Расейскае войска, падобна, адчувае дэфіцыт баявога рыштунку, але вайскова-прамысловы комплекс краіны працягвае працаваць — у тым ліку дзякуючы пастаўкам з Беларусі. Адна з крыніц сыравіны для бронекамізэлек і іншага экіпіявання — беларускае дзяржпрадпрыемства «Гродна Азот». Расследаванне БРЦ паказвае, як падсанкцыйны завод пастаўляе поліамід у Расею і адначасова вывозіць сваю прадукцыю ў Еўразвяз, маскуючы яе паходжанне.
Матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з ініцыятывай «Рабочы Рух» і пры падтрымцы беларускіх «Кіберпартызанаў», якія дапамаглі атрымаць дадзеныя пра фігурантаў расследавання.
«Аднаразовыя» салдаты без рыштунку
Мужчына ў адзенні колеру хакі бяжыць праз поле, каб схавацца ў рэдкіх, ужо без лісця, дрэвах. Гэта расейскі вайсковец. На ім няма ні шлема, ні бронекамізэлькі. Яго імгненна забівае дрон. Такое відэа пад канец лістапада апублікавала брытанскае выданне The Telegraph. Аўтар артыкула назваў такіх жаўнераў «аднаразовымі» — іх адпраўляюць у атаку без экіпіявання. З аднаго боку, гэта паказвае стаўленне расейскага камандавання да сваіх людзей. З іншага — можа дэманстраваць слабасць расейскага войска праз дэфіцыт баявога рыштунку.
Бронекамізэлька ўваходзіць у стандартны камплект баявога экіпіявання расейскага салдата для мотастралковых і іншых агульнавайсковых падраздзяленняў сухапутных войскаў Расеі. Ён называецца «Ратник». На практыцы ж украінскія вайскоўцы ўсе часцей фіксуюць расейцаў, што ваююць без асабістай брані. Імаверна, у дзяржавы няма магчымасці забяспечыць усіх. У каментары БРЦ ваенна-палітычны аглядальнік групы «Інформаційний спротив» Аляксандр Каваленка распавеў, што апошнім часам у зоне баявых дзеянняў ваюе амаль 700 тыс. расейскіх салдат. Такую ж лічбу ў верасні 2025-га агучыў Уладзімір Пуцін.
«Кожны месяц яны (расейскія ўзброеныя сілы — рэд.) атрымліваюць прыблізна плюс трыццаць тысяч [вайскоўцаў], гэта кампенсуе страты [на фронце], але іх таксама трэба ў штосьці апрануць, ім трэба навыдаваць снараджэнне. І таму Расея — яна звяртаецца да іншых краінаў», — патлумачыў Каваленка.
Журналісты БРЦ высветлілі, што адна з краін, якія дапамагаюць РФ вырабляць у тым ліку бронекамізэлькі, — гэта Беларусь.
Поліамід: вайна і мір
З рэчамі з поліаміднага валакна мы сутыкаемся штодня. З яго робяць калготкі і купальнікі, заплечнікі і дываны, тросы і нават парашуты. Поліамід выкарыстоўваюць не толькі ў мірных прадуктах, якія робяць паўсядзеннае жыцце зручнейшым, але і ў ваеннай вытворчасці. Напрыклад, з нейлонавых нітак ствараюць тканіну бронекамізэлек, у якія ўстаўляюць ахоўныя пласціны з кеўлара, керамікі або металу.
Камізэлькі з ахоўнымі плітамі сталі выкарыстоўваць амерыканскія франтавікі падчас Карэйскай вайны ў 1950-х.
Савецкі Саюз масава ўвеў браню для ўсей сваей пяхоты на 30 гадоў пазней — у часы вайны ў Афганістане. У той час Злучаныя Штаты ўжо пачалі пераходзіць на сучасныя варыянты бронекамізэлек з кеўларам ці поліэтыленам.
Упершыню фінансавыя санкцыі ЗША супраць Беларусі ўвялі ў 2006 годзе за парушэнне правоў чалавека.
У 2011-м пад абмежаванні трапіў і «Гродна Азот». У 2015 годзе іх дзеянне прыпынілі, а ў 2021-м грамадзянам Злучаных Штатаў і амерыканскім кампаніям зноў забаранілі праводзіць любыя аперацыі з прадпрыемствам. Прычына — рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці.
З дакументацыі аддзелу маркетынгу беларускага прадпрыемства вынікае, што «Завод Хімвалакно» яшчэ ў 2022 годзе быў ледзь не адзіным замежным пастаўшчыком поліаміднай тэхнічнай ніці ў Расею з Еўразійскага эканамічнага саюзу (ЕАЭС): на яго прыпадала 99-100% экспарту. [*] На момант выхаду расследавання з’явіліся канкурэнты з Арменіі і Казахстану, але пастаўкі з Беларусі пераважаюць.
З поліаміду, які вырабляе прадпрыемства, робяць у тым ліку вайсковую амуніцыю. Пра гэта летам 2024 года, падчас XI Форуму рэгіёнаў Беларусі і Расеі, казаў Ігар Ляшэнка, дырэктар «Гродна Азот»: «[“Завод Хімвалакно” вырабляе] у прыватнасці нітку поліамідную, якая ідзе на вытворчасць тканінаў вайсковага прызначэння. І ўжо ў вас у Расеі з гэтай тканіны робяць у тым ліку бронекамізэлькі, бронекаскі».
Тоны сінтэтыкі для РФ
Сярод расейскіх пакупнікоў беларускага прадпрыемства ёсць кліенты, відавочна звязаныя з расейскім вайскова-прамысловым комплексам. Адзін з іх — цвярское АТ «Научно-исследовательский институт синтетического волокна с экспериментальным заводом». Установа згадвалася ў пераліку расейскіх стратэгічных арганізацый і ўдзельнічала ў распрацоўках у галіне вайсковых матэрыялаў. Гарадзенскi «Завод Хімвалакно» з 2023-га да красавіка 2025 года паставіў туды шэсць партый поліаміду, агулам 18 тон.
Хімік-фармацэўт Сяргей Бесараб у каментары БРЦ выказаў думку, што для навукова-даследчага прадпрыемства гэта вельмі шмат, і дадаў: «То бок, я мяркую, што гэта не проста навукова-даследчая дзейнасць, гэта навукова-даследчая дзейнасць з мелкасерыйным выпускам чагосьці».
Яшчэ адзін кліент беларускага прадпрыемства, звязаны з расейскім ВПК, — АТ «Завод Труд», гонар Ніжняга Ноўгарада. Ён супрацоўнічае з Міністэрствамі абароны і надзвычайных сітуацыяў Расеі ды сілавымі ведамствамі. Завод са жніўня 2022-га па красавік 2023-га закупіў дзясяткі тон беларускай сыравіны амаль на $370 тыс.
Атрымальнікам істотнай часткі паставак «Заводу Хімвалакно» ў Расею значыцца ўласная дыстрыб’ютарская сетка канцэрна «Белнафтахім» — расейскае ТАА «Белнефтехим-Рос». Гэтая кампанія шчыльна супрацоўнічала з Мінабароны Расеі. У расследаванні «Як “Белшына” страціла кантроль над пастаўкамі ў РФ, але працягнула забяспечваць расейскіх вайскоўцаў» мы распавялі, што ў 2022 і 2023 гадах гэты дылер беларускага хімічнага канцэрну падпісаў з ведамствам некалькі кантрактаў на каля $20 млн.
Агулам з 2022-га па ліпень 2025-га расейскія прадпрыемствы атрымалі тысячы тон беларускіх поліамідных нітак на $48 млн, а чыстага поліаміду — прыкладна на $60 млн.
І нашым, і вашым
Сваю прадукцыю «Завод Хімвалакно» пастаўляе не толькі ў Расею, але і ў Еўразвяз, што забаронена санкцыямі. Каб іх абысці, выкарыстоўваюць фірмы-пракладкі. Адна з іх — ТАА «Гроніці». Яе стварылі ў лютым 2021 года, за два месяцы да таго, як ЗША вярнулі санкцыі. [*] Кампанія вырабляе канатна-вяровачную прадукцыю.
Ролю «Гроніці» ў пастаўках забароненай прадукцыі ў ЕЗ пацвярджае дакумент, які БРЦ атрымаў ад «Рабочага руху». Кампанія падпісала з «Гродна Азотам» дамову №454 у жніўні 2021 года «для вывазу з Беларусі ў поўным памеры» поліаміднай ніткі на амаль €650 тыс. [*] [*] [*] Пасля гэты дакумент абнаўлялі і пашыралі спіс прадукцыі на вываз. [*]
Падсанкцыйнае дзяржпрадпрыемства дало афіцыйны дазвол змяняць паходжанне свайго тавару пры продажы яго ў Еўразвяз. Пра гэта мы даведаліся з ліставання прадстаўнікоў абедзвюх фірмаў. Напрыканцы лістапада 2021-га, за два дні да пачатку дзеяння ўжо еўрапейскіх санкцый, выконваючы абавязкі намесніка дырэктара філіялу «Завод Хiмвалакно» Федар Сарокін напісаў дырэктарцы «Гроніці» Ганне Лабачовай, што прадпрыемства не мае нічога супраць, «каб пры афармленні экспартнай мытнай дэкларацыі ад імя ТАА “Гроніці”, у якасці вытворцы ўказвалі ТАА “Гроніці”». Дадзенае ўзгадненне павінны былі прымяняць для паставак прадукцыі заводу ў Літву. [*]
З афіцыйных зваротаў за 2022 і 2023 гады мы даведаліся, што прадстаўнікі «Заводу Хiмвалакно» прасілі кіраўніцтва «Гроніці» дапамагчы з продажам іхнай прадукцыі. Яны пісалі, што не могуць атрымаць аплату з Бразіліі, Турцыі i Кiтаю (гэтыя краіны не ўводзілі абмежаванняў супраць беларускага прадпрыемства, але маглі асцерагацца другасных санкцый з боку ЗША). [*] [*] [*] Са жнiўня 2021-га па канец лiстапада 2022-га дзяржпрадпрыемства заключыла дамоў на продаж прадукцыi праз «Гроніці» амаль на €15 млн. [*] На заводзе нават стварылі прэзентацыю пра схемы паставак тавараў у Італію, Сербію і Славаччыну з абыходам санкцый праз «Гроніці». [*] [*] [*] [*]
З пачатку 2023-га ў Італію і Латвію праз фірму-пракладку адправілі больш чым па 300 партыяў санкцыйнай прадукцыі, яшчэ 142 — у Польшчу. Схема працуе і селета.
Нейлон для Ірану і ЕЗ
У афіцыйных паперах «Гроніці» акрамя дырэктаркі Ганны Лабачовай фігуруе яшчэ намеснік дырэктара па камерцыйных пытаннях Аляксей Карасцялёў. [*] Ён валодае кампаніяй, якая таксама дапамагае «Гродна Азоту» абыходзіць санкцыі, — ТАА «Ар-бел камодытэс». [*] [*] У жніўні 2025 года «Ар-бел камодытэс» заключыла дамову на €2 млн з турэцкай кампаніяй на пастаўку поліаміднай прадукцыі, якую, як мы высветлілі, насамрэч вырабляе беларускае падсанкцыйнае прадпрыемства. [*] Атрымальнікамі грузу па просьбе пакупніка могуць пазначацца фірмы ў іншых краінах. Напрыклад, партыю нейлонавых нітак атрымала польская кампанія з адрасам разгрузкі ў Беластоку — то бок купіла тавар фірма ў краіне, якая не ўводзіла санкцыі, але паехаў тавар у Еўразвяз. [*] [*] [*]
Акрамя таго, Карасцялёў дапамагаў «Заводу Хiмвалакно» пастаўляць нейлон у Іран, які знаходзіцца пад санкцыямi ЗША. У лісце, адпраўленым у пачатку 2023 года прадстаўніку іранскай кампаніі Pars Tire Co, ён напісаў: «Дарагі Арман. Алекс з “Гроніці”, Беларусь. Мы вытворца нейлону з Беларусі. Мы можам прапанаваць вам пастаўкі нейлонавай ніткі. Аплата можа ісці праз сінгапурскую кампанію, а пастаўкі наўпрост з Беларусі».
Бакі дамовіліся аб пастаўцы нітак з «Гродна Азот». Фармальным прадаўцом стала сінгапурская фірма True Energy PTE. LTD, але адпраўлялі тавар з адрасу, дзе зарэгістравана аднайменнае беларускае ТАА «Сапраўдная Энергія» і «Ар-бел камодытэс», што належыць Карасцялёву. [*] [*] На паперы тавар купіла фірма, зарэгістраваная ў Арабскіх Эміратах, але адрас дастаўкі — Тэгеран. [*]
Спробы датэлефанавацца да Карасцялева, як і да дырэктаркі «Гроніці» Ганны Лабачовай, каб узяць каментар, не скончыліся поспехам. Журналісты БРЦ адправілі пісьмовыя запыты яму і іншым фігурантам расследавання. Адказы на момант публікацыі мы не атрымалі.
Схема, разлічаная на дурня
Не выключана, што замежныя кампаніі проста не ведаюць, што купляюць замаскаваную прадукцыю ўсе таго ж падсанкцыйнага «Гродна Азота», але хімік-фармацэўт Сяргей Бесараб мяркуе, што такое малаверагодна:
«Гэта ўсе на дурня зроблена, на самой справе. І любы чалавек, які мае мінімальны глузд здаровы, ён зразумее, што нейлон (гранулы нейлону) — гэта не той прадукт, які ты можаш купіць на Оlx (платформа онлайн-абвестак — рэд.), ці на Аllegro (буйны маркетплэйс у Польшчы — рэд.) як бы. Таму што існуе толькі некалькі буйных вытворцаў, што вядомыя па ўсім свеце. І ўвесь гэты поліамід грануляваны — ён ідзе з аднаго з гэтых вытворцаў».
Не перакладаючы ўсю адказнасць на замоўнікаў, варта адзначыць: падсанкцыйнае дзяржпрадпрыемства «Гродна Азот» зарабляе на вайне, пастаўляючы сыравіну прадпрыемствам, звязаным з расейскім ВПК, і адначасова выводзіць сваю прадукцыю ў Еўразвяз праз фірмы-пракладкі. Дакументы, кантракты і ліставанні, сабраныя БРЦ, паказваюць, што гаворка ідзе не пра адзінкавы абыход абмежаванняў, а пра адладжаную схему, якая працуе гадамі. Санкцыі, уведзеныя за рэпрэсіі ў дачыненні да грамадзянскай супольнасці, не спынілі паток — яны толькі змусілі змяніць маршрут.