Ці санкцыі Еўразвязу супраць афіцыйнага Менску сапраўды працуюць? Як вытворца самазвалаў БелАЗ заскочыў у апошні вагон пасля ўвядзення санкцыяў, і што будзе з новымі пастаўкамі? Глядзіце ў новым супольным расследаванні праграмы «Давайце разбірацца» з цэнтрам журналісцкіх расследаванняў «Siena».
Напачатку верасня літоўская мытня затрымала ў Клайпедскім порце тэхніку Беларускага аўтамабільнага заводу. БелАЗ знаходзіцца пад еўрапейскімі санкцыямі з 21 чэрвеня гэтага году. Праз Літву спрабавалі вывезці чатыры кар’ерныя самазвалы. Аўтамабілі ў разабраным выглядзе змясцілі ў 18 кантэйнераў. Канчатковая краіна прызначэння грузу – Чылі.
У новым расследаванні журналісты прасачылі ўвесь ланцуг нелегальных паставак, усталявалі ўдзельнікаў шэрых схемаў, паспрабавалі ўзяць каментары афіцыйных асобаў, каб адказаць на пытанні: якім чынам БелАЗ намагаецца абысці санкцыі ды чым нелегальныя пастаўкі аўтамабіляў могуць скончыцца для прамысловага гіганта і ягоных партнёраў?
Таксама ў праграме палітолаг Павел Усаў каментуе, што зрабіць, каб рэжым напоўніцу адчуў дзейнасць еўрапейскіх санкцыяў ды што іх увядзенне азначае для Беларусі.
Літоўскае лобі БелАЗу. Былога намесніка начальніка турмы Вільні не палохалі санкцыі
У траўні Беларускі аўтамабільны завод заключыў кантракт на продаж у Чылі 18 карʼерных самазвалаў. Для жодзінскага прадпрыемства гэта была найбуйнейшая пастаўка ў Лацінскую Амерыку за апошні час.
Аднак 21 чэрвеня БелАЗ трапіў пад еўрапейскія санкцыі, што, па сутнасці, ставіла крыж на дастаўцы самазвалаў у гэты рэгіён аптымальным шляхам – праз літоўскі порт. Але, як высветлілі расследавальнікі праграмы «Давайце разбірацца», варыянты абыходу санкцыяў усё ж ёсць.
У пачатку верасня літоўская мытня заблакавала транзіт «БелАЗаў» праз Клайпедскі марскі порт у Чылі. Машыны ў разабраным выглядзе былі змешчаныя ў 18 кантэйнераў.
Паводле дакументаў, прадавец тэхнікі – жодзінскі завод. Атрымальнік – яго чылійскі дылер «Belaz Latin America», а пакупнік – сінгапурская «дачка» беларускага заводу, «Finmining». Апошняя страхуе экспартныя рызыкі БелАЗу. Кошт аднаго самазвала складаў $ 1 266 500.
Разважыўшы, літоўская мытня дазволіла перавозіць «БелАЗы» праз Клайпеду, паколькі 80 % кошту тавару было аплачана да ўвядзення санкцыяў супраць беларускага дзяржпрадпрыемства. Аднак расследавальнікі высветлілі адзін цікавы нюанс у гэтай угодзе.
У Клайпедскі порт машынакамплекты дастаўляліся чыгункаю. Экспедыяваннем грузу займалася беларуская кампанія «Трансглобал», якая мае багаты досвед транспартавання прадукцыі беларускіх гігантаў (у прыватнасці, «Нафтану», «Белсоладу», «Беларуськалію», «Гомсельмашу») за мяжу, а ў 2019 і 2020 гадах адгружала «БелАЗы» праз Расею ва Узбекістан. З дня заснавання, 10 снежня 2009 года, адзіны ўладальнік «Трансглобалу» – расейскі грамадзянін Грант Аганянц.
У 2017 годзе іншая ягоная кампанія, «Дызель камплект», завозіла ў Кыргызстан некалькі партыяў «БелАЗаў». Самазвалы афармлялася ў рэжыме свабоднай мытнай зоны без выплаты мыта і падаткаў, але, як высветлілі органы кантролю, не ўся тэхніка праходзіла неабходныя працэдуры. Была ўзбуджаная крымінальная справа. На груз наклалі арышт, дзейнасць «Дызель камплекту» была спаралізаваная.
У выніку бізнесоўцы выйшлі на тагачаснага дарадцу кіргізскага прэзідэнта Ікрамжана Ільміянава.Чыноўнік папрасіў за «вырашэнне пытання» $ 150 000, гаворыцца ў матэрыялах крымінальнай справы.
У кастрычніку 2019 года Ільміянаў быў асуджаны на сем гадоў пазбаўлення волі. Суд палічыў, што ён ашуканскім шляхам завалодаў грашыма, паколькі ў ягоныя паўнамоцтвы не ўваходзіла развязанне пытання аб спыненні крымінальнай справы. Пазней яму скарацілі тэрмін на 1,5 года, а крымінальную справу, у якой фігураваў «Дызель камплект», спынілі.
Аднак «Трансглобал» быў не адзінай фірмай, якая збіралася дастаўляць беларускія самазвалы ў Чылі. У пачатку жніўня пераможцам аўкцыёну на транспартаванне ў гэтую лацінаамерыканскую краіну дзесяці «БелАЗаў» стала кампанія «Белшып». Яна ацаніла сваю працу на $ 1 100 000.
Важна адзначыць, што тэндар быў абвешчаны ўжо пасля ўвядзення санкцыяў – 24 чэрвеня. А кантракт на пастаўку быў заключаны пасля правядзення тэндару.
Дырэктар «Белшыпу» Вадзім Макараў не адмаўляў, што кампанія збіраліся транспартаваць самазвалы праз Клайпеду, але адмовіўся казаць, як яны планавалі гэта зрабіць ва ўмовах санкцыяў, спаслаўшыся на прыватнасць угоды. Прадстаўнік БелАЗу сказаў, што варыянты дастаўкі могуць быць самыя розныя. Галоўнае патрабаванне беларускага боку, каб груз трапіў да спажыўца.
З верасня 2019 года ўладальнік «Белшып» – літоўскі грамадзянін Алексеюс Лінёвас, які доўгі час працаваў намеснікам дырэктара Віленскай турмы і сышоў са службы на пенсію ў ліпені 2018 года пасля скандалу.
Прафзвяз скардзіўся на неэтычныя паводзіны Лінёваса ў дачыненні сваіх падначаленых.
Чым, акрамя перавозаў, цяпер займаецца Лінёвас, невядома. Вядома толькі, што са снежня 2018 года Лінёвас кантраляваў «Белшып» праз кіпраўскую «Nativus Limited», якая дагэтуль належала афшорам з Маршалавых і Сэйшэльскіх астравоў.
Актывы «Nativus» на канец 2018 года складалі больш за $ 270 000.
Адкуль у былога намеснікам дырэктара Віленскай турмы такія грошы? Напярэдадні сыходу з пенітэнцыярнай сістэмы ён разам з жонкай задэклараваў € 100 000. Лінёвас адмовіўся ад каментароў.
Згодна з літоўскім законам, Лінёвас можа разглядацца як парушальнік санкцыяў ЕЗ, бо атрымлівае выгаду ад супрацы з БелАЗам. Мінімальнае пакаранне – штраф, максімальнае – да пяці гадоў пазбаўлення волі. Пасля выхаду журналісцкага расследавання дэпутат Сейму Міндаўгас Лінге напісаў заяву ў Генеральную пракуратуру з просьбай ацаніць магчымыя парушэнні санкцыяў.
Аўтар Аляксандр Ярашэвіч, рэдактар Станіслаў Івашкевіч