Тэмы ніжэй годнасці
«У часы майго студэнцкага юнацтва, калі КВЗ яшчэ толькі зараджаўся, у нас лічылася ніжэй за сваю годнасць эксплуатаваць тры тэмы: палітыка, жарты ніжэй пасу і гульня на нацыянальных стэрэатыпах.
І што я бачу? Лукашэнка падчас паездкі ў Маскву прайшоўся па ўсіх трох пунктах. Выступаючы ў Савеце Федэрацыі, ён прадэманстраваў горшы ўзор стэндапу. Я, кажа, Валянціна Іванаўна (маецца на ўвазе старшыня Савету Федэрацыі Федэральнага Сходу Расейскай Федэрацыі Валянціна Матвіенка — рэд.), сваіх міністраў прымусіў па гаўну пахадзіць. У вас можна так казаць? А Матвіенка яму ў адказ: вам усё можна. Саўгаснік ты неачэсаны, хочацца дадаць.
І добра б гэта было проста гаўно. Важны ж кантэкст, у якім гэта гаўно з'явілася.
Лукашэнка чамусьці стаў апраўдвацца за прызначэнне новага ўраду: "Навошта падымаць гэтую буру? Прыйшоў новы прэм'ер, міністры талковыя. Выключна новае пакаленне — я гэта абяцаў". Роўна гэта ж ён казаў у Менску пры прызначэнні новых членаў ураду.
Ёсць настолькі відавочная супярэчнасць паміж тэзай пра зусім новае пакаленне і перапрызначэннем 62-гадовага віцэ-прэм'ера Анатоля Сівака, што Лукашэнку давялося сказаць: вы, Анатоль Аляксандравіч, зусім малады чалавек. <...>
Навошта Лукашэнка так часта напірае на навізну пакалення кіраўнікоў, прычым і ў Менску, і ў Маскве, калі, фактычна, пакаленне засталося тое ж? <...> Гэта спосаб спачатку падмяніць, а потым і загуляць першапачатковыя абяцанні, якія ён даваў як у Менску сваім чыноўнікам, так і ў Маскве Пуціну. Абяцанне, што ён сыдзе да 2025 года. Прыкладна гэтак жа, як ён загуляў год таму абяцанне канстытуцыйнай рэформы з мэтай падрыхтаваць свой сыход».
Лукашэнка ўжыўся ў ролю шасцёркі пры крымінальніку
«Пра важнасць сакральнай лічбы 87 для Лукашэнкі... Лукашэнка не можа змірыцца з тым, што ЦВК яму намалявала крыху менш за 87%. І другое — пытанне геапалітычнага выбару стаяла так ціха і не публічна, што не знайшлося нікога, хто б яму апаніраваў. Не крыўдуйце, Уладзімір Уладзіміравіч, што я змяніў толькі членаў ураду, а не сябе: “Таму вы ніколькі не сумнявайцеся. Не толькі я, мае калегі — чальцы ўраду, дэпутаты — прыхільнікі найцяснейшых нашых адносін". Фактычна, паўтарыў Лукашэнка сцэну са спектаклю "Дзень радыё": "Ён яшчэ зацябей за іншых".
Не дзіўна, што пасля такіх выразаў адданасці [на сумеснай прэс-канферэнцыі з Пуціным 13 сакавіка ў Маскве] гаворка Лукашэнкі, якая звычайна мае шмат слова "я", была перапоўненая словам "мы": "Мы дамовіліся з прэзідэнтам Расеі, што мы пераадолеем усё", "Мы нічога чужога не хочам, але цвёрда дамовіліся, што сваё мы не аддамо. На гэтым стаялі і будзем стаяць", "Камусьці хочацца, каб мы забівалі адзін аднаго, мы гэта разумеем. ... Наша справа правая", "Нас абвесці вакол пальца не атрымаецца. Мы ведаем свае мэты, свае інтарэсы".
Лукашэнка настолькі старанна выконвае ролю шасцёркі пры крымінальніку (ну што, хто цяпер супраць нас з дзядзькам Вовам?), што, здаецца, нават заразіўся ад пахана эйфарыяй яго вялікай перамогі ў СВА — вызвалення Курскай вобласці. Усё, кажа ён, цяпер мы вяртаемся да перамоваў з улікам сітуацыі на зямлі, паўтарае ён тэзу Пуціна».
Пра камісіі па вяртанні
«Лукашэнка прапануе Расеі пераймаць беларускі досвед не толькі ў палітычнай, але і ў эканамічнай сферы. Ну, на паверхні ж ляжыць ідэя. Скарыстацца беларускім досведам і стварыць камісію па вяртанні збеглых кампаній.
Яны ж, калі стваралі камісію па збеглых грамадзянах, сапраўды гэтак жа думалі, што будуць сядзець і вырашаць, каго пусціць, а каму адмовіць. Тое ж самае з кампаніямі. Трэба ўмець дараваць, калі можна дараваць. Вось, напрыклад, Skoda і Nivea дараваць ніяк нельга. Яны публічна паквапіліся на святое — на беларускі хакей.
І не важна, што жадаючых вярнуцца грамадзян апынуліся лічаныя адзінкі, а з 60 найбуйнейшых кампаній, якія пайшлі з Расеі, апытаных выданнем The Bell, наогул ніхто не выказаў жадання вярнуцца. Увогуле, не перашкаджайце людзям марыць».
Удар па балючаму
«Ён (Аляксандр Лукашэнка — рэд.) у Зяленскага выпрошвае права ўдзельнічаць у мірных перамовах. А яшчэ нядаўна Лукашэнка, фактычна, ганарыўся тым, што намацаў адзіны правільны, як яму здавалася, спосаб існавання ў свеце, дзе не працуе міжнароднае права, а дзейнічае права моцнага. І што? І далёка цябе завяло гэта ўменне? Дапамагло табе веданне, перад кім трэба поўзаць, а на каго можна агрызацца?
Наадварот, Зяленскі зразумеў старую максіму, што роўна гэтак жа, як ты падпарадкаваннем разахвочваеш гвалтаўніка, так супакаеннем ты разахвочваеш агрэсара.
І што мы бачым па выніках двухгадзіннай размовы Пуціна з Трампам? Адзіная канкрэтная дамоўленасць — гэта ж смяротная абраза Лукашэнкі. Стрываць можна было ўсё. І нацыянальнае прыніжэнне, і размовы пра ўтрыманства, і пагрозы паглынання. Але Пуцін, як сапраўдны садыст, ведае, куды ўдарыць. У самае балючае месца. З Трампам ён дамовіўся на правядзенне сепаратнага хакейнага турніру з удзелам лепшых амерыканскіх і расейскіх хакеістаў».