У гэтым расследаванні журналісты БРЦ атрымалі доступ да ўнутранай базы Мінабароны Расеі і верыфікавалі дадзеныя пра сотні параненых расейскіх вайскоўцаў, якія праходзілі лячэнне ў Беларусі ў час і пасля аперацыі па захопе Кіева.
Ключавыя знаходкі:
- За першыя 21 месяц поўнамаштабнага ўварвання праз шпіталі Гомля і Хойнікаў прайшлі 898 расейскіх вайскоўцаў і ваяроў Расгвардыі
- Сярод пацыентаў былі ваяры элітных падраздзяленняў, чый удзел раней не пацвярджаўся дакументальна
- Расследаванне пацвердзіла ўдзел 16-й асобнай гвардзейскай брыгады спецыяльнага прызначэння ГРУ
- Выяўлены вайскоўцы, магчымыя ўдзельнікі расстрэлаў мірных жыхароў у Бучы і іншых населеных пунктах
- У расследаванні расказваецца пра 15 расейцаў, што ўдзельнічалі ў аперацыі па захопе Кіева, сярод іх, прыкладам, камандзір 6-й роты пскоўскіх дэсантнікаў Аляксандр Квітко, які можа быць датычны да вайсковых злачынстваў
Юрыстка, з якой пагаварылі журналісты, адзначае, што лячэнне расейскіх вайскоўцаў у Беларусі варта разглядаць як частку агульнай падтрымкі войны і страту нейтральнага статусу, што важна для далейшага разгляду спраў пра суўдзел у злачыннай агрэсіі.
Матэрыял падрыхтаваны ў супрацы з праектам украінскай службы «Радыё Свабода» «Схемы», расейскай службай «Радыё Свабода», пры падтрыманні супольнасці ўкраінскіх хакераў KibOrg.
«Жорстка раілі не дзяліцца гэтай інфармацыяй»
За першыя 21 месяц поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну праз больніцы Гомля і Хойнікаў прайшлі 898 расейскіх вайскоўцаў і байцоў Расгвардыі. [*]
Журналісты БРЦ, даведаліся аб гэтым, атрымаўшы доступ да базы Галоўнага ваенна-медычнага ўпраўлення Міністэрства абароны РФ. Мы вывучылі і верыфікавалі гэтыя звесткі — каб аднавіць падзеі, звязаныя з аперацыяй па захопе Кіева, і ўпершыню распавесці пра некаторыя невядомыя яе дэталі.
У масіве дадзеных расследавальнікі БРЦ знайшлі інфармацыю пра тое, што ў больніцах Гомельшчыны аказвалі дапамогу байцам падраздзяленняў, чый удзел у ваенных дзеяннях на поўначы Украіны раней не пацвярджаўся дакументальна. Гаворка пра 16-ю асобную гвардзейскую брыгаду адмысловага прызначэння ГРУ. Адзін з расейскіх ваенных аглядальнікаў выказваў здагадку, што менавіта гэтая брыгада брала пад кантроль Чарнобыльскую АЭС у пачатку ўварвання, але дагэтуль доказаў гэтаму не было. Таксама мы знайшлі звесткі пра байцоў Цэнтру спецыяльнага прызначэння «Кубінка-2», якія ўдзельнічалі ў захопе Крыму ў 2014 годзе.
Персаналу беларускіх больніц забаранілі распавядаць пра сакрэтных пацыентаў. Пра гэта БРЦ на ўмовах ананімнасці паведаміў былы супрацоўнік адной з медычных установаў Гомельскай вобласці:
«Вельмі жорстка табе, як гэта сказаць, раілі не дзяліцца гэтай інфармацыяй ні з кім і ні пра што. Бо можаш пацярпець і ты, і твая сям’я».
З «Юнармii» — на штурм аэрадрому
24 лютага 2022 года. Памежная служба Украіны паведамляе, што каля 5-й раніцы мяжу атакавалі. CNN піша, што калона расейскай ваеннай тэхнікі заходзіць з Беларусі. Расейская авіяцыя, флот і наземныя ракетныя комплексы наносяць удары практычна па ўсіх вобласцях Украіны.
А 09:45 дзяржаўнае інфармагенцтва БелТА паведамляе, што Аляксандр Лукашэнка сабраў у Менску нараду, падчас якой пахваліў Уладзіміра Пуціна за словы: «Мы не акупанты, мы не збіраемся акупаваць Украіну».
Прыблізна ў той жа час на тэрыторыі Беларусі пачынаецца спецаперацыя па захопе Кіева. Пад Мазыром расейскі дэсант вылятае ў бок аэрадрому «Антонаў» у Гастомелі. Адтуль да Кіева — крыху больш за 10 кіламетраў.
Задача расейцаў, паводле экс-дырэктара ЦРУ Уільяма Бёрнса, — узяць пад кантроль аэрадром і выкарыстаць яго як пляцоўку для высадкі паветрана-дэсантных сіл, каб паскорыць захоп сталіцы. Але па «Антонаве» нанеслі ўдар украінскія бамбавальнікі, а ўкраінская артылерыя, якая хутка падцягнулася, паступова знішчыла ўзлётна-пасадачныя палосы.
Журналісты БРЦ знайшлі аднаго з удзельнікаў гэтай спецаперацыі ў спісе пацыентаў больніцаў Гомельшчыны. Раман Зязін паступіў з раненнем твару і адкрытым пераломам ніжняй сківіцы. [*]
Пра тыя падзеі ён распавёў у снежні 2024 года ў інтэрв’ю расейскаму тэлеканалу «Звезда»: «Мы вырушылі непасрэдна ў прыгарад і сам горад Гастомель, дзе я атрымаў раненне. І быў эвакуяваны».
На пачатку шырокамаштабнага ўварвання Зязіну быў 21 год. У 2018-м ён далучыўся да «Юнарміі» — дзіцяча-юнацкага руху, створанага па ініцыятыве ўжо былога міністра абароны Расеі Сяргея Шайгу. Старыя профілі Рамана Зязіна, а таксама яшчэ трох дастаўленых у беларускія больніцы расейскіх вайскоўцаў — Сабухі Баладава, Паўла Нікіціна і Мацвея Шыпунава — знайшлі ўнутры сістэмы «Юнарміі» айці-адмыслоўцы арганізацыі KibOrg.
Зязін на фронт не вярнуўся. Цяпер ён — курсант ваеннага інстытута фізкультуры.
Бітва за Гастомель
Пасля правалу дэсантнай аперацыі на аэрадроме «Антонаў» у ноч на 25 лютага пачынаецца бітва за сам Гастомель. Да галоўнай плошчы Украіны — Майдана Незалежнасці — усяго каля 30 кіламетраў.
Сілы абароны разбіваюць чарговую расейскую калону на мосце на подступах да Кіева. Паводле перахопу перамоваў, апублікаванага «Украінскай праўдай», пад абстрэл трапляюць амапаўцы з Краснаярска, Навакузнецка і Кемерава. Тыя, хто выжыў, адступаюць, а мясцовыя жыхары фіксуюць знішчаную тэхніку, абвугленыя целы і форму з шаўронамі АМАП. Гэту інфармацыю яны перададуць вайскоўцам і праваахоўнікам — а тыя, у сваю чаргу, нам.
Звесткі са спісу, які атрымаў БРЦ, сведчаць: пасля гэтага бою 68 параненых амапаўцаў трапілі ў медычныя ўстановы Гомля. Мы верыфікавалі гэтыя дадзеныя, зверыўшы іх з дакументамі, якія мясцовыя жыхары знайшлі на мосце, і ідэнтыфікавалі яшчэ чатырох сакрэтных пацыентаў.
Старшы лейтэнант паліцыі Аляксей Артамонаў атрымаў тры аскепкавыя раненні і пералом. [*]
Сярод дакументаў з месца бою ўкраінскія вайскоўцы знайшлі ягоны дазвол на нашэнне агнястрэльнай зброі і пасведчанне кіроўцы. [*]
Старшага сяржанта паліцыі Івана Дзюканава даставілі з чэрапна-мазгавой траўмай і ўдарам. На мосце знайшлі яго пасведчанне расгвардзейца. [*]
Андрэй Леонаў паступіў у гомельскую больніцу 6 сакавіка з чэрапна-мазгавой траўмай і кантузіяй. [*] Яго дакументы — пасведчанне расгвардзейца — таксама знайшлі ў Гастомелі. [*] І там жа — камандзіровачнае пасведчанне старшага сяржанта паліцыі Андрэя Хітрова. [*]
Расстрэл на перакрыжаванні
Кемераўскія і краснаярскія амапаўцы, якія выжылі, адступілі ў больш бяспечную частку Гастомеля. Яны спыніліся на перакрыжаванні вуліц Свята-Пакроўскай і Шаўчэнкі каля супермаркета і пачалі расстрэльваць грамадзянскія аўтамабілі з жыхарамі, якія спрабавалі выехаць у бок Кіева.
Гэта працягвалася некалькі гадзінаў. Паводле ўкраінскай пракуратуры, выжылыя байцы трох падраздзяленняў АМАПу забілі 11 цывільных.
У гомельскай больніцы праходзілі лячэнне трое амапаўцаў з Краснаярска, высветліў БРЦ. Адзін з іх — Ілля Чуракаў — атрымаў аскепкавае раненне акурат у дзень масавага забойства цывільных. [*] Двое іншых — гэта Сяргей Цапкоў і Дзяніс Каткоў.
Пасля некалькіх гадзінаў расстрэлу мірных жыхароў сілавікі адступілі яшчэ на 18 км на поўнач — у вёску Здвыжэўка. Тут, у будынку дзіцячага садка, краснаярскі АМАП размясціў штаб. Байцы пакінулі дзецям нататку:
«Паважаныя настаўнікі і дарагія рабяты! Прабачце, што прынеслі вам нязручнасці. Мы ўдзячныя вам за магчымасць пажыць у вашым садку! Дзякуй! Але іншага выбару ў нас не было».
Паводле звестак «Радыё Свабода», падчас расейскай акупацыі ў Здвыжэўцы і наваколлі забілі не менш як 18 мірных жыхароў.
Абход Кіева
Усё той жа другі дзень поўнамаштабнага ўварвання — у баях на прамой дарозе з Беларусі да Кіева расейскія войскі захрасаюць у агламерацыі Гастомель–Буча–Ірпень. Расейскае камандаванне спрабуе атачыць праціўніка: падмацаванні распаўзаюцца на паўночны ўсход і паўднёвы захад. Каб зайсці з флангу, расейцы прасоўваюцца па вузкім участку паміж вадасховішчам і ракой Ірпень.
Сілы абароны сустракаюць іх каля пасёлка Мошчан. І, нясучы цяжкія страты, адкідваюць назад. У тых баях гінуць беларусы Ілля «Літвін» Хрэнаў і Аляксей «Тур» Скобля.
З іншага боку ад Гастомеля расейцы маюць болей прасторы для манеўру. Частка войскаў адыходзіць заходней Кіева і паварочвае на поўдзень, спрабуючы перарэзаць Жытомірскую трасу — аўтамабільную артэрыю, што злучае сталіцу Украіны з заходнімі вобласцямі. У гэты час па ёй, ратуючыся ад баявых дзеянняў, выязджаюць мірныя жыхары. Уздоўж трасы, як выявілі ўкраінскія журналісты-расследавальнікі, стаяць вайсковыя падраздзяленні з Бураціі — 5-я танкавая і 37-я мотастралковая брыгады. Яны расстрэльваюць аўтамабілі з цывільнымі, што праязджаюць міма.
Журналісты БРЦ верыфікавалі каля 70 чалавек з падраздзяленняў, што знаходзіліся на Жытомірскай трасе. Імёны і прозвішчы некаторых супадаюць з дадзенымі са спісу асабістага складу, які мясцовыя жыхары знайшлі на месцы падзей.
Двое расейцаў — Мунко-Жаргал Жалмаеў і Зорык Зыгбін — прыбылі ў Гомель 9 сакавіка 2022 года. Абодва атрымалі аскепкавыя раненні і фігуруюць у спісе, знойдзеным мясцовымі жыхарамі каля Жытомірскай трасы, у вёсцы Бярозаўка. [*]
Вядома, што Зыгбіна даставілі ў гарадскую больніцу. [*] 25 сакавіка з мінава-выбуховай траўмай у тую ж больніцу паступіў Дзмітрый Цярэнцьеў. Усе трое служылі ў вайсковай частцы №46108 з Улан-Удэ.
«Мы абышліся гуманна»
Напрыканцы сакавіка Узброеныя сілы Украіны, умацаваныя атрадамі Нацгвардыі, мясцовымі і міжнароднымі добраахвотнікамі, сярод якіх — беларускі батальён імя Кастуся Каліноўскага, пачынаюць контратакі па ўсіх трох кірунках: Ірпень, Машчун і Макараў.
Расейцы пакідаюць Кіеўшчыну. Прэс-сакратар Уладзіміра Пуціна назаве гэта «жэстам добрай волі». Абаронцы Кіева займаюць Бучу.
А на пачатку траўня 2022 года Reuters апублікавала пацверджанне таго, што да забойстваў мірных жыхароў датычныя пскоўскія дэсантнікі. У адным з дамоў у Бучы карэспандэнты агенцтва знайшлі ліст, адрасаваны вайскоўцу 234-га дэсантна-штурмавога палка 76-й гвардзейскай дэсантна-штурмавой дывізіі. Дзякуючы гомельскаму спісу БРЦ, сумесна з праектам «Схемы», удалося дэананімізаваць аднаго з магчымых удзельнікаў гэтых забойстваў.
Аляксандр Квітко з пазыўным «Шкіпер» — камандзір 6-й роты пскоўскіх дэсантнікаў. [*] У гомельскую больніцу ён паступіў 28 сакавіка 2022 года з аскепкавымі раненнямі шыі, рукі, галёнкі і ягадзіцы. [*]
Паводле звестак нашых калег з праекта «Схемы», Квітко знаходзіўся па адрасе вуліца Яблонская, 144 у Бучы, дзе трымалі мясцовых чальцоў тэрытарыяльнай абароны перад іх расстрэлам. Гэта журналістам пацвердзіла мясцовая жыхарка, якая пазнала яго па фотаздымку.
Акрамя таго, Квітко можа быць датычны да забойства пенсіянеркі Аллы Мінаевай, чыё цела знайшлі ў яе ўласным доме. Пра гэта журналістам «Радыё Свабода» паведамілі ў галоўным следчым упраўленні Нацпаліцыі Украіны.
«У хадзе расследавання намі быў устаноўлены факт, які сведчыць аб тым, што Аляксандр Квітко быў асведамлены пра здзяйсненне забойства Алы Мінаевай. Гэта адбылося праз тое, што цывільныя асобы, якія да гэтага аказвалі дапамогу згаданай бабулі, падышлі да яго, да Аляксандра Квітко, і спыталі, ці могуць схадзіць да яе, каб надаць ёй адпаведныя прадукты харчавання і неабходную дапамогу. На што Аляксандр Квітко растлумачыў ім, што больш няма патрэбы ісці да бабулі, бо яны абышліся з ёй гуманна», — распавёў старшы следчы па асабліва важных справах Іван Дулкай.
Мы спрабавалі атрымаць каментар у Аляксандра Квітко, але на нашы званкі і паведамленні ён не адказаў.
«Страта нейтральнага статусу»
Нейтральная дзяржава можа аказваць адной з бакоў канфлікту медычную дапамогу – напрыклад, накіроўваць персанал для лячэння параненых і хворых. Гэта не лічыцца ўмяшаннем у вайну і замацавана ў жэнеўскай «Канвенцыі аб паляпшэнні лёсу параненых і хворых у дзеючых арміях». Аднак з улікам іншых дзеянняў беларускіх уладаў падчас поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну, лячэнне расейскіх салдат варта разглядаць у комплексе. Пра гэта ў каментары БРЦ сказала юрыстка Рэгіянальнага цэнтру правоў чалавека (RCHR) Кацярына Рашэўская:
«Лячэнне расейскіх вайскоўцаў варта кваліфікаваць як частку ўсеагульнай падтрымкі вайны і страту нейтральнага статусу. Гэта мае значэнне пры далейшым разглядзе спраў аб саўдзеле і садзейнічанні ў здзяйсненні злачыннай агрэсіі асобнымі беларускімі высокапасадовымі службовымі асобамі, а таксама пры вырашэнні пытання адказнасці Беларусі як дзяржавы за міжнароднае супрацьпраўнае дзеянне».
Паводле дадзеных з базы Галоўнага ваенна-медычнага ўпраўлення Міністэрства абароны РФ, акрамя беларускіх больніцаў, з лютага 2022 года да сярэдзіны чэрвеня 2024-га медычную дапамогу расейскім вайскоўцам аказвалі ў анексаваным Крыме, на акупаваных тэрыторыях Данецкай і Луганскай абласцей Украіны, а таксама ў самой Расеі. Паводле ацэнкі «Радыё Свабода», за гэты перыяд праз ваенныя шпіталі РФ і Крыму прайшло каля 166 тысяч сакрэтных пацыентаў.