Навіны з Чалым Учора

Да чаго Расея рыхтуе грамадскую думку і за што адправілі ў адстаўку літоўскага міністра культуры

Завуаляваная пагроза і незвычайная міралюбнасць — разбор апошніх навін з Сяргеем Чалым.

Уладзімір Пуцін узяў удзел у пленарнай сесіі XХII штогадовага паседжання Міжнароднага дыскусійнага клубу «Валдай», а ў Літве адправілі ў адстаўку міністра культуры Ігнотаса Адамавічуса, які прабыў на гэтай пасадзе ўсяго тыдзень. Незалежны эканамічны эксперт Сяргей Чалы пракаментаваў галоўныя навіны апошніх дзён у праграме «Навіны з Чалым». Публікуем некаторыя цытаты.

Пра вайну, якая можа скончыцца паразай Расеі

«Што мяне больш здзівіла ў навінах на мінулым тыдні, гэта тое, што большасць вядучых медыяў свету адзначылі незвычайную міралюбнасць Пуціна падчас яго выступу 2 кастрычніка на пленарным паседжанні міжнароднага дыскусійнага клубу “Валдай” у Сочы. У гэтым выступе ён назваў абсурдам боязі Захаду пра тое, што Масква плануе атакаваць краіны NATO.

І сапраўды, Пуцін адмаўляў гэту магчымасць прыкладна тымі ж словамі, якімі ён адмаўляў планы нападу на Украіну. Больш за тое, само пленарнае паседжанне пачыналася прэзентацыяй дакладу, адным з суаўтараў якога быў акурат Фёдар Лук'янаў, мадэратар першай панэлі. Складана інакш ацэньваць змест гэтага дакладу, чым як спробу падрыхтаваць грамадскую думку да таго, што вайна можа скончыцца паразай Расеі: “Стратэгічная перамога над апанентам уяўляецца нават буйным дзяржавам недасяжнай, а цана спробы яе дасягнуць перавышае тую, якую нехта гатовы плаціць. Выдаткі любых кампаніяў немагчыма дакладна пралічыць. Як і вызначыць цану, якую грамадства гатова плаціць за поспех. У дзяржаваў і грамадстваў няма ўнутранага запыту ставіць усё на карту перамогі ў якім-небудзь узброеным супрацьстаянні. Расея не стане рызыкаваць уласнай сацыяльна-эканамічнай стабільнасцю дзеля рашучай перамогі ў вайсковым канфлікце”.

З вуснаў старшыні Рады па вонкавай і абароннай палітыцы цяжка чакаць больш адкрытага выказвання».

Завуаляваная пагроза

«Прытым, завуаляваная пагроза Пуціна на адрас Польшчы выказана якраз у той самы момант, калі расейскія вайсковыя самалёты рэгулярна парушаюць паветраную прастору краін NATO. Толькі з пачатку восені пра з'яўленне над сваімі тэрыторыямі, вайсковымі аб'ектамі і аэрапортамі неапазнаных беспілотнікаў паведамлялі Францыя, Данія, Нарвегія, Нямеччына, Швецыя і Бельгія. У паветраную прастору Эстоніі 19 верасня на 12 хвілін увайшлі тры расейскія знішчальнікі МІГ-31. Таксама не выклікае сумневу дачыненне Расеі да самага буйнога інцыдэнту з залётам двух дзясяткаў дронаў у паветраную прастору Польшчы.

На інфраструктуру еўрапейскіх краін здзяйсняюцца кібератакі. У небяспеку трапляе тэлекамунікацыйны кабель у Балтыйскім моры, а сігнал GPS увесь час заглушаецца. Заходнія спецслужбы некалькі разоў паведамлялі пра папярэджанне наўпроставых дыверсіяў з выкарыстаннем выбухоўкі. Напрыклад, у Польшчы яна была выяўлена ў банках з-пад кукурузы. …

Пры гэтым Расея адмаўляе сваё дачыненне да інцыдэнтаў. Ну, як адмаўляе. На той жа пленарнай сесіі валдайскага клубу Пуцін [іранічна сказаў, што] не будзе больш пасылаць дроны “ні ў Францыю, ні ў Данію, ні ў Капенгаген, куды яны там яшчэ далятаюць”».

Фаза нуль

«Яшчэ 1 жніўня Лукашэнка на сустрэчы з Пуціным распавядаў: “Украіна сёння бягом павінна прасіць яго, Уладзіміра Уладзіміравіча: “Давайце сядзем за стол перамоў, давайце дамовімся”. У адваротным выпадку праз месяц, паўтара, два, не ведаю, там зусім нават абарончых збудаванняў не застанецца. Расейцы ўсё гэта паволі адгрызуць, захопяць і пойдуць далей, адваююць”. А праз гэтыя самыя два месяцы ўжо Лукашэнка з Пуціным угаворвалі Зяленскага згаджацца на вельмі выгадную прапанову. 

У цяперашняй эскалацыі шмат якія палітыкі і аналітыкі лічаць галоўнай пагрозай “Пёрл-Харбар момант” — спантанны пераход канфлікту з гібрыднай у гарачую фазу. Але я б назваў галоўнай пагрозай цяпер падрыхтоўку грамадскай думкі ў Расеі, дый у Беларусі таксама, да вайны з Еўропай. “Расея, здаецца, паскорыла фазу інфармацыйна-псіхалагічнай падрыхтоўкі — фазу нуль — для пераходу да больш высокага ўзроўню вайны. Напрыклад, будучай вайне NATO — Расея”, — гаворыцца ў свежай справаздачы амерыканскага Інстытуту па вывучэнні вайны».

Міністра адправілі ў адстаўку праз Крым

«І традыцыйная рубрыка “Пра прыгожае”. Пра культуру. Ледзь прызначаны на пасаду міністра культуры Літвы па квоце папулісцкай партыі “Світанак над Нёмнам” Ігнотас Адамавічус на першай жа прэсавай канферэнцыі спатыкнуўся на пытанні “Чый Крым?”: “Гэта правакацыйныя пытанні. Давайце нават не будзем да іх падыходзіць, бо мы цяпер не кажам пра міністэрства культуры. Не, давайце не гуляць у гэтыя гульні. Разумееце, трэба... Ёсць мяжа, за якую не варта заходзіць. Вось на гэтым і трэба спыніцца. На гэтых пытаннях”.

У выніку ў той жа самы дзень было абвешчана пра адстаўку міністра. Па сэнсе ўсё зрабілі слушна. Але ўсё-такі шкада, што ніхто не ацаніў формы выказвання. Бо як чалавек культуры ён фактычна даслоўна прайграў знакаміты інтэрнэт-мем».

Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць