Навіны Сёння

«Гаманец» Лукашэнкі пераводзіў грошы праз новазеландскую банкаўскую сістэму, якая можа ўскладніць іх адсочванне

У выцеку файлаў пастаўшчыка фінансавых паслуг Worldclear журналісты знайшлі «тытунёвага караля» Аляксея Алексіна.

У распараджэнні БРЦ апынуўся выцек унутраных дакументаў новазеландскага пастаўшчыка фінансавых паслуг Worldclear Limited, якога могуць выкарыстоўваць для ўтойвання грашовых плыняў. З іх вынікае, што беларускі бізнесовец Аляксей Алексін атрымаў шэраг грашовых пераводаў ад кіпрскай кампаніі. Трансакцыі былі пазначаныя як вяртанне пазыкі.

Унутраныя звесткі кампаніі Worldclear, якія выцеклі, уключаюць спісы кліентаў, запісы пра канфідэнцыйныя трансакцыі і ўнутраную перапіску. Яны паказваюць, што кліенты ўносілі грошы на рахункі кампаніі, адкрытыя ў банках Новай Зеландыі, ЗША, Еўропы і іншых краін. У перыяд з 2014-га па 2019 год Worldclear апрацоўвала шматмільённыя грашовыя пераводы для высокарызыкоўных кліентаў па ўсім свеце.

Аляксей Алексін праз Worldclear атрымаў шэраг пераводаў ад кіпрскай кампаніі. Яны былі аформленыя як пагашэнне пазык. Трансакцыі правялі ў 2017–2018 гадах, да таго, як на беларускага бізнесоўца, вядомага як «тытунёвы кароль», наклалі санкцыі. У абмежавальныя спісы ЕЗ і ЗША ён трапіў у 2021 годзе — у абгрунтаванні Алексіна назвалі ключавым прыхільнікам Аляксандра Лукашэнкі з бізнес-інтарэсамі ў некалькіх сектарах, уключаючы энергетыку.

Аляксей Алексін
Крыніца: OCCRP

Новазеландскі эксперт па барацьбе з адмываннем грошай Марцін Дылі кажа, што перавод сродкаў праз такога кшталту плацежныя сістэмы звычайна павольны і дарагі, але кліенты яго выкарыстоўваюць, таму што гэта можа ўскладніць адсочванне іх грашовых плыняў.

«Складанасць — сябар тых, каму ёсць што хаваць, — кажа эксперт па барацьбе з фінансавымі злачынствамі і дырэктар падкасту The Dark Money Files Рэй Блэйк. — Гэта ўскладняе працу расследавальнікаў — якія могуць працаваць у паліцыі, аддзеле па кантролі за выкананнем заканадаўства, падатковых органах, аўдытарскіх службах або сродках масавай інфармацыі — па разблытванні ланцужка трансакцыяў і высвятленні таго, што насамрэч адбылося».

Выцек дакументаў паказаў, што Worldclear прадстаўляла паслугі асобам, якія знаходзіліся пад следствам або раней былі асуджаныя за фінансавыя злачынствы. Сярод кліентаў кампаніі быў Майкл Уілсан, які на той момант знаходзіўся ў вышуку і пазней быў прызнаны вінаватым у махлярстве з інвестыцыямі. Значыўся сярод іх і грамадзянін Вялікай Брытаніі Гюнтэр Клар, пазней асуджаны за маштабнае падатковае махлярства Cum-Ex.

Аляксей Алексін не адказаў на нашыя пісьмовыя запыты.

На падставе выцеку дакументаў Worldclear Цэнтр па даследаванні карупцыі і арганізаванай злачыннасці OCCRP, новазеландская платформа фінансавых навін Interest.co.nz, Беларускі расследавальніцкі цэнтр, літоўскі партал 15min.lt і шведская газета Expressen выпусцілі расследаванне «The Worldclear Files».

Падрабязную гісторыю пра тое, як менавіта Аляксей Алексін выкарыстоўваў фінансавую сістэму, чытайце неўзабаве на сайце БРЦ і глядзіце на нашым ютуб-канале.

Іншыя Навіны
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць