Расследаванні

31 кастрычніка 2022

Як Чыж і яго таемны літоўскі партнёр зарабілі мільярды на хітрай нафтавай схеме

Бізнесовец Юрый Чыж і яго літоўскі партнёр Вітольд Тамашэўскі вывелі заробленыя на Беларусі мільярды долараў

  • Бізнесовец Юрый Чыж і яго літоўскі партнёр Вітольд Тамашэўскі вывелі заробленыя на Беларусі мільярды долараў, атрымаўшы ад дзяржавы доступ да танных расейскіх нафтавых рэсурсаў. Іх яны перапрадавалі пад выглядам растваральнікаў і разбаўляльнікаў. Бізнэс-кантакты Чыжа і Тамашэўскага ў Беларусі працягваюцца да гэтага часу.
  • На сумесныя праекты Чыжа і Тамашэўскага беларускія ўлады неаднаразова выдзялялі грошы з дзяржаўнага бюджэту. Бізнесменам давалі льготы і эксклюзіўныя магчымасці для павелічэння іх даходаў.
  • На заробленыя грошы Вітольд Тамашэўскі набыў вілы і апартаменты ў Еўропе. У яго распараджэнні таксама дарагія аўтамабілі і прыватны самалёт.
  • Бізнес-імперыя Юрыя Чыжа не цалкам разбураная, нягледзячы на ​​дзве крымінальныя справы супраць яго. Шэраг актываў бізнесмена кантралююць ягоныя сваякі і набліжаныя.
Беларускі бізнесмен Юрый Чыж лічыўся галоўным гаманцом Аляксандра Лукашэнкі. Атрымаўшы ад дзяржавы доступ да таннай расейскай нафты, ён з дапамогай свайго партнёра ўсяго за паўтара года зарабіў на Беларусі больш за 5 мільярдаў долараў на маніпуляцыях з растваральнікамі і разбаўляльнікаміі. Крыніца БРЦ пацвердзіла, што ажыццявіць гэтую схему ўдалося праз кампанію Savoil LLP літоўскага бізнесмена Вітольда Тамашэўскага.
Вітольд Тамашэўскі і Юрый Чыж. Фота: 15min.lt і «Наша ніва»

Доступ да нафтавага крана

У жніўні 2011 года Тамашэўскі заснаваў у Сінгапуры кампанію Savoil LLP для гандлю палівам і масламі.

Усяго за пяць месяцаў партнёр Чыжа атрымаў праз гэтую фірму 800 мільёнаў долараў. А ўжо па выніках 2012 года выручка новай кампаніі склала прыкладна пяць мільярдаў долараў. 

Прыкладна ў такую ​​ж суму эксперты ацэньваюць прыбытак беларускіх бізнесменаў на схеме з растваральнікамі і разбаўляльнікамі. 

З дазволу Лукашэнкі ў 2011-2012 гадах пад выглядам гэтых рэчываў з Беларусі вывозілі расейскія нафтапрадукты без выплаты экспартнай пошліны. У гэтым бізнэсе ўдзельнічала і кампанія «Трайпл» Юрыя Чыжа. 

Экспартны бум растваральнікаў і разбаўляльнікаў беларуская статыстыка пачала фіксаваць з верасня 2011 года, гэта значыць праз месяц пасля таго, як літоўскі партнёр Чыжа зарэгістраваў Savoil LLP. 

Крыніца ў бізнэс-колах пацвердзіла БРЦ, што менавіта праз гэтую сінгапурскую кампанію ў асноўным гандлявалі растваральнікамі і разбаўляльнікамі. 

На схеме з растваральнікамі і разбаўляльнікамі супрацоўніцтва Чыжа і Тамашэўскага не скончылася. Паводле выпіскі з беларускага Мінюста, яны да гэтага часу валодаюць СТАА «НафтаХімТрэйдынг». Юрый  Чыж — як фізічная асоба, а Вітольд Тамашэўскі праз брытанскую фірму Globecast Limited

0 / 3

Аднак літоўскі бізнэсовец кантакты, што працягваюцца з беларускім партнёрам адмаўляе.

«Вітольд Тамашэўскі з 2013 года выйшаў з усіх сумесных праектаў з Юрыем Чыжом і не з'яўляецца яго партнёрам. Таксама з 2014 года Вітольд Тамашэўскі не быў у Беларусі і ніякіх кантактаў з Юрыем Чыжом не падтрымлівае», –  сказаў прадстаўнік Вітольда Тамашэўскага. 

Даўні партнёр 

Юрый Чыж і Вітольд Тамашэўскі знаёмыя каля 20 гадоў. З дапамогаю  «Кіберпартызанаў» мы даведаліся, што з 2005 года літовец лётаў з Чыжом у Стамбул, Берлін, Парыж і іншыя гарады. 

Прыязджаць у Беларусь на машыне Тамашэўскі пачаў яшчэ раней, у 2003 годзе. 

Чыж тады якраз пачаў будаваць першы гіпермаркет Prostore. У 2008 годзе саўладальнікам кампаніі «Прастор-Трэйд», якая кіруе гандлёвымі цэнтрамі з крамамі ProStore, стане брытанская кампанія Redcast Limited, звязаная з Тамашэўскім. 

У тым жа  2008 годзе праз іншую брытанскую фірму, Globecast Limited, літовец атрымаў долю ў кампаніі «НафтаХімТрэйдынг», якая да гэтага часу звязвае яго з Чыжом. 

На момант знаёмства з Тамашэўскім Юрый Чыж ужо заручыўся даверам Лукашэнкі і атрымаў доступ да нафтавай галіны. У пачатку 2000-х кампанія Чыжа «Трайпл» замяніла на нафтавым рынку Беларусі ранейшых гульцоў — «Юкалу», «Юрымекс» і «Швебел». А напрыканцы дзесяцігоддзя фірма прыйшла і ў іншыя сферы: заснавала фармацэўтычны завод, пачала будаваць жыллё для вайскоўцаў, атрымала прывабныя ўчасткі пад забудову ў Менску і ўзвяла лядовую арэну ў роднай для Чыжа Бярозе. Сам бізнесмен у той час быў суседам Лукашэнкі ў элітным пасёлку Дразды. 

Давер прэзідэнта Чыжу распаўсюджваўся і на яго кампаніі. У 2007 годзе «Трайпл» выкупіла Бярозаўскі камбінат сілікатных вырабаў без правядзення тэндэру. У 2012 годзе іншае прадпрыемства Чыжа, «КварцКрэйдПрам», атрымала для распрацоўкі радовішча пяску і крэйды ў Маларыцкім раёне Берасцейскай вобласці, зноў жа без аўкцыёну. Агульны кошт праекту ацэньваўся ў 105 мільёнаў долараў.

Спрыяльнасць  Лукашэнкі распаўсюджвалася і на сумесныя праекты сям'і Чыжа з Тамашэўскім — напрыклад, свінакомплекс «Данпрод» у Валожынскім раёне. Улады ўключылі прадпрыемства ў рэспубліканскую праграму па мадэрнізацыі і выдалі льготны крэдыт амаль на 40 мільёнаў еўраў. 

Асноўным уладальнікам «Данпрод»  з'яўляецца старэйшы сын Чыжа Сяргей, а Тамашэўскі  да 2020 года меў у ім долю праз кіпрскую афшорную кампанію Redcast Holdings Limited.

0 / 3

Але галоўным сумесным праектам Чыжа і Тамашэўскага стала тая самая схема з растваральнікамі-разбаўляльнікамі, на якой яны праз «Трайпл» і Savoil LLP зарабілі прыкладна 5 мільярдаў долараў — гэта 7% беларускага ВУП. Ідэю гэтай схемы прыпісваюць тагачаснаму падначаленаму Чыжа Аляксею Алексіну. 

З дапамогай «Кіберпартызанаў» мы даведаліся, што ў 2011-2012 гадах ён якраз падарожнічаў у кампаніі свайго начальніка і яго літоўскага партнёра. 

Сам Тамашэўскі ў 2017 годзе, падчас рэгістрацыі кампаніі HNSL Trading LTD у сакрэтнай юрысдыкцыі на Брытанскіх Віргінскіх выспах, прызнаўся, што зарабіў сваё багацце  менавіта на гандлі нафтапрадуктамі праз кампанію Savoil LLP.

Як літовец Тамашэўскі выдаткоўваў заробленыя ў Беларусі грошы 

Схему з растваральнікамі і разбаўляльнікамі спыніў тагачасны расейскі прэм'ер Дзмітрый Мядзведзеў у канцы 2012 года. Менавіта тады самалёт з Тамашэўскім апошні раз вылецеў у Менск з іспанскага Алікантэ.

У гарах гэтага курорту ў Вітольда Тамашэўскага ёсць участак на 3 тысячы «квадратаў», на якім размешчаная шыкоўная віла з басейнам.

 

Ёй кіруе іспанская кампанія Тамашэўскага DOMUS UNIQ SL. 

Кошт нерухомасці можа дасягаць 15 мільёнаў долараў: менавіта ў столькі ацэньваюцца актывы DOMUS UNIQ SL.

Яшчэ адна рэзідэнцыя партнёра Чыжа — віла на ўчастку ў 3 тысячы «квадратаў» ля падножжа швейцарскіх Альпаў з відам на возера Лугана. 

Падобныя дамы ў наваколлях каштуюць каля 13 мільёнаў еўра. 

Ёсць у літоўскага бізнесмена нерухомасць і на радзіме, у Вільні. Пяціпакаёвая кватэра плошчай амаль 200 квадратных метраў размешчаная ў сэрцы старога горада. Сярэдні рынкавы кошт — амаль паўмільёна еўра. Нерухомасцю кіруе літоўская фірма EC Turtas, якой валодае Тамашэўскі.

У распараджэнні гэтай кампаніі таксама два дарагія аўтамабілі — Ferrari California і Rolls-Royce Wraith. 

Таксама ва ўласнасці Тамашэўскага — прыватны бізнес-джэт Боінг-737 з бартавым нумарам EI-TVG. Самалёт быў зроблены ў 2014 годзе, а ў 2016 годзе зарэгістраваны на фірму Hansel Jet Ireland Limited, яшчэ адзін актыў Тамашэўскага. 

Цяпер такі бізнес-джэт каштуе прыкладна 90 мільёнаў долараў.

Швейцарская віла з'явілася ў Тамашэўскага ў 2007 годзе, а іспанская, як і апартаменты ў Вільні, — у 2014 годзе. 

Атрымліваецца, транспарт і некаторую нерухомасць у Еўропе ён набыў на грошы, заробленыя ў момант партнёрства з Чыжом, гэта значыць — за кошт Беларусі. 

Супрацоўніцтва без тэрміна даўнасці 

Цяпер Тамашэўскі займаецца нафтавым бізнэсам у Расеі. Праз кампанію «Інвест Трэйд» звязаны з распрацоўкай радовішча «Каменскае» ў Рэспубліцы Комі. 

Тамашэўскі валодае паловай фірмы праз кіпрскі актыў Senistano Holdings Limited. 

0 / 3

Астатнія 50% належаць кампаніі Nemerson Finance Limited, зарэгістраванай на Брытанскіх Віргінскіх выспах. За гэтай фірмай стаіць былы віцэ-прэзідэнт «Лукойла» Валерый Субоцін, што стала вядома са злітай перапіскі работнікаў «Інвест Трэйд». 

Гэтую інфармацыю БРЦ таксама пацвердзіў былы топ-менеджэр «Інвест Трэйд». 

Паводле звестак расейскай асацыяцыі «АсаНафта», у 2019 годзе кампанія Тамашэўскага і Субоціна здабыла амаль 12 тысяч тон нафты. У 2020 годзе яна павялічыла здабычу яшчэ на 5 тысяч тон. Дадзенных па здабычы за мінулы год у публічным доступе няма, аднак вядома, што ў 2021 годзе чысты прыбытак «Інвест Трэйд» склаў больш за 10 мільёнаў еўра. 

У Юрыя Чыжа, беларускага партнёра Тамашэўскага, наколькі нам вядома, такіх даходаў няма, як і нерухомасці ў Еўропе. У сакавіку 2016 года на яго завялі справу аб ухіленні ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры і прымусілі кампенсаваць страту ў  11-12 мільёнаў долараў. У верасні 2016 года Чыж выйшаў на волю, але ў сакавіку 2021 года яго затрымалі па новай справе — таксама ўхіленне ад выплаты падаткаў. Бізнесмен выйшаў на волю па памілаванні, як пісалі ў СМІ, у верасні гэтага года.

Разам з прыхільнасцю Лукашэнкі Чыж страціў не ўвесь свой бізнес і, як паказвае гэтае расследаванне, не ўсіх уплывовых партнёраў. Частка ягоных актываў запісаная на дзяцей, яшчэ некалькі выкупілі звязаныя з ім людзі. 

Так, недабудаваны турыстычны комплекс каля вёскі Сабалі, які па ўказе Лукашэнкі ўзводзіў Чыж, на аўкцыёне набыла кампанія «Прасторытэйл». Яна кантралюецца расейскай фірмай «СтандартІнвест», і раней ёй запраўляла жонка былога кіроўцы Чыжа Марыя Чорненькая. Цяпер  «СтандартІнвестам» валодае зямлячка Чыжа Ганна Папова. 

0 / 3

Ёй жа належыць кампанія «Рос-ВТС», якая арандуе запраўкі ў «НафтаХімТрэйдынг» — той самай фірмы, якую да гэтага часу разам кантралююць Чыж і Тамашэўскі. 

Папова таксама валодае крамамі ProStore і рэстаранам «Залаты грабянёк». 

Старэйшы сын Чыжа Сяргей запраўляе прадпрыемствам «Данпрод»  па вытворчасці беконнай свініны ў Валожынскім раёне.

Малодшы сын Уладзімір кантралюе завод «ТрайплФарм», які выпускае антыбіётыкі

0 / 4

Некалькі месяцаў таму іншае яго прадпрыемства выкупіла на аўкцыёне паляўнічую гаспадарку Юрыя Чыжа. 

У справе і дачка Таяцяна: яна асноўны ўладальнік рэстарана-бровара «Ракаўскі бровар»

На яе ж запісана чатырохпакаёвая кватэра ў комплексе «Ля Траецкага», які будавала кампанія Юрыя Чыжа. Ацэначны кошт апартаментаў - амаль мільён долараў. 

Маці Таццяны, Святлана Чыж, валодае двухпакаёвай кватэрай ацэначным коштам у 80 тысяч долараў. 

Свой двухпавярховы катэдж у Драздах Юрый Чыж, па паведамленнях СМІ, перапісаў на нявестку незадоўга да таго, як яго арыштавалі ў другі раз. Цяпер дом ацэньваецца ў 720 тысяч долараў. 

Ганна Папова адмовілася ад каментароў. Мы перадалі нашыя пытаньні для Юрыя Чыжа ягонай памочніцы і чакаем адказ. 

Атрымліваецца, гісторыя бізнэс-імперыі Юрыя Чыжа яшчэ не скончаная — як, магчыма, і яго крымінальная гісторыя. СМІ паведамляюць, што заснавальнік «Трайпла» страціў давер Лукашэнкі з-за таго, што ў свае найлепшыя гады нібыта вывез з Беларусі каля мільярда долараў і схаваў яго за мяжой. БРЦ будзе сачыць за лёсам гэтых грошай і за тым, што Юрый Чыж будзе рабіць на волі.

Матэрыял створаны пра садзейнічанні JournalismFund.eu

Гэты матэрыял падрыхтаваны ў партнёрстве з літоўскім расследавальніцкім цэнтрам Siena і пры падтрымцы OCCRP і «Кіберпартызанаў».

Працяг аб справах літоўскага партнёра Юрыя Чыжа чытайце ў лістападзе на партале літоўскага расследавальніцкага  цэнтра Siena.

Іншыя Расследаванні