Курс долара сышоў за гарызонт — чыноўнікі нагадваюць пра давер
«3,57 [рубля за долар] у момант, афіцыйны курс Нацыянальнага банку. <...> То бок, гэта ўжо далёка за межамі курсу, з разліку якога пабудаваны праект бюджэту. Шмат афіцыйных заяў з серыі "ну, наогул, долар нам не так важны, вы дарма на гэта ўсё глядзіце, мы таргетуем кошык, у кошыку нічога не адбываецца". <...>
Дзіўная рэч, што так мала людзей кажуць пра сапраўдную прычыну, чаму гэта ўсё адбылося. Аддзімацца прыйшлося [Раману] Галоўчанку. <...> Наколькі важнай стала праблема, што гэта прыйшлося каментаваць прэм'ер-міністру краіны па першым канале афіцыйнага тэлебачання. <...>
Па-мойму, кажа [Раман Галоўчанка], мы за гады сваёй палітыкі эканамічнай, якую мы праводзім, усялілі ў людзей упэўненасць, у першую чаргу ў беларускім рублі. <...> Я б сказаў, наадварот, трэба пастарацца за ўсе гады гэтай эканамічнай палітыкі знайсці перыяд, на працягу якога сапраўды ўпэўненасць у беларускім рублі была. І, я б сказаў, які гэта перыяд быў — да першай дэвальвацыі.
І, нарэшце, [Галоўчанка] кажа: "Гэта звязана з многімі фактарамі — і ўнутранымі, і знешнімі. <...> Выбары ў ЗША <...>, зрабіць Амерыку вялікай". Вось гэта паўплывала. Ну, не "зрабіць Амерыку вялікай" паўплывала на курс. Не. Паўплывала на курс, вядома ж, гісторыя з загадзя абвешчанымі гандлёвымі войнамі».
Як рубель аўтаматычна трохі здэвальваваўся
«"З улікам таго, што наш валютны курс плаваючы, — кажа Галоўчанка, — у нас рынкавае цэнаўтварэнне, таму беларускі рубель аўтаматычна здэвальваваўся трохі да долара ЗША". Мне падабаецца тут і "аўтаматычна", і "трохі да долара ЗША". "Але я падкрэслю, што ўвесь час да гэтага беларускі рубель умацоўваўся да амерыканскай валюты". Што не сказана? Пра расейскі рубель нічога не сказана.
Адзінае, кажа: "Для нас самае галоўнае цяпер усё ж такі расейскі рубель і кітайскі юань". І гэтак далей. Усім зразумела, што беларускі рубель пры ўсіх размовах пра давер да яго, практычна цалкам прывязаны да ваганняў расейскага. <...> І можна колькі заўгодна распавядаць пра тое, як вы дамагліся гэтага самага даверу. Хоць мы насамрэч разумеем, што ніякага самастойнага беларускага рубля цяпер няма».
Пра няпростыя працэсы, якія пад кантролем
«А цяпер, уласна кажучы, што ж здарылася з расейскім рублём? Самае цікавае, што і [Уладзімір] Пуцін нават выказаўся. Яго, што называецца, вымусілі выказацца. Акурат, калі быў саміт АДКБ у Астане. У расейскага прэзідэнта спыталі, што ж там адбываецца? Як піша Калеснікаў, любімы ягоны жыццяапісальнік, расейскі прэзідэнт быў акуратны. Ён, чамусьці, пачаў адказваць за інфляцыю, а не за курс. Вось "усё, што называецца Цэнтральным банкам у галіне інфляцыі, гэта ўсё рэальна, там няма нічога прыдуманага", лёгка правяраецца. Гэта значыць вось гэтыя 8,5%, якія яны называюць, гэта так і ёсць.
Далей, увага, цытата Пуціна: "Некаторыя адмыслоўцы лічаць, што пры інфляцыі 8,5% мець ключавую стаўку 21% — занадта шмат". Сапраўды, у рэальным выразе яна гіганцкая. “Гэта завышаная стаўка. Але калі вы кажаце пра тое, што кошты падрастаюць, значыць, усё ж такі нам неабходна падумаць, завышаная гэтая стаўка ці не". Гэта вельмі каштоўнае прызнанне. <...> Пра што кажа? Гэта, па сутнасці справы, азначае, што галоўны інструмент барацьбы з інфляцыяй не працуе ў выглядзе гэтай самай барацьбы з інфляцыяй.
А вось, што датычна курсу рубля, гэта звязана не толькі з інфляцыйнымі працэсамі. Для панікі дакладна ніякіх падстаў няма. Усё пад кантролем. Ды і ў суседніх краінах працэсы няпростыя, але яны пад кантролем. Вось, як кажа Калеснікаў. Нічога іншага ён цяпер сказаць не мог. У суседніх краінах — гэта якіх? Гэта значыць нідзе больш. Толькі ў адной, яшчэ адной суседняй краіне здарыліся "працэсы няпростыя, але яны пад кантролем"».
Агаворка ператварыла 25 гадоў у пяць — ніхто не заўважыў
«Відавочны зусім ляп. У тым жа самым эфіры Галоўчанка сказаў, як яго цытуе БелТА: "У параўнанні з 2020 годам наш экспарт павялічыўся практычна ў 5 разоў, нават больш — у 5,5 разы, з 7 з хвосцікам мільярдаў долараў да 40 мільярдаў". Ён, вядома ж, памыліўся — гэта 2000 год. Сем мільярдаў з хвосцікам — гэта экспарт 2000 года.
Самае смешнае, што гэта вельмі лёгка правяраецца. Проста агаворка. Ніхто з журналістаў не адважыўся яго паправіць. Яны даюць гэта ў тэкст. І ў тэксце нават кажуць: "З пачатку цяперашняй пяцігодкі экспарт..."
Гэта ўсё, вядома, праўда наконт росту за 20 гадоў. А там жа ж гісторыя якая? Што ўвесь асноўны рост экспарту прыйшоўся да 2008 года. Да, уласна, сусветнага эканамічнага крызісу. А дзе экспарт быў максімальным? Гэта таксама нескладана здагадацца — 2012 год. І гэта не толькі растваральнікі і разбаўляльнікі».