Пра зневажэнні Трампа
«Мінулы тыдзень быў тым, пра які гісторыкі праз шмат гадоў будуць казаць, што менавіта тады ўсё і пачалося. І ў Амерыцы, і ў свеце, і нават у Беларусі. Свой дзень народзінаў Трамп адзначыў вайсковым парадам, што стаў пасмешышчам ва ўсім свеце. А Амерыка адзначыла яго дзень народзінаў агульнанацыянальнымі пратэстамі ва ўсіх штатах, якія сталі рэкорднымі па колькасці ўдзельнікаў за ўсю гісторыю ЗША: па мінімальных падліках, на вуліцы выйшла пяць мільёнаў удзельнікаў.
Зрэшты, варты жалю парад Трампа таксама можна назваць ціхім пратэстам. Бо прафесійным жаўнерам, якіх абавязалі ў ім браць удзел, значна прасцей і больш звыкла прайсці страявым маршам, чым тым шпацырным крокам, які яны прадэманстравалі. Нават расейская прапаганда пасмяялася ў духу: хацеў як у Паўночнай Карэі, а атрымалася вось гэта.
На гэтым зневажэнні Трампа не скончыліся. Падчас удзелу ў саміце G7 у Канадзе ён паспеў панаракаць, чаму Расея выключаная з вялікай васьмёркі (а калі хто не ў курсе, то выключаная яна была менавіта з-за анексіі Крыму), пахваліцца перад камерамі падпісаным гандлёвым пагадненнем з Вялікай Брытаніяй, якое ён, чамусьці, назваў пагадненнем з ЕЗ, выпусціць лісты з тэчкі, нібыта з гэтым пагадненнем, якія апынуліся ўсе пустымі, і напрыканцы заснуць на пленарным паседжанні.
Пасля гэтага ён пакінуў саміт пад маркай абвастрэння сітуацыі на Блізкім Усходзе, якая сапраўды абвастрылася. Праўда, здавалася б, пры чым тут Трамп?»
Тэндэнцыя, а не выпадковасць
«Поўнамаштабная атака Ізраілю, скіраваная на знішчэнне іранскай ядравай праграмы, яго СПА, балістычных ракет, вайсковага кіраўніцтва і навукоўцаў-ядравікоў, была растлумачана [прэм'ер-міністрам Біньямінам] Нетаньяху тым, што да стварэння Іранам ядравай зброі заставаліся лічаныя тыдні. Аднак, падобныя заявы Ізраілю пра тое, што Іран вось-вось атрымае ядравую зброю, з зайздроснай нязменнасцю паўтараюцца з 1992 года.
Проста да гэтага ў ЗША атрымлівалася стрымліваць Ізраіль ад пачатку поўнамаштабнай вайны ў рэгіёне. Увогуле, як я і казаў, калі гісторыкам спатрэбіцца нейкая дата, з якой можна будзе адлічваць назіраны заняпад амерыканскай магутнасці, то гэта гэты тыдзень. Кліенцкая дзяржава ўцягвае былога гегемона, насуперак усім абяцанням Трампа, у чарговую вайну — ужо па змене рэжыму ў рэгіёне. Тое, што ЗША спрабавалі зрабіць у Іраку і Афганістане.
Але справядлівасці дзеля, гэта вайна не была б магчымай і без аслаблення Расеі, якая на тры гады загразла ў трохдзённай вайне ва Украіне. Гэтак жа, як Расея кінула свайго хаўрусніка Башара Асада ў Сірыі, яна дэманстрацыйна адмовіла ў дапамозе свайму хаўрусніку Ірану. І гэта нягледзячы на свежападпісаную дамову пра ўсёахопнае стратэгічнае партнёрства.
А зараз уявіце сябе на месцы Лукашэнкі, які і так цяжка перажыў здраду Пуціна свайму сябру Асаду. А тут такое. Як у анекдоце пра чукчу — гэта ўжо не выпадковасць, а тэндэнцыя, аднак».
Праблемы палітычнага характару
«12 чэрвеня Лукашэнка правёў нараду з супрацоўнікамі сваёй Адміністрацыі. Гэта было фактычна першае максімальна поўнае і скончанае апісанне палітычнай канструкцыі, якую Лукашэнка выбудоўвае пасля выбараў 2025 года: “Адміністрацыя прэзідэнта — гэта палітычны штаб, бо цяпер няма пытанняў, якія б не мелі палітычнага характару,” — [рэзюмавала БелТА яго словы].
То бок, як Саўмін з'яўляецца эканамічным штабам, адказным за тое, каб даваць яму эканоміку, так Адміністрацыя павінна даваць яму ўсё іншае. “І [быць] бар'ерам адпаведным ад іншых структур перад прэзідэнтам”, — [сказаў Лукашэнка]. Гэта — апошні этап, апошняя мяжа, апошні бар'ер, крайні ці там яшчэ нейкі перад прыняццем рашэння.
То бок, Адміністрацыя адначасова і выпрацоўвае ўсе ключавыя рашэнні, і праводзіць іх жа экспертызу, і адказная за іх жа выкананне. Роўна гэтак і пра кадры».
Умовы ўсеагульнай апатыі
«Я неаднаразова казаў, што, насуперак перакананню Лукашэнкі ў тым, што ўсё добрае ў краіне — гэта яго заслуга, у рэчаіснасці, гэта быў вынік працы велізарнай колькасці людзей, якія імкнуцца прынесці карысць сваёй краіне, часцяком насуперак яго волі. З 2020 года, з выкрадзеных выбараў, пачалася, а ў 2025-м, пасля афармлення пажыццёвага кіравання, канчаткова ахапіла апатыя. І грамадства ў цэлым, і яго ўласных службоўцаў у прыватнасці.
Якая рэакцыя на гэта Лукашэнкі? Патрабаванне ўзмацняць дысцыпліну і кожнаму выконваць свае абавязкі на сваім працоўным месцы. Але ва ўмовах апатыі і адсутнасці ў Лукашэнкі ўласных кіраўніцкіх ідэй гэта тоеснае італьянскаму страйку: выконваць усе даручэнні кіраўніцтва даслоўна, якімі б тупымі яны не былі. Хочаш, нават карову ў палац паставім.
І бязглузда пагражаць службоўцам рэпрэсіямі. Першае, фармальна няма за што. Другое, замяніць няма кім, калі ў цябе міністр МУС — губернатар, а міністр па падатках — памагаты па вобласці. А, трэцяе, што самае важнае, у рэакцыі на гвалт ёсць кропка насычэння».