Матэрыял падрыхтаваны пры падтрымцы «Кіберпартызанаў» і Фонду медычнай салідарнасці ByMedSol.
Рэгулявалі, ды не адрэгулявалі
Кошты на некаторыя лекі ў Беларусі растуць тэмпамі, якія апераджаюць інфляцыю. Паводле статысткі Белстату, сярэдні кошт, да прыкладу, на прэпараты для лячэння сардэчна-сасудзістых захворванняў (за 10 таблетак) з кастрычніка 2023 года па кастрычнік гэтага вырас амаль на траціну. Супрацьпухлінныя і імунамадулюючыя сродкі падаражэлі на 22%. Пры гэтым гадавая інфляцыя ў цэлым у кастрычніку 2024 года склала 5,9%.
Дапамагчы адрэгуляваць кошты на лекі павінна было рэферэнтнае цэнаўтварэнне. Гэта адзін з апошніх прынятых уладамі захадаў, які пачалі выкарыстоўваць з сярэдзіны ліпеня 2023 года. Гэты падыход заснаваны на параўнанні коштаў на прэпараты з аднолькавым дзеючым рэчывам, формай выпуску і дазіроўкай у краіне вытворчасці і групе іншых падобных краінаў, у нашым выпадку трынаццаці, у тым ліку Расеі.
Праз паўтара года пасля яго ўвядзення мы можам зрабіць выснову, што рэферэнтнае цэнаўтварэнне кардынальна не паўплывала на агульную карціну з коштамі на лекі ў Беларусі. У тым ліку таму, што распаўсюджваецца яно толькі на прэпараты з 37 дзеючымі рэчывамі ў 83 лекавых формах і дазіроўках, а не на ўсе медыкаменты. У большасці выпадкаў гэта не самыя дарагія лекі: амаксіцылін і клавуланавая кіслата, ібупрафен, лактулоза, лізінапрыл, мелаксікам і іншыя.
Рэферэнтнае цэнаўтварэнне ў Беларусі ўпершыню ўвялі ў 2018 годзе, але ў 2020-м — з пачаткам пандэміі каронавіруса — ягонае дзеянне прыпынілі.
За апошнія 15 гадоў улады спрабавалі розныя спосабы рэгулявання коштаў на лекі — ад кансерватыўных да радыкальных. У 2009 годзе тагачасны міністр аховы здароўя Васіль Жарко падпісаў ліст для юрыдычных асобаў і індывідуальных прадпрымальнікаў, якія маюць ліцэнзію на фармацэўтычную дзейнасць, у якім прапанаваў максімальна знізіць аптовыя і гандлёвыя надбаўкі на медыкаменты. Праз год Міністэрства аховы здароўя і вытворцы медпрэпаратаў падпісалі Мемарандум аб стрымліванні коштаў на лекі.
Улетку 2016-га аптовыя і гандлёвыя надбаўкі адвязалі ад курсу долара і прывязалі да базавай велічыні, каб зрабіць кошты на медыкаменты больш даступнымі для насельніцтва. У лютым 2021-га вытворцаў лекаў абавязалі знізіць адпускныя кошты на 2%. 7 кастрычніка 2022 года, пасля дырэктывы Аляксандра Лукашэнкі «Аб недапушчальнасці росту коштаў», Міністэрства аховы здароўя забараніла падымаць кошты на лекі. Але менш чым праз месяц мараторый знялі. За некалькі дзён да гэтага новым дакументам фармацэўтычны гандаль абавязалі зніжаць кошты, калі курсы валют падаюць у дачыненні да беларускага рубля. Гэта няпоўны спіс прынятых захадаў.
Яшчэ адну з прычынаў, чаму кошты на лекі ў Беларусі могуць быць вышэйшыя, чым у рэферэнтных краінах, той жа Расеі, на нарадзе па пытаннях рэгулявання цэнаўтварэння ў снежні 2023 года агучыў сам Аляксандр Лукашэнка:
«Я табе распавяду, як складваюцца кошты на імпартныя лекі, і ты паглядзіш, колькі там "пракладак", як я кажу: сыноў, блізкіх сваякоў і палюбоўніц».
Расследаванне БРЦ паказала, што назваць прычыну праблемы яму магло дапамагчы блізкае знаёмства з яе крыніцай. Мы вывучылі спіс буйных пастаўшчыкоў прадпрыемствам дзяржаўнай сеткі «Фармацыя», якая мае блізу 1,8 тысячы аптэк у Беларусі, і знайшлі дзве кампаніі, якія належаць брату паплечніка Лукашэнкі.
Дзяржаўная сетка «Фармацыя», у якую ўваходзяць РУП «Белфармацыя» і шэсць прадпрыемстваў у кожным з рэгіёнаў краіны, падпарадкоўваецца Міністэрству аховы здароўя Беларусі.
Яе галоўная задача — забяспечыць даступнасць лекаў для беларусаў па ўсёй краіне. Яна набывае медыкаменты і дастаўляе іх у дзяржаўныя фармацэўтычныя і медустановы — аптэкі, паліклінікі і лякарні.
Дарагі пастаўшчык
БРЦ прааналізаваў 97 паставак за 2023 год прадпрыемствам «Фармацыі» ад ГПУП «Капсіфарм» і ТАА «Іскамед». Мы выявілі, што асобныя прэпараты беларускае дзяржпрадпрыемства купляла па больш высокіх коштах, чым іх прадаюць на расейскіх дзяржзакупках. Аптовы кошт некаторых аказаўся большым, чым у аптэках Беларусі і Расеі, то бок ураздроб.
Агулам мы знайшлі 10 больш дарагіх лекаў. Напрыклад, «Іскамед» забяспечвае «Белфармацыю» прэпаратам «Курасурф». Ён неабходны для прафілактыкі і лячэння рэспіраторнага дыстрэс-сіндрому ў нованароджаных, у тым ліку неданошаных. Прасцей кажучы, дапамагае ліквідаваць праблемы з дыханнем. Кошт прэпарату на расейскіх дзяржзакупках 2023 года — каля $200 у эквіваленце. Па такім кошце, нават танней, яго можна было знайсці на момант выхаду расследавання ў маскоўскіх аптэках — 18 тыс. расейскіх рублёў (каля $170 паводле курсу на 3 снежня 2024 года). «Белфармацыя» ў 2023 годзе набывала «Курасурф» у два разы даражэй — каля 1,5 тыс. беларускіх рублёў (каля $500 паводле сярэдняга курсу ў 2023 годзе).
Яшчэ адзін прэпарат з нашай дзясяткі — «Сультасін». Яго пастаўляе УП «Капсіфарм». Гэта камбінаваны антыбіётык. У яго склад уваходзяць ампіцылін і сульбактам. Другі кампанент перашкаджае ўздзеянню бактэрыяльных ферментаў на першы і ўзмацняе ягоную эфектыўнасць. У 2024 годзе Міністэрства аховы здароўя Расеі рэкамендавала ўключыць іншы антыбіётык, у склад якога ўваходзіць сульбактам, у спіс жыццёва важных лекаў, у прыватнасці пры лекаванні каронавіруса.
Кошты на «Сультасін» на дзяржзакупках прадпрыемстваў «Фармацыі» ў 2023-м перавышалі расейскія ў тым жа годзе на траціну ці нават напалову. «Капсіфарм» некалькі разоў пастаўляў дзяржаве гэты прэпарат па коштах 5,2–8,4 беларускага рубля ($1,7–$2,8 паводле сярэдняга курсу ў 2023 годзе) за адзінку тавару. На расейскіх дзяржзакупках у той час ён каштаваў 3,5 у пераліку на беларускія рублі ($1,2).
З 2022 па 2024 год гэтыя лекі дзяржпрадпрыемствам прадаваў толькі «Капсіфарм». Але мы знайшлі пастаўку прэпарату за 2020 год, дзе пастаўшчыком лічыцца расейскае ЗАТ «Биоком», даччыная кампанія вытворцы «Сультасіну» — ПАТ «Синтез». [*] «Биоком» падпісаў дамову на адгрузку 3200 адзінак прэпарату за 4,8 тыс. беларускіх рублёў ($2 тыс.). Атрымліваецца, паўтара рубля за пачак. У Расеі ў той час «Сультасін» пастаўшчыкі прадавалі па 3,8 беларускага рубля ў эквіваленце ($1,6) за адзінку. Гэта значыць раней Беларусь набывала лекі больш выгадным коштам, чым у Расеі. Пасля адзіным пастаўшчыком стаў «Капсіфарм», а кошт вырас.
БРЦ даслаў запыт «Биоком» з пытаннем, чаму кампанія перастала ўдзельнічаць у дзяржзакупках у Беларусі і пастаўляць «Сультасін». На момант выхаду расследавання адказу мы не атрымалі.
Вялікая розніца
Яшчэ чатыры прэпараты, якія на беларускіх дзяржзакупках каштуюць даражэй, чым на расейскіх, — «Рэтыналамін», «Элігард», «Рэамберын» і «Джардзінс». Апошні прызначаюць пры цукровым дыябеце 2 тыпу. «Іскамед» у залежнасці ад дазіроўкі дзеючага рэчыва пастаўляе лекі па 133,3–134,7 рубля ($44,4–$44,9) за пачак. На расейскіх закупках максімальны кошт — 92,9 беларускага рубля ў эквіваленце ($30,9). Раствор для кропельніц «Рэамберын», які выкарыстоўваецца пры інтаксікацыях у дарослых і дзяцей, у Расеі набываюць па 8,3 беларускага рубля ($2,8) за адзінку. «Іскамед» прадае «Фармацыі» па 9,4–10,4 рубля ($3,2–$3,5). Таксама ў нас даражэй каштуе «Рэтыналамін» для лекавання сятчаткі вачэй — прыкладна на 12-31 рубель ($4–$10,3). «Элігард», які прызначаюць пры гармоназалежным раку прастаты, у дзвюх дазіроўках — на 75 і 120 беларускіх рублёў ($25 і $40) даражэй, чым у Расеі.
Кошт на беларускім і расейскім рынках лекаў можа залежаць ад шматлікіх фактараў — ад аб'ёму пастаўкі, лагістычных выдаткаў, колькасці неабходных ліцэнзіяў, сказала ў каментары БРЦ каардынатарка Фонду медычнай салідарнасці ByMedSol Лідзія Тарасенка. Таму «параўноўваць [гэтыя рынкі] можна, але чакаць аднолькавага выніку нельга», падсумавала экспертка.
Аднак абедзве краіны ўваходзяць у Еўразійскі эканамічных саюз і падпісалі Пагадненне аб адзіных прынцыпах і правілах абарачэння лекавых сродкаў у рамках ЕАЭС. Параўноўваць кошты ў гэтым выпадку трэба, выказаў меркаванне кіраўнік Open Tenders Уладзімір Кавалкін, да якога мы таксама звярнуліся па каментар.
«Калі там адхіленні па кошце больш, чым 10%, то можна смела казаць пра тое, што там ёсць, хутчэй за ўсё, нейкі патэнцыйна карупцыйны складнік. Паколькі ў нас тут нейкіх асаблівых мытаў няма, паколькі ў нас лагістыка не супер дарагая, ніякіх санкцыяў паміж Беларуссю і Расеяй няма, то няма ніякіх прычынаў для таго, каб кошт у Беларусі быў кратна вышэйшы, чым кошт ў Расеі», — адзначыў эканаміст.
Асобныя прэпараты нават ураздроб у Беларусі каштавалі ў 2023 годзе танней, чым на аптовай закупцы прадпрыемстваў «Фармацыі». Мы атрымалі дадзеныя скрэйпінгу коштаў з сайту tabletka.by за 2023 год ад чальцоў Фонду медычнай салідарнасці. У сетцы аптэк «Іскамед» «Лансурф» прадавалі мінімум за 5,9 тыс. беларускіх рублёў ($1997 паводле сярэдняга курсу за 2023 год), мінімальны аптовы кошт на дзяржзакупцы быў каля 6,4 тыс. рублёў ($2133). «Міралют» прадаваўся ўраздроб у «Іскамедзе» па 8,6 рубля ($2,9), на дзяржзакупцы — па 15 рублёў ($5). «Рэтыналамін» ураздроб — 165,2 рубля ($55) супраць 192,9 рубля ($64,3) на закупцы прадпрыемстваў «Фармацыі».
Аб’яднальны фактар
Кампанію «Іскамед» заснавалі ў 1995 годзе. На момант публікацыі ў яе адзіны ўласнік — Сяргей Іванавіч Шакуцін. [*] [*] Шмат каму знаёмае гэтае прозвішча дзякуючы іншаму Шакуціну — Аляксандру Васільевічу, бізнесоўцу, які знаходзіцца пад санкцыямі Еўразвязу і ЗША за падтрымку Аляксандра Лукашэнкі.
Рада ЕЗ у абгрунтаванні санкцыяў напісала, што Аляксандр Шакуцін — адзін з бізнесоўцаў, якія больш за ўсё выйгралі ад прыватызацыі падчас знаходжання Лукашэнкі на пасадзе прэзідэнта.
Ён згадваецца як чалец прэзідыума грамадскага аб'яднання «Белая Русь», які ў мінулым быў ў Радзе па развіцці прадпрымальніцтва Рэспублікі Беларусь.
Лукашэнка і Шакуцін разам капалі бульбу, лёталі ў камандзіроўкі і вясельнае падарожжа бізнесоўцы, ездзілі ў госці да цешчы першага. Аляксандр Шакуцін падтрымаў Лукашэнку на выбарах 2020 года і прыняў удзел у ягонай тайнай інаўгурацыі.
Аляксандр і Сяргей Шакуціны браты — у іх адна маці і розныя бацькі. [*] [*] Звязвае іх і бізнес. Аляксандр Шакуцін амаль 20 гадоў быў саўладальнікам кампаніі «Іскамед». [*] [*] З ліку ўласнікаў ён выйшаў у снежні 2020 года, праз тыдзень пасля таго, як супраць яго ўвёў санкцыі Еўразвяз, пакінуўшы кампанію брату.
Другая кампанія — «Капсіфарм» — з моманту заснавання належала толькі Сяргею Шакуціну. [*] [*]
У 2009 годзе Сяргей Шакуцін уваходзіў у Раду па пытаннях аналізу рынку лекавых сродкаў Беларусі і стрымлівання росту коштаў. [*] [*] У 2010-м ён падтрымаў прапанову Міністэрства аховы здароўя ўдзельнікам фармацэўтычнага рынку стрымліваць рознічныя кошты на лекі за кошт гандлёвых надбавак. У выніку 137 прадстаўнікоў аптэк падпісалі адпаведнае пагадненне.
Сяргей Шакуцін быў замяшаны ў гучным карупцыйным скандале ў беларускай ахове здароўя, які разгарэўся ў пачатку лета 2018 года. КДБ затрымаў 95 чалавек, 21 фігуранта судзілі. Сярод іх быў і былы дырэктар кампаніі «Іскамед». Яго абвінавацілі ў дачы хабару (ч.1 арт. 431 КК) і прысудзілі паўтара года калоніі агульнага рэжыму.
Сам Шакуцін віну не прызнаў. Ён быў адзіным з абвінавачаных у дачы хабараў, хто да суда паўтара года знаходзіўся пад вартай — з 28 чэрвеня 2018 да 27 снежня 2019 года. Яму залічылі гэты тэрмін у лік пакарання і выпусцілі ў залі суда пасля абвяшчэння прысуду.
Непразрыстая працэдура
«Капсіфарм» і «Іскамед» прадалі прадпрыемствам «Фармацыя» ў 2023 годзе тавараў амаль на 20 млн рублёў (прыкладна $6,64 млн паводле сярэдняга курсу 2023 года). Тая ж колькасць лекаў, але набытых на расейскіх дзяржзакупках, каштавала б прыкладна на 7 млн беларускіх рублёў менш (блізу $2 млн). За гэтыя грошы можна было б, напрыклад, пабудаваць арэндны дом для медычных работнікаў або набыць шэсць апаратаў МРТ.
Прадпрыемствы «Фармацыі» набывалі апісаныя намі прэпараты па працэдуры закупкі з адной крыніцы. Гэта менш празрысты спосаб дзяржзакупак, чым адкрыты тэндар. На думку экспертаў у сферы гандлю, якіх мы апыталі, ён дае больш магчымасцяў для карупцыйных схемаў.
Як растлумачыў эканаміст Уладзімір Кавалкін, такую працэдуру — закупку з адной крыніцы — абіраюць у двух выпадках: апраўданых, калі тавар сапраўды ўнікальны, і ў тых, дзе трэба пакінуць люфт для маніпуляцыяў.
«Чаму нячыстыя на руку чыноўнікі і бізнесоўцы імкнуцца прайсці па гэтай працэдуры? Таму што яна адсякае ўсіх вашых канкурэнтаў. Ну і, уласна кажучы, у такім выпадку можна паспрабаваць і завысіць кошт, і адначасова перамагчы <...> Часцей за ўсё закупка з адной крыніцы — гэта заўсёды такі чырвоны карупцыйны сцяжок. Гэта заўсёды нагода паглядзець, што там унутры адбываецца», — патлумачыў Кавалкін.
Каб заключаць угоды такім чынам, у пакупніка — прадпрыемстваў «Фармацыя» — павінныя быць важкія прычыны. У абгрунтаванні закупкі ў «Іскамеду» і «Капсіфарму» лекаў «Лансурф» ды «Элігард» для лекавання рака і «Сінагіс» для прафілактыкі сур'ёзных інфекцыяў, выкліканых рэспіраторна-сінцытыяльным вірусам, прычынай пазначана «ўзнікненне абставінаў непераадольнай сілы, у тым ліку надзвычайнай сітуацыі прыроднага і тэхнагеннага характару <...> аварыі, неабходнасці тэрміновага медычнага ўмяшальніцтва».
Што могуць азначаць падобныя абгрунтаванні для куплі прэпаратаў такога тыпу, нам патлумачыў намеснік прадстаўніка па сацыяльнай палітыцы ў пытаннях аховы здароўя Аб'яднанага пераходнага кабінету (АПК) Станіслаў Салавей. Ён адзначыў, што за закупкай з адной крыніцы можа хавацца схема абыходу закону ў чыіх-небудзь інтарэсах:
«Прэпарат, якім лечаць пухліну прамой кішкі... Што, у нас у краіне рэзка эпідэмія раку прамой кішкі? Не. Гэта лухта. Тое ж самае, калі будзем казаць пра астатнія прэпараты. <...> На іх патрэба рэзка не ўзрастае. То бок тут два варыянты дасяжных: або Міністэрства аховы здароўя пралічылася і не звярнула ўвагі, калі прэпарат будзе заканчвацца і вырашылі: "О, давайце вось мы яго дакупім тэрмінова". Або другі варыянт: гэта проста зручная шчыліна, якая дазволіла абысці закон. Вось і ўсё. Ну і, адпаведна, тут ужо фінансавы чыйсьці інтарэс».
Каштоўны бонус
«Іскамед» і «Капсіфарм» Сяргея Шакуціна не толькі прадаюць беларускім дзяржпрадпрыемствам лекавыя прэпараты часам значна даражэй, чым яны каштуюць на расейскіх дзяржзакупках і ўраздроб. Мы высветлілі, што ў некаторых выпадках адна з кампаніяў атрымлівае частку выплачаных імі за тавар сродкаў назад.
У распараджэнні БРЦ трапіў дакумент з разлікамі паміж фірмай «Іскамед» і расейскім вытворцам ТАА «Герофарм». Сярод іншых у ім ёсць плацяжы, названыя «прэмія». Яны прызначаныя не для пастаўшчыка прадукцыі, а для пакупніка. Мы палічылі, што вытворца «Герофарм» вяртае кампаніі Шакуціна амаль 20% выплачаных ёю за тавар грошай.
У гандлі выплата ўзнагароджання вытворцам пакупніку ягонай прадукцыі — распаўсюджаная практыка. Прэмія даецца за выкананне якіх-небудзь умоваў дамовы, напрыклад, за набыццё пэўнага аб'ёму тавараў, нарошчванне аб'ёму закупкі або дастаўку за свой кошт.
«Іскамед» у 2022-2023 гадах набыў у «Герофарм» тавараў амаль на 103 млн расейскіх рублёў (прыкладна $1,3 млн паводле сярэдняга курсу за 2022-2023 гады). Памер прэміі беларускай кампаніі склаў 20 млн ці крыху менш за 20% ад сумы, выплачанай прадаўцу.
«Герофарм» выплачваў прэміі не толькі кампаніі Сяргея Шакуціна. Мы знайшлі мінімум сем фірмаў, якія атрымлівалі бонусы ад вытворцы. Аднак памеры прэміяў ва ўсіх розныя. Мы не можам выдаваць назвы гэтых кампаніяў праз камерцыйную таямніцу. Адзін з пакупнікоў за аналагічны перыяд набыў у «Герофарма» тавараў больш чым на 371 млн расейскіх рублёў (каля $4,8 млн). Памер ягонай прэміі крыху перавысіў 12% ад гэтай сумы. Яшчэ адной кампаніі расейскі вытворца паставіў прадукцыі амаль на 4,2 млрд расейскіх рублёў (прыкладна $54,3 млн). Пры гэтым прэмія выйшла каля 4,2%.
Можна меркаваць, што памер узнагароды прывязваецца да сумы ў грашовым выражэнні. Таму ў кампаніяў з большай сумай закупкі бонусны адсотак менш. Аднак ёсць у спісе пакупнікі, якія набылі тавару на меншую суму, чым «Іскамед», але іх прэмія ў працэнтным выражэнні ўсё роўна не дацягвае да ўзнагароджання кампаніі Шакуціна. Адно з беларускіх гандлёвых прадпрыемстваў закупіла прадукцыі на 13 млн расейскіх рублёў (каля $170 тыс.) і атрымала прэмію амаль 11%. Іншы партнёр «Герофарма» набыў на 38,4 млн (прыкладна $500 тыс.) і атрымаў прэмію 3,2% ад гэтай сумы.
Атрымліваецца, што Шакуцін па нейкай прычыне набывае прэпараты на самых выгадных умовах сярод партнёраў «Герофарма», транзакцыі якіх мы прааналізавалі.
Мы даслалі запыт ТАА «Герофарм» з пытаннем, якім чынам кампанія фармуе кошты на сваю прадукцыю для рынкаў розных краінаў і як разлічвае памер прэміі для пакупнікоў. На момант выхаду расследавання адказ нам не прыйшоў.
Неканкурэнтнае асяроддзе
Каардынатарка Фонду медычнай салідарнасці ByMedSol Лідзія Тарасенка, да якой мы звярнуліся па каментар, кажа, што для зніжэння коштаў на лекі дзяржава павінная забяспечыць канкурэнцыю паміж пастаўшчыкамі. Тады гульцы рынку самі будуць зніжаць цэны да мінімальна прымальных, каб выйграць падрад у канкурэнта.
У Беларусі вывучаным намі прэпаратам, якія пастаўляюць кампаніі Шакуціна, заменнікаў у продажы практычна няма. Толькі для аднаго з іх — «Элігард» — мы знайшлі ў продажы альтэрнатыву, індыйскі лек «Лупрыд дэпо» з аналагам дзеючага рэчыва, але з меншай дазіроўкай.
Для расейскага «Сультасіну», які прадпрыемствы «Фармацыі» набываюць у «Капсіфарму», у РФ зарэгістравана 14 аналагаў па дзеючым рэчыве. У Беларусі — адзін «Ампісульбін».
Як кажа Станіслаў Салавей, намеснік прадстаўніка па сацыяльнай палітыцы ў пытаннях аховы здароўя АПК, медыкаменты — гэта тое, што павінна быць у наяўнасці заўсёды, без перабояў. А для гэтага на рынку павінна быць некалькі пастаўшчыкоў-канкурэнтаў.
«Калі раптам у кампаніі былі нейкія збоі паставак і іншае, людзі аказваюцца зусім без лекаў. І такая сітуацыя была, фіксавалася ў мінулым годзе, напрыклад, па тым жа "Тамаксіфене", калі былі праблемы яго набыць. Калі б у нашай краіне было [, да прыкладу,] чатыры кампаніі, якія імпартуюць "Тамаксіфен", <...> у адной кампаніі ўзнікаюць праблемы з пастаўкамі, а іншыя гэта кампенсуюць», — сказаў суразмоўца.
Мы даслалі запыты ў кампаніі Сяргея Шакуціна з просьбай патлумачыць, чаму лекі, якія пастаўляюцца імі, на беларускіх дзяржзакупках каштуюць даражэй, чым на расейскіх. Таксама БРЦ скіраваў запыт РУП «Белфармацыя», каб даведацца, з якой прычыны дзяржава набывае прэпараты па больш высокіх коштах. На момант выхаду расследавання адказаў мы не атрымалі.
Абазначэнні і прадстаўленыя матэрыялы, якія выкарыстоўваюцца ў дадзенай публікацыі, ніякім чынам не маюць на ўвазе выказвання якога-небудзь меркавання з боку UNESCO адносна прававога статусу якой-небудзь краіны, тэрыторыі, горада або раёна, іх уладаў, а таксама адносна дэлімітацыі іх межаў. Аўтары нясуць адказнасць за выбар і выклад фактаў, якія змяшчаюцца ў дадзенай публікацыі, а таксама за выяўленыя ў ёй меркаванні, якія не абавязкова супадаюць з меркаваннем UNESCO і не накладаюць на Арганізацыю ніякіх абавязкаў.