Уладзімір Зяленскі 17 кастрычніка абмяркуе з Доналдам Трампам у Вашынгтоне перадачу Украіне ракет вялікай далёкасці Tomahawk, а «Нашай ніве» стала вядома пра затрыманне дзясяткаў сваякоў беларускіх палітвязняў. Незалежны эканамічны эксперт Сяргей Чалы пракаментаваў галоўныя навіны апошніх дзён у праграме «Навіны з Чалым». Публікуем некаторыя цытаты.
Зусім новы этап эскалацыі
«Прэзідэнт Уладзімір Зяленскі ў Вашынгтоне будзе абмяркоўваць з прэзідэнтам Доналдам Трампам магчымасць і ўмовы дастаў Украіне высокадакладных крылатых ракет вялікай далёкасці Tomahawk (“Тамагаўк”). Як казаў сам Трамп, рашэнне ўжо практычна прынята, яму проста хацелася б пачуць ад Зяленскага, па якіх цэлях той збіраецца іх выкарыстоўваць.
“Гэта будзе азначаць абсалютна новы, якасна новы этап эскалацыі, у тым ліку ў адносінах Расеі і ЗША”, — адрэагаваў Уладзімір Пуцін.
Гэтым разам ужо дакладна новы, зусім новы этап. Гэтак жа як і ва ўсе папярэднія разы ў выпадку з даставамі хоць нейкай зброі замест касак: у самым пачатку вайны з даставамі амерыканскіх і еўрапейскіх танкаў, сістэм Himars, знішчальнікаў F-16. Расея так часта ўжо пагражала ядравай вайной у адказ на эскалацыю, што цяпер гэтыя пагрозы ніхто не прымае да ўвагі».
Прылада ўплыву на еўрапейскіх хаўруснікаў
«Гісторыя “Тамагаўкаў” — гэта яшчэ і гісторыя часоў ядравага стрымання дзвюх супердзяржаў, часоў халоднай вайны. З яе сканчэннем у 1987 годзе Гарбачовым і Рэйганам была падпісана дамова пра ліквідацыю ракет сярэдняй і меншай далёкасці наземнага базавання. Крылатая ракета “Тамагаўк” наземнага базавання падпадала пад гэту дамову разам са знакамітай ракетай Pershing II. Дамова была выканана і ўжо да 1991 года ўсе наземныя пускавыя комплексы былі знішчаны.
У чым была іх небяспека? Яны ляцяць на нізкай вышыні, выкарыстоўваючы зморшчыны мясцовасці, нясуць вялікую баявую нагрузку і могуць несці ядравы зарад. А праз кароткі часу падлёту немагчыма вызначыць, як менавіта яны ўзброены.
Цяпер некаторыя кажуць пра тое, што перадача ракет бессэнсоўная без комплексаў запуску. Але справа ў тым, што з-за таго, што ЗША ў 2019 годзе выйшлі з дамовы і з 2020 года заняліся распрацоўкай наземных комплексаў, з 2023 года яны ўжо пастаўлены на ўзбраенне. Апошнім часам “Тамагаўкі” ужываліся для ўдараў па пазіцыях гусітаў і ядравай інфраструктуры Ірану.
Тое, што амерыканцы заяўляюць, што спачатку яны здольныя паставіць усяго некалькі дзясяткаў такіх ракет, не павінна ўводзіць у зман. Гэта яшчэ і прылада ўплыву на еўрапейскіх хаўруснікаў. Найперш на Нямеччыну, якая яшчэ з часоў адміністрацыі Шольца адмаўляецца пастаўляць свае далекабойныя ракеты Taurus, пакуль першы крок не зробіць ЗША».
Пра зневажэнні Пуціна
«І што ж Пуцін? А Пуцін у адказ прыстрашыў узмацніць расейскую СПА. І ўвогуле, Пуціна апошнім часам не зневажае толькі лянівы. “Ён чатыры гады вядзе вайну, якая павінна была скончыцца за тыдзень”, — з дрэнна хаваным расчараваннем сказаў у аўторак (14 кастрычніка 2025 года — рэд.) Доналд Трамп, які нават не павіншаваў Пуціна з днём народзінаў. І ўвогуле, дадаў, у вас там чэргі за бензінам.
А перад прэзідэнтам Азербайджана Ільхамам Аліевым Пуціну на саміце ў Душанбэ давялося зневажацца ў ініцыятыўным парадку. Просячы прабачэння за збіты азербайджанскі самалёт, Пуцін сядзеў перад Аліевым у той паставе, у якой перад ім звычайна сядзіць Лукашэнка.
І так жа няўтульна Пуцін пачуваўся на сустрэчы з часовым прэзідэнтам Сірыі Ахмедам аш-Шараа, які спачатку ваяваў супраць расейскіх войскаў, а потым зрынуў стаўленіка Масквы Башара аль Асада, які цяпер жыве ў “Масква-сіці”.
Нават найбліжэйшы хаўруснік па ўкраінскай вайне, паўночнакарэйскі Кім Чэн Ын паспеў расчаравацца ў Пуціне. Як піша Bild, незадаволены платай за ўдзел карэйскіх вайскоўцаў у баявых дзеяннях і даставу тэхнікі, Кім раптам заявіў пра жаданне аднавіць перамовы з прэзідэнтам ЗША.
А вось расейска-арабскі саміт, запланаваны на 15 кастрычніка ў Маскве, давялося адмяніць пасля таго, як ключавыя лідары Лігі арабскіх дзяржаў адмовіліся ад візіту ў Расею».
Прадмет вялікай угоды павялічваецца
«12 кастрычніка “Нашай ніве” стала вядома пра затрыманне дзясяткаў сваякоў палітвязняў, людзей, якія пацярпелі ад рэпрэсій, а таксама тых, хто сам дапамагаў пацярпелым.
Вядома, можна цешыцца таму, што пытанне вызвалення закладнікаў, што было перыферыйным, пабочным вынікам, мае зараз усе шанцы стаць галоўным, а то і адзіным прадметам вялікай угоды. Калі б не традыцыйны падыход Лукашэнкі: больш палітвязняў на вялікую чару вялікай угоды».