А таксама — Польшча ўзяла крэдыт, роўны гадавому ВУП, беларусы не ездзяць у Літву і Латвію, на «Беларусь 1» знайшлі пацверджанне ўкраінскага нацызму. Топ-5 фэйкаў тыдня ад каманды Weekly Top Fake.

Фэйк №1: Беларусы не ездзяць у Польшчу і краіны Балтыі 

Дата фэйка: 25.08.2023

28 жніўня кіраўнікі МЗС Польшчы і краін Балтыі дамовіліся аб поўным закрыцці межаў з Беларуссю, калі там адбудзецца «крытычны інцыдэнт». Напярэдадні гэтай сустрэчы Аляксандр Лукашэнка заявіў, што гэтыя кірункі для паездак беларусам і так не вельмі цікавыя. Відэафрагмент заявы апублікавалі 25 жніўня ў тэлеграм-канале «Пул першага».

«Хай зачыняюцца, мы ж усё роўна ў Літву, Латвію не ездзім. І праз іх таксама не працуем», — распавёў Лукашэнка. 

Гэта няпраўда. Летась, паводле звестак літоўскай памежнай службы, з Беларусі ў Літву заехала больш за 1,7 млн чалавек. Колькі з іх былі грамадзянамі Беларусі, статыстыка не паведамляе. Прыкладную іх колькасць можна палічыць, выкарыстоўваючы звесткі беларускіх памежнікаў пра 250 тыс. літоўцаў, якія летась наведалі Беларусь і вярнуліся дадому. Калі іх адняць з агульнага патоку перасякаючых беларуска-літоўскую мяжу, застанецца каля 1,5 млн. чалавек. Гэта значыць прыкладна столькі беларусаў, верагодна, прыехалі ў Літву. Амаль столькі ж у 2022 годзе наведалі Польшчу. Звестак латвійскай статыстыкі ў адкрытым доступе няма, а афіцыйныя органы на запыт Weekly Top Fake пакуль не адказалі.

За першае паўгоддзе 2023-га, калі ў Польшчу можна было трапіць толькі праз адзін памежны пераход «Брэст», у краіну заехалі 640 тыс. беларусаў. Паводле звестак за той жа перыяд, 800 тыс. грамадзян Беларусі адправіліся ў Літву. 

Фэйк №2: Назву «Эдэльвейс» выкарыстоўваюць толькі нацысты

Дата фэйка: 28.08.2023

Сяргей Гусачэнка ў перадачы «Зразумелая палітыка» на тэлеканале «Беларусь 1» 28 жніўня распавёў пра зверствы нямецкага батальёна «Эдэльвейс» у гады Другой сусветнай вайны і зрабіў выснову, што сёння выкарыстоўваць такую назву могуць толькі ідэйныя спадчыннікі нацыстаў:

«І пасля такой жудаснай гісторыі Зяленскі цынічна і знарочыста стварае “Эдэльвейс 2.0” ва Украіне. Заплямленае крывёю імя сёння — частка ВСУ. Зразумела, што мясцовая прапаганда даўно прамыла мазгі мясцовым жыхарам. Але адзін з важных крокаў, каб зрабіць з нацыстаў герояў, — гэта юрыдычны статус».

У Weekly Top Fake мы ўжо распавядалі, што ў самой Расеі гэтую назву да 2016 года выкарыстоўваў атрад спецназа ў Мінеральных водах, а войскі АДКБ праводзяць вучэнні на палігоне «Эдэльвейс» у Кыргызстане.

Гэта «заплямленае крывёю імя» выкарыстоўвае і МУС Расеі. Пасля атакі дронаў на аэрапорт у Пскове 30 жніўня з'явіліся паведамленні, што мясцовыя ўлады ўвялі план «Эдэльвейс» — перавялі спецслужбы на ўзмоцнены рэжым рэагавання.

Што гэты план уводзілі, паведамлялася яшчэ ў траўні, калі на тэрыторыю Белгародскай вобласці ўвайшла ўкраінская дыверсійна-разведвальная група. Афіцыйныя службы, праўда, тады не пацвердзілі яго ўвядзенне. 

План «Эдэльвейс» афіцыйна прапісаны ў дакументах МУС Расеі. Пра гэта паведамляе, у прыватнасці, расейскае дзяржагенцтва РІА Навіны.

Фэйк №3: Польшча ўзяла крэдыты на 540 млрд долараў на мадэрнізацыю войска

Дата фэйка: 30.08.2023

Польшча наўмысна перабольшвае пагрозу, якая зыходзіць ад Беларусі, перад парламенцкімі выбарамі ў кастрычніку 2023-га, а сама тым часам бярэ велізарныя крэдыты, каб закупіць больш зброі. Такая заява прагучала 30 жніўня ў перадачы «Трэнды» на тэлеканале «Беларусь 1». 

«Пад шумок Варшава стварае наймацнейшую армію ў Еўропе. Праўда, у крэдыт. Актыўна закупляюцца найноўшыя віды ваеннай тэхнікі: самалёты, падводныя лодкі, танкі, гаўбіцы і гэтак далей. 200 мільярдаў долараў польскі ўрад пазычыў у паўднёвакарэйскага банку. А нядаўна папрасіў яшчэ 340 мільярдаў. Хто будзе вяртаць гэтыя сродкі, зразумела», — гаворыцца ў сюжэце.

Паводле версіі беларускага тэлебачання, Польшча папрасіла $540 млрд крэдыту. Гэта амаль гадавы ВУП Польшчы. Або ВУП Беларусі за 7 гадоў.

На самай справе прэзідэнт Польшчы Анджэй Дуда 14 ліпеня паведаміў, што Польшча замовіла ў паўднёвакарэйскіх вытворцаў зброі на суму каля $9 млрд. На такую ж суму Польшча папрасіла крэдыт у Паўднёвай Карэі для фінансавання гэтай здзелкі. Гэтыя лічбы пацвердзіла і карэйскае тэлебачанне.

«Урад Польшчы просіць крэдыт у памеры дзевяці мільярдаў долараў на закуп зброі, і гэтае пытанне разглядаецца станоўча», — паведаміла SBS са спасылкай на высокапастаўленую крыніцу ва ўрадзе.

21 ліпеня стала вядома, што для другога кантракту Польшча просіць крэдыт $16 млрд. Але паводле інфармацыі карэйскай прэсы, яго не ўхвалілі. 

Гэтыя сумы ў дзясяткі разоў меншыя, чым агучаныя на «Беларусь 1» $200 і $340 млрд. Малаверагодна, што ў сюжэце мелі на ўвазе іншую валюту: у карэйскіх вонах гэтыя сумы складаюць 12 і 24 трлн, а ў польскіх злотых — 38 і 77 млрд. 

Фэйк №4: У Беларусі не скарачаецца колькасць беларускамоўных класаў, а Берлін бралі пад чырвона-зялёным сцягам

Дата фэйка: 28.08.2023

Гісторык Ігар Марзалюк на СТБ у ток-шоу «Па сутнасці» 28 жніўня заявіў, што ідэалогіі Беларусі неабходна навучаць пачынаючы з дзіцячага садка.

«У дашкольных праграмах беларускіх дзіцячых садкоў закладзены важнейшыя асновы, эмацыйна, прыгожа. Я памятаю, ну, майму дзіцяці ... я памятаю, як дзеці ішлі з дзіцячага садка і ўсё дзялілі на беларускае і не беларускае, і малявалі чырвона-зялёныя сцягі, пад якім ішлі танкі на Берлін. Разумееце? Гэта дзеці 2002 года ўзору. Таму пэўныя рэчы закладваюцца ў нас, у тым ліку гістарычных ведаў, на ўзроўні дзіцячага садка», — распавёў ён.

У рэчаіснасці падчас Другой сусветнай вайны танкі не маглі ехаць на Берлін пад чырвона-зялёнымі сцягамі, таму што гэтага сцяга тады не існавала. 

У 1945 годзе сцяг беларускай савецкай рэспублікі быў цалкам чырвоны і адрозніваўся ад савецкага толькі надпісам «БССР» пад сярпом і молатам. А чырвона-зялёны з арнаментам з'явіўся ў 1951 годзе.

У той жа перадачы намеснік міністра адукацыі Аляксандр Кадлубай заявіў, што ў краіне няма праблем з беларускамоўнымі школамі і класамі. 

«Тут у нас абсалютнае ўраўнаважванне з пункту гледжання моў. Так, як у нас у асноўным законе пазначана. Тыя ўстановы адукацыі, якія ў нас заяўленыя як беларускамоўныя, яны, як правіла, і функцыянуюць. Я не бачыў па статыстыцы апошняй, што ў нас ёсць нейкі ператок у бок рускамоўнасці сярод устаноў адукацыі. Стабільныя паказнікі, лічбы», — сказаў чыноўнік.

На самай справе гэта не так. У 2020-2021 навучальным годзе на беларускай мове вучыліся каля 108 тыс. дзяцей з больш чым мільёна беларускіх школьнікаў. Гэта значыць, каля 10%. У 2016 годзе такіх было 13%, а ў 2010-м — 19%.

За 10 гадоў доля такіх дзяцей скарацілася амаль удвая або на 70 тыс. чалавек. А тых, хто вучыцца на рускай, вырасла з 81% да 89%.

Фэйк №5: Ва Украіне легалізавалі парнаграфію, сутэнёрства і прастытуцыю

Дата фэйка: 25.08.2023

Украіна 24 жніўня адзначыла Дзень незалежнасці. На наступны дзень беларускі палітолаг Андрэй Лазуткін у эфіры «Салаўёў.live» раскрытыкаваў краіну за няправільную назву свята:

«Мне вельмі падабаецца сама падача. Незалежнасць. Вось у вас 75% вашага бюджэту вашай незалежнай дзяржавы — гэта амерыканскія грошы, еўрапейскія, якія вам даюць на вядзенне баявых дзеянняў. Пытанне: астатнія 25%, гэта вы зарабілі неяк сумленна? Давайце паглядзім, якія там апошнія законапраекты былі: легалізацыя парнаграфіі, порнаіндустрыі ва Украіне, сутэнёрства і зводніцтва, прастытуцыя. Акрамя таго яны там сабраліся марыхуану легалізоўваць, таксама вельмі важная справа. І там яшчэ да гэтага былі законы па ігральным бізнесе. З яго таксама там знялі апошнія абмежаванні, якія былі. Вось вы напаўняеце ваш бюджэт вось так вось».

На самай справе прастытуцыя ва Украіне забароненая, а законапраект аб дэкрыміналізацыі парнаграфіі ў жніўні ўнеслі ў Раду. Аўтары прапанавалі адмяніць адказнасць за ўтрыманне месцаў распусты і за зводніцтва для распусты. За стварэнне і распаўсюд парнаграфічнага кантэнту таксама прапануюць не караць, калі гэта не закранае непаўналетніх. Аднак ці будзе гэты закон прыняты, невядома.

Па легалізацыі марыхуаны дыскусіі вядуцца ўжо год. Гаворка ідзе аб прапанове легалізаваць медычны канабіс, які не мае наркатычнага дзеяння і здымае боль. 

Адзінае, што сапраўды легалізавалі, гэта ігральны бізнес. Але за тры гады ён так і не апраўдаў ускладзеных чаканняў па даходах. Замест чаканых 12 млрд грыўняў у мінулым годзе атрымалі толькі адзін, а ў гэтым плануюць каля сямі. 

Бюджэт краіны праз вайну сапраўды дэфіцытны — гэта значыць уласных даходаў хапае толькі на палову патрэбных выдаткаў. Гэты дэфіцыт пакрываецца за кошт замежнай дапамогі. За першую палову 2023 года эканоміка Украіны вырасла на 2,7%. У Беларусі, нагадаем, на 2%

Выключная адказнасць за любы кантэнт, які падтрымліваецца Еўрапейскім фондам медыя і інфармацыі, ляжыць на аўтары(ах), і ён не абавязкова адлюстроўвае пазіцыі EMIF і Партнёраў Фонду, Фонду Калуста Гульбенкяна і Інстытуту Еўрапейскага ўніверсітэту.

Іншыя Антыфэйкі / фактчэкі

Каранік: «Мы чацвёртыя альбо пятыя ў свеце» па колькасці лекараў. «Зеркало»  праверыла словы чыноўніка
Антыфэйк / фактчэк

Каранік: «Мы чацвёртыя альбо пятыя ў свеце» па колькасці лекараў. «Зеркало» праверыла словы чыноўніка

Партнёрскі матэрыял

У справаздачы Сусветнай арганізацыі аховы здароўя статыстыка па дактарах у Беларусі адрозніваецца ад той, што дае Белстат.

17 мая 2024 Чытаць