскіх. 

Цяпер мы вырашылі прадоўжыць гэтую тэму і параўнаць, дзе танней прадукты: у Беларусі ці Польшчы.

Такім чынам, на дзень запісу праграмы ў анлайн-краме Еўраопта можна купіць бутыляванае малако тлустасцю 3,2 працэнта за 1 рубель 96 капейкі. У Польшчы за малако такой жа тлустасці заплацім танней на 2 капейкі.

Кілаграм самага таннага цукру на сайце Еўраопта каштуе 2 рублі 49 капеек, у Польшчы яго можна купіць за 1 рубель 97 капеек.

Кілаграм ранняй бульбы каштуе ў Польшчы даражэй, чым у Беларусі - на 55 капеек.

За кілаграм беларускіх яблыкаў трэба заплаціць 2 рублі 86 капеек, польскія каштуюць прыблізна на 25% танней.

Пачак спагецці ў Беларусі можна купіць за 3, 29 капеек. У Польшчы яны таннейшыя больш чым на 25%. 

Увогуле, кошык з пяці прадуктаў у Польшчы каштуе танней, чым у Беларусі на 15 працэнтаў. У чым сэнс тады палякам ехаць па прадукты ў нашу краіну - незразумела. Зрэшты, з пачатку дзеяння бязвізу Беларусь наведала каля 5 тысяч палякаў - гэта прыкладна адна сотая працэнта насельніцтва Польшчы.

Крытыка Украіны кінула цень на БелАЭС

Супрацоўнік беларускага тэлеканала Ігар Тур заявіў, што Ўкраіна не вывозіць ядзерныя адходы. Паводле слоў Тура, заўсёды і ўсе ядзерныя адходы звозяцца ў найбяднейшыя краіны, якія за грошы гатовы іх прымаць.

«Справа ў тым, што побач з электрастанцыяй у Запарожжы - сховішча ядзерных адходаў. Бо ўкраінцы не вывозяць і не вывозілі, як павінны былі, ядзерныя адходы са сваёй тэрыторыі. А ўвогуле гэта трэба было рабіць. Заўсёды ўсе ядзерныя адходы звозяцца ў найбяднейшыя краіны - самыя сумныя, жаласлівыя, якія за грошы гатовы прымаць у сябе гэтае смецце небяспечнае. І, Украіна, безумоўна, уваходзіць у іх лік». 

У мінулым годзе Украіна, сапраўды, дабудавала сховішча недалёка ад Чарнобыльскай АЭС, куды планавалася звозіць адпрацаванае паліва з трох атамных электрастанцый Украіны - Ровенскай, Запарожскай і Паўднёва-Украінскай. 

Аднак, куды ж да 2021-га года Украіна падзела свае ядзерныя адходы? Тур кажа, што ўсе вывозяць іх у нейкія "бяднейшыя і жаласлівыя краіны". І, напэўна, вельмі здзівіцца, калі даведаецца, што да таго, як ва Украіне адкрылі ўласнае сховішча адходаў, іх вывозілі нікуды інакш, як у… Расію. 

Кабінет Міністраў Украіны вырашыў адмовіцца ад паслуг расейскіх прадпрыемстваў і растлумачыў гэта ў тым ліку эканоміяй сродкаў.

«Па разліковых дадзеных ГП НАЭК "Энергаатам", эксплуатацыя сховішча адпрацаванага ядзернага паліва "сухога" тыпу Запарожскай атамнай электрастанцыі дазваляе эканоміць каля 100 млн. даляраў ЗША штогод за кошт выключэння выдаткаў за паслугі расейскіх прадпрыемстваў па захоўванні і перапрацоўцы адпрацаванага ядзернага паліва шасці энергаблокаў названай станцыі. Увод у эксплуатацыю цэнтралізаванага сховішча адпрацаванага ядзернага паліва айчынных атамных электрастанцый дазволіць павялічыць зберажэнні амаль на 200 млн. ЗША у год».

Расія ж захоўвае не толькі свае ядзерныя адходы, але і прымала іх з іншых краін. Напрыклад, вядома, што ў 2021-ым яна забірала ўранавыя адходы з Францыі.

Дарэчы, летась Сакратар Савета Бяспекі Расіі ў інтэрв'ю «Камсамольскай праўдзе» заявіў наступнае: 

«Адпрацаванае ж ядзернае паліва Расія захоўвае бяспечна для навакольнага асяроддзя на тэрыторыі сваёй краіны і гатова прымаць яго на захоўванне з іншых краін, дзе прызнаюць атамную генерацыю ў якасці найважнейшай крыніцы энергіі 21 стагоддзя». 

А як ідуць справы ў Беларусі, дзе зараз таксама ёсць атамная станцыя? У 2021 годзе начальнік упраўлення рэгулявання радыяцыйнай бяспекі Дэпартамента па ядзернай і радыяцыйнай бяспецы МНС (Дзяржатамнагляду) Вікторыя Антонава расказала, што высокарадыёактыўныя адходы з Астравецкай АЭС будуць захоўвацца ў Беларусі.

«Захоўванне высокаактыўных адходаў прадугледжана на працягу ўсяго жыццёвага цыкла БелАЭС. Нізка- і сярэднеактыўныя адходы будуць захоўвацца на станцыі на працягу 10 гадоў, пасля чаго іх перамесцяць у спецыяльныя сховішчы, прызначаныя для іх пахавання. 

Для адпрацаванага паліва ёсць спецыяльны басейн вытрымкі, у ім паліва будзе "плаваць" дзесяць гадоў, а затым накіроўвацца ў Расію - на перапрацоўку». 

Такім чынам, словы аб тым, што ўсе краіны звозяць ядзерныя адыходы ў іншыя, найбяднейшыя - ці свядомая хлусня ці банальнае няведанне таго, што захоўваць іх у сваёй краіне - гэта нармальная сусветная практыка.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым

Іншыя публікацыі