Навіны з Чалым Учора

Чаму Лукашэнка — не ахвяра зварʼяцелага Пуціна і навошта Беларусь папярэдзіла Польшчу пра дроны

Рэакцыя ЗША на беспілотнікі і помсту суседзям — разбор апошніх навін з Сяргеем Чалым.

Расейскія дроны ў ноч на 10 верасня 2025 года перасеклі мяжу з Польшчай, а Дональд Трамп адрэагаваў на інцыдэнт у сваёй сацсетцы словамі «Ну, панеслася». Незалежны эканамічны эксперт Сяргей Чалы скаментаваў галоўныя навіны апошніх дзён у праграме «Навіны з Чалым». Публікуем некаторыя цытаты.

Незвычайная рэакцыя

«Самая гучная навіна апошніх дзён — запуск расейскіх дронаў па тэрыторыі Польшчы. У ноч на 10 верасня ў час адной з самых масавых атак на Украіну каля двух дзясяткаў расейскіх дронаў уварваліся ў паветраную прастору Польшчы. <...> Як заявіў прэмʼер [Польшчы] Дональд Туск, збіваліся тыя, якія пагражалі жыццю палякаў. Такім чынам мы маем першае ў гісторыі знішчэнне адразу некалькіх БПЛА Расеі над тэрыторыяй краіны NATO.

На раніцу NATO задзейнічала 4-ы артыкул свайго статута, які дапускае правядзенне кансультацый краін-удзельніц у выпадку пагрозы бяспекі і тэрытарыяльнай цэласці адной з краін. Спыніліся ў кроку ад артыкула нумар 5, які дэкларуе, што атака супраць аднаго з чальцоў NATO зʼяўляецца атакай супраць альянсу.

Прэмʼер Туск адмыслова адзначыў, што значная частка беспілотнікаў заляцела з тэрыторыі Беларусі, а значыць адмыслова. Не былі [дроны] заблукалымі над Украінай, як звычайна апраўдваліся ў гэтым выпадку беларускія ўлады.

Наадварот, рэакцыя беларускага боку была вельмі незвычайнай. Начальнік Генштабу, першы намеснік міністра абароны генерал-маёр Павел Муравейка заявіў, што з 23:00 да 4:00 гадзін раніцы беларускія дзяжурныя сілы камунікавалі з калегамі з Польшчы і Літвы, папярэджваючы іх пра дроны, якія ляцяць у іх бок, калі тыя яшчэ былі ў паветранай прасторы Беларусі».

Адказ на міратворчыя патугі Трампа

«На першы неспрактыкаваны пагляд можа падацца, што Расея прызнала інцыдэнт выпадковасцю. Але не. Гаворыцца толькі пра тое, што цэляў не было зададзена для паражэння. Але не гаворыцца пра тое, што яны не запусцілі дронаў па Польшчы адмыслова. Што на другі, дасведчаны пагляд, азначае, што запуск быў наўмысным. Але мэтай быў сам залёт на тэрыторыю Польшчы. <...>

Усё гэта адбываецца меней чым праз месяц пасля саміту на Алясцы і менш чым праз два тыдні пасля саміту ШАС у Кітаі. Абодва, па факце, ізноў зрабілі Пуціна рукапаціскальным у сусветнай палітыцы. Карацей, Пуцін вырашыў, што яму можна.

У гэтым сэнсе атака на Польшчу — працяг дэманстрацыйнай знявагі Трампа Пуціным. Першая рэакцыя Трампа была такая ж бездапаможная, як яго знакамітае “Валодзя — стоп”. “Ну, панеслася”, — напісаў Трамп у сваёй сацсетцы. Што можа азначаць усё, што хочаш. Ад расчаравання да зларадства.

Пуцін і раней адказваў на міратворчыя патугі Трампа ўзмацненнем атак па Украіне. Але тут новае што? У гэты раз яны закранулі краіну NATO. Усё гэта адбываецца на фоне паведамленняў пра тое, што ЗША плануюць паэтапна згарнуць праграмы вайсковай дапамогі для арміяў краін NATO, размешчаных уздоўж расейскай мяжы. Гаворка ідзе пра праграму, якая штогод ухваляецца кангрэсам па запыце адміністрацыі. І сёлета такога запыту не паступіла. Сродкі па гэтай праграме будуць даступныя да канца верасня 2026 года. Афіцыйнае тлумачэнне: Еўропа павінна сама больш клапаціцца пра ўласную бяспеку».

Крык пра дапамогу ці правакацыя

«І засталося без адказу апошняе пытанне: чаму менавіта з тэрыторыі Беларусі? І варыянтаў тут усяго два. Як Муравейка толькі што і Лукашэнка неаднаразовае ў звароце да Захаду спрабуюць стварыць уражанне, што мы тут ні пры чым. Гэта ўсё Пуцін. Выратуйце нас ад гэтага варʼята. То бок мэсідж, што азначае поўную адсутнасць субʼектнасці Беларусі ў вонкавай і асабліва вайсковай палітыцы.

І ўсе б добра, калі б Беларусь сама, у ініцыятыўным парадку не вяла свайго ўласнага змагання з Польшчай. Бо ніхто ж не прымушаў Лукашэнкіу ладзіць паказальнае затрыманне і абвінавачанне польскага вандроўнага манаха-кармеліта ў шпіянажы. Прытым сюжэт зʼяўляецца даслоўным паўторам правакацыі спецслужбаў пад назвай “мы вам пакажам, як на Азаронка рыхтаваўся напад”».

Не ахвяра, а супольнік

«Мой пункт погляду: Лукашэнка — ніякая не ахвяра бандыта Пуціна. Ён яго супольнік ці яшчэ дакладней — шасцёрка. Правакатар, які разлічвае на свой дробны гешэфт. Як з вайной з Украінай Лукашэнка разлічваў атрымаць доступ да порта Паўднёвы для перавальвання калійных угнаенняў.

А ў дадзеным выпадку ён проста хацеў нагадзіць Польшчы, якая даўні прадмет яго ірацыянальнай фіксацыі. Вось гэта вось сталае “яны, як тады, хочуць адняць тэрыторыі, загнаць пад панскі бізун, каб мы ў лапцях хадзілі”.

Рэсентымент, які атрымаў сваё канчатковае замацаванне ў выглядзе нацыянальнага свята — Дня народнага адзінства, ён жа дзень выканання Савецкім Саюзам хаўрусніцкага абавязку перад нацысткай Нямеччынай у супольным знішчэнні Польшчы».

Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць