Антыфэйк / фактчэк Сёння

Няма папаўнення? Як СТБ маніпулюе статыстыкай здароўя прызыўнікоў у краінах Балтыі

«Сурʼёзная пагроза» у суседзяў выглядае аптымістычна на фоне прызнанняў беларускага Генштабу.

На тэлеканале СТБ заявілі пра пагрозу бяспекі краін Балтыі з-за масавага адсеву прызыўнікоў па стане здароўя. Пры гэтым вядоўца зачытала няслушныя дадзеныя статыстыкі. Каманда Weekly Top Fake знайшла рэальныя лічбы і параўнала іх з сітуацыяй у Беларусі.

Кантэкст: У Беларусі стартаваў чарговы вясновы прызыў на тэрміновую вайсковую службу. Дакладную колькасць навабранцаў на 2026 год улады пакуль не агучылі, летась у войскі адправілі каля 10 тыс. чалавек за кожны паўгадавы прызыў. Цяперашняя кампанія праходзіць на фоне праверак боегатовасці ўзброеных сіл і дэманстрацыйных мерапрыемстваў сілавікоў — прыкладам, кіраўніцтва МУС адзначыла 23 лютага 5-кіламятровым марш-кідком.

Тэлеканал СТБ выпусціў сюжэт пад назвай «Няма папаўнення» — пра стан узброеных сіл у суседніх краінах. У праграме навін «24 гадзіны» 26 лютага 2026 года вядоўца расказала пра тое, што «бяспека краін Балтыі апынулася пад сурʼёзнай пагрозай»:

«Там хутка не будзе каму будзе яе забяспечваць. Палова маладых мужчынаў не могуць прайсці медкамісію для службы ў войску. Пра гэта паведамілі еўрапейскія медыі. Так, у Латвіі каля траціны добраахвотнікаў атрымліваюць адмову па стане здароўя. Надзець вайсковую форму атрымліваюць дазвол толькі 22% кандыдатаў».

У Латвіі сапраўды каля траціны добраахвотнікаў атрымліваюць адмову па здароўі. Аднак амаль 80% добраахвотнікаў адсеялі не толькі па медычных, але і па адміністрацыйных ці асабістых прычынах, пісалі мясцовыя медыі.

Далей вядоўца паведаміла, што «не лепш ідуць справы і ў Эстоніі»: 

«Там непрыдатнымі прызнаюцца 35–40% прызыўнікоў. Асноўныя прычыны – хранічныя хваробы і дрэнная фізічная падрыхтоўка».

Гэта не так. Паводле дадзеных мясцовых медыяў, непрыдатнымі ў Эстоніі прызнаюць каля 25% прызыўнікоў, а яшчэ столькі ж могуць атрымаць часовую адтэрміноўку.

Завяршаючы разбор, вядоўца сказала праўду: «У Літве не праходзяць медкамісіі каля 30% маладых людзей». Кіраўнік спартовага клуба літоўскіх узброеных сіл у медыях наракаў на празмерны клопат бацькоў і слабую фізпадрыхтоўку маладых людзей. Большасці не атрымалася прайсці фізічны тэст прызыўніка.

Расказаўшы пра праблемы суседзяў, супрацоўнікі дзяржаўнага тэлеканалу не параўналі іх са станам спраў у беларускіх узброеных сілах. Каманда Weekly Top Fake зрабіла гэта за іх.
Апошнія даступныя дадзеныя па Беларусі — за 2019 год. Тады прадстаўнік Генштабу прызнаў, што 66% прызыўнікоў не праходзяць медкамісіі. Трыма гадамі раней гэты паказнік складаў каля 50%. То бок, сітуацыя са здароўем моладзі ў Беларусі была горшая, чым у кожнай з краін Балтыі. Праўда, з той пары вымогі да здароўя прызыўнікоў змякчалі некалькі разоў.

Для параўнання: у Расеі па здароўі адсяваецца каля чвэрці патэнцыйных салдатаў, а ў ЗША не адпавядае вымогам амаль 80% моладзі.

Дашліце інфармацыю, якая выклікае ў вас сумневы — мы праверым
Іншыя публікацыі
Мы выкарыстоўваем файлы cookie, каб палепшыць ваш карыстальніцкі досвед. Падрабязней
Адхіліць Прыняць