Навіны з Чалым 18 красавіка

У чым мае пераканацца Беларусь і ў якой схеме дзядуля марны

Падабенства трампізму, фашызму і пуцінізму ды старая тэза Лукашэнкі — разбор апошніх навін з Сяргеем Чалым.

ЗША не падтрымалі дэкларацыю «Вялікай сямёркі» з асуджэннем вайсковых злачынстваў Расеі, а Аляксандр Лукашэнка аддаў на аўтсорс вонкавыя палітыку і эканоміку Беларусі. Незалежны эканамічны эксперт Сяргей Чалы скаментаваў галоўныя навіны апошніх дзён у праграме «Навіны з Чалым». Публікуем некаторыя цытаты.
Змест
00:00 Трамп і дэпартацыя
02:00 Турэмнае супрацоўніцтва
03:40 «Трампізм – гэта пуцінізм»
05:30 Метафара з раздзелам Берліна
06:50 Лукашэнка і Нарышкін
08:50 Турчын і Мішусцін

Турэмная супраца

«Сустрэча ў Авальным кабінеце прайшла ў цёплай, сяброўскай абстаноўцы, дзе абодва бакі выхваляліся поспехамі ў супрацы. Я маю на ўвазе, менавіта ў гэтай супрацы  — у турэмнай.

Логіка прыхільнікаў Трампа, якія казалі, што паказная жорсткасць улады закране толькі нелегалаў і злачынцаў, ужо не працуе. 90% дэпартаваных у сальвадорскія турмы зусім не маюць крымінальных запісаў. І сам Трамп перад журналістамі паабяцаў, што пашырыць гэту практыку і на грамадзянаў ЗША: “А што яны думаюць, што яны нейкія асаблівыя?” Даўно ўжо трэба зразумець, што гэта не тролінг, не спробавы шар. Гэта адкрытыя заявы пра свае намеры. Трэба навучыцца прымаць гэтыя пагрозы сурʼёзна.

Абстаноўка на сустрэчы была сапраўды цёплай і дружалюбнай. [Прэзідэнт Сальвадора Наіб] Букеле, у сваю чаргу, выхваляўся ўласнымі дасягненнямі ў адсыланні ўласных грамадзянаў за краты: “Ух ты, якая прыгожая фраза. Хто гэта прыдумаў? Я буду таксама так казаць: каб вызваліць мільёны, трэба пасадзіць некаторых”.

Ну, як некаторых. На хвіліначку, Сальвадор з вялікім адрывам займае першае месца па колькасці зняволеных на душу насельніцтва. У турмах знаходзіцца 2% сталага насельніцтва краіны».

Пра трампізм, фашызм і пуцінізм

«Пра тое, што трампізм  — гэта фашызм, я казаў адразу пасля інаўгурацыі. Пра тое, што трампізм  — гэта пуцінізм, казаў трошкі пазней. … Спецпасланец Трампа Стыў Ўіткаф, які вярнуўся пасля другой сустрэчы з Пуціным, дзе ён прымудрыўся адзначыцца ганебным пачцівым жэстам, пачаў неадкладна паўтараць крамлёўскія наратывы, вінавацячы ў вайне ва Украіне NATO. А Трамп, пасля гутаркі з Ўіткафам,  — яшчэ і Байдэна з Зяленскім: “Слухай, калі ты пачынаеш вайну, ты павінен быць упэўнены, што ты можаш яе выйграць. Ты не можаш пачаць вайну супраць некага, хто больш цябе ў дваццаць разоў, а потым меркаваць, што людзі дадуць табе нейкія ракеты”.

Даць нейкія ракеты  — гэта пра прапанову Зяленскага купіць 10 сістэм супрацьпаветранай абароны Patriot за $15 млрд. Прапанова, якую Трамп адкінуў.

Пасля гэтага не застаецца ўжо ніякіх сумневаў, на чыім баку знаходзіцца Трамп у гэтых мірных перамовах. Перамовах, якія больш за ўсё патрэбныя самаму Трампу. Адгэтуль і шматлікія канчатковыя ўльтыматумы, якія Пуцін дэманстрацыйна ігнаруе.

“За 22 дні так званага энергетычнага перамірʼя Расея забіла амаль у 2,5 разу больш украінцаў, чым за такі ж перыяд да яго абвяшчэння”. Колькасць ахвяр сярод мірнага насельніцтва пасля апошняга ўдару па Сумах была максімальнай з пачатку года. Удару, пасля якога рэзалюцыю “Вялікай сямёркі” з асуджэннем вайсковых злачынстваў пуцінскага рэжыму ЗША не падтрымалі. Літаральна таму, што не хацелі злаваць Расею, каб не паставіць пад пагрозу перамоўны працэс».

Пра марнага дзядулю

«Вонкавая палітыка … нечакана засталася за Пуціным. Помніце, [Аляксандр Лукашэнка сказаў] гэта: “Навошта мне кудысьці лезці? Пуцін улічыць нашы інтарэсы”.

Унутраная палітыка  — для гэтага ёсць палітычны штаб, адміністрацыя. Зрабіце так, каб мяне кахалі. Унутраная і вонкавая эканоміка  — для гэтага ёсць эканамічны штаб, урад. Дайце мне эканоміку, едзьце дамоўцеся, каб Пуцін зрабіў мае заводы бясстратнымі. Старая тэза Лукашэнкі складалася ў тым, што кожны займаецца сваёй справай на сваім працоўным месцы, а яго справа  — мір ва ўсім свеце. Але зараз свет  — гэта наступная вайна за цяперашняй. І нават гэта ўжо не яго справа. У гэтай схеме дзядуля не патрэбен, таму што ён марны. І гэта ў здзеклівай форме прадэманстраваў нават найбліжэйшы хаўруснік у Маскве».

Кіраванне зводзіцца да дырэктыў

«А справу Лукашэнкі зараз  — прыязджаць у госці з салам і мёдам і праводзіць майстар-класы па пасадцы дрэваў і сячэнні дроў. А ўсё кіраванне на гэтым новым этапе існавання беларускага рэжыму зводзіцца да выдання дырэктыў: № 11 “Пра дасканаленне функцыянавання сістэмы органаў улады і кіравання, узмацненні выканальніцкай дысцыпліны” і № 12 “Аб рэалізацыі асноў ідэалогіі беларускай дзяржавы”, змест якіх якраз і зводзіцца да згаданых “дайце мне эканоміку” і “зрабіце так, каб народ мяне пакахаў”.

І вось роўна як цяпер Амерыка на прыкладзе Трампа наноў разумее згубнасць манархічнага прынцыпу кіравання, так Беларусі мае пераканацца ў згубнасці кіравання пажыццёвага».

Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць